Імігрантка з пашпартам БНР. Ці змагла Куіна Лібін з’ехаць у Амерыку?

эміграцыя ў зша, іміграцыя ў зша, яўрэі ў амерыцы

Амерыканскі калекцыянер знайшоў пашпарт, які быў выдадзены дыпламатычнай місіяй БНР, піша «Наша Ніва». PALATNO змагло адшукаць, ці сапраўды Куіна Лібін скарысталася пашпартам і змагла з’ехаць у Амерыку.

Пашпарт для імігрантаў

Амерыканскі калекцыянер змог адшукаць пашпарт, які выдала дыпмісія БНР Куіне Лібін. Жанчына атрымала пашпарт у 1923-м на адзін год.

«Наша Ніва» адзначае, што пашпарт быў выдадзены Надзвычайнай місіяй БНР, а подпіс у дакуменце належыць тагачаснаму кіраўніку місіі Андрэю Бароўскаму. Выданне адзначае, што так беларуская місія зарабляла грошы на існаванне: выдавалі ахвотным патрэбныя дакументы для іміграцыі. За ўвесь час было выдадзена каля двух тысяч падобных пашпартоў.

А што вядома пра Куіну Лібін? З пашпарту вынікае, што дакумент дапамог жанчыне атрымаць амерыканскую візу. Пашпарт Лібін атрымала 22 чэрвеня 1923 года, а візу ў Амерыку — 10 кастрычніка 1923 года. Таксама вядома, што яна была замужам і жыла ў той час у Данцыгу.

іміграцыя ў амерыку, імігранты ў амерыцы, яўрэі ў амерыцы, пашпарт бнр
Анкета на амерыканскую візу Куіны Лібін.

Праз паўгода была ў Амерыцы

PALATNO высветліла, што Куіна Лібін змагла з’ехаць у ЗША у тым жа годзе, як атрымала пашпарт і амерыканскую візу. Гэта адбылося восенню 1923 года, што пацвярджае архіў Нацыянальнага музею іміграцыі ЗША.

Куіна Лібін разам з мужам Абелем Лібіным знаходзілася ў Данцыгу каля месяца, перш чым адплыць у Амерыку. На той час Данцыг быў буйным транспартным хабам для імігрантаў з Расійскай імперыі, якія збіраліся ў Амерыку. Карабельныя кампаніі ўладкоўвалі спецыяльныя месцы, дзе жылі людзі, пакуль чакалі карабля.

Куіна і Абель адплылі ў ЗША на караблі «Палонія» з Данцыгу. Карабель адправіўся ў Амерыку 25 кастрычніка 1923 года, а прыбыў 7 лістапада таго ж года ў порт Эліс у Нью-Ёрку. Порт Эліс быў буйнейшым портам, куды прыбывалі імігранты з розных куткоў свету.

У карабельным маніфесце пазначана, што Куіна Лібін з’яўляецца яўрэйкай, у графе прафесія — жонка, ёй было 42 гады. Абель Лібін быў друкаром, яму было 48 гадоў, калі з’язджаў у Амерыку. У абодвух пазначана, што ехалі ў Амерыку з Саратава. Хаця ў Куіны ў пашпарце запісана, што яна нарадзілася ў Харкаве. У маніфесце адзначаецца, што ў Саратаве ў Абеля застаўся брат.

іміграцыя ў амерыку, імігранты ў амерыцы, яўрэі ў амерыцы, пашпарт бнр
У карабельным маніфесце памыліліся з імем Куіны Лібін.

Хутчэй за ўсё, пры запаўненні дакументаў дапусцілі памылку: замест імя Куіна (Kuina) у маніфесце карабля пазначана імя Крына (Krina). Гэта магла быць наўмысная памылка: часамі імігранты спецыяльна называлі крыху іншыя, змененыя імёны і прозвішчы, каб лепш адаптавацца ў Амерыцы. А маглі памыліцца выпадкова ў карабельнай кампаніі, калі запаўнялі дакументы.

У дакументах Лібіных было пазначана, што пара збіралася да сястры Юліі Пяроўскай у Пітсбургу. Яна ж аплаціла білеты для Куіны і Абеля да Амерыкі. У Злучаныя Штаты яны прыехалі з 33 доларамі.

іміграцыя ў амерыку, імігранты ў амерыцы, яўрэі ў амерыцы, пашпарт бнр
Карабельны маніфест «Палоніі», 7 лістапада 1923 года.

Дадаткова пазначана, што Лібін у анкеце да пашпарту спасылаецца на арганізацыю HIAS. HIAS дапамагала яўрэйскім імігрантам па ўсім свеце. Напрыканцы XIX і ў XX стагоддзях арганізацыя дапамагала пераехаць яўрэям з Расійскай імперыі, а пасля і Савецкага Саюза ў заходнія краіны, пераважна ў ЗША.

Лёс Куіны/Крыны Лібін і яе мужа губляецца пасля прыбыцця ў Амерыку.

* * *

У 2025 годзе PALATNO запускае гістарычны праект пра людзей, якія з’ехалі з беларускай зямлі ў пошуках лепшага жыцця ў Амерыку ў пачатку XX стагоддзя. Гэта гісторыі дзясяткаў мужчын і жанчын, якія кідалі дамы і ехалі па грошы, свабоду і новае жыццё.

Вярнуцца ўгару