Трое дзяўчын у машыне, калі не лічыць журналіста. Як беларускі і ўкраінка везлі дапамогу ва Украіну

беларусь і ўкраіна, беларускі ва ўкраіне, гуманітарная дапамога ва ўкраіну

Пах кавы, саляркі і ментолавага дыму — так пахне шлях да свабоды. Два пікапы, загружаныя гуманітарнай дапамогай для ўкраінцаў і беларусаў, рухаюцца з Вільні ў Кіеў. За рулём — беларускі Каця і Марыся. Яны — валанцёркі, маці, эмігранткі. Іх дарога — гэта не толькі кіламетры, але і сведчанне веры ў тое, што нават далёка ад дому можна змагацца за сваё.

PALATNO разам з валанцёркамі адправілася ў падарожжа з Вільні ў Кіеў, каб расказаць, які пах у гэтай дарогі.

McDonald’s: пахі кавы і бургераў

Два пікапы для ЗСУ, загружаныя гуманітарнай дапамогай з Вільні, рушаць са стаянкі ў бок бліжэйшай кавярні ў Беластоку. За рулём знаходзяцца валанцёркі грамадскай арганізацыі «Сустрэча», палітычныя эмігранткі з Беларусі — Кацярына Клімовіч і Марыся Кіявец. Каця — усмешлівая ваяўнічая бландынка, вострая на язык. Марыся — ветлівая русая прыгажуня з вялікімі сумнымі вачыма. Дзяўчаты пазнаёміліся тут, у Беластоку, падчас пляцення маскіровачных сетак для ўкраінскага войска. Актыўнасць падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе, жорсткія затрыманні, вымушаны ад’езд з роднай краіны, няпростыя стасункі з сужэнцамі, нанова пачатае жыццё ў эміграцыі і пяцёра сыноў на дваіх. Іх аб’яднала імкненне дапамагаць украінскім і беларускім вайскоўцам, якія змагаюцца з агульным ворагам, і песні «Океан Ельзи». Кіроўца на падмене — украінка Аліна, прыязная брунетка з Чарнігаўшчыны.

У дзяўчат — кароткі прыпанак каля McDonald’s. Яны крыху спяшаюцца, таму бяруць каву з сабою. Абавязкова — з малаком. Пасля чакання ў чарзе валасы дзяўчат нейкі час захоўваюць пах двайных чызбургераў і бігмакаў.

— Гэта нам не Mak.by! — адзначае Каця, але пры гэтым сумна ўсміхаецца.

Шлях зноў пачынаецца пад спрэчку пра першыя «МакДакі» ў Мінску.

— Памятаю бясконцыя чэргі ў першы «Мак» на Незалежнасці…

— Першы «Мак» быў на Бангалор! Мы туды з тыдзень, калі не больш, патрапіць не маглі!

— Не, першы быў на Незалежнасці. Я памятаю дакладна!

— Ты ж яшчэ пешкі пад стол хадзіла, памятае яна!

«Гугл» абвясціў нічыю: абодва рэстараны адкрыліся ноччу з 9 на 10 снежня 1996 года. Тым часам аўто ўжо выехала на трасу. Насычаны водар кавы разам з бадзёрым настроем пануе ў машынах. Кіроўца хутка кажа, што накрыўкі на кавы лепш не здымаць, бо яна ўпершыню кіруе аўтамабілем з рулём справа.

Салярка і пальчаткі для слабакоў

Наступны прыпынак праз 20 хвілін на запраўцы пад Беластокам. Яшчэ сонечна, але дзень хіліцца да вечара. Вецер блытае доўгія валасы кіроўцаў, гойдае квола квітнеючыя вішнёвыя дрэвы на ўзбочыне.

— Да поўнага, каб спакойна пераехаць мяжу, — заўважаюць дзяўчаты.

Шлях пройдзе праз Варшаву, дзе трэба пагрузіць камплект колаў, праз мяжу «Рава-Руська» з фінальнай кропкай у Кіеве.

Салярку крыху пералілі. Кроплі з пісталета трапляюць на рукі і джынсы: «Пальчаткі для слабакоў!», — смяецца Марыся і выцірае рукі сурвэткай. Бакі шчыльна закрытыя, можна ехаць далей. Рукі ўсё роўна захоўваюць пах саляркі.

Электронныя цыгарэты з пахам ментола і ягад

Нязмушаныя размовы пра агульных знаёмых, цікавыя супадзенні і жаночая салідарнасць — гэта ўсё ў асабістых тэмах. Каця з пяшчотай у голасе размаўляе па тэлефоне з сынамі:

— Павячэралі? Малайцы! Што робіце? У тэлефонах сядзіце? Лепш бы ў настолкі пагулялі… Бабулю слухайцеся! — дзяўчына паклала тэлефон, кажа нібыта вінавата, — Я ж часта так езджу, малых з маці пакідаю. Марыся — з сяброўкамі, ды і старэйшы ў яе ўжо вялікі. А што мужыкі? Аб’еліся, як кажуць, пладоў грушавага дрэва.

Яе рука цягнецца да заплечніка, з глыбіні якога на дзённае святло выцягваецца электронная цыгарэта.

— Куру даўно, але ў дарозе — толькі такія, бо спыняцца на перакур — раскоша.

Дзяўчатам варта спяшацца, каб не трапіць на перасменку на мяжы. Прыцемкі, святло фар сустрэчных машын, моцны гук дынамікаў: «Я не здамся без бою! Я не здамся без бою!» Праз якую гадзіну паветра ў машыне насычана ментолавым і ягадным дымам. Кураць па чарзе, калі адначасова — фортка адчыняецца.

Мікс поту, прыбіральні і мокрага сабакі

Шлях праз польскія памежныя вёскі марудны, бо хуткасць абмежаваная. Бліжэй да гадзіны ночы праехалі пад шлагбаум. На польскім баку ўсё хутка: «Szczęśliwej podróży!» Цяпер рушым да ўкраінцаў.

— Зараз пачнецца самае вясёлае! — кажа пакуль яшчэ здольная да жартаў адна з дзяўчат. Напружанне і засяроджанне адчуваецца на фізічным узроўні. Чырвоны калідор, невялічкая кашлатая істота з выразным пахам мокрага сабакі старана абнюхвае машыны звонку і знутры. Усё ў парадку.

У акенцы пашпартнага кантролю няветлівая бландзінка з прыгожым «фрэнчам» у шоку: трэвел-дакументы і беларускія пашпарты:

— Украінка можа ісці ў машыну, а беларускі чакаюць!

Крыху нервовы шэпт Каці:

— Добра быць украінкай на ўкраінскай мяжы.

Аліна сядае ў машыну. Спіс пытанняў памежнікаў вялікі, але даўно знаёмы. Чамусьці запытваюць двойчы. Фінальнае:

— Як ставіцеся да агрэсіі Расіі супраць Украіны?

— Выключна адмоўна!

Затым чалавечае — навошта?

— Таму што можам і хочам дапамагаць. Бо мы — не лукашысты.

Чаканне пад самай прыбіральняй з адпаведным устойлівым наборам пахаў чалавечай фізіялогіі, кароткі сон на крэсле і стале. У дзяўчат яўна моцнае адчуванне стомленасці, а наперадзе чакае няблізкі шлях.

Відносно Вас прийнято рішення дозволити в’їзд в Україну.

Беларускі выдыхаюць з палёгкай, пакуль Аліна мірна спіць у машыне. Засталася толькі мытня, але ўжо пачалася перасменка.

«Гэй, ла-ла-ла-лай, чаканне дастала!»

Паўгадзіны сну і дзяўчаты ўжо ў чарзе дальнабойшчыкаў. З’едлівы пах поту сведчыць, што едуць яны доўга.

— Трываць, трываць… — паўтарае Марыся і выходзіць на вуліцу.

Штампы на паперах, дзяўчаты рушаць далей — ва Украіну.

беларусь і ўкраіна, беларускі ва ўкраіне, гуманітарная дапамога ва ўкраіну

Касметыка

Руль у моцных дзявочых руках — падарожжа працягваецца.

— Колькі ўжо едзем, а лепш не становіцца!

— Ці паедзеш яшчэ?

— Глупствы не пытайся!

Паліва ў баку ёсць, але трэба спыніцца. Львоў застаўся ззаду, як і безліч малых і буйных паселішчаў. Ледзь не ў кожным — могілкі са свежымі пахаваннямі і блакітна-жоўтыя сцягі ля іх. Быццам прыгожа, але апаноўваюць жаль і туга.

Нарэшце — патрэбная аўтазапраўка. Прыбіральня чыстая, акурат на чатыры асобы. Занятыя пазіцыі перад люстэркам, на старт! Зубы, твар, валасы, рукі і ногі ў шортах не абмінулі клапатлівага догляду. Наведніцы адзначаюць прыемны водар у памяшканні: мятная паста, садавінавы міст, пенка-тонік-крэм, батер з бляскам.

— Як нанова нарадзілася! — усміхаецца Марыся ў люстэрка.

— Ага, з выгляду — быццам нават добра спалі, — падміргвае Каця.

Украінская кухня ў прыдарожным кафэ

Гэты пункт на шляху адметны не толькі прыбіральняй, але і добрым кафэ з якаснай і даволі таннай украінскай кухняй. Гэта месца параіла ўкраінка Аліна.

— Боршч? Боршч!

— І «кіеўская»? І «кіеўская»!

Светлае памяшканне з вялікімі вокнамі, тузін сталоў і столікаў, якія занятыя людзьмі ў чаканні заказаў. Ветлівыя дзяўчаты абслугоўваюць хутка, водар смачна прыгатаванай ежы гоніць сліну. У меню: салянка, сырны суп, файны выбар мяса, гарніраў, салатаў з гародніны. Цяпер дзяўчаты не спяшаюцца і з асалодай атрымліваюць гастранамічны кайф. Людзей у кафэ становіцца ўсё больш, месца карыстаецца попытам. Дзіця ў адмысловым крэсле паглынае пюрэ з падліўкай, вусаты мужчына за суседнім сталом сёрбае салянку, ззаду гучыць звон філіжанак кавы і шклянак квасу.

— Паелі — можна і паспаць.

— Пакурылі, падурэлі — можна ехаць і далей.

Угнаенні і бэз

Курчавыя дрэвы ўшчыльную падыходзяць да вузкай дарогі, нібы шлях ідзе праз бясконцую казачную арку. Раптоўна краявід за акном аўтамабіля змяняецца: сонца выходзіць з-за рэдкіх аблокаў і вокам не ахапіць бясконцую прастору ўраджайных палёў. На пагорках промні зіхацяць жоўтымі фарбамі рапсу, ля падножжаў зелянее канюшына, якую змяняе цёмная ўзараная глеба, гатовая праз колькі часу даць багаты ўраджай.

— Спакойная прыгажосць нібы не існуе далей на ўсход абшараў, палітых крывёй, — расцягваючы словы, з болем кажа Каця.

Узгадваюцца выявы з жудасным надпісам: «Небезпечно! Міни!».

Некалькі трактароў аруць зямлю. Праз адчыненую фортку ўсё больш адчуваецца кіславаты пах прыродных угнаенняў:

— Вайна вайной, а людзей карміць трэба. Эх, родненькі пах, — уздыхае кіроўца і прыбірае руку ад шклопад’ёмніка. Фортка застаецца адчыненай.

Шлях зноў ідзе праз сёлы і вёсачкі, а на ўзбочынах квітнее бэз. Ззаду міргаюць фары — пазапланавы прыпынак.

— Вазьмі ножык.

— Узяла.

На тым баку знаходзіцца спакусліва вялікі куст бэзу.

— Хадзем на светлафор.

— Натуральна, мы ж беларусы.

Дзе хвіліны — і ў дзявочых руках некалькі запаветных галінак.

— Плыл по гораду запах сирени… — гучыць ціхенькае сапрана, бо па-руску гучна спяваць неяк няёмка. З лёгкім адчуваннем віны за лёгкае хуліганства і песню шлях дзяўчат працягваецца. Курыць зусім не хочацца. Мяккі бэзавы водар ахутвае кожны сантыметр прасторнага салона аўто. Кожная дзяўчына думае пра сваё, і раптам:

— У Хадановіча, памятаеш: бэз-чырвона-бэзавы сцяг.

Зноў кава

Да Кіева ўжо блізка. Дарогі месцамі з адбіткамі танкавых гусеніц, але збольшага прыдатныя для хуткай язды. Танклявыя дзявочыя постаці за рулём вялікіх аўто выклікаюць цікавасць і захапленне іншых кіроўцаў. Некалькі ўсмешак сімпатычнаму хлопцу з суседняга аўто на ўкраінскіх нумарах — і пачынаецца гульня: абгон, чаканне, смех і сімвалічнае запрашэнне да знаёмства. Хлопец паказвае паварот, збочвае на запраўку, дзяўчаты — за ім. Разлік быў менавіта такі.

Прыязны непаголены твар, цывільная вопратка і ўкраінская мова — зайздросны кавалер. Ён кліча ў кафэ пры запраўцы, купляе кожнай порцыю гарачага напою.

— Тут найлепшая кава па дарозе да Кіева, — кажа новы знаёмы.

— Вядома, найлепшая, бо гэта пачастунак, — задаволеныя дзяўчаты.

Размова нацягнутая, ні пра што. Адчуваецца: тэма вайны нязручная. На фронце хлопец не быў. З вінаватым выглядам украінец едзе дадому ў Кіеў. У той самы, які за два дні да гэтага бязлітасна бамбілі рускія.

Нарэшце Кіеў.

— У мяне часта пытаюцца: чаму цябе сюды цягне? Кажу, што тут пахне свабодай і домам, — кажа Марыся, калі дзяўчаты дасягнулі фінальнага пункту іх падарожжа.

Вярнуцца ўгару