У беларускіх школах шмат вучаць патрыятызму, але на выхадзе з навучальных устаноў былыя школьнікі не ведаюць базавыя рэчы. Напрыклад, як аплаціць камуналку.
PALATNO расказвае, як у Беларусі аплаціць камунальныя паслугі.
Змест
Што такое сістэма АРІП
Сістэму АРІП, якая дзейнічае з 2008 года, запусціў Нацыянальны банк Беларусі. Яна не належыць нейкаму аднаму банку, але яе падтрымліваюць большая частка беларускіх банкаў і «Белпошта». Атрымальнікі плацяжоў АРІП дакладна вызначаны ў яе структуры, кожная катэгорыя аперацый мае свой код, таму ў плацельшчыкаў мала шанцаў зрабіць памылку.
АРІП — адзіная разліковая інфармацыйная прастора, сістэма безнаяўных плацяжоў для фізічных і юрыдычных асоб. Плацяжы АРІП ажыццяўляюцца праз інтэрнэт.
У сістэме АРІП ёсць структура плацяжоў. Самай папулярнай з’яўляецца катэгорыя «Камунальныя плацяжы», у якую ўваходзіць поўны спектр паслуг: ад забеспячэння гарачай і халоднай вадой, газам, электраэнергіяй і ацяплення да вывазу і ўтылізацыі смецця, уборкі, дамафонаў і відэаназірання ў дварах і пад’ездах.
Таксама ў сістэме ёсць раздзелы «Мабільная сувязь», «Банкаўскія, фінансавыя паслугі», «Інтэрнэт, тэлебачанне, тэлефанія» і многія іншыя.
Дзе і калі плаціць за жыллёва-камунальныя паслугі
Плаціць за жыллёва-камунальныя паслугі можна ў любым аддзяленні пошты ці банка. Уладальнік банкаўскай карткі можа зрабіць аплату праз інтэрнэт-банкінг. Для гэтага неабходна ведаць нумар рахунка, які ёсць у апавяшчэнні.
Апавяшчэнне аб памеры платы за жыллёва-камунальныя паслугі дастаўляецца ў паштовую скрыню ў папяровым варыянце. Яго таксама можна атрымліваць і ў электронным выглядзе. Каб апавяшчэнне прыходзіла толькі на адрас электроннай пошты, неабходна пакінуць заяўку на гэта ў ЖЭС.
Плаціць за кватэру за кожны мінулы месяц неабходна не пазней за 25 чысло наступнага месяца на падставе плацежнага апавяшчэння. Напрыклад, рахунак за верасень неабходна аплаціць да 25 кастрычніка, рахунак за кастрычнік — да 25 лістапада і гэтак далей.
Калі да 25-га не паспееце, пачне расці пеня — 0,3 % ад нявыплачанай сумы плацяжу за кожны дзень пратэрміноўкі. Пры наяўнасці запазычанасці больш за два месяцы прыпыняецца аказанне жыллёва-камунальных паслуг — вам адключаць святло, халодную і гарачую ваду. Пры гэтым пасля пагашэння запазычанасці неабходна будзе аплаціць і аднаўленне прадастаўлення жыллёва-камунальных паслуг.
Як аплаціць камунальныя паслугі праз АРІП
Для аплаты спатрэбіцца банкаўская карта і выхад у інтэрнэт. Вось алгарытм аплаты камунальных паслуг у АРІП праз інтэрнэт:
• увайсці ў раздзел «Плацяжы»;
• знайсці ў спісе пункт «Камунальныя плацяжы» (спісы АРІП сфармаваныя, у асноўным, па алфавіце);
• выбраць патрэбную катэгорыю камунальных плацяжоў, увайсці ў яе;
• прайсці па «дрэве плацяжоў» да канчатковай аперацыі (побач абавязкова будзе лічбавы код плацяжу і QR-код);
• націснуць «Аплаціць»;
• запоўніць палі ў акне, якое адкрылася, увесці суму;
• увесці дадзеныя карты;
• націснуць «аплаціць».
