Хто і за што спаліў Хатынь?

Грыгорый Васюра.

Сёння, 81 год таму, паліцэйскі батальён спаліў Хатынь з амаль усімі яе жыхарамі. У Беларусі налічваюць больш за 9 тысяч спаленых нацыстамі вёсак з дзясяткамі тысяч жыхароў. Але толькі Хатынь стала сімвалам таго, як акупацыйная нацысцкая ўлада абыходзілася з мірнымі жыхарамі. Прапаганда Лукашэнкі кожны год выкарыстоўвае Хатынь у сваіх мэтах: падчас пратэстаў супраць сфальсіфікаваных выбараў за спаленне вёскі паказвалі на «бчб-эшнікаў», а цяпер галоўнымі ворагамі і крыўдзіцелямі называюць бандэраўцаў. Ні першыя, ні другія дачынення да знішчэння Хатыні не мелі.

PALATNO расказвае, чаму трагедыя ў Хатыні здарылася і хто ў гэтым вінаваты.

За забойства чэмпіёна — знішчэнне вёскі

Гонар Германіі і рукапацісканы Гітлера, якога здымала Лені Рыфеншталь для прапагандысцкага фільма «Алімпія», атлет Ханс Вёльке паехаў на вайну ў званні капітана паліцыі. Гэта была тыповая гісторыя для сотняў нямецкія спартсменаў, якія была замацаваныя за адпаведнымі сілавымі структурамі ў нацысцкай Германіі: яны часцяком адпраўляліся на фронт. Вёльке служыў у акупаванай Беларусі, а ў 1942 годзе стаў кіраўніком першай роты аднаго з ахоўных батальёнаў.

У 1942 годзе ў акупаваным Кіеве сфарміравалі паліцэйскі ахоўны батальён (Schutzmannschaft 118). У асноўным, у яго ўваходзілі былыя савецкія ваеннапалонныя, якія пагадзіліся на супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі. У хуткім часе батальён перавядуць у акупаваную Беларусь, ён будзе знаходзіцца каля Мінска з базай у Плешчаніцах. Менавіта ў ім Вёльке працягне службу. На рахунку 118-га паліцэйскага ахоўнага батальёна былі сотні спаленых вёсак і тысячы забітых мірных жыхароў Беларусі. У шэрагу карных аперацый батальён дзейнічаў сумесна з брыгадай Дырлевангера — падраздзяленне СС, якое было сфарміравана з ваенных злачынцаў і савецкіх ваеннапалонных. Тактыка брыгады Дырлевангера заключалася ў забойстве мірных жыхароў і знішчэнні вёсак для арганізацыі свабодных ад партызан зон.

ханс вёльке
Ханс Вёльке на Алімпійскіх гульнях у Берліне ў 1936 годзе. Фота: Unknown (Fratelli Alinari Museum of the History of Photography, Florence), Public domain, via Wikimedia Commons

22 сакавіка 1943 года частка роты Вёльке ехала непадалёк ад Хатыні — з Плешчаніц у Лагойск. Па дарозе іх канвой расстралялі партызаны, і ў выніку загінулі чацвёра паліцэйскіх разам са сваім камандзірам — Хансам Вёльке. Гэта стала ключавым момантам у гісторыі для сотні жыхароў Хатыні.

Нацысты вырашылі знайсці вінаватых за забойствы партызан, але першымі ім на шляху трапіліся звычайныя сяляне, які рубілі лес. Частка паліцэйскага батальёна расстраляла дзясятак сялян на пералеску. А затым, разам з жаўнерамі брыгады Дырлевангера, яны накіраваліся ў бліжэйшую вёску — Хатынь.

