Now Reading
Хто кіруе Магілёўскай вобласцю?

Хто кіруе Магілёўскай вобласцю?

председатель райисполкома могилев

Былы кіраўнік калоніі, у якой загінуў Вітольд Ашурак, жанчыны на кіраўнічых пасадах і вельмі шмат аграномаў. Амаль так, калі казаць каротка, выглядае раённая вертыкаль улады ў Магілёўскай вобласці. Частка з іх мае займальныя біяграфія, а частка — амаль з ідэнтычнымі зыходнымі: адвучыўся ў сельгасакадэміі, працаваў заатэхнікам і стаў старшынёй райвыканкама.

PALATNO расказвае, хто займае ключавыя пасады ў раёнах Магілёўшчыны.

Змест

Магілёў і Бабруйск

Гутарку пра Магілёўшчыну трэба пачынаць з таго, што на яе тэрыторыі ёсць 21 раён і два гарады абласнога падпарадкавання. Гэтымі гарадамі з’яўляюцца Бабруйск і Магілёў. У 2022 годзе Лукашэнка праводзіў чарговыя кадравыя змены, і тады змянілі кіраўнікоў і Бабруйска, і Магілёва.

У Бабруйску старшынёй гарвыканкама з’яўляецца Ігар Кісель. Ён нарадзіўся ў 1974 годзе ў вёсцы Любанаўка ў Чэрыкаўскім раёне. Скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію і Акадэмію кіравання. Працаваў у розных дзяржаўных арганізацыях. У 2015 годзе заняў пасаду ў Бабруйскім гарвыканкаме, дзе курыраваў пытанні будаўніцтва.

У адзін час з Кісялём на пасаду старшыні Магілёўскага гарвыканкама прыйшоў Аляксандр Студнеў. Ён нарадзіўся ў 1974 годзе ў Магілёве. Скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію і Акадэмію кіравання. Пачынаў кар’еру як майстар у будаўнічым трэсце, «даслужыўся» як старшыня камітэту па архітэктуры і будаўніцтву Магілёўскага аблвыканкама. Да прыхода ў Бабруйскі гарвыканкам быў кіраўніком «Белбудцэнтра». У 2017 годзе стаў старшынёй Бабруйскага гарвыканкама. Працаваў намеснікам старшыні Магілёўскага гарвыканкама.

Магілёўшчынай кіруе «рускі губернатар»?

А хто ж кіруе Магілёўскай вобласцю? Гэта — Аляксандра Ісачанка. Пасаду старшыні аблвыканкама ён атрымаў у 2021 годзе.

Ісачанка нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Кузнец у Бранскай вобласці. Скончыў сельгасакадэмію і Акадэмію кіравання.

Пачынаў працу як старшы інжынер у калгасе «Савецкая Беларусь» ў Горацкім раёне Магілёўскай вобласці. У 2000 годзе стаў дырэктарам калгаса «Гарадзец» у Шклоўскім раёне, якім калісьці кіраваў Аляксандр Лукашэнка.

У Шклоўскім раёне прайшоў пасады намесніка старшыні райвыканкама і першага намесніка, працаваў намеснікам старшыні ў Магілёўскім аблвыканкаме. У 2016 годзе Лукашэнка прызначыў яго памочнікам па Мінскай вобласці. У 2017-2019 гадах быў старшынёй Мінаблвыканкама.

Асіповічы. Эканаміст, які стаў старшынёй

Канстанцін Жыгуцкі нарадзіўся ў 1977 годзе ў Магілёве. Скончыў Беларускі камерцыйны ўніверсітэт кіравання і Акадэмію кіравання.

Кар’еру пачынаў як супрацоўнік «Беларусбанка», працаваў намеснікам старшыні і старшынёй Слаўгарадскага райвыканкама.

Канстанцін Жыгуцкі прызначаны на пасаду старшыні Асіповіцкага райвыканкама ў 2019 годзе.

