Праз тыдзень у Парыжы распачнуцца летнія Алімпійскія гульні. Для французскай сталіцы гэта ўжо трэцяя Алімпіяда: першыя адбылася ў 1900 годзе, а другая — роўна сто гадоў, у 2024 годзе. За гісторыю незалежнасці беларускія спартсмены выступалі на летніх Гульнях сем разоў. Усе Алімпіяды былі рознымі, як і вынікі нашых спартсменаў.
PALATNO расказвае пра лепшыя выступы беларускіх спартсменаў на Алімпіядах.
Змест
- Алімпіяда-1996: золата ў веславанні, россып медалёў у атлетыцы
- Алімпіяда-2000: лепшы турнір беларусаў
- Алімпіяда-2004: новыя дасягненні, новыя-старыя праблемы з допінгам
- Алімпіяда-2008: медалі ў новых дысцыплінах
- Алімпіяда-2012: тэніс, плаванне і зноў гімнастыка
- Алімпіяда-2016: доўгачаканыя медалі ў скачках на батуце і барацьбе
- Алімпіяда-2020: самыя няўдалыя Гульні
- А што будзе на Алімпіядзе ў Парыжы?
Алімпіяда-1996: золата ў веславанні, россып медалёў у атлетыцы
Гэта была першая Алімпіяда для Беларусі, калі беларуская зборная выступала асобна ад каманд іншых дзяржаў: дагэтуль была зборная СССР, а потым Аб’яднаная каманда СНД. На турніры беларусы ўзялі 15 медалёў розных проб. Дагэтуль гэта Алімпіяда лічыцца адной з самых паспяховых для Беларусі па колькасці медалёў. Вядома, далей будуць яшчэ большыя поспехі (але не на вельмі працяглы час).
Найбуйнейшым поспехам стала залатая медаль у веславанні ад Кацярыны Карстэн, якая ў тыя часы насіла прозвішча Хадатовіч. Для Карстэн гэта будзе не апошняя Алімпіяда з медалямі, аднак першая ў складзе незалежнай Беларусі.
Чатыры бронзавыя медалі ўзяў гімнаст Віталь Шчэрба. Для Шчэрбы, на жаль, гэта будзе апошняя Алімпіяда ў кар’еры. У 1997 годзе ён скончыць спартыўную кар’еру пасля пералому рукі, які ён атрымаў пасля падзення з матацыклу.
Шчэрба — адзін з самых паспяховых беларускіх атлетаў. На Алімпіядзе ў Барселоне ён узяў шэсць залатых медалёў. Ён з’яўляецца шматразовым прызёрам чэмпіянатаў Еўропы і свету, неаднаразова перамагаў на гэтых стартах.
Наталля Сазановіч заваявала срэбраны медаль у сямібор’і. Дзякуючы медалю на той Алімпіядзе, яна ўвайшла ў тройку лепшых спартсменаў Беларусі ў 1996 годзе.
Ігар Басінскі — стралок-пісталетчык — узяў на Алімпіядзе ў Атланце срэбраны медаль у стральбе на 50 метраў. Для Басінскага гэта была трэція Алімпійскія гульні ў жыцці: на папярэдніх, у Сеўле ў 1988 годзе, ён заняў трэцяе месца ў стральбе на той жа дыстанцыі.
У кіданні дыску адзначыліся адразу тры спартсмены: Уладзімір Дуброўшчык узяў срэбраны медаль, а Васіль Капцюх і Эліна Зверава — па бронзе.
Яшчэ бронзавыя медалі ўзялі каманда васьмёркі па веславанні: Алена Мікуліч, Марына Знак, Наталля Волчак, Наталля Стасюк, Тамара Давыдзенка, Валенціна Скрабатун, Наталля Лаўрыненка, Яраслава Паўловіч, Аляксандра Панкіна.
Валер Цыленьць узяў бронзавы медаль у спаборніцтвах па грэка-рымскай барацьбе, ён выступаў у катэгорыі да 82 кілаграмаў. Для Цыленьця гэта была першая і апошняя Алімпіяда, ён выступіў яшчэ на чэмпіянаце свету, дзе ўзяў таксама бронзу.
Разам з Цыленьцям адзначыліся яшчэ два барцы. Аляксей Мядзведзеў выступаў у суперцяжкай вагавой катэгорыі і ўзяў срэбраны медаль. Сяргей Ліштван таксама скончыў выступ са срэбраным медалём у вагавой катэгорыі да 100 кілаграмаў. Яшчэ адзін барэц Аляксандр Паўлаў у найлягчэйшай катэгорыі да 48 кілаграмаў узяў срэбра: для яго гэта была апошняя Алімпіяда, у 2010-х ён пераехаў трэніраваць дзяцей у Якуціі.
