Першы, хто знайшоў рэшткі неандэртальца ў СССР. Расказваем гісторыю Глеба Бонч-Асмалоўскага

глеб бонч-асмалоўскі, беларускія археолагі, беларускія гісторыкі

Ён быў сынам рэвалюцыянераў, любіў даследаваць Каўказ і Крым, а яшчэ стаў першым навукоўцам, які знайшоў рэшткі неандэртальца на тэрыторыі Савецкага Саюза. Яго жыццё, як і тысяч навукоўцаў у СССР, прайшло ў трагічныя часы: ён быў арыштаваны ў 1930-я гады і застаў Другую сусветную вайну.

PALATNO расказвае пра Глеба Бонч-Асмалоўскага.

Сын рэвалюцыянераў

Глеб Бонч-Асмалоўскі нарадзіўся ў маёнтку Блонь (цяпер Пухавіцкі раён) у 1890 годзе. Яго бацькамі былі Анатоль і Варвара Бонч-Асмалоўскія.

Бацькі далучыліся да рэвалюцыйнай дзейнасці яшчэ ў другой палове XIX стагоддзя, былі членамі «Чорнага перадзелу». Бацька, Анатоль, доўгі час змагаўся супраць царскай улады, а з прыходам савецкай улады развёўся з першай жонкай і завёў новую сям’ю, а ў 1930-я гады яго арыштавалі і расстралялі. Маці, Варвара, была неаднаразова арыштаваная за рэвалюцыйную дзейнасць, памерла сваёй смерцю напрыканцы 1920-х гадоў.

Вучыўся ў Мінскім камерцыйным вучылішчы і Петраградскім універсітэце. Ва ўніверсітэт ён паступіў яшчэ да вялікай вайны, але скончыў яго толькі пасля Першай сусветнай вайны.

Ваенная служба заняла значную старонку ў жыцці Бонч-Асмалоўскага. Ён пайшоў служыць за некалькі гадоў да вайны, летам 1912 года. У Першую сусветную вайну ён стаў разведчыкам на фронце, быў паранены і кантужаны. Увесну 1917 года захварэў на сухоты і на фронт больш не вярнуўся.

Любіў навуку і вывучаў поўдзень Расійскай імперыі

Цікавасць да навукі ў Глеба Бонч-Асмалоўскага з’явілася вельмі рана. Яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя ён зацікавіўся культурай паўднёвай часткі Расійскай імперыі, быў у этнаграфічных экспедыцыях на Каўказе.

Падчас ваеннай службы і Першай сусветнай вайны навуковую дзейнасць прыпыніў. Аднак адразу пасля пачаў удзельнічаў у этнаграфічных экспедыцыях і археалагічных раскопках у Крыме. У пачатку 1920-х гадоў Бонч-Асмалоўскаму прапанавалі працу ў Крымскім камітэце па справе музеяў, аднак ён адмовіўся і з’ехаў у Пецярбург.

У 1920-я гады быў супрацоўнікам Рускага музею, працаваў у Ленінградскім універсітэце. У пачатку 1930-х гадоў яго кар’ера пайшла ўверх: ён заняў пасады старшага навуковага супрацоўніка ў Дзяржакадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры, старшым спецыялістам і загадчыкам аддзела Геалагічнага інстытута АН СССР.

Усе гады навуковай цікавасцю Бонч-Асмалоўскага быў Крым, аднак ён некалькі разоў праводзіў сумесныя раскопкі з Канстанцінам Палікарповічам на Гомельшчыне.

У час раскопак у пячоры Кіік-Каба ў Крыме ў 1923-1924 гады. Бонч-Асмалоўскі стаў першым навукоўцам, які ўпершыню на тэрыторыі Савецкага Саюза выявіў рэшткі выкапнёвага чалавека (неандэртальца). За час навуковай дзейнасці напісаў каля 40 навуковых прац.

Арышты, суды, ссылкі

Глеба Бонч-Асмалоўскага арыштавалі ў 1933 годзе. Арышт навукоўца быў праведзены ў рамках буйнай маштабнай «Справы славістаў».

ШТО ЗА «СПРАВА СЛАВІСТАЎ»?
Гэта была сфабрыкаваная справа па абвінавачванні ў контррэвалюцыйнай дзейнасці і прапагандзе нацыянал-фашысцкіх ідэй. Справа была заведзеная супраць прадстаўнікоў інтэлігенцыі ў розных рэгіёнах СССР у 1933-1934 гады.

У 1934 годзе яго справу разгледзелі і прыгаварылі да трох гадоў лагераў. Пакаранне адбываў у Варкуце. Не адбыў цалкам тэрмін пакарання і быў вызвалены раней. У 1936 годзе выйшаў на волю, але яму забаранілі жыць у буйных гарадах Савецкага Саюза.

Пасля вызвалення жыў у Ленінградскай вобласці, супрацоўнічаў з Акадэміяй навук СССР і працаваў над вялікай манаграфіяй пра палеаліт Крыма. Перад пачаткам нямецкага ўварвання ў Савецкі Саюз Бонч-Асмалоўскаму знялі судзімасць, а затым выдалі яго манаграфіі і прысудзілі ступень доктара навук без абароны.

У 1941 годзе, калі Ленінград ужо знаходзіўся ў блакадзе, змог эвакуявацца ў Казань. Там жа ён і памёр, у лістападзе 1943 года. Яму было 52 гады.

Вярнуцца ўгару