Жыхароў Хатыні вывалаквалі з дамоў у вялікі калгасны хлеў. Там больш за сотню жыхароў зачынілі на замок. Драўляны хлеў абклалі саломай, аблілі бензінам, а потым падпалілі. Жаўнеры паліцэйскага батальёну і брыгады Дырлевангера стаялі па перыметры і стралялі ў тых, хто змог выбрацца праз дзверы хлева, які хутка загарэўся. У карнай аперацыі загінулі 149 жыхароў Хатыні, палова з іх была дзецьмі.

хатынь
Дарога Плешчаніцы-Лагойск, па якой ехалі паліцэйскія з 118-га батальёну 22 сакавіка 1943 года. Фота: National Archives of the Republic of Belarus, Public domain, via Wikimedia Commons

Уратавацца змаглі з дзясятак чалавек, у асноўным — дзеці. Марыя Федаровіч і Юлія Клімовіч выпаўзлі з хлева, які гарэў. Пазней яны загінуць падчас іншай карнай аперацыі, калі суседнюю вёску знішчаць нацысты. Хлопчыкі Віктар Жалабковіч і Антон Бараноўскі выратуюцца, бо іх закрыюць ад куляў сваякі, нацысты прымуць іх за памерлых. У жывых застануцца малыя Уладзімір Яскевіч і яго сястра Соня, і Аляксандр Жалабковіч. Адзіны дарослы, які змог перажыць аперацыю, будзе каваль Іосіф Камінскі. Большасць з тых, хто змаглі перажыць знішчэнне Хатыні і аднавяскоўцаў, пражылі доўгае жыццё. Апошні сведка Хатыні, Віктар Жалабковіч, памёр у 2020 годзе.

Доўгі час у Савецкім Саюзе замоўчвалі факт расстрэлу і спалення вяскоўцаў у Хатыні з боку былых савецкіх ваеннапалонных, якія ўступілі ў шэрагі паліцэйскага батальёна. Адказнымі за забойства называлі немцаў.

Як вінатавых за знішчэнне Хатыні каралі ў пасляваенныя часы

Упершыню за знішчэнне Хатыні пакаралі адразу пасля Другой сусветнай вайны. У 1946 годзе ў Рызе судзілі нацысцкага генерала Бруно Павэля. Падчас судовага пасяджэння ён расказаў, што ў 1943 годзе загадаў спаліць некалькі вёсак, у тым ліку і Хатынь. Павэля павесілі за ваенныя злачынствы пасля прысуду. У тым жа годзе забілі аднаго з галоўных датычных да знішчэння Хатыні — Івана Мельнічэнку, які камандаваў адной з рот у брыгадзе Дырлевангера: яго забілі пры спробе ўцёкаў. Дзясятак таварышчаў па зброі Мельнічэнкі пакаралі смерцю амаль праз дваццаць гадоў пасля вайны.

Аднак пра вінаватых з 118-га паліцэйскага батальёна доўгі час было нічога невядома. Частка з тых, хто ў ім служыў, заставалася пасля вайны на тэрыторыі СССР. І амаль усе з іх выдавалі сябе за былых франтавікоў, якія змагаліся супраць нацызму. Адным з першых быў Сцяпан Сахно — яго паказанні дапамаглі выйсці на іншых карнікаў: Грыгорыя Лакусту, Астапа Кнапа, Міхаіла Курка і Івана Лазінскага. Матэрыялы судовага расследавання дапамаглі выявіць і іншых удзельнікаў паліцэйскага батальёну — а менавіта камандзіраў Васіля Мялешку і Грыгорыя Васюру.

118-ы паліцэйскі ахоўны батальён
Кіраўнікі 102-га, 115-га і 118-га паліцэйскіх ахоўных батальёнаў на вучэнняў у Мінску, 1942 год. Фота: See page for author, Public domain, via Wikimedia Commons

Справа Мялешкі

Васіль Мялешка нарадзіўся ва Украіне, за некалькі гадоў да пачатку вайны пайшоў на службу у Чырвоную армію. За год да нападу нацыстаў на СССР атрымаў афіцэрскае званне лейтэнанта. У першы дзень нападу трапіў у палон, у лагеры для палонных у Гамельбургу пагадзіўся на супрацоўніцтва з нацыстамі.

