Чалавек, які хацеў скасаваць прыгон і любіў народныя песні. Кім быў Ігнат Храпавіцкі

ігнат храпавіцкі, фалькларыст ігнат храпавіцкі

Ён хацеў вызваліць сялян ад прыгону, верыў у абуджэнні беларускага народу і любіў беларускія народныя песні… Пра Ігната Храпавіцкага цяпер ведаюць няшмат, але ён шмат зрабіў для працы з беларускім фальклорам і для беларускіх сялян. А што менавіта?

PALATNO расказвае пра беларускага фалькларыста і грамадскага дзеяча.

Як Храпавіцкі хацеў скасаваць прыгон і як ад гэтага пацярпеў

Ігнат Храпавіцкі нарадзіўся ў 1817 годзе. Радзіма Храпавіцкага — Кахановічы. Паселішча належала роду Храпавіцкіх аж ад XVI стагоддзя. А росквіт Кахановічаў адбыўся менавіта ў часы валодання ім Ігната Храпавіцкага.

Бацька Ігната, Яўстах, часта бываў у Пецярбургу, дзе, верагодна, пазнаёміўся і ажаніўся з яго маці. Даследчык Мікола Хаўстовіч мяркуе, што сам Ігнат мог нарадзіцца не ў Кахановічах, а менавіта ў Пецербургу. Там жа ў Пецярбург Ігнат атрымаў адукацыю. Таксама магчыма, што Храпавіцкі бываў у Заходняй Еўропе. Аднак ужо ў 1840-я ён вяртаецца на малую радзіму, у Кахановічы.

З Кахановічаў пачынаецца рост па кар’ернай лесвіцы. Храпавіцкі будзе займаць шэраг пасад, але галоўная цікавасць яго будзе палягаць у распрацоўцы законапраекту аб скасаванні прыгону. Цікава, што адзін з яго сваякоў, Міхал Храпавіцкі, яшчэ на пачатку XIX стагоддзя адпусціў усіх сваіх прыгонных сялян.

У 1850 годзе Ігнат разам са сваімі аднадумцамі Сяргеем Убры і Юстынам Шчытам падрыхтавалі праект скасавання прыгону. Аднак на мясцовым зборы дваран Віцебскай губерні праект так і не стаў законам: не хапіла галасоў — 206 супраць патрэбных 262. Пасля Храпавіцкі часова кінуў займацца грамадскай дзейнасцю. Праўда, невядома, ці з-за няўдачы падчас галавасання, ці з-за вальнадумнай ідэі вызваліць сялян.

У 1858 годзе, калі да ўлады прыйшоў Аляксандр II, Ігнат Храпавіцкі вяртаецца да дзяржаўнай дзейнасці. Яго паклікалі ў камітэт, які выпрацоўваў прапановы па паляпшэнні быту прыгонных сялян. За сваю працу падчас адмены прыгонніцтва атрымаў узнагароды. Напрыканцы жыцця Храпавіцкага абралі маршалкам дваран Віцебскай губерні. Ён заставаўся ім да канца жыцця.

У шлюбе з Саламеяй Чаховіч у іх нарадзіліся трое дзяцей: Марыян, Марыя і Ядвіга.

Праца з фальклорам, якая скончылася па невядомай прычыне

Цікавасці Ігната Храпавіцкага не абмяжоўваліся палітычнай дзейнасцю. Ён актыўна збіраў фальклор і адным з першых у беларускай фалькларыстыцы выказаў думку аб гістарызме фальклору. Храпавіцкі пісаў для альманаха «Rubon». Яго выдаўцом быў Казімір Буйніцкі, для часопіса пісаў нават Ян Баршчэўскі. Аднак гэта было пазней. Спачатку матэрыялы для «Rubon» рыхтаваў Ігнат Храпавіцкі і яго прыяцелі браты Грымалоўскія. Хоць Храпавіцкі і пісаў па-польску, у яго вершы «Дзвіна» выказваецца канцэпцыя існавання альманаху — абудзіць беларусаў.

Ад Храпавіцкага на сённяшні дзень захавалася яшчэ дзевяць вершаў. Аднак даследчыкі лічаць «Дзвіну» яго лепшым вершаваным творам. Акрамя паэзіі Ігнат збіраў беларускі фальклор, запісваў народныя песні. Храпавіцкі перакладаў беларускія народныя песні на польскую мову, каб пазней змясціць у «Rubonie». Цікава, што выдавец Буйніцкі быў супраць, бо беларуская мова для яго «няміла кранала вуха».

У 1840-я гады Храпавіцкі піша артыкул «Погляд на паэзію беларускага люду». Гэты артыкул Буйніцкі таксама адмовіўся друкаваць, аднак перадумаў пасля ўгавораў Рамуальда Падбярэскага (ён напісаў прадмову да «Шляхціца Завальні» Баршчэўскага). Вось як Падбярэскі абараняў артыкул Храпавіцкага:

«Звычайна мы ведаем пра ўсё, апрача таго, што нас больш за ўсё павінна цікавіць. Ведаем, што гавораць у англійскім парламенце або ў палаце дэпутатаў, у салонах мудрагелім з міс Тралоп або панам Таквілем пра звычкі амерыканцаў, а з панам Шэвалье пра чыгункі, але не ўмеем сказаць трох слоў пра край, які нас нарадзіў і ўзгадаваў».

Пазней Храпавіцкі будзе збіраць матэрыялы для выдання беларускага «Збору песняў». Ён імкнуўся назбіраць народныя песні і размеркаваць іх на гістарычныя (якія ён доўгі час не мог знайсці), абрадавыя, прыпеўкі. Пасля адмовіўся ад гэтага размеркавання на карысць іншаму, палітычнаму: пачатак ВКЛ, аб’яданне з Польшчай у Рэч Паспалітую, падзелы Рэчы Паспалітай і ўключэнне беларускіх зямель у склад Расіі. Пра адсутнасць гістарычных песень Храпавіцкі таксама разважаў цікава:

«Люд у беларускіх правінцыях з таго часу, як гісторыя наша пачынае высветлівацца, аніякага не браў удзелу ў кіраўніцтве краем, ні ў беспарадках, якія бесперапынна мянялі палітычную арганізацыю. Ён падпадаў пад уплыў Літвы, Польшчы і Расіі, абыякава пазіраючы на войны, якія вялі між сабою гэтыя дзяржавы. Дык нас не павінна здзіўляць, што ён не захаваў у памяці тыя здарэнні і не апяваў учынкаў ваяра, якога не ведаў як назваць, ворагам ці братам».

Аднак да выдання справа так і не дайшла. «Погляд на паэзію беларускага люду» была апошняй надрукаванай працай Храпавіцкага. З другой паловы 1840-х ён перастане займацца літаратурай і фалькларыстыкай — прынамсі, публічыць гэту дзейнасць. Даследчыкам дагэтуль невядома, чаму так сталася.

Для Ігната Храпавіцкага беларускі народны фальклор быў сапраўднай песняй. Ён лічыў, што «адукаваны клас» проста не можа зразумець народную паэзію, лічыць яе грубай і наіўнай.

* * *

Ігнат Храпавіцкі памёр у 1893 годзе. Яго пахавалі на вясковых могілках у Кахановічах. Пасля Кастрычніцкага перавароту яго магілу разбурылі, а надмагілле выкінулі. Доўгія дзесяцігоддзі імя Храпавіцкага, як і месца яго пахавання, было забытае. Ужо ў сучаснай, незалежнай Беларусі надмагілле Храпавіцкага было знойдзенае. На жаль, рэальнае месца пахавання не знайшлі дагэтуль. Ніводнай выявы Ігната Храпавіцкага да нашага часу не захавалася.

Вярнуцца ўгару