Хто стаў пераемнікам Трайдзеня? Расказваем пра самы «цёмны» перыяд беларускай гісторыі

гісторыя вялікага княства літоўскага, князь будзікід, князь пукувер, князь будзівід, князь трайдзен

Хто стаў вялікім князем пасля смерці Трайдзеня? Адказ на гэтае пытанне губляецца ў тысячагадовай гісторыі. Канец XIII стагоддзя стаў для Вялікага княства Літоўскага «цёмным дзесяцігоддзем» — перыядам, калі пісьмовыя крыніцы амаль не захавалі звестак пра кіраўнікоў дзяржавы. Мы ведаем толькі пра некалькіх князёў з загадкавымі імёнамі і  невядомай гісторыяй. Ці мог у ВКЛ дзейнічаць дуумвірат? Ці быў бацька Віценя сапраўдным пераемнікам Трайдзеня?

PALATNO шукае вялікіх князёў.

Магчымы дуумвірат і цьмяная інфармацыя пра нашчадкаў

Каля 1280 года памёр вялікі князь літоўскі Трайдзень, які адыграў важную ролю ў кансалідацыі Літвы і яе знешняй палітыкі. Дакладная дата яго смерці невядомая, але найбольш верагодным лічыцца 1282 год. Пасля смерці Трайдзеня наступае «цёмны» перыяд гісторыі: дзесяцігоддзе пасля нельга з упэўненасцю сказаць, хто стаў пераемнікам і вялікім князем. Шэраг фрагментарных звестак з летапісаў дазваляюць выказаць шэраг гіпотэз.

У летапісах і хроніках з’яўляюцца некалькі імёнаў, якія, магчыма, належалі князям, якія кіравалі ВКЛ пасля Трайдзеня:

  • Будзікід і Будзівід. Згадваюцца ў Галіцка-Валынскім летапісе пад 1289 годам як літоўскія князі, якія саступілі Ваўкавыск валынскаму князю Мсціславу Данілавічу для падтрымання міру;
  • Бутэгейдэ. Згадваецца ў лівонскіх хроніках, называюць «каралём Літвы і Жамойці» ў 1290 годзе;
  • Машэке. Згадваецца ў Ліфляндскай рыфмаванай хроніцы як «кароль», які загінуў каля 1290 года;
  • Пукувер. У хроніцы Пятра з Дусбурга пад 1291 годам ён названы «каралём Літвы», а яшчэ бацькам Віценя і Гедыміна.

Цікава, што імёны Бутэгейдэ, Будзікід і Пукувер некаторыя даследчыкі атаясамліваюць, мяркуючы, што гаворка можа ісці пра адну асобу, імя якой па-рознаму перадаецца ў крыніцах на розных мовах.

У адзін час кіраўнікамі ВКЛ узгадваюцца браты Будзікід і Будзівід — і яшчэ адзін унікальны момант у беларускай гісторыі. У летапісах браты выступаюць разам пры перадачы Ваўкавыска, што дазваляе гісторыкам меркаваць пра магчымы дуумвірат. То бок, лічыцца, што пасля смерці Трайдзеня ВКЛ маглі кіраваць два браты, нашчадкі менавіта Трайдзеня. Гэта з’ява даволі рэдкая для таго часу, але дакладных пацвярджэнняў няма.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Міндоўг і ВКЛ: што рабіць, калі вакол крыжакі і татары — а табе трэба стварыць дзяржаву

 

Як сын помсціў за бацьку. Гісторыя князя Войшалка, які быў на троне ўсяго два гады

 

Таямнічы князь, які ўмацаваў дзяржаву ў агні і крыві. Расказваем пра вялікага князя Трайдзеня


Што адбывалася падчас «цёмнага дзесяцігоддзя»

«Цёмнае дзесяцігоддзе» пасля смерці Трайдзеня датуецца між 1282 і 1292 гадамі. Аднак нягледзячы на тое, што нам невядома пра кіраўнікоў дзяржавы, больш вядома пра знешнюю палітыку ў той перыяд. Вялікалітоўскія войскі працягвалі рабіць набегі на Русь і змагаліся супраць Тэўтонскага ордэна, які ў тыя гады абраў менавіта ВКЛ адным з галоўных ворагаў. Напрыклад, прускія і лівонскія крыніцы адзначаюць, што ў 1285 годзе загінуў нейкі князь Даўмонт падчас паходу на Цвер.

Паводле хронікі Пятра з Дусбургу князь Пукувер быў бацькам Віценя — князя, які ўзяў уладу каля 1295 года. Менавіта ад Пукувера бярэ пачатак дынастыя, што стане вядомая як дынастыя Гедыміна. Праўда, імя Пукувера згадваецца ў пісьмовых крыніцах толькі аднойчы, што выклікае шмат пытанняў адносна яго асобы.

Ці быў Пукувер нашчадкам Трайдзеня? Адказ на гэта пытанне застаецца адкрытым. Даследчыкі звяртаюцца да ўскосных паказчыкаў, бо не маюць прамых сведчанняў. Напрыклад, улада перадавалася мірным шляхам (сведчанняў пра ўнутраныя канфлікты пасля смерці Трайдзеня няма), палітычная пераемнасць (знешнепалітычны курс ВКЛ не змяніўся радыкальна), заявы Гедыміна (ён указваў, што яго продкі панавалі ў Літве). Аднак гэтых аргументаў усё роўна недастаткова, каб сцвярджаць, што Пукувер меў родасныя сувязі з Трайдзенем.

* * *

У сярэдзіне 1290-х гадоў уладу ў ВКЛ пераняў Віцень, які кіраваў да 1316. Яго палітыка вызначалася актыўным супрацьстаяннем з крыжакамі і стабілізацыяй унутранага жыцця дзяржавы. Віцень лічыцца першым выразна зафіксаваным у крыніцах вялікім князем пасля Трайдзеня, чыя ўлада не выклікае сумневаў. Віценю ўдалося вярнуць стабільнасць пасля дзесяцігоддзя няпэўнасці — і адкрыць новую старонку ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага.

Вярнуцца ўгару