Мялешка вярнуўся ў акупаваную Украіну і ўступіў у толькі сфарміраваны 118-ы ахоўны батальён. Да таго, як батальён выслалі ў Беларусь, яго жаўнеры займаліся аховай аб’ектаў у Кіеве. У 1942 годзе разам з батальёнам Мялешка едзе пад Мінск.

22 сакавіка 1943 года Мялешка ехаў разам з Вёльке і іншымі жаўнерамі батальёна са сваёй базы ў Плешчаніцах у Лагойск. Партызаны не змаглі забіць Мялешку, толькі крыху яго паранілі. Менавіта Мялешка аддаў загад на забойства лесарубаў-вяскоўцаў, якія былі непадалёк ад здзейсненай партызанскай аперацыі. Пазней падчас суда над радавымі жаўнерамі паліцэйскага батальёна Астап Кнап засведчыць:

«Калі мы пад’ехалі [да месца забойства лесарубаў — заўв. PALATNO], там ужо ляжала шмат цел. Усё месца было залітае крывёй. Я бачыў, як Іванкоў страляў з кулямёта па людзях, якія беглі хавацца ў лес. Бачыў, як Катрук і Мялешка стралялі па людзях, якія ляжалі на зямлі. Мялешка і Панкоў былі надзвычай жорсткімі да тых лесарубаў — Мялешка з-за ранення, а Панкоў хацеў адпомсціць за забойства земляка».

васіль мялешка
Фота з вайсковага альбому.

Затым Мялешка сумесна з жаўнерамі з эсэсаўцамі з Дырлевангера і часткай 118-га батальёну акружылі Хатынь — і так пачалося знішчэнне жыхароў. Паплечнікі па батальёне падчас судовых пасяджэнняў расказвалі, што Мялешка страляў па людзях, якія спрабавалі выбрацца з хлеву, з вінтоўкі.

Знішчэнне Хатыні было не адзінай карнай аперацыяй, у якой непасрэдна ўдзельнічаў Мялешка. Аднак пасля маштабнага наступлення Чырвонай Арміі ў 1944 годзе батальён з Мялешкам трапіць у Польшчу, а потым — на тэрыторыю Францыі. У Францыі Мялешка змагаўся супраць французскіх партызан, а калі зразумеў, што ў хуткім часе Трэці рэйх прайграе, перайшоў на бок тых самых партызан. Яшчэ пазней Мялешка стане членам Французскага замежнага легіёна. Па яго словах, ён не хацеў вяртацца ў СССР, але змог прайсці фільтрацыю і нават быў адноўлены ў званні.

Пасля вайны жыў на сучаснай тэрыторыі Казахстана. Доўгі час змог скрываць, што падчас вайны служыў у нацысцкіх вайсковых структурах. У 1949 годзе Мялешку арыштавалі ў Растоўскай вобласці — туды ён паехаў да сваякоў жонкі. Яго абвінавацілі ў супрацоўніцтве з Украінскай вызваленчай арміяй: ён прызнаўся, што служыў там, а не ў 118-м паліцэйскім ахоўным батальёне. У 1955 годзе яго амніставалі і ён асеў у Растоўскай вобласці.

У 1970-я гады фотаздымак Мялешкі як галоўнага агранома трапіў у мясцовую раёнку. Так, дзякуючы фотаздымку, Васіля Мялешку змаглі апазнаць. У 1974 годзе яго зноў арыштавалі і адправілі ў гродзенскі СІЗА. Судзілі Мялешку ў Мінску, ён адмаўляў удзел у ваенных злачынствах — нягледзячы на доказы і сведчанні ахвяр і яго паплечнікаў: «Мае падначаленыя стралялі з вінтовак, я асабіста не страляў — я не мог страляць у бяззбройных, ні ў чым не вінаватых людзей».

