
Гэтым разам мы раскажам пра тое, як савецкая ўлада стварала пакутнікаў, грандыёзныя судовыя працэсы і пераслед у савецкай прэсе, і хто быў супраць іх — селькораў. Калі ў вёсках іх успрымалі звычайнымі даносчыкамі, то савецкая ўлада ў іх бачыла тых, хто дапамагае выкрываць ворагаў.
Змест
Хто такія селькоры?
Хутчэй за ўсё, сто гадоў таму вы жылі б у вёсцы. Ваша паштовая скрыня — адна з крыніц, адкуль вы бярэце інфармацыю: «Савецкая Беларусь», «Звязда», а можа і «Чырвоная змена» заўсёды будуць прыходзіць да вашай вёскі, часцей за ўсё, са спазненнямі. У гэтых газетах часам можна прачытаць нататкі і пра вашу вёску — часцей за ўсё, у іх будуць выкрываць дрэнных чыноўнікаў, зацятых кулакоў і таемных самагоншчыкаў. Сярод іх можаце аказацца і вы.
Пра ўсё гэта ў савецкія газеты пісалі мясцовыя інфлюэнсары — сельскія карэспандэнты. Вы можаце нават і не ведаць, хто сярод вяскоўцаў гэты сельскі карэспандэнт. Ён адпраўляе свае нататкі пад псеўданімам, з часам, вядома, вяскоўцы ўсё роўна даведваецца, хто гэты чалавек.
Ананімныя артыкулы ад селькораў у 1920-я гады былі вельмі папулярнымі, часта ілжывымі, але іх усё роўна друкавалі савецкія газеты. Селькоры пісалі пра жыццё вёсак: хто спіўся, хто хавае збожжа, хто верыць у Бога і хто не верыць у камуністаў. У той час да простых людзей з месцаў прыслухоўваліся больш, чым да ідэй, што прыходзілі з цэнтра. Селькоры былі прапагандыстамі таго часу, якім дазвалялася і крытыкаваць уладу, і шукаць “здраднікаў” маладога камуністычнага рэжыму.
Стаўленне да селькораў было неадназначным. Іх часта збівалі, планавалі замахі і забівалі. Па ўсім Савецкім Саюзе прайшлі сотні, калі не тысячы судоў, на якіх людзей абвінавачвалі ў пераследзе сельскіх карэспандэнтаў. Іх скаргі, даносы і артыкулы часта выкарыстоўвалі як падставу для арыштаў, пераследу і нават расстрэлаў.
Забойства Ракушавых, якія пісалі ананімкі ў газеты
Нянавісць да селькораў у народзе была не меншай за лаяльнасць саміх селькораў да савецкай сістэмы. Цікава, што да так званага пераследу ў дачыненні да селькораў часцяком падключаліся мясцовыя чыноўнікі.
У сакавіку 1925 года ў вёсцы Ліхінічы забілі селькора Фёдара Ракушава разам з яго бацькам і братам. За некалькі тыдняў да забойства трое бандытаў — браты Васіль, Сіла і Ціт Галыгі — абрабавалі будынак круглянскай міліцыі: адтуль вынеслі бомбы, вінтоўкі і патроны. Васіль Галыга працаваў справаводам круглянскага райкомпарта, а Ціт быў сакратаром круглянскага сельсавета. Вядома, што Фёдар Ракушаў пісаў для магілёўскага выдання «Соха и Молот» артыкул пра злаўжыванні Ціта Галыгі.

Пазней, ужо падчас судовага працэсу, высветлілася, што забіты Ракушаў неаднаразова пісаў «ананