Now Reading
Хто кіруе Гродзеншчынай

Хто кіруе Гродзеншчынай

председатель райисполкома гродно

Вобласць аграномаў і мужчын — гэта ўсё пра Гродзенскую вобласць. У гэтым рэгіёне нармальна быць палякам і займаць найвышэйшую пасаду ў раёне, і нават сайт райвыканкама не чысціць інфармацыю пра гэта пасля абвастрэння беларуска-польскіх адносін.

PALATNO расказвае і паказвае, хто кіруе Гродзенскай вобласцю.

кто руководит гродненской областью, председатели райисполком Гродно

Гродзенская вобласць. Змагаўся с кавідам — стаў галоўным на Гродзеншчыне.

Уладзімір Каранік нарадзіўся ў 1973 годзе ў Гродне. Скончыў Гродзенскі медыцынскі інстытут. Ад 1996 да 2011 года працаваў на розных пасадах у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі.

У 2011 атрымлівае павышэнне і становіцца галоўным доктарам Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера. У 2019 годзе стаў міністрам аховы здароўя. Аднак адпрацаваў на гэтай пасадзе нядоўга.

Падчас кіравання міністэрствам здарылася каронавірусная пандэмія. Пасля некалькі тыдняў пасля сфальсіфікаваных рэжымам Лукашэнкі выбараў 2020 года Каранік становіцца старшынёй Гродзенскага аблвыканкама.

Гродзенскі раён. Чакаў пасаду дзесяцігоддзі

Валерый Хелскі нарадзіўся ў 1968 годзе на Шчучыншчыне. Ён скончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Затым працаваў у калгасе ў Свіслацкім раёне. У 1997 годзе стаў галоўным аграномам у Свіслацкім райвыканкаме.

У 2001 годзе стаў намеснікам старшыні Свіслацкага райвыканкама. У 2008-м яго накіравалі на тры гады ў Бераставіцкі райвыканкам. У 2010 годзе атрымаў пасаду ў Гродзенскім аблвыканкаме, дзе адпрацаваў больш за 12 гадоў.

Прызначэнне на пасаду кіраўніка Гродзенскага райвыканкама Хелскі атрымаў у 2022 годзе.

Гродна. З міністэрства — у выканкам

Андрэй Хмель змяніў на пасадзе старшыні Гродзенскага гарвыканкама «вечнага» Мечыслава Гоя, які адпрацаваў у Гродне амаль дзесяць гадоў.

Хмель нарадзіўся ў 1983 годзе ў Лідзе. У 2006 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт. Пасля ўніверсітэта працаваў інжынерам-энергетыкам у саўгасе «Лідскі». У 2008 годзе трапіў у Лідскі райвыканкам, а затым — і ў Гродзенскі аблвыканкам. Падчас працы скончыў яшчэ і Акадэмію кіравання.

У 2013 годзе атрымаў пасаду інжынера-энергетыка ў ААТ «Біякам-тэхналогія». У 2014 годзе Хмеля прызначаюць дырэктарам гродзенскага прадпрыемства «Горсвет». У 2016-м ён становіцца генеральным дырэктарам гродзенскага ЖКХ.

У 2017 годзе атрымлівае павышэнне ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, там ён становіцца намеснікам міністра.

У 2020 годзе прызначаны міністрам ЖКХ.

У 2023 годзе Хмель становіцца старшынёй Гродзенскага гарвыканкама.

Астравец. Ураджэнец Калінінграда, які працаваў у калгасах

Ігар Шалудзін нарадзіўся ў 1968 годзе ў пасёлку Данское-Новае Калінінградскай вобласці. У 1990-х скончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут і Акадэмію кіравання.

У 1992 годзе стаў аграномам у аграпрамысловай фірме «Вілія» на Смаргоншчыне. У 1997-м стаў кіраўніком калгаса на Смаргоншчыне. Напачатку 2000-х стаў намеснікам старшыні Смаргонскага райвыканкама. У 2013 годзе стаў начальнікам аддзела па сельскай гаспадарцы і сыравіне на Мінскім малочным заводзе. У 2015 годзе — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Смаргонскага райвыканкама.

