Now Reading
Змыць, абкурыць, спаліць, выліць… Як пазбаўляліся ад хвароб нашы продкі

Змыць, абкурыць, спаліць, выліць… Як пазбаўляліся ад хвароб нашы продкі

як лячыліся беларусы ад хвароб, бабкі шаптухі

Што такое хвароба? Мы, навучаныя каранцінамі ды каранавірусам, добра ведаем пра шляхі перадачы інфекцыі і прычыны ўзнікнення тых ці іншых захворванняў. Нашы продкі такіх ведаў не мелі і тлумачылі — як заўсёды — па-свойму, проста і блізка.

PALATNO расказвае, як уяўлялі сабе хваробы і якімі спосабамі з імі змагаліся.

Як бачылі хваробу

Хвароба ўспрымалася як тое, што нечакана парушае гармонію і нармальны парадак у жыцці чалавека. То-бок штосьці чужое, што аднекуль з’яўляецца. А раз так — то гэта можна выявіць, знішчыць ці адправіць у іншае месца. Традыцыйная медыцына не лячыла сімптомы, яна разбіралася з самой прычынай.

Доўгі час вясковая культура існавала пераважна на знахарстве і моцным недаверы да афіцыйнай медыцыны. Медыкаў было мала, часцей за ўсё яны былі маладасведчаныя ці проста «чужыя». А знахары, або шаптухі, былі практычна паўсюль і былі «сваімі». Іх ведалі, ім давяралі, да іх ішлі. Яны не толькі маглі справіцца (ці хаця б паспрабаваць) з любой хваробай, але і сумяшчалі замовы з малітвамі і верай.

Само сабой, хваробы не браліся з ніадкуль. Яны маглі быць насланыя богам ці святымі за парушэнне чалавекам прынятых у культуры прадпісанняў/забаронаў, вынікам дзейнасці д’ябла ці яго агентаў — нячысцікаў і дэманаў.

Таму хваробу спрабавалі зразумець: адкуль яна? З чым звязана? Даследчыкі вылучаюць тры катэгорыі дзеянняў: рытуальныя захады да хваробы, яе выдаленне і аздараўленне.

Рытуальныя захады

Традыцыйная медыцына аб’ядноўвае шмат чыннікаў: гэта і лекавыя сродкі, і замовы, і прадпісанні па паводзінах хворага, і знахарскія рытуалы-дзеянні. Асноўныя маніпуляцыі былі рацыянальнымі і лагічнымі, але па-за тым шэраг практык грунтаваўся якраз на міфапаэтычным мысленні.

Не існуе ўніверсальнай класіфікацыі тых захадаў лячэння, якія выкарыстоўвалі беларусы. Наша культура вельмі багатая, разнастайная і варыяцыйная, успрыняцце і падыход да «папулярных» хвароб (сурокі, ліхаманка, боль зубоў) могуць моцна адрознівацца нават у суседніх мясцовасцях.

Любая хвароба магла мець як знешнія, так і ўнутраныя праяўленні. Таму першым крокам было рытуальнае «знаёмства» — назваць, акрэсліць, агучыць немач. Гэта давала знахару (ці самому хвораму) кантроль і ўладу, маўляў, праз прызнанне хваробы можна было яе пераадолець.

Падобна працаваў і метад пералічэння. Калі хвароба мела множныя сімптомы (скураныя плямы, боль зубоў), іх пералічвалі. У выпадках, калі назваць хваробу было недастаткова, яе вымервалі. Вымяралі цела хворага, усіх яго суставаў, завязваючы вузельчыкі. Маглі мераць і цень чалавека.

Калі ж хвароба мела выразныя знешнія праяўленні (напрыклад, скураныя захворванні), яе абмяжоўвалі, акружвалі. Гэта маглі рабіць пальцамі ці нейкімі прадметамі (асабліва з вогненнай сімволікай — вугольчыкам, лучынкай, палачкай). Гэта не толькі лакалізавала хваробу, але і пераносіла яе на тое, чым абводзілі. Маглі выкарыстоўваць штосьці спажыўнае, каб потым перадаць жывёле ці птушкам (ячмень абводзілі зернем ячменю і сыпалі яго курам).

