На працягу многіх гадоў палітычнае зняволенне заставалася люстэркам улады. Калі ўлада баялася ідэй, то яна саджала ў турмы людзей. Калі ўлада слабела, то яна пачынала імі гандляваць. І толькі калі ўлада была гатова слухаць, то палітвязняў больш не было.
PALATNO расказвае пра тое, як дзяржавы і асобныя кіраўнікі гандлявалі палітычнымі зняволенямі.
Змест
Як у Старажытнасці гандлявалі зняволенымі
Менавіта ў Старажытнасці нарадзіўся і пачаў развівацца гандаль зняволенымі.
У III-I тысячагоддзі да нашай эры гарады-дзяржавы ў Месапатаміі пастаянна змагаліся паміж сабой, а зняволенне і палон былі дыпламатычнай зброяй. Пры заключэнні мірных дамоў бакі дамаўляліся вярнуць адзін аднаму палонных. Выкуп часта залежаў ад статусу чалавека: заможных людзей выкупалі дарагімі падарункамі або тэрыторыямі. Пасля доўгай вайны пераможца часцяком забіраў дзяцей ці сваякоў пераможаных, каб гарантаваць, што тыя не нападуць зноў. Яны не станавіліся рабамі, былі закладнікі — часам маглі заставацца ў палоне гадамі.
У кодэксе Хамурапі ўтрымліваліся нормы, якія рэгулявалі выкуп палонных. Ужо ў тыя часы палонныя разглядаліся як аб’екты юрыдычных і эканамічных зносін, а не толькі як ваенныя трафеі.
У Старажытным Егіпце гісторыя з закладнікамі развілася яшчэ больш. Калі фараон заключаў саюз з іншай дзяржавай, то члены каралеўскай сям’і партнёра часта пераязджалі ў Егіпет у якасці гасцей, але фактычна яны станавіліся палітычнымі закладнікамі. Так палітычнае закладніцтва ў Старажытным Егіпце стала сістэмнай практыкай. Егіпцяне лічылі, што праз утрыманне чужых каралеўскіх асоб яны ператвараліся ў іх саюзніках.
У Асірыі майстэрства палітычнага закладніцтва стала дасканалым, бо яно стала інструментам дзяржаўнай палітыкі. Калі яны захоплівалі новы рэгіён, то збіралі адтуль нашчадкаў мясцовай знаці і перавозілі на выхаванне да сябе: яны вучылі мову, культуру, а потым маглі вяртацца як лаяльныя кіраўнікі. У выпадку, калі бацькі закладнікаў падымалі мяцеж, то закладнікаў каралі ў турмах.
У Персідскай імперыі практыка закладніцтва сістэматызавалася. У імперыі Кіра Вялікага і яго наступнікаў, якая аб’ядноўвала дзясяткі народаў, перадача закладнікаў стала звычайнай умовай лаяльнасці.
Як у Грэцыі і Рыме пераследавалі за палітыку
У часы старажытнай Грэцыі і Рыма паняцце «палітычны вязень» яшчэ не існавала, але ўжо тады ў грамадствах былі людзі, пазбаўленыя свабоды з-за палітычных поглядаў.
Старажытная Грэцыя складалася з незалежных полісаў, кожны з якіх меў сваю форму ўлады — дэмакратыю, тыранію і іншыя. Палітычныя канфлікты ўнутры асобнага горада часта прыводзілі да таго, што там з’яўляліся людзі, якіх бы мы цяпер назвалі палітычнымі зняволенымі.
Вельмі распаўсюджанай з’явай быў астракізм у Афінах. Гэта быў дэмакратычны спосаб пазбавіць свабоды без турмы: грамадзяне галасавалі супраць чалавека, якога лічылі небяспечным для дэмакратыі, каб выгнаць яго на дзесяць гадоў. У Афінах часта судзілі людзей, якія нібыта падтрымлівалі тыранію або за здраду інтарэсам поліса. Самы вядомы выпадак здарыўся з Сакратам, якая асудзілі за падрыў дзяржаўнага ладу і разбэшчванне моладзі.
Грэчаскія гарады нярэдка трымалі палонных грамадзян іншых полісаў у якасці гарантыі міру. Звычайна імі былі сыны вядомых палітычных дзеячаў, іх абмен адбываўся праз дамовы ці выкуп.
Старажытны Рым прайшоў шлях ад каралеўства да рэспублікі, а потым стаў імперыяй. Са зменай улады адбываліся палітычныя арышты, выгнанні і абмены. Сенат мог абвясціць любога палітычнага дзеяча hostis publicus («ворагам народа»): чалавек губляў грамадзянскія правы, маёмасць, мог быць затрыманы і забіты без суда. А яшчэ існавала палітычнае выгнанне — exilium — найбольш часта форма пакарання за палітычныя справы: такім людзям прапаноўвалі добраахвотна пакінуць Рым. Што тычыцца палітычнага закладніцтва, то Рым гэта выкарыстоўваў як і іншыя: сыноў заможных і ўплывовых асоб захоплівалі і трымалі ў Рыме.
