Натхненне

Выгнаннік, якога двойчы садзілі ў турму. Як Глінскі арганізаваў адзін з першых мяцяжоў у Вялікім княстве Літоўскім


Выгнаннік, якога двойчы садзілі ў турму. Як Глінскі арганізаваў адзін з першых мяцяжоў у Вялікім княстве Літоўскім

Міхаіл Глінскі быў таленавітым военачальнікам і адукаваным дзеячам, але менавіта ён — блізкі сябар аднаго з польскіх каралёў і непрыяцель іншага — падняў адзін з першых бунтаў у Вялікім княстве Літоўскім. Чаму ён пакрыўдзіўся на караля, выбранне якога падтрымаў? Навошта яму быў патрэбны бунт? І чаму яго мяцеж стаў выгадным толькі для Масквы?

PALATNO расказвае пра мяцеж Глінскіх.

Як Глінскі стаў апазіцыянерам

Міхаіл Глінскі быў адной з самых неардынарных постацей свайго часу. У маладосці вучыўся і служыў у Еўропе, некаторы час правёў у Германіі, Італіі і Іспаніі. Калі служыў у імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі, перайшоў у каталіцтва. Пасля доўгай кар’еры ў Еўропе ён вярнуўся на радзіму і служыў у вялікага князя Аляксандра. За час службы ў Аляксандра атрымаў маёнткі і землі, але яго імклівае ўзвышэнне выклікала непрыняцце з боку старой знаці.

У 1506 годзе Міхаіл Глінскі атрымаў вялікую перамогу над татарамі пад Клецкам. Гэта перамога яшчэ больш абвастрыла адносіны Глінскага і іншых князёў, якім не падабаўся яго ўплыў. У тым жа годзе  памёр Аляксандр, а на яго месца прыйшоў Жыгімонт Стары. Глінскі падтрымліваў Жыгімонта, аднак той у хуткім часе рэзка змяніў стаўленне да яго.

Уплыў Міхаіла Глінскага пры двары пачаў хутка падаць. Асабістую ролю ў гэтым гісторыкі прыпісваюць Яну Забярэзінскаму. Глінскі быў прыхільнікам незалежнасці ВКЛ, а Забярэзінскі падтрымліваў унію з Польшчай. Глінскі спрабаваў дамагчыся справядлівасці праз скаргі каралю, але яны не прынеслі плёну. Так, Глінскі становіцца адным з галоўных апазіцыянераў Жыгімонта.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: 14 гадоў у вежы, тры мужы і вялікі пасаг, які ўсе хацелі. Гісторыя Эльжбэты «Чорнай княгіні» Альшаньскай

Асабістая помста запаліла агеньчык мяцяжу

Канфлікт з Янам Забярэзінскім справакаў далейшы выступ Міхаіла Глінскага, але два гады кіравання дзяржавай Жыгімонтам нічога не адбывалася. У лютым 1508 года Міхаіл Глінскі разам з братамі Іванам і Васілём напалі на Забярэзінскага і забілі яго. Пасля гэтага шлях да прымірэння з Жыгімонтам быў фактычна закрыты, хаця Глінскі спрабаваў весці перамовы з каралём.

Пазней Глінскі сабраў каля дзвюх тысяч прыхільнікаў і ўзняў адзін з першых мяцяжоў у Вялікім княстве Літоўскім. Цэнтрам бунту стаў Тураў. Прыхільнікі Глінскага захапілі Мазыр, дзейнічалі ў раёнах Слуцка, Менска, Жытоміра і іншых вялікалітоўскіх гарадоў.

Глінскі марыў стварыць на ўсходніх землях ВКЛ самастойнае княства. Аднак для гэтага і для барацьбы з Жыгімонтам яму патрэбна была падтрымка. Спачатку Глінскі накіраваў паслоў у Крымскае ханства, а затым пачаў перамовы з Масквой. Першыя дапамагаць у выніку адмовіліся, а вось другія скарысталіся нестабільнасцю ў суседа.

Увесну 1508 года ў лагер мяцежнікаў прыехаў пасланец маскоўскага князя Васіля III, Мікіта Губа Маклакаў. Ён дамовіўся з Глінскім аб ваеннай дапамозе, але Глінскі павінен быў перайсці ў маскоўскае падданства і перадаць усе заваяваныя землі Маскоўскай дзяржаве.

Міхаіл Глінскі з жонкай у турме, Міхаіл Глінскі князь, мяцеж Глінскіх
Міхаіл Глінскі з жонкай у турме.

Дзякуючы ваеннай дапамозе з Масквы, Глінскі змог асадзіць Слуцк і Мінск. Пасля здзейсніў рэйды ўглыб ВКЛ: прынамсі, атрады Глінскага былі ўсяго за некалькі міль ад Вільні.

Мяцеж Глінскага не падтрымалі ўнутры краіны

Мяцеж Глінскага стаў гучнай падзеяй у дзяржаве. Аднак вялікай падтрымкі Міхаіл так і не атрымаў.

У хуткім часе было склікана паспалітае рушэнне на вялікалітоўскіх землях, а з Польшчы ішло войска з колькасцю ў 5 тысяч чалавек. Аб’яднаныя сілы на чале з гетманам Канстанцінам Астрожскім рушылі супраць мяцежнікаў толькі ўлетку 1508 года.

Пасля выступу аб’яднаных войск мяцежнікі адступілі без генеральнай бітвы. У апошні раз Глінскі разам з маскоўскай падтрымкай спрабаваў аблажыць Оршу, але гэта акцыя скончылася няўдачай.

Напрыканцы лета 1508 года вялікалітоўскія войскі вярнулі захопленыя Глінскім землі, а сам мяцеж захлынуўся. У пачатку верасня таго ж года падпісалі мірнае пагадненне, па якім Глінскі з братамі быў вымушаны пакінуць ВКЛ і ад’ехаць у Маскоўскую дзяржаву.

Двойчы сядзелец

У Маскоўскай дзяржаве Міхаілу Глінскаму і яго братам далі ў валоданне некалькі гарадоў. Мяцеж не дасягнуў мэтаў, якія паставіў Глінскі, а сам ён аказаўся выкарыстаным Масквой для спусташэння беларускіх зямель і ўмацавання сваіх пазіцый.

У 1512 годзе Маскоўская дзяржава пачынае чарговую вайну супраць ВКЛ, якая працягвалася два гады. Падчас гэтай вайны Міхаіл Глінскі падтрымаў Васіля III, бо разлічваў пасля ўзяцця Смаленска завалодаць горадам. Аднак гэтага яму не дазволіў зрабіць маскоўскі князь. Пасля гэтага Глінскі вырашыў правесці перамовы з Жыгімонтам, каб вярнуцца на радзіму, дзе яшчэ некалькі гадоў таму падняў мяцеж.

Пра перамовы Глінскага і Жыгімонта даведаліся маскоўцы. Міхаіла амаль адразу кінулі за краты, таму таемныя перамовы з польскім каралём і вялікім князем сарваліся. У турме Глінскі прасядзеў больш за 13 гадоў — да 1527-га.

Міхаіл і Алена Глінскія, мяцеж Глінскіх
Міхаіл і Алена Глінскія.

Міхаіла Глінскага вызвалілі толькі пасля таго, як яго пляменніца Алена Глінская пабралася шлюбам з Васілём III. Пасля вызвалення Міхаіл атрымаў высокія пасады ў Маскоўскай дзяржаве.

У хуткім часе Васіль III памёр, а Глінскі змог уздыхнуць свабодна, але цягнулася свабода не надта доўга. Ён стаў членам Вялікай думы пры сваёй пляменніцы, якая была рэгентам пры малым сыне Іване IV. У гэты час у Глінскага пачаўся канфлікт з фаварытам Алены Целяпанавым-Абаленскім і баярамі Шуйскімі.

У 1534 годзе Міхаіла Глінскага кінулі ў турму, дзе ён і памёр. Адзіны сын Міхаіла, Васіль, памёр у 1565 годзе.