У 2017 годзе Лукашэнка прызначыў яго старшынёй Астравецкага райвыканкама.

Ашмяны. Хуткая кар’ера слонімца

Уладзіслаў Гершгорын нарадзіўся ў 1977 годзе ў Слоніме. У 2000 годзе скончыў Беларускую політэхнічную акадэмію, а затым Акадэмію кіравання.

Працаваў спецыялістам, начальнікам аддзела прамысловасці, знешнеэканамічнай дзейнасці і прагназавання, начальнікам рэгіянальнага развіцця ў Слонімскім райвыканкаме. У 2013 годзе прызначаны намеснікам старшыні Слонімскага райвыканкама.

У 2019 годзе стаў кіраўніком Ашмянскага райвыканкама.

Бераставіца. Паляк на пасадзе старшыні райвыканкама

Антон Кулісевіч нарадзіўся ў 1967 годзе ў вёсцы Плябанаўцы Бераставіцкага раёна. Кулісевіч скончыў, як і большасць старшынь райвыканкамаў, сельскагаспадарчы інстытут. На сайце мясцовага райвыканкама сказана, што Кулісевіч вызнае сябе палякам.

Пасля сканчэння ўніверсітэта ў 1991 годзе ён ідзе на працу ў калгасы. Амаль праз 15 гадоў атрымлівае пасаду намесніка старшыні Бераставіцкага райвыканкама. У 2011 годзе стаў старшынёй райвыканкама.

У Беларусі Антон Кулісевіч з’яўляецца адным з самых «сталых» старшынь — і па ўзросце, і па колькасці часу на пасадзе.

Ваўкавыск. Аграном са строгім тварам

Міхаіл Сіцько нарадзіўся ў 1961 годзе ў вёсцы Алекшыцы на Гродзеншчыне. Скончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут і Акадэмію кіравання.

Пачынаў працу ў якасці агранома ў саўгасе ў Хойніцкім раёне, затым вярнуўся на кіруючыя пасады ў калгасы Гродзеншчыны. Быў членам Савета Рэспублікі.

Міхаіл Сіцько прызначаны кіраўніком Ваўкавыскага райвыканкама ў 2011 годзе.

Воранава. Аграном, пра якога мала што вядома

Дзмітры Захарчук нарадзіўся ў 1987 годзе ў Навагрудку. Скончыў аграрны ўніверсітэт у Гродне, Акадэмію кіравання.

Амаль дзесяць гадоў працаваў у сельскагаспадарчай сферы. У 2017 годзе атрымаў прызначэнне намесніка старшыні Ваўкавыскага райвыканкама.

Прызначаны старшынёй Воранаўскага райвыканкама ў 2021 годзе.

Дзятлава. Яшчэ адзін аграном, які стаў старшынёй

Андрэй Садоўскі нарадзіўся ў 1973 годзе ў вёсцы Бярозаўка на Смаргоншчыне. У 1995 годзе скончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Працаваў заатэхнікам, а затым яго забралі ў армію.

Ад 1996 да 2009 года працаваў у сельскагаспадарчых арганізацыях Смаргонскага і Навагрудскага раёнаў. У 2009 годзе стаў галоўным заатэхнікам Навагрудскага раёна. У 2014 годзе стаў кіраўніком ААТ «Прынёманскі».

У 2020 годзе атрымаў прызначэнне на пасаду кіраўніка Дзятлаўскага райвыканкама. Акрамя гэтага, ён яшчэ дэпутат Гродзенскага абласнога і Любчанскага сельскага Саветаў дэпутатаў.

Зэльва. І яшчэ адзін аграном

Дзяніс Альшэўскі нарадзіўся ў 1983 годзе ў вёсцы Падрось Ваўкавыскага раёна. Скончыў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт і Акадэмію кіравання.