У часы Рымскай імперыі з’явілася новая катэгорыя палітычных зняволеных — прамых ворагаў імператара. Неаднаразова адбываліся судовыя працэсы, у якіх людзей абвінавачвалі ў здрадзе велічы імператара. Многія палітыкі, сенатары, філосафы былі арыштаваны за непавагу або крамольныя словы. Некаторых з іх выганялі з Рыма на выспы, а некаторых прымушалі здзейсніць самагубства.
Часам пры змене ўлады новы імператар вызваляў вязняў свайго папярэдніка, каб паказаць міласэрнасць. У рымскіх крыніцах шмат згадваецца пра сыноў гальскіх, германскіх і ўсходніх правадыроў, якіх выхоўвалі ў Рыме. Гэта таксама быў інструмент палітычнага кантролю, вельмі падобны да практыкі Асірыі і Персіі.
Выкуп за караля, палітвязні ў манастыры
У Сярэднявеччы еўрапейскі і азіяцкі свет пачаў жыць у феадалізме. Права ўлады трымалася на асабістай вернасці, васальнай залежнасці і рэлігіі.
Калі князі ці каралі заключалі мір, то адзін з іх аддаваў сваіх сыноў, братоў або сваякоў у заклад, каб гарантаваць выкананне мірнай дамовы. Такая традыцыя ішла з рымскіх часоў, але тады, у Сярэднявеччы, стала абавязковым дыпламатычным правілам. У часы хрысціянізацыі ў Еўропе палітычных праціўнікаў не забівалі, а «аддавалі Богу», то бок адпраўлялі ў манастыр або прымушалі прыняць пострыг. Напрыклад, такое было нават у часы ранняга ВКЛ, калі сын Міндоўга, Войшалк, пасля захопу Наваградка пайшоў у манастыр. У германскіх і скандынаўскіх народаў існаваў звычай, калі прызначалася грашовая кампенсацыя за закладнікаў.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Як сын помсціў за бацьку. Гісторыя князя Войшалка, які быў на троне ўсяго два гады
Падчас феадальных войнаў (асабліва ў крыжовых паходах, англа-французскіх канфліктах і іншых) была створана сістэма, у якой палонных шляхціцаў не забівалі, а прадавалі або выкупалі. Напрыклад, англійскага караля Рычарда I Львінае Сэрца захапілі ў палон пасля крыжовага паходу, а выкуп за яго стаў найвялікшым у тыя часы. У больш познія часы Сярэднявечча манархі сталі выкарыстоўваць палітычныя арышты як сродак утрымання свайго кіравання. Для іх галоўнай праблемай былі не толькі ворагі звонку, але і ўнутраныя апаненты. Да XV стагоддзя выкуп палонных і палітычных вязняў стаў прыбытковым бізнесам: шмат людзей займаліся перамовамі, абменамі і выкупамі.
Пасля Рэфармацыі Еўропа пагрузілася ў стагоддзі рэлігійных канфліктаў. Імператары, каралі і біскупы саджалі ў турмы або выганялі сваіх апанентаў, але часта вызвалялі іх у абмен на палітычныя ўмовы.
У эпоху абсалютных манархій палітычныя вязні сталі часткай унутранай палітыкі: іх не забівалі, а ўтрымлівалі пад дамашнім арыштам, іх вызваленне часта выкарыстоўвалася як жэст добрай волі перад іншымі манархамі. Напрыклад, Вальтэра двойчы кідалі ў Бастылію па загадзе Людовіка XV. Ужо ў XVIII стагоддзі палітычныя вязні, іх амністыя ці вызваленне сталі фармальнай часткай мірных дамоў.
Як нацыянальныя рухі і рэвалюцыі з войнамі нарадзілі бум на палітзняволеных
Пасля Французскай рэвалюцыі ў Еўропе з’явілася новая катэгорыя людзей, якіх называлі ворагамі дзяржавы з палітычных прычын, а не за злачынствы. У сучасным сэнсе палітычныя зняволеныя з’явіліся менавіта пасля Французскай рэвалюцыі, а ўжо пры Напалеоне палітычныя арышты сталі часткай выбудаванай сістэмы.
У XIX стагоддзі італьянскія дзеячы — Джузэпэ Мадзіні, Карла Пізаканэ — правялі частку свайго жыцця ў турмах або выгнанні, іх вызваленне часта праводзілася праз міжнародныя каналы. У Германіі пасля рэвалюцый 1848-1849 гадоў палітычных вязняў трымалі ў крэпасцях, але некаторых вызвалялі праз дамоўленасці. У Расійскай імперыі палітычныя зняволенні сталі масавай практыкай пасля паўстання дзекабрыстаў у 1825 годзе, пасля там будуць палітвязні-народнікі, зняволеныя паўстанцы 1830 і 1863 гадоў.