Калі ж хвароба сядзела «ўнутры», яе выводзілі. Аасабліва наглядна гэта дзеянне праяўлялася пры каўтуне. Мяркуючы, што гэта пазбавіць ад унутраных хвароб, спецыяльна імкнуліся «завіць каўтун», каб хвароба стала знешняй, «выйшла з чалавека вонкі» і тым палегчыла яго пакуты.

«Калі ў дзіцяці баліць у роце, трэба ўзяць мёду з імбірам, перамяшаць і памазаць хворае месца, а потым гэтай сумессю памазаць сук у бервяне на заходнім баку хаты».

Выдаленне хваробы

Наступны этап — перанос хваробы з цела чалавека.

Самы архаічны і інтуітыўны рытуал, асабліва важны пры суроках, — высмактаць ці злізаць. Дзеянне магло працягвацца адплёўваннем. Пры пярэпалаху строга загадвалі адразу ж папляваць тры разы і памачыцца.

«На распаленае вуголле ў місцы насыпаць семя блёкату, хуценька накрыць другой міскай на пару хвілін. Затым скрыць, наліць па бераг гарачай вады. Хворы садзіцца над міскай з адкрытым ротам на паўгадзіны, сплёўваючы ў ваду. Пасля гэтай аперацыі можна ўбачыць, як у вадзе плаваюць белыя, дробныя, з чорнымі галоўкамі чарвячкі, якія і выклікалі боль».

Пры лячэнні знахарам дзеянне суправаджалася (ці заканчвалася) дзьмуханнем ці хуканнем на хворае месца. Дзьмулі на ваду, каб перадаць ёй унутраную сілу знахара, умацаваць яе гаючыя якасці. Прычым значэнне дзеяння лічылі дужа сімвалічным — не проста здзьмухалі са скуры, але і з чалавечага нутра.

Падобна як можна сцерці бруд ці пыл, верылі, што можна сцерці і хваробу. Тут звярталі ўвагу на тое, чым «ачышчаць»: сурокі сціралі элементамі адзення (асабліва падолам), скураныя недахопы — радзімым месцам, жаночымі месячнымі, ячмень сціралі кукічам з яго фалічна-генітальнай сімволікай.

Сціранне мусіла не толькі выдаліць праяўленне хваробы, але і абараніць перад ёй на будучыню. Таму, для надзейнасці, выкарыстоўвалі і «моцныя» метады са сферы іншасвету. Рожу сціралі пяском з магілы, бародаўкі — стужкамі з магільных крыжоў, косткамі з могілак, а яшчэ — аб вугал той хаты, дзе ляжыць нябожчык.

Бародаўкі (і іншыя скураныя хваробы) можна было паспрабаваць змесці памялом, якім вымяталі печ. У адчувальных зонах хваробу змахвалі, напрыклад, ячменным зернем абмахвалі ячмень (запаленне на вейку).

Хваробу, безумоўна, стараліся змыць. Прычым не абы якой вадой! Найбольш моцнай лічылася асвечаная. Абмывалі хворага вадой, у якой мылі царкоўныя званы або высыпалі соль ці попел ад спаленай малітвы. Каштоўнай была так званая «жывая вада» — дажджавая, ці здабытая з ніжняй часткі прасторы (бліжэй да іншасвету) — з дна калодзежа, вывернутага дрэва, з-пад вядра, апоўначы з ракі, з прыроднай адтуліны ў камені і гэтак далей.

«Крактуны: калі цяжарная жанчына штурхне нагой ката, тады ў дзіцяці на спіне вырастаюць валасы і ён іх чэша, круціцца ў калысцы, крычыць, неспакойна сябе паводзіць. Дзяцей тады мыюць у вадзе з залой».

Трошкі іншым па характару было выліванне хваробы. Каб вылечыць валасень, трэба было на хворае месца нанесці воск ці волава.

«Волас вылівалі, дзетка, знаеш на што — на каласы… Жытнія каласы. І вязалі іх, і вылівалі. Я сама не знаю [колькі трэба каласкоў]. У мяне дзядзіна была — яна вылівала».

Спуд выкачвалі — вадзілі хлебным камяком па целе, часам — яйкам. Калі хлеб пасля рытуалу належала аддаць сабаку або аднесці на месца, дзе хвароба патрапіла, і раскідаць там, то яйка разбівалі і выпускалі жаўток на ваду.

