
Ён змагаўся супраць дзядзькі і братоў, каб дамагчыся ўладарства ў княстве, якое завяшчаў яму бацька. Яго амбіцыі пайшлі далей, чым тое, што зрабілі яго продкі. Ягайла аддаў ВКЛ свайму брату Вітаўту, каб стаць адным з самых вядомых польскіх каралёў.
PALATNO расказвае пра Ягайла.
Змест
Ягайла стаў абраннікам Альгерда — праваслаўныя незадаволеныя
У часы Гедыміна і Альгерда многія князі прынялі праваслаўе, але супрацьвагай было каталіцтва, да якога таксама далучалася вышэйшае саслоўе. Бліжэй да смерці Альгерда групоўка, якая падтрымлівала каталіцкае веравызнанне, зрабіла стаўку на сыноў вялікага князя ад другога шлюбу — Ягайлу і Скіргайлу.
Пасля смерці Альгерда ўлада ў ВКЛ перайшла да Ягайлы. Гэта адбылося ў абыход старэйшых братоў і брата Альгерда, Кейстута. І гэта ж справакавала шэраг падзей:
- Адзін са старэйшых Альгердавічаў, Фёдар Ратненскі, прысягнуў каралю Польшчы і Венгрыі Людовіку Анжуйскаму;
- Андрэй Полацкі з’ехаў у Маскву, да пратэктарат Масквы перайшоў Дзмітрый Альгердавіч Бранскі;
- Уладзімір Кіеўскі адышоў пад пратэктарат Арды.
- Скіргайла пабываў з візітам у Еўропе, дзе вёў перамовы аб магчымым хрышчэнні Літвы ў каталіцтва.
Унутраная напружанасць у ВКЛ расла, а вышэйшае саслоўе з праваслаўным веравызнаннем знаходзілася ў невыгодным становішчы. Так Ягайла адмовіўся падтрымаць Мамая ў Кулікоўскай бітве, а адзін мітрапаліт усяе Русі пераехаў у Маскву.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Паходы на Маскву, захоп новых зямель, змова супраць брата. Як княжыў Альгерд
Міжусобіца з Кейстутам змяніла ўсё
У 1381 годзе паміж Кейстутам і Ягайлам адбылася ўсобіца. Спачатку Кейстут змясціў Ягайлу і пакараў смерцю Вайдзілу (фаварыт Альгерда, які зрабіў імклівую кар’еру і падтрымаў Ягайлу). У хуткім часе Кейстута захапілі, адвезлі ў Крэва і там, па некаторых дадзеных, задушылі. Сын Кейстута, Вітаўт, змог пазбегнуць лёсу бацькі і выжыў. Вітаўт знайшоў падтрымку ў Тэўтонскім ордэне.
Ягайла перамог у міжусобіцы і абавязаўся ў чатырохгадовы тэрмін прыняць каталіцтва ў якасці падзякі за дапамогу Тэўтонскаму ордэну. Аднак для вялікага князя гэта быў толькі пачатак выпрабаванняў.
За час міжусобіцы становішча ў краіне было напружаным. Андрэй Альгердавіч аднавіў кантроль над Полацкам і вярнуўся з Масквы. Вітаўт з братамі Таўцівілам і Жыгімонтам знайшлі падтрымку ў Тэўтонскім ордэне і пачалі рабіць набегі на Літву. У такіх умовах у Ягайлы была падтрымка толькі з боку аднаго брата Канстанціна, таму ён пайшоў на замірэнне з Вітаўтам, якое адбылося ў 1385 годзе.
14 жніўня 1385 года была падпісаная Крэўская ўнія з Польшчай, якая назаўсёды змяніла гісторыю ВКЛ. Дарэчы, першапачаткова разглядаўся варыянт уніі з Масквой, але гэтага не адбылося нават пасля шэрагу дыпламатычных перамоў. Ягайла ажаніўся на польскай каралеве Ядвізе.
Крэўская ўнія разбіла мары крыжакоў, а супраць Ягайлы пачалі бунтаваць
Унія, якую падпісалі ў Крэве, змяніла расстаноўку сіл у Еўропе. Пасля яе падпісання ў ВКЛ адправілася місія хрысціянізацыі, якая доўжылася каля некалькіх гадоў.
Новая палітыка Ягайлы, ужо польскага караля, выклікала незадаволенасць у ВКЛ. Першым супраць яго выступіў Андрэй Альгердавіч з Полацка, які падпісаў саюз з тэўтонцамі. Войскі Андрэя Полацкага разбілі, а яго самога паланілі. Нягледзячы на гэта, Тэўтонскі ордэн стаў галоўнай падтрымкай тых, хто выступаў супраць Ягайлы.
Для Тэўтонскага ордэна Крэўская ўнія змяніла шмат. Польшча і ВКЛ былі значна больш па тэрыторыі за краіны, якія падтрымлівалі тэўтонцаў. Існаванне Ордэна было пад сумневам, бо апошняя паганская краіна ў Еўропе знікла.
Пасля бунта Андрэй Полацкага супраць Ягайлы выступіў Вітаўт, які быў незадаволены сваім становішчам. Ён спрабаваў захапіць Вільню, але гэта не атрымалася, таму ён уцёк да крыжакоў — ужо ў другі раз.
Калі Вітаўт сабраў сілы, дамовіўся з Ордэнам і жамойцкімі баярамі, то пачалася буйная ваенная кампанія, якая доўжылася два гады. Вітаўт авалодаў Вільняй, Гроднам, Наваградкам. На гэтым моманце Ягайла разумеў, што можа страціць цалкам кантроль над ВКЛ.
У 1392 годзе Ягайла таемна перадаў Вітаўту ліст, у якім прапанаваў замірыцца. Вітаўт пагадзіўся і ў адказ спаліў некалькі крэпасцей крыжакоў.
5 жніўня 1392 года каля Вострава, што пад Лідай, адбылася сустрэча і прымірэнне Ягайлы і Вітаўта. На падставе Востраўскага трактата ўлада ў ВКЛ пажыццёва перадавалася Вітаўту. Улада Ягайлы ў ВКЛ была намінальнай, хоць ён меў тытул вярхоўнага князя, які амаль ніколі не ўжываўся.
Што было з Ягайлам пасля Востраўскага трактата
Пасля замірэння з Вітаўтам для саюза Каралеўства Польшчы і ВКЛ адбыўся шэраг важных падзей. Былі заключаныя ўніі, якія ў далейшым дапамаглі перамагчы Тэўтонскі ордэн у Вялікай вайне 1409-1411 гадоў.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Грунвальдская бітва: як Польшча і ВКЛ амаль знішчылі Тэўтонскі ордэн
У 1429 годзе Ягайла падтрымаў план Вітаўта абвясціць ВКЛ каралеўствам, бо спадзяваўся, што пасля смерці Вітаўта вялікакняжацкая карона пяройдзе да яго сына. Аднак пад націскам каралеўскай рады Ягайла адмовіўся ад падтрымкі.
Пасля смерці Вітаўта ў 1430 годзе Ягайла прызнаў вялікім князем свайго брата Свідрыгайлу, але гэта выклікала незадаволенасць палякаў. У 1432 годзе адбыўся пераварот і вялікім князем стаў Жыгімонт Кейстутавіч, якога падтрымаў Ягайла. У тым жа годзе была адноўлена дзяржаўная ўнія паміж Польшчай і ВКЛ у Гродне.
Ягайла памёр у 1434 годзе, пасля яго каралём Польшчы стаў Уладзіслаў III Варненьчык.
* * *
Гісторыі вялікіх князёў ВКЛ да Ягайлы:
- Міндоўг і ВКЛ: што рабіць, калі вакол крыжакі і татары — а табе трэба стварыць дзяржаву
- Як сын помсціў за бацьку. Гісторыя князя Войшалка, які быў на троне ўсяго два гады
- Таямнічы князь, які ўмацаваў дзяржаву ў агні і крыві. Расказваем пра вялікага князя Трайдзеня
- Хто стаў пераемнікам Трайдзеня? Расказваем пра самы «цёмны» перыяд беларускай гісторыі
- Барацьба з крыжакамі, міф пра «Пагоню» і асабістыя ворагі. Расказваем пра вялікага князя Віценя
- Залаты пачатак ВКЛ. Як княжыў вялікі князь Гедымін