У канцы існавання Расійскай імперыі царскі рэжым выкарыстоўваў вязняў для паказальных памілаванняў, каб зняць унутрыпалітычнае напружанне. Напрыклад, пасля рэвалюцыі 1905 года вялікая амністыя стала жэстам у абмен на спыненне забастовак. Аднак многіх зняволеных вызвалялі толькі з умовай іх далейшай эміграцыі. У СССР усё перавярнулася: палітычныя зняволенні сталі асновай дзяржаўнага механізму. У 1920-1930-я гады СССР часта абменьваў палітычных вязняў на замежных камуністаў, шпіёнаў і агентаў.
У часы халоднай вайны палітычны вязень стаў ключавым паняццем у барацьбе паміж Захадам і СССР. Пасля Другой сусветнай вайны ўрады сацыялістычнага блоку масава прадавалі палітычных зняволеных Захаду. Вядома, што ад 1963 да 1989 года ФРГ выкупіла каля 34 тысяч палітвязняў. Іншая сітуацыя складвалася паміж СССР і ЗША, калі ў часы халоднай вайны абмен палітычных зняволеных стаў часткай дыпламатычнай руціны. У познія гады Савецкага Саюза савецкі ўрад адпускаў дысідэнтаў у абмен на паляпшэнне адносін з Захадам.
У канцы XX стагоддзя палітычныя вязні сталі глабальнай тэмай. У Паўднёвай Афрыцы самым вядомым палітвязнем быў Нэльсан Мандэла, які правёў у турме 27 гадоў. Рэжым апартэіду спадзяваўся, што вызваленне Мандэлы дапаможа зняць санкцыі і палепшыць міжнародны імідж краіны. У дыктатурах Чылі, Аргенціны, Кубы і іншых краін Лацінскай Амерыкі палітычных вязняў выкарыстоўвалі для абмену на эканамічную дапамогу ці палітычныя кантакты.
Як гандлююць палітвязнямі ў сучаснасці?
XXI стагоддзе паказала, што гандаль палітвязнямі не знік з заканчэннем халоднай вайны, а эвалюцыянаваў у глабальны механізм геапалітычнага шантажу. Аднак формы сталі больш «цывілізаванымі»: цяпер гэта не адкрытыя абмены і выкупы, а «жэсты добрай волі», «гуманітарныя рашэнні», «дыпламатычныя перамовы». Сутнасць засталася той жа, бо чалавек выкарыстоўваўся як інструмент ціску.
У сучаснасці аўтарытарныя ўлады выкарыстоўваюць арышты апанентаў як будучы рэсурс у перамовах з Захадам. Замест прызнання палітзняволеных іх абвінавачваюць у шпіянажы, экстрэмізме або карупцыі. Пазней палітзняволеных вызваляюць у абмен на зняцце санкцый, вызваленне ўласных агентаў уплыву ці шпіёнаў.
Пасля 2000-х гадоў Расія сістэмна адрадзіла практыку выкарыстання вязняў як дыпламатычнага інструмента. У 2022 годзе амерыканскую баскетбалістку Брытні Грайнер абмянялі на вядомага расійскага гандляра зброяй Віктара Бута. Пазней Расія абмяняла амерыканскага журналіста Эвана Гершковіча, палітыкаў Уладзіміра Кара-Мурзу і іншых на сваіх агентаў для перамоваў з Захадам.
У Беларусі пасля падзей 2020 года лукашэнкаўскі рэжым ператварыў палітычных зняволены ў інструмент міжнароднага і ўнутранага шантажу. На момант 2025 года ў беларускіх турмах знаходзяцца каля 1 500 зняволеных. Беларускія ўлады перыядычна сігналізуюць Захаду, што гатовыя вызваляць некаторых у абмен на дыялог ці зняцце санкцый. У 2025 годзе палітзняволеных з Беларусі выпускалі на беларуска-літоўскай мяжы, а ўмовай іх вызвалення была прымусовая эміграцыя. Гэта з’яўляецца прамым перайманнем савецкай мадэіл 1970-1980-х гадоў.
Іран з’яўляецца адным з лідараў у практыцы затрымання замежнікаў і далейшага іх утрымання ў якасці палітычнага рычага. У 2016 годзе іранскі рэжым вызваліў чатырох амерыканцаў у абмен на размарожванне 400 мільёнаў іранскіх актываў. У 2023 годзе іранцы абмянялі пяць амерыканцаў на пяць іранцаў і шэсць мільярдаў долараў.
***
З часоў старажытнасці і да сённяшняга дня чалавек застаецца разменнай манетай у палітыцы. На працягу ўсёй гісторыі палітычных вязняў называлі па-рознаму, але сутнасць заставалася адной і той жа. На ўсіх этапах гісторыі палітвязень быў інструментам кантролю, рычагом ціску, сімвалам легітымнасці. У сучаснасці аўтарытарныя рэжымы Беларусі, Расіі, Кітаю, Ірану свядома выкарыстоўваюць палітвязняў у якасці жывога тавару.
Кожная эпоха апраўдвала гандаль людзьмі вышэйшым дабром: фараоны — мірам, манархі — лаяльнасцю, савецкі рэжым — абаронай народа, сучасныя аўтакраты — дзяржаўнай бяспекай.