Лічылі, што ўнутраную хваробу можна выціснуць ці вытаптаць. Хворага клалі жыватом уніз ля парога, яму на спіну станавіўся хтосьці з сям’і і лёганька падскокваў: «Робіцца гэта раніцай і ўвечары штодня, пакуль хворы не паправіцца ці не памрэ».

Аднымі з самых небяспечных ворагаў лічылі ліхаманак, супраць іх былі свае метады. Напрыклад — падман. Абмануць, замовіўшы для ліхаманкі лішні кілішак у карчме, забіць хату, быццам выехалі. Хворыя апраналі вывернутыя рэчы, каб адвярнуць смерць. Хворага на ліхаманку палохалі, каб напужаць духа і ён сам збег.

У лячэбнай магіі шырока было задзейнічанае выціранне мачою. Як сродак ад пярэпалаху ў дзяцей паўсюдна на Беларусі старэйшыя загадвалі ім памачыцца. Меркавалася, што разам з мачой выйдзе і хвароба.

Безумоўна, выкарыстоўваліся і прадметы хрысціянскага культу: крыж, абраз, святая вада, свечкі, ладан і гэтак далей. Акурванне (ладанам, мохам, зёлкамі) практыкавалася пры суроках, а святая вада выкарыстоўвалася ці не супраць усіх хвароб.

«Ад ліхаманкі трэба пайсці да парослага мохам крыжа. Узяць гэтага моху, ісці дадому не азіраючыся. Расцерці мох у посудзе і ім падкурвацца».

Аздараўленне

Выяўленая і ізаляваная хвароба заставалася ўсё яшчэ небяспечнай для супольнасці, і важна было ад яе пазбавіцца. Тут дапамагалі або сімвалічныя дзеянні, або адмысловыя месцы.

Калі пры лячэнні выкарыстоўваліся нейкія прадметы, на якія сімвалічна пераносілася хвароба, то тады хваробу з імі засякалі, разбівалі, спальвалі, закопвалі, развейвалі або нават прадавалі.

«Ці ён шаптаў што? Услух ён жа ні шаптаў. Вот пасцелець на эту рану, на больку беленькую трапачку і ложыць тры касмылачкі лёну. Гэта ўжо часаны. А тады напіракрост іх паліць усе, а тады ўсё спаліць. Спальваў рожу… А малітвы ён жа услух не чытаў. Шаптаў ціха, упаўголаса».

Хваробу маглі перадаваць — чалавеку, аб’екту, жывёле, дрэву. Напрыклад, у ствол дрэва забівалі ці затыкалі нейкі прадмет, які кантактаваў з хворым і ўспрымаўся ці то як ізаляваная хвароба, ці то як намеснік чалавека, які пакутуе.

«Калі баліць сярэдзіна, падыходзяць да вялікага дуба і становяцца да яго хворым месцам і просяць, каб дуб дапамог».

Калі захворванне пераходзіла на ваду — то тую вылівалі, прычым у месцы, блізкія ў традыцыйным светаўспрыманні да іншасвету — за хлеў, на межах участка, ростанях, там, дзе ніхто не ходзіць — вярталі ў роднае месца.

«Пры лячэнні сцені хворага выносілі ў сонечны дзень на двор і клалі на шырокую дошку, вугалем ачэрчвалі тую цень, якую чалавек адкідваў на дошку. Затым дошку з контурам цені топяць у крыніцы са словамі “каб ты не варочалася, каб ты ўтапілася”».

Звязванне выкарыстоўвалася пры лячэнні падвею. Хворага саджалі перад распаленай печчу і звярталіся да хваробы, каб яна сыходзіла, пагражаючы звязваннем. Знахар абвіваў ніткай галаву хворгага і завязваў канцы ніткі вузлом, затым жывот, грудзі, рукі і ногі хворага. Усе гэтыя звязкі затым адпраўляліся ў печку.

Безумоўна, прыгаданыя метады і дзеянні — толькі адна сфера традыцыйнай медыцыны. Нашы продкі добра разбіраліся ў травах і зёлках, строга рэгламентавалі дні тыдня і час сутак, мелі мноства прадпісанняў і правілаў паводзін, які павінны былі зберагчы ад хваробы, але пра гэта раскажам у наступны раз.

Вярнуцца ўгару