Алімпіяда-2000: лепшы турнір беларусаў
Алімпіяда ў Сіднэі аказалася яшчэ больш паспяховай, чым папярэдняя ў Атланце. Беларусы ўзялі 17 медалёў, у тым ліку, тры залатыя. У беларускай гісторыі гэтая летняя Алімпіяда з’яўляецца найлепшай па выніках. Упершыню беларусы ўзялі тры залаты медалі на Алімпіядзе. У гэтым дапамаглі гераіня мінулых Гульняў Кацярына Карстэн, Эліна Зверава ў гэты раз кінула дыск на дыстанцыю залатога медалю, і яшчэ адно золата ўзяла Яніна Карольчык у штурханні ядра.
Паўтарыў срэбраны медаль з папярэдняй Алімпіяды стралок Ігар Басінскі. Ён заняў другое месца на той жа дыстанцыі, што і ў 1996 годзе. Таксама Басінскі ўзяў бронзавы медаль у стральбе з пнеўматычнага пісталету на 10 метраў.
Калегі Басінскага Лаліта Яўглеўская і Сяргей Мартынаў адзначыліся бронзавымі выступамі. Мартынаў страляў з вінтоўкі лежучы. Для Сяргей гэта будуць чацвёртыя Алімпійскія гульні ў кар’еры, спартсмен стане паспяховым менавіта ў складзе зборнай незалежнай Беларусі. Яўглеўская ўзяла свой медаль у стральбе з пісталету на дыстанцыі 25 метраў. Пасля гэтай Алімпіяды Яўглеўская змяніла грамадзянства на аўстралійскае, яны выступіць яшчэ на чатырох Гульнях, аднак больш ніколі не возьме алімпійскі медаль.
Яшчэ два срэбра ўзялі беларускія гімнасткі. У індывідуальнай праграме адзначылася Юлія Раскіна. А ўжо ў камандзе срэбра заваявалі Таццяна Ананька, Таццяна Белан, Ганна Глазкова, Ірына Ільянкова, Марыя Лазук, Вольга Пужэвіч.
Кідальнікі дыскаў Ірына Ятчанка і Ігар Астапковіч узялі на той Алімпіядзе па бронзавым медалі. У 2012 годзе Ятчанку пазбавілі медалю за выкарыстанне допінгу.
Дзюдаіст Анатолій Лаўрукоў у складзе беларускай зборнай узяў бронзавы медаль на турніры. Ён нарадзіўся ў Паўночнай Асеціі і меў расійскае грамадзянства. У 1997 годзе з’ехаў у Беларусь, каб мець магчымасць выступіць на Алімпійскіх гульнях. Адразу пасля Алімпіяды ў Сіднэі скончыў спартыўную кар’еру.
Павел Доўгаль заняў трэцяе месца ў сучасным пяцібор’і. Для Доўгаля гэта адзіны алімпійскі медаль у кар’еры. Пасля Алімпіяды ў Сіднэі спартсмен працягваў выступаць некалькі гадоў, аднак не змог трапіць у заяўку зборнай на наступны алімпійскі старт. Па яго словах, гэта адбылося з-за траўмы ахілава сухажылля.
У цяжкай атлетыцы бронзавыя медалі ўзялі спартсмены з двух розных вагавых катэгорый: Генадзь Аляшчук і Сяргей Лаўрэнаў. Лаўрэнаў працягне займацца спортам і нават трапіць на наступную Алімпіяду, але не возьме ні аднаго медаля. Аляшчук на Алімпіядзе-2000 заняў толькі чацвёртае месца, але атлета, які заняў трэцяе месца, дыскваліфікавалі, таму беларус атрымаў бронзу. За год да Алімпіяды-2004 Аляшчука дыскваліфікуюць за выкарыстанне забароненых рэчаваў, потым вярнуўся ў спорт і зноў быў дыскваліфікаваны за допінг.
І апошні медаль, які беларусы атрымалі на Алімпіядзе-2000, быў атрыманы дзякуючы барцу грэка-рымскага стылю Дзмітрыю Дзябелцы. Дзябелка не змог удзельнічаць у наступнай Алімпіядзе, таму што ў яго знайшлі захворванне нырак — яму спатрэбілася дзве трансплантацыі.
Алімпіяда-2004: новыя дасягненні, новыя-старыя праблемы з допінгам
Алімпіяда ў Афінах для беларусаў склалася дастаткова паспяхова. Упершыню беларусы ўзялі алімпійскія медалі ў цяжкай атлетыцы, боксе, веласпорце. Цікава, што першапачаткова беларускія спартсмены паўтарылі поспех першай Алімпіяды ў часы незалежнасці — узялі 15 медалёў. Аднак пазней кідальнік молата Іван Ціхан і кідальніца дыска Ірына Ятчанка былі пазбаўленыя медалёў з-за допінгу.
Залатыя медалі прынеслі дзюдаіст Ігар Макараў і бягуха Юлія Несцярэнка. Для Макарава, які нарадзіўся ў Расіі і пераехаў у Беларусь у апошнія гады існавання СССР, гэта была першая і апошняя Алімпіяда. Далейшая кар’ера Несцярэнкі на Алімпіядах таксама будзе не такой паспяховай, як у Афінах: у Пекіне яна не змагла трапіць у фінал, прапусціла з-за траўмы лонданскую Алімпіяду, не змагла выступіць у Рыа.
Кацярына Карстэн засталася без залатога медаля ў Афінах, узяла толькі срэбраны медаль. Затое двойка веслярак Юлія Бічык і Наталля Гелах узялі бронзавыя медалі. Яшчэ двое ў каноэ — Вадзім Махнеў і Раман Пятрушэнка — дамагліся трэцяга месца ў веславанні.
Упершыню на Алімпійскія гульні паехалі беларускія баксёры. Віцебчук Віктар Зуеў узяў срэбраны медаль у вагавой катэгорыі да 91 кілаграма. Зуеў найдалей працягне баксіраваць: паспрабуе прабіцца да медалёў на Гульнях у Пекіне і Лондане, але не змог дайсці да іх. Магамед Арыпгаджыеў прадстаўляў Азербайджан, але змяніў грамадзянства: на Алімпіядзе-2004 за Беларусь узяў срэбраны медаль. Арыпгаджыеў пасля Афін пачаў прафесійную кар’еру баксёра.
Асабліва на Алімпіядзе адзначыліся беларускія цяжкаатлеты. Ганна Бацюшка ўзяла срэбраны медаль. Яна паехала і на наступныя Алімпійскія гульні, але засталася без прызавога месца. Андрэй Рыбакоў таксама ўзяў срэбра. У Рыбакова была працяглая кар’ера: ён удзельнічаў яшчэ ў двух алімпійскіх стартах, але быў пазней дыскваліфікаваны з-за выкарыстання допінгу. Лепшы для сябе вынік паказала Таццяна Стукалава, якая ўзяла бронзавы медаль у Афінах — для спартсменкі гэта будзе адзіная Алімпіяда ў прафесійнай кар’еры.
Беларуская велагоншчыца Наталля Цылінская заняла трэцяе месца на Алімпіядзе ў Афінах. Яна не сышла са спорту, працягвае працаваць спартыўным чыноўнікам і пачала нават палітычную кар’еру — стала членам УНС.
Барэц грэка-рымскага стылю Вячаслаў Макаранка заваяваў на апошняй для сябе Алімпіядзе бронзавы медаль. Папярэдне ён удзельнічаў у сіднэйскай Алімпіядзе, дзе заняў толькі сёмае месца.
Стралок Сяргей Мартынаў працягнуў паспяховае выступленне на Алімпіядах. Ён узяў бронзавы медаль у стральбе з вінтоўкі на 50 метраў — як і на мінулай Алімпіядзе.
Алімпіяда-2008: медалі ў новых дысцыплінах
Беларусы зноў паўтарылі свой рэкорд — узялі тры залатыя медалі. Дарэчы, гэта былі першыя Алімпійскія гульні для беларускіх баскетбалістак. За год да Гульняў у Пекіне яны ўзялі першыя медалі на чэмпіянаце Еўропы па баскетболе — бронзу. Аднак выступ на Алімпіядзе скончыўся толькі на шостым радку.
Залатыя медалі ўзяў Андрэй Арамнаў у цяжкай атлетыцы. Яшчэ дзве залатыя медалі ўзялі каманды весляроў: двойка з братамі Андрэем і Аляксандрам Багдановічамі, чацвёрка з Раманам Пятрушэнкам, Аляксеем Абалмасавым, Артурам Літвінчуком і Вадзімам Махневым.
Дзве срэбраныя медалі ўзялі легкаатлеты: кідальнік молату Вадзім Дзевятоўскі і дзесяціборэц Андрэй Краўчанка. Інна Жукава ўзяла срэбра ў індывідуальнай праграме мастацкай гімнастыцы. Барэц Мурат Гайдараў таксама ўзяў срэбраны медаль на адзінай для сябе Алімпіядзе — дарэчы, ён нарадзіўся ў Дагестане і выступаў за расійскую зборную, а за Беларусь пачаў выступаць з 2001 года.
Каманда беларускіх гімнастак узяла бронзавыя медалі ў каманднай праграме ў мастацкай гімнастыцы: Алеся Бабушкіна, Анастасія Іванкова, Зінаіда Луніна, Глафіра Марціновіч, Ксенія Санковіч, Аліна Туміловіч.
У сучасным пяцібор’і бронзавы медаль узяла Анастасія Самусевіч. Яшчэ адзін медаль бронзавай пробы ўзяў беларускі барэц Міхаіл Сямёнаў.
Для Кацярыны Карстэн гэта была чарговая Алімпіяда, але гэтым разам яна скончыла яе з бронзавым медалём. Весляркі Юлія Бічук і Наталля Гелах таксама ўдзельнічалі ў Гульнях і скончылі іх з бронзай. Двойка ў каноэ — Вадзім Махнеў і Раман Пятрушэнка — узяла чарговую для сябе бронзу.
У Пекіне выступіў на другой для сябе Алімпіядзе Іван Ціхан і ўзяў бронзавы медаль у кіданні молату. На папярэдняй Алімпіядзе ён быў дыскваліфікаваны з-за ўжыванне допінгу.
Алімпіяда-2012: тэніс, плаванне і зноў гімнастыка
На гэтай Алімпіядзе беларусы ўзялі 11 медалёў. Аднак ужо пасля сканчэння Гульняў штурхальніца ядра Надзея Астапчук была пазбаўленая залатога алімпійскага медаля з-за ўжывання допінгу.
Стралок Сяргей Мартынаў дамогся залатога медаля ў стральбе з вінтоўкі на 50 метраў. Для Мартынава гэта была апошняя Алімпіяда ў кар’еры, і так атрымалася, што самая паспяховая. Цікава, што на наступных Гульнях у Рыа беларуская дэлегацыя хацела, каб ён нёс дзяржаўны сцяг на цырымоніі адкрыцця, аднак па правілах сцяг можа несці толькі спартсмен: на той Алімпіядзе ён быў ужо трэнерам.
На Алімпіядзе ў Лондане максімальнага поспеху дасягнулі беларускія тэнісісты. Максім Мірны і Вікторыя Азаранка выйгралі залатыя медалі ў міксце. Асобна Вікторыя Азаранка ўзяла бронзавы медаль у жаночай частцы тэніснага турніру на Алімпіядзе.
Плаўчыха Аляксандра Герасіменя ўзяла дзве срэбраныя медалі ў дзвюх дысцыплінах — на фрыстайле ў 50 і 100 метрах.
Весляры Андрэй і Аляксандр Багдановічы ўзялі срэбраныя медалі на дыстанцыі ў 1 000 метраў. Раман Пятрушэнка і Вадзім Махнеў таксама адзначыліся чарговымі для сябе медалямі — на гэты раз срэбранымі. Чацвёрка з Вольгай Худзенкай, Ірынай Памялавай, Надзеяй Папок і Марынай Літвінчук узялі бронзавыя медалі — яны пераадолелі дыстанцыю ў 500 метраў.
Беларускія гімнасткі таксама ўзялі алімпійскія медалі. У індывідуальнай праграме адзначыліся Любоў Чаркашына — яна скончыла спаборніцтвы з бронзавым медалём. У каманднай праграме гімнасткі занялі другое месца: Марына Ганчарова, Анастасія Іванкова, Наталля Ляшчук, Аляксандра Наркевіч, Ксенія Санковіч, Аліна Туміловіч.
Алімпіяда-2016: доўгачаканыя медалі ў скачках на батуце і барацьбе
Алімпіяду ў Рыа беларусы скончылі з дзевяццю алімпійскімі медалямі. Пасля лонданскай Алімпіяды выступы беларускіх спартсменаў пачалі пагаршацца.
Адзіны залаты медаль заваяваў Уладзіслаў Ганчароў у скачках на батуце. Для Ганчарова гэта быў адзіны алімпійскі медаль. На Алімпіядзе ў Токіа ён імкнуўся ўзяць яшчэ адзін медаль і быў адным з фаварытаў, але саступіў медаль партнёру па камандзе. Пасля той Алімпіяды Ганчароў скончыў кар’еру і з’ехаў у Канаду, каб выступаць у Cirque du Soleil.
Іван Ціхан выступіў на чарговай для сябе Алімпіядзе і ўзяў срэбра ў кіданні молату. Плаўчыха Аляксандра Герасіменя ўзяла бронзавы медаль ў фрыстайле на 50 метраў.
Бронзавыя медалі ўзяла чацвёрка ў каноэ — Маргарыта Махнева, Надзея Ляпешка, Вольга Худзенка і Марына Літвінчук.
Беларускія цяжкаатлеты ў чарговы раз прынеслі срэбраныя медалі ў скарбонку. Адзначыліся Дар’я Навумава і Вадзім Стральцоў. Цікава, што ў дзяцінстве Навумава займалася штурханнем ядра і кіданнем дыску. Навумава ўдзельнічала ў Алімпіядзе ў Токіа, але заняла толькі пятае месца. Для Стральцова Алімпіяда ў Рыа была другой і больш паспяховай, больш у алімпійскіх стартах ён не ўдзельнічаў.
Барцы Марыя Мамашук, Джавід Гамзатаў і Ібрагім Саідаў узялі медалі розных проб. Мамашук скончыла выступленне са срэбным медалём, і гэта для яе была адзіная Алімпіяда ў кар’еры. Гамзатаў нарадзіўся ў Дагестане, пераехаў у Беларусь у 2006-м, ён стаў адзіным за апошнія восем гадоў беларускім атлетам, хто ўзяў бронзавы медаль у грэка-рымскай барацьбе. Саідаў таксама родам з Дагестану, яго запрасілі выступаць за Беларусь за год да Алімпіяды, дзе ён атрымаў бронзавы медаль.
Алімпіяда-2020: самыя няўдалыя Гульні
На гэту Алімпіяду беларуская зборная ехала ўжо з накладзенымі санкцыямі ад Міжнароднага Алімпійскага Камітэту. НАК Беларусі абвінавачвалі ў тым, што ён спрыяе дыскрымінацыі і пераследаванням спартсменаў з боку беларускіх уладаў.
У Токіа адбыўся скандал вакол бягухі Крысціны Ціманоўскай. Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў і маштабнага гвалту з боку сілавікоў Ціманоўская выступіла ў падтрымку пратэстаў. Аднак яна ўсё роўна паехала ў складзе беларускай зборнай на Алімпійскія гульні. Яна павінна была ўдзельнічаць у бегу на дыстанцыі 100 і 200 метраў. НАК уключыў Ціманоўскую ў эстафету, у якой яна ніколі не ўдзельнічала на прафесійным узроўні. Спартсменка паскардзілася на спартыўнае кіраўніцтва ў сацыяльных сетках, але пад ціскам выдалілі аб гэтым допісы. Затым Ціманоўскую знялі са спаборніцтва беларускія чыноўнікі, нібыта, з-за яе псіхалагічнага стану. Спартсменку збіраліся вывезці ў Беларусь, але тая адмовілася і запатрабавала палітычную абарону ў Польшчы. Цяпер Ціманоўская мае польскае грамадзянства і выступае на спаборніцтвах пад польскім флагам.
Батутыст Іван Літвіновіч узяў адзін залаты медаль на турніры.
Са срэбранымі медалямі скончылі Алімпійскія гульні Ірына Курачкіна і Магамедхабіб Кадзімагамедаў у барацьбе. Чацвёрка ў веславанні таксама ўзяла срэбра: Вольга Худзенка, Марына Літвінчук, Маргарыта Махнева, Надзея Папок.
Бронзавыя медалі засталіся ў лёгкаатлета Максіма Недасекава, гімнасткі Аліны Гарнасько і барца Ванэсы Каладзінскай.
А што будзе на Алімпіядзе ў Парыжы?
На Алімпіядзе ў Парыжы беларускія спартсмены будуць выступаць пад нейтральным сцягам з-за падтрымкі агрэсіі Расіі супраць Украіны. За ўсю гісторыю на Алімпіяду паездзе мінімальная беларуская каманда: выступяць усяго 16 спартсменаў.
- Плаванне: Аліна Змушко, Анастасія Шкурдай, Ілля Шымановіч;
- Акадэмічнае веславанне: Яўген Залаты, Таццяна Клімовіч;
- Веславанне на байдарках і каноэ: Уладзіслаў Кравец, Юлія Трушкіна;
- Скачкі на батуце: Іван Літвіновіч, Віялета Бардзілоўская;
- Стральба: Аляксандра Пятрова, Дар’я Чупрыс;
- Цяжкая атлетыка: Сюзана Валадзько, Яўген Ціханцоў;
- Грэка-рымская барацьба: Абубакар Хаслаханаў;
- Веласпорт: Ганна Церах;
- Таэквандо: Георгій Гурцыеў.