У 2005 годзе стаў намеснікам загадчыка сельскагаспадарчага прадпрыемства на Ваўкавышчыне. Затым яго кар’ера была звязаная са шматлікімі сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі гэтага раёна, пакуль яго не прызначылі намеснікам старшыні Мастоўскага райвыканкама. Гэта адбылося ў 2014 годзе.

У 2018 годзе Альшэўскі прызначаны кіраўніком Зэльвенскага райвыканкама.

Іўе. Вайсковец і міліцыянер

Ігар Генец нарадзіўся ў 1972 годзе ў вёсцы Журавельнікі Навагрудскага раёна. У 1992 годзе ён скончыў Ленінградскае вышэйшае вайскова-палітычнае вучылішча. Затым вучыўся ў Інстытуце тэхналогій інфарматызацыі і кіравання БДУ і Акадэміі МУС.

Пачынаў працу ў якасці ўчастковага інспектара ў лідскай міліцыі. Працаваў у інспекцыі па справах непаўналетніх і ў аператыўна-дзяжурнай службе, а затым і на кіраўнічых пасадах у міліцыі грамадскай бяспекі ў Лідзе.

Ад 2008 да 2010 года — начальнік крымінальнай міліцыі Карэліцкага РАУС. У 2010 годзе стаў кіраўніком Карэліцкага РАУС. У 2017 годзе стаў намеснікам начальніка Гродзенскага УУС на пасадзе кіраўніка ідэалагічнай працы.

У 2023 годзе прызначаны старшынёй Іўеўскага райвыканкама.

Карэлічы. Шчучынскі заатэхнік

Генадзь Шатуеў нарадзіўся ў 1974 годзе ў вёсцы Малевічы на Шчучыншчыне. У 2001 годзе скончыў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт, а праз дзесяць гадоў і Акадэмію кіравання.

Кар’еру пачынаў у 1996 годзе ў якасці брыгадзіра ў саўгасе ў Шчучынскім раёне. У 1998 годзе стаў лабарантам, а пасля і брыгадзірам малочнатаварнай фермы на Шчучыншчыне. Ад 1999 да 2005-га — галоўны заатэхнік саўгаса «Мастоўскі». Ад 2005 да 2012 года працаваў на розных кіраўнічых пасадах у Мастоўскім раёне, пад канец таго перыяду стаў намеснікам старшыні райвыканкама.

У 2012 годзе яго прызначаюць дырэктарам ААТ «Чарлёна» ў Мастоўскім раёне. У 2018 годзе стаў зноў намеснікам Мастоўскага райвыканкама.

Шатуеў прызначаны старшынёў Карэліцкага райвыканкама ў 2019 годзе.

Ліда. Чалавек, які адказвае за харчаванне

Сяргей Ложачнік нарадзіўся ў 1981 годзе ў вёсцы Петвічы на Міншчыне. Скончыў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання, Акадэмію кіравання.

У 2001 годзе ўладкаваўся на працу механікам на сельскагаспадарчае прадпрыемства, таксама працаваў фармоўшчыкам і інжынерам-тэхнолагам. У 2008 годзе стаў начальнікам Дзяржаўнай харчовай інспекцыі па якасці і стандартызацыі. У 2011-м яго прызначаюць дырэктарам ААТ «Шчучынскі масласыразавод».

У 2013 годзе стаў старшынёй Шчучынскага райвыканкама.

У 2019 годзе Лукашэнка прызначыў Ложачкіна старшынёй Лідскага райвыканкама.

Масты. Свінавод і ветэрынар, юрыст

Андрэй Санько нарадзіўся ў 1978 годзе. Па спецыяльнасці — ветэрынарны доктар, таксама мае дыплом юрыста.

Працаваў ветэрынарным доктарам у Свіслацкім і Бераставіцкім раёнах. Быў начальнікам свінагадоўлі.