У 1975 годзе Васіля Мялешку расстралялі — памілаванне адхілілі за выключную цяжкасць злачынстваў.

Суд над Мялешкам дапамог раскруціць і далей клубок з тых, хто быў адказны за спаленне вёскі і знішчэнне яе жыхароў. Кіраўніка аперацыі, Грыгорыя Васюру, затрымаюць праз дзесяць гадоў пасля расстрэлу Мялешкі.

Справа Васюры

Грыгорый Васюра нарадзіўся ва Украіне. Да пачатку вайны працаваў настаўнікам, а затым пайшоў на ваенную службу. Ён скончыў Кіеўскае ваеннае вучылішча сувязі, у чэрвені 1941 года кіраваў аддзяленнем. Праз тыдзень пасля ўварвання нацыстаў у СССР трапіў у палон. Як і Мялешка, пагадзіўся супрацоўнічаць з нацыстамі падчас знаходжання ў лагеры для ваеннапалонных.

У 1942 годзе Васюру адправілі ў Кіеў, дзе ён далучыўся да 118-га паліцэйскага батальёну. Васюра хутка прасунуўся па службе і стаў адным з кіраўнікоў батальёну пад начальствам Эрыха Кёрнера. Затым батальён перабраўся ў акупаваную Беларусь. Грыгорый Васюра стаў кіраўніком знішчэння Хатыні.

Пасля вайны Васюра трапіў у фільтрацыйны лагер, але ён змог схаваць факт службы ў паліцэйскім батальёне. Аднак яго ўсё роўна асудзілі на 25 гадоў турмы, у 1955 годзе ён быў памілаваны. Васюра расказваў пра сваё пасляваеннае зняволенне, тлумачачы тым, што трапіў у палон.

Пасля вызваленне з савецкага лагера пераехаў на Кіеўшчыну. Там ён узначаліў саўгас, стаў членам КПСС, а за два гады да зняволення яго ўзнагародзілі медалём «Ветэран працы». Ён, як і яго паплечнікі, расказваў савецкім школьнікам пра свае подзвігі падчас Другой сусветнай ваны.

грыгорый васюра
Грыгорый Васюра ў судзе.

Выдалі Васюру нават не паказанні на ранейшых судах іншых жаўнераў паліцэйскага батальёна, а прага да прызнання. У 1985 годзе ён запатрабаваў ордэн Айчыннай вайны як ветэран. Аднак у архівах нічога не гаварылася пра баявыя подзвігі Васюры, пра якія ён расказваў піянерам, а толькі пра палон у 1941 годзе — і далей нічога. Так, сведчанні былых паплечнікаў Васюры леглі ў далейшую справу «франтавіка».

У судзе Васюра доўгі час адмаўляў сваю віну, але падзеі спалення Хатыні змаглі дакладна аднавіць — у гэтым, вядома, дапамаглі сведчанні ахвяр і падначаленых Васюры.  Карэспандэнт «Известий» пісаў, што падчас судовага пасяджэння Васюра ў выніку крыкнуў: «Так, я спаліў Хатынь!». Яго расстралялі ў 1987 годзе.

* * *

Суды над Мялешкай і Васюрай праходзілі ў закрытым рэжыме. На іх прысутнічалі карэспандэнты «Известий» і БелТА. Аднак яны так і не апублікавалі пасля пасяджэнняў артыкулы. Пасля прысуду над Васюрай забаранілі друкаваць артыкулы, бо гэта нібыта магло падарваць братэрства савецкіх народаў.

* * *

Падрабязны спіс знішчаных вёсак падчас Другой сусветнай вайны вядзе Нацыянальны архіў Беларусі. Па спасылцы можна паглядзець, дзе і колькі чалавек было забіта падчас карных аперацый нацыстаў.

Вярнуцца ўгару