Now Reading
«Запусціў гульню — адсядзеў 15 сутак». Расказваем, якія камп’ютарныя гульні існуюць пра Беларусь

«Запусціў гульню — адсядзеў 15 сутак». Расказваем, якія камп’ютарныя гульні існуюць пра Беларусь

гульні пра Беларусь, камп'ютарныя гульні пра беларусь, мабільныя гульні пра беларусь

Вы ведалі, што ў 1970-я бел-чырвона-белы сцяг мог быць на чыгуначных станцыях у Беларусі? А ці ведалі, у якія гульні гуляе Лукашэнка са сваімі сынамі? А ці можна ў гульні стварыць карту з чатырма пазіцыямі, з якіх рыхтаваўся напад?

Індустрыя камп’ютарных гульняў развіваецца з кожным годам усё хутчэй, ахоплівае шмат тэм і падзей. Беларусь не застаецца ўбаку — ёсць гульні пра беларускія цягнікі, Лукашэнку і спробы пабудаваць дэмакратычную краіну ў лічбавай прасторы.

PALATNO расказвае пра тры гульні, звязаныя з Беларуссю.

Love in Belarus

Гульня Love in Belarus выйшла летам 2021 года. У распрацоўшчыка Taxincrease ёсць і іншыя гульні, адна з іх, дарэчы, называецца «Каханне з Кадыравым».

Падзеі гульні Love in Belarus адбываюцца ў Беларусі. Як пішуць распрацоўшчыкі, апошні дыктатар Еўропы Аляксандр Лукашэнка адчайна трымаецца за ўладу і нікому не хоча яе аддаваць, але ўсё гэта з-за кахання. Лукашэнка з сынам хаваюцца ў рэзідэнцыі падчас пратэстаў беларусаў, што ўспыхнулі пасля чарговых сфальсіфікаваных выбараў. На дапамогу яму прыходзіць жанчына-дыпламат з суседняй таталітарнай краіны.

гульні пра Беларусь

Гулец павінен будзе справіцца з унутрыпалітычным крызісам: узяць сітуацыю ў краіне пад свой кантроль ці ўстаць на шлях дэмакратызацыі і лібералізацыі. Жанр гульні — казуал. Гульня спалучае ў сабе класічны геймплэй JRPG (паджанр камп’ютарных гульняў, у якіх ёсць развіты сюжэт з нечаканымі паваротамі) і пакрокавую баявую сістэму.

У Love in Belarus можна атрымліваць унутрыгульнявыя дасягненні, ці «ачыўкі»: пасябраваць з сабакам, сустрэць Навальнага, стаць лепшым бацькам (ці даведацца больш пра сямейныя гульні) і шмат іншых. А яшчэ гульня мае больш дзясятка станоўчых водгукаў.

гульні пра Беларусь

Гульня платная, на зніжцы каштуе два з паловай долары. Больш інфармацыі пра гульню — па спасылцы.

Trainz Route: Belarusian Woodland

У 2019 годзе выйшла гульня Trainz Railroad Simulator. У ёй гулец можа кіраваць безліччу цягнікоў, паравозаў, дызельных і электрычных лакаматываў. Можна нават стварыць сваю асабістую чыгунку з нуля, адрэдагаваць убудаваныя маршруты або пракаціцца па маршрутах цягнікоў у Еўропе, Амерыцы, Азіі.

Час ад часу для гульні выходзілі DLC, ці гульнявыя дадаткі. Адзін з такіх дадаткаў тычыцца беларускай тэматыкі — Trainz Route: Belarusian Woodland.

гульні пра Беларусь

Беларускі дадатак пераносіць гульца ў 1970-я гады. Гулец можа пабачыць некалькі буйных чыгуначных станцый, мноства цягнікоў. Агульная працягласць чыгуначнага маршруту — 90 кіламетраў. Распрацоўшчыкі ўключылі ў гульню ў якасці падарунка паравоз CO17-1171. У свеце гульні беларускі сцяг у гэтыя гады ў Беларусі — бел-чырвона-белы.

Гульня Trainz Railroad Simulator платная — 35,70 долараў. Аднак, каб пагуляць у беларускі дадатак, трэба будзе даплаціць яшчэ 17 долараў. Больш інфармацыі пра гульню — па спасылцы.

«Сімулятар Беларусі: прэвентыўны ўдар»

Рэліз гульні яшчэ не адбыўся, але распрацоўшчыкі абяцаюць выхад зусім хутка. У распрацоўшчыка Talentless Person Games гэта ўжо другая гульня. Сюжэт першай базіраваўся на жыцці ў расійскай турме.

«Сімулятар Беларусі» будзе даступны ў рускай лакалізацыі і англійскай. Жанр — стратэгія.

У гульца ў распараджэнні будуць рэсурсы цэлай краіны, галоўная задача – кіраваць гэтымі рэсурсамі і застацца ва ўладзе. Гульцу трэба будзе падавіць пратэсты апазіцыі, прадухіліць сабатаж заходніх шпіёнаў (у гульні называюць іх імёны — гэта Нік і Майк) і падрыхтаваць карту з чатырма пазіцыямі, каб паказаць свету, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад.

Больш інфармацыі пра гульню — па спасылцы.

Вярнуцца ўгару