Да прызначэння на пасаду старшыні Мастоўскага райвыканкама працаваў дырэктарам ЗАТ «Гудзевічы». Два разы ўдзельнічаў ва Усебеларускім народным сходзе.

У 2021 годзе Андрэя Санько прызначылі новым старшынёй Мастоўскага райвыканкама.

Навагрудак. Born to be старшынёй райвыканкама

Сяргей Чаркоўскі нарадзіўся ў 1978 годзе на Лідшчыне. Скончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, Акадэмію кіравання.

Кар’еру пачынаў у 2001 годзе як галоўны заатэхнік калгаса ў Бераставіцкім раёне. Затым пайшоў уверх па кар’ернай лесвіцы: кіраўнік сельскагаспадарчага прадпрыемства, намеснік старшыні Ваўкавыскага і Лідскага райвыканкамаў.

У 2022 годзе Сяргея Чаркоўскага прызначылі кіраўніком Навагрудскага райвыканкама.

Свіслач. Ад біёлага да старшыні

Аляксандр Вярсоцкі нарадзіўся ў 1977 годзе ў вёсцы Куцэвічы Ашмянскага раёна. У 1999 годзе скончыў Беларускі педагагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «геаграфія і біялогія», пасля і Акадэмію кіравання.

Кар’еру пачынаў з настаўніцкай дзейнасці: працаваў настаўнікам біялогіі ў смаргонскай школе. Пасля службы ў беларускай арміі атрымаў пасаду метадыста інфармацыйна-метадычнага цэнтра ўпраўлення адукацыі ў Смаргоні. Затым кар’ера пайшла ўгару — Вярсоцкі стаў намеснікам старшыні Смаргонскага райвыканкама.

У 2011 годзе стаў прасоўвацца ў Гродзенскім аблвыканкаме ва ўпраўленні культуры, стаў начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы.

У 2020 годзе прызначаны старшынёй Свіслацкага райвыканкама.

Слонім. Яшчэ адзін ураджэнец Шчучыншчыны і аграном

Генадзь Хоміч нарадзіўся ў 1971 годзе на Шчучыншчыне. У 1993 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, пасля і Акадэмію кіравання.

У 1993 годзе стаў начальнікам Воранаўскага аграхімаддзела. Ад 1996 года працаваў аграномам у калгасах, дзе даслужыўся да кіраўнічых пасад. У 2014 годзе стаў намеснікам старшыні Шчучынскага райвыканкама. У 2010 годзе стаў дэпутатам Шчучынскага райсавета дэпутатаў.

У 2018 годзе яго прызначылі на пасаду старшыні Слонімскага райвыканкама.

Смаргонь. Фрэзероўшчык са стажам

Генадзь Харужык нарадзіўся ў 1966 годзе на Смаргоншчыне. У 1997 годзе скончыў Беларускі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт, а ў 2006-м — Акадэмію кіравання.

Ад 1984 года працаваў фрэзероўшчыкам на вілейскім заводзе «Зеніт». Ад 1989 года працаваў загадчыкам майстэрняў, галоўным інжынерам і намеснікам дырэктара ў смаргонскіх калгасах. У 2000 годзе стаў кіраўніком калгаса «Светлы шлях», які пазней перайменавалі ў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Жодзішкі». У 2008 годзе прызначаны дырэктарам смаргонскага камбіната хлебапрадуктаў.

У 2014 годзе стаў старшынёй Смаргонскага райвыканкама.

Шчучын. Транспартнік з Магілёўшчыны

Аляксей Садоўскі нарадзіўся ў 1987 годзе ў Быхаве. У 2009 годзе скончыў Беларуска-Расійскі ўніверсітэт. У 2009 годзе ўладкаваўся майстрам ў шчучынскае дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне, за пяць гадоў стаў там галоўным інжынерам. Ад 2014 года працаваў дырэктарам дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення ў Навагрудку.

У 2023 годзе стаў старшынёй Шчучынскага райвыканкама.

Вярнуцца ўгару