Бабруйскі раён. Звычайны заатэхнік, які стаў старшынёй

Аляксандр Сухадольскі нарадзіўся ў 1981 годзе на Міншчыне. Скончыў сельскагаспадарчы тэхнікум, затым — сельгасакадэмію.

Працоўную кар’еру пачынаў як заатэхнік. Вядома, што ён працаваў у СПК «Гігант» і ў сельскай гаспадарцы ў Кіраўскім раёне жывёлаводам. У 2018 годзе яго прызначалі намеснікам старшыні Кіраўскага райвыканкама.

У 2020 годзе Лукашэнка прызначыў Аляксандра Сухадольскага кіраўніком Бабруйскага райвыканкама.

Бялынічы. Жанчына на чале райвыканкама

У 2022 годзе кіраўніком Бялыніцкага райвыканкама стала Вольга Прыстромская. Для дзяржаўнай прэсы гэта стала «нечаканасцю»:

«Для Могилевской области это нетипичный руководитель района. Хотя бы потому, что женщина».

Прыстромская нарадзілася ў Магілёве. Яна скончыла БДСГА і Акадэмію кіравання. Пачынала кар’еру ў 1996 годзе як спецыяліст абласной камісіі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў Магілёве. Затым паспела папрацаваць на дзяржаўных пасадах у Магілёўскім райвыканкаме і аблвыканкаме, была першым намеснікам старшыні Чавускага райвыканкама.

У 2016 годзе атрымала пасаду ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванню Магілёўскага аблвыканкама.

Быхаў. У рэгіён — з Палесся

Дзмітрый Марціновіч нарадзіўся ў Мазыры. У 2001 годзе скончыў Палескі сельскагаспадарчы тэхнікум у Калінкавічах. Наступныя тры гады вучыўся ў сельгасакадэміі.

У 2004 годзе пачаў кар’еру як галоўны спецыяліст па падрыхтоўцы кіраўнічых кадраў на агракамбінаце ў Магілёўскай вобласці. У 2005 годзе прызначаны дырэктарам быхаўскай станцыі штучнага асемянення. У 2006 годзе Марціновіча прызначылі намеснікам кіраўніка па жывёлагадоўлі ў СПК «Валадарскі», у наступным годзе — кіраўніком СПК «Навабыхаўскі». У 2010-х працаваў намеснікам старшыні Быхаўскага райвыканкама.

У 2018 годзе Лукашэнка прызначыў Марціновіча кіраўніком Быхаўскага райвыканкама.

Глуск. Вайсковец і пажарны ў мінулым, старшыня цяпер

Уладзімір Кніга нарадзіўся ў Клічаве. Ён адслужыў у арміі, а затым стаў пажарным у Клічаўскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Кніга прайшоў шлях да начальніка аддзела. У 2014 годзе стаў старшынёй Савета дэпутатаў Клічаўшчыны.

Старшынёй райвыканкама Глуска Кнігу прызначылі ў 2022 годзе.

Горкі. Узначальвае адзін з магілёўскіх раёнаў даўжэй за ўсіх

Сяргей Кулагін нарадзіўся ў 1966 годзе ў Мсціслаўскім раёне. Скончыў сельгасакадэмію і Акадэмію кіравання.

Працаваў у Мсціслаўскім раёне, на агракамбінаце «Ждановічы» Мінскага раёна, узначальваў філіялы «Слаўнафтаагра». Перад прызначэннем у Горкі працаваў намеснікам старшыні Мінскага райвыканкама і паспеў сысці з дзяржаўнай службы: працаваў у прыватнай кампаніі.

Сяргей Кулагін прызначаны на пасаду старшыні Горацкага райвыканкама ў 2017 годзе.

Дрыбін. Першая жанчына-кіраўніца саступіла месца

У верасні 2023 года Лукашэнка прызначыў на пасаду кіраўніка Дрыбінскага райвыканкама Дзмітрыя Чыгіра. Да яго раёнам кіравала Ірына Стрэчын.

Ірына Стрэчын нарадзілася ў 1979 годзе. У дзяцінстве займалася конным спортам, трохбор’ем. Пачынала вучобу ў сельскагаспадарчай акадэміі, але не давучылася праз хваробу бацькі. Працавала ў жывёлагадоўлі, а затым усё-ткі пайшла вучыцца на бухгалтара. Аднак тайком ад бацькоў перавялася на заатэхніка. Працавала на агракамбінаце «Ждановічы», затым перабралася на Дрыбіншчыну на пасаду заатэхніка. Затым яе прызначылі намеснікам старшыні Дрыбінскага райвыканкама, а яшчэ пазней — намеснікам дырэктара ААТ «Міхееўка-Агра». Ірына Стрэчын стала першай жанчынай-кіраўніцай Дрыбінскага райвыканкама. Яе прызначылі на гэту пасаду ў 2021 годзе.

Касцюковічы. Прафесія — старшыня

Аляксандра Міхеенка нарадзілася ў Касцюковічах у 1971 годзе. Скончыла сельгасакадэмію і Акадэмію кіравання.

Працавала на кіраўнічых пасадах у Касцюковіцкім і Клімавіцкім райвыканкамах. У 2020 годзе атрымала прызначэнне на пасаду старшыні Чэрыкаўскага райвыканкама.

У 2021 годзе яе прызначылі кіраўніком Касцюковіцкага райвыканкама.

Кіраў. Чалавек з адукацыі

Галіна Слабоднікава нарадзілася ў 1973 годзе. Скончыла Магілёўскі педагагічны інстытут і Акадэмію кіравання.

Слабоднікава працавала ў сферы адукацыі Кіраўскага раёна, узначальвала аддзел адукацыі райвыканкама. У 2013-2016 гадах займала пасаду намесніка старшыні райвыканкама. У 2016 годзе яе абралі старшынёй Кіраўскага раённага Савета дэпутатаў.

У 2021 годзе Лукашэнка прызначыў Слабоднікаву на пасаду старшыні Кіраўскага райвыканкама.

Клімавічы. Яшчэ адзін аграном, які стаў старшынёй

Дзмітрый Хайноўскі нарадзіўся ў 1979 годзе ў Хоцімску. Скончыў сельгасакадэмію і Акадэмію кіравання.

Працаваў паляводам і будаўніком у калгасе «Перамога» ў Хоцімскім раёне. Затым атрымаў павышэнне ў тым жа калгасе: спачатку стаў эканамістам, а пасля кіраўніком. Ад 2005 да 2014 года ўзначальваў планава-ўліковы аддзел упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бялыніцкага райвыканкама. Да 2015 года кіраваў СПК «Ількавічы» Бялыніцкага раёна, а потым яшчэ два гады быў дырэктарам бялыніцкага «Аграсервіса». Ад 2017 да 2020 Хайноўскі быў намеснікам старшыні Хоцімскага райвыканкама. У 2020 годзе прызначаны на пасаду намесніка старшыні Крычаўскага райвыканкама.

Хайноўскі ў якасці старшыні Клімавіцкага райвыканкама пачаў працаваць у 2022 годзе.

Клічаў. Кіраўнік «няпростага рэгіёна»

Віктар Рабкавец нарадзіўся ў 1966 годзе. Пра адукацыю і мінулыя працы Рабкаўца вядома няшмат.

У 2014 годзе стаў старшынёй Клічаўскага раённага Савета дэпутатаў. У 2018 годзе стаў намеснікам старшыні райвыканкама ў Клічаве.

Віктар Рабкавец прызначаны кіраўніком Клічаўскага райвыканкама ў 2019 годзе. Пры прызначэнні Лукашэнка назваў Клічаўшчыну няпростым рэгіёнам і абяцаў прыехаць да Рабкаўца, але за чатыры гады так гэтага і не зрабіў.

Краснаполле. Адданы фанат Лукашэнкі

Аляксандр Трушкін нарадзіўся ў 1977 годзе ў Крычаве. Скончыў сельгасакадэмію. Працаваў у сельскагаспадарчых арганізацыях Магілёўшчыны. У 2020 годзе стаў начальнікам аддзела землеўпарадкавання Клімавіцкага райвыканкама.

Аляксандр Трушкін стаў кіраўніком раёна ў 2020 годзе. Пасля сфальсіфікаваных выбараў і гвалту сілавікоў Трушкін віншаваў жыхароў горада на Новы год так:

«<…> Приняли участие в важнейшем общественно-политическом событии — выборах Президента Республики Беларусь, отдав свои голоса за Александра Григорьевича Лукашенко и тем самым сделав правильный выбор за стабильное и процветающее развитие нашей страны».

Крычаў. Праграміст, які стаў чыноўнікам

Дзмітры Бачкоў нарадзіўся ў 1979 годзе ў Крычаве. У 2001 годзе скончыў БДУІР, а ў 2006-м — Акадэмію кіравання.

Пасля таго як Бачкоў скончыў першы ўніверсітэт, ён працаваў на крычаўскім заводзе гумавых вырабаў. У 2002 годзе ўладкаваўся ў аддзел эканомікі ў райвыканкам Крычава. У 2007 годзе стаў намеснікам старшыні райвыканкама. У 2017 годзе яго прызначылі першым намеснікам старшыні Крычаўскага райвыканкама.

У 2017 годзе Бачкоў узначаліў Крычаўскі райвыканкам.

Круглае. Наглядчык папраўчай калоніі, які на пенсіі стаў кіраваць раёнам

Сяргей Ермаліцкі нарадзіўся ў 1970 годзе ў вёсцы Сычык Крычаўскага раёна. Скончыў сельгасакадэмію і акадэмію МУС.

Пачынаў кар’еру як аграном у калгасе на Шклоўшчыне. У 1993 годзе ўладкаваўся ў папраўчую калонію №17 у Шклове: быў начальнікам атрада, оперупаўнаважаным, начальнікам аператыўнага аддзела і намеснікам начальніка калоніі. У 2010-2015 гадах узначальваў калонію.

У 2015 годзе яго прызначалі начальнікам упраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў па Гомельскай вобласці. У 2020 годзе ўзначальваў Гомельскі райвыканкам.

Сяргей Ермаліцкі прызначаны на пасаду старшыні Круглянскага райвыканкама ў сакавіку 2023 года.

Магілёўскі раён. Ветэрынар, якога палюбілі на Магілёўшчыне

Алег Чыкіда нарадзіўся ў 1966 годзе ў Тураве. Скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут і Акадэмію кіравання.

У пачатку 1990-х пачаў прафесійную дзейнасць: спачатку як ветэрынарны доктар у сельскагаспадарчым прадпрыемстве на Магілёўшчыне. У 2002 годзе стаў намеснікам старшыні Горацкага райвыканкама. У 2004 годзе атрымаў павышэнне: яго накіравалі на пасаду намесніка старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы Магілёўскага аблвыканкама.

У 2005 годзе стаў старшынёй Мсціслаўскага райвыканкама. Затым амаль пяць гадоў яго «кідалі» на розныя пасады ў Магілёўскім аблвыканкаме.

Алег Чыкіда стаў кіраўніком Магілёўскага райвыканкама ў 2019 годзе.

Мсціслаў. Эканаміст, які пабудаваў кар’еру не ў банку

Дзмітрый Пімашэнка нарадзіўся ў 1974 годзе ў Чавускім раёне. Вучыўся ў сельгасакадэміі.

Працаваў у Дрыбіне ў «Беларусбанку», а затым перайшоў на дзяржаўную службу ў райвыканкам. Ён стаў намеснікам старшыні Дрыбінскага райвыканкама ў 2003 годзе. Затым стаў кіраўніком мясцовага савета дэпутатаў.

У 2019 годзе Дзмітрыя Пімашэнку прызначылі кіраўніком Мсціслаўскага райвыканкама.

Слаўгарад. Аграном, які шмат працаваў

Андрэй Кажамякін нарадзіўся ў 1975 годзе ў Мазыры. Скончыў сельгасакадэмію і Акадэмію кіравання.

Кар’еру пачынаў у калгасе на Магілёўшчыне. У 2001 годзе пасля амаль дзясятку змен працы на сельгаспрадпрыемствах Магілёўскай вобласці яго прызначаюць у Магілёўскі аблвыканкам. У аблвыканкаме атрымаў пасаду галоўнага агранома. Там ён падымецца па кар’ернай лесвіцы да начальніка аддзела.

Ад 2014 да 2019 — намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню. У 2020-м стаў кіраўніком камітэту.

У 2020 годзе Лукашэнка прызначыў Кажамякіна кіраўніком Слаўгарадскага райвыканкама.

Хоцімск. Скандальны старшыня

Міхаіл Куксянкоў нарадзіўся ў 1980 годзе ў Шклове. Вядома, што ён працаваў дырэктарам Бабруйскага гандлёвага цэнтра. У 2015 годзе стаў начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы ў Шклоўскім райвыканкаме, хутка пайшоў уверх па кар’ернай лесвіцы — і даслужыўся да намесніка старшыні райвыканкама.

Міхаіл Куксянкоў прызначаны на пасаду старшыні Хоцімскага райвыканкама ў 2020 годзе.

Самая маштабная навіна, звязаная з Куксянковым, адбыўся ўжо, калі той стаў кіраўніком райвыканкама ў Хоцімску. У маі 2022 года невядомы абстраляў дом Куксянкова. Аднак гэтую інфармацыю пацвердзілі толькі мясцовыя жыхары — чыноўнікі і сілавікі маўчаць.

Чавусы. З Гомельшчыны на Магілёўшчыну

Дзмітрый Акуліч нарадзіўся ў 1985 годзе ў Калінкавіцкім раёне. Скончыў сельгасакадэмію. Кар’ера Акуліча пачалася адразу з Гомельскага райвыканкама: туды ён прыйшоў на пасаду галоўнага агранома. У 2010 годзе прызначаны намеснікам старшыні Жлобінскага райвыканкама. У 2011 годзе стаў кіраўніком сельскагаспадарчага прадпрыемства на Жлобіншчыне.

Ад 2013 да 2021 года працаваў намеснікам старшыні Рагачоўскага райвыканкама. У 2021 годзе атрымаў прызначэнне ў Мсціслаўскі райвыканкам у якасці намеснікам старшыні.

Дзмітрый Акуліч прызначаны кіраўніком Чавускага райвыканкама ў 2023 годзе.

Чэрыкаў. Былы вайсковец і міліцыянер

Алег Малышэўскі нарадзіўся ў 1971 годзе. Скончыў Саратаўскае вышэйшае вайскова-каманднае вучылішча войскаў МВД Расіі, двойчы вучыўся ў Ваеннай Акадэміі Беларусі.

У 1993 годзе пачаў службу камандзірам стралковага ўзводу вайсковай часткі ў Магілёве, стаў камандзірам гэтай часткі. Ад 2016 да 2021 года быў намеснікам начальніка штаба, начальнікам упраўлення баявой службы камандуючага ўнутранымі войскамі МВД. Звольнены са службы ў званні палкоўніка.

У 2021 годзе Алега Малышэўскага прызначаюць старшынёй Чэрыкаўскага райвыканкама.

Шклоў. Кіраўнік мясцін, дзе нарадзіўся Лукашэнка

Андрэй Камко нарадзіўся на Міншчыне. Скончыў сельгасакадэмію.

Пачынаў кар’еру як інжынер у камітэце архітэктуры, будаўніцтва і землеўпарадкавання ў Мінскім гарвыканкаме. Да прызначэння ў Шклоўскі райвыканкам паспеў адпрацаваць намеснікам старшыні у Горацкім райвыканкаме.

Прызначаны кіраўніком Шклоўскага райвыканкама ў 2021 годзе.

Вярнуцца ўгару