Затым кліент атрымае чэк аб праведзенай аперацыі. У чэку пазначаныя сума, плацельшчык, атрымальнік і ўнікальны нумар аперацыі.
«На пошце вялікая чарга, лепш плаціць дома»
Беларуска Яўгенія (імя змененае па просьбе гераіні — PALATNO) плаціць за кватэру на пошце. Пасля 14 чысла кожнага месяца ёй у паштовую скрыню прыходзіць апавяшчэнне пра аплату жыллёва-камунальных паслуг. Затым беларуска ідзе здымаць паказанні лічыльнікаў.
— Наогул паказанні лічыльнікаў трэба здымаць першага чысла, але я здымаю перад аплатай раз у месяц. Я здымаю паказанні вады, бяру квітанцыю аб аплаце за папярэдні месяц, гэтае апавяшчэнне і іду на пошту. У квітанцыі за папярэдні месяц ёсць нумар плацельшчыка ў сістэме АРІП і нумары аперацый. За газ — адзін нумар, за святло — іншы. Некаторыя людзі яшчэ здымаюць паказанні за газ са сваіх лічыльнікаў, але ў мяне такога лічыльніка няма. Уся інфармацыя ёсць у камп’ютары на пошце.
Яўгенія дадае, што пенсіянеры не чакаюць 25-га — «нясуць грошы дзяржаве раней, 14-га, калі ўжо дадзеныя ёсць у камп’ютары на пошце». Беларуска кажа, што на пошце да аператара заўсёды вялікая чарга, таму лепш плаціць з дома.
— Я іду раніцай у будні дзень, пакуль усе на працы. За інтэрнэт і мабільны тэлефон плачу на спецыяльным тэрмінале, каб не даплачваць адзін рубель за паслугі ў аператара.
Для каго ёсць ільготы на аплату камунальных паслуг
Ад аплаты за ліфт, ваду, газ, каналізацыю, ацяпленне, вываз смецця, электрычнасць, за тэхнічнае абслугоўванне і карыстанне жылым памяшканнем вызваленыя наступныя катэгорыі беларусаў:
• героі Сацыялістычнай Працы, Героі Савецкага Саюза, Героі Беларусі — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны;
• поўныя кавалеры ордэнаў Айчыны, Славы.
Зніжка ў памеры 50% на аплату ўсіх пералічаных паслуг прадугледжана ўдзельнікам ВАВ, поўным кавалерам ордэна Працоўнай Славы, Героям Сацыялістычнай Працы (не ўдзельнікам ВАВ), непрацуючым ваенным пенсіянерам і іншым.
Таксама на гэтую зніжку маюць права інваліды I і ІІ груп і беларусы, якія пацярпелі ў катастрофе на Чарнобыльскай АЭС, якія не маюць працаздольных членаў сям’і, абавязаных іх утрымліваць.
Не абавязаныя плаціць за тэхнічнае абслугоўванне і карыстанне жылым памяшканнем інваліды вайны I і ІІ груп (пры ўмове, што яны не маюць працаздольных членаў сям’і, абавязаных іх утрымліваць).
Як заплаціць за беларускую кватэру з-за мяжы
Згодна з заканадаўствам Беларусі, прыём плацяжоў за тавары, работы і паслугі з дапамогай АРІП, ажыццяўляецца выключна ў беларускіх рублях банкамі Рэспублікі Беларусь і РУП «Белпошта».
Знаходзячыся за межамі Беларусі, аплаціць жыллёва-камунальныя паслугі, зарэгістраваныя ў АІС «Разлік» (АРІП), можна:
• з дапамогай сістэм дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання, якія прадстаўляюцца банкамі Рэспублікі Беларусь (Інтэрнэт-банкінг, Мабільны банк, SMS-банкінг, USSD-банкінг) з выкарыстаннем банкаўскай карткі, эмітаванай гэтымі ж банкамі;
• з дапамогай сістэм электронных грошай, эмітаваных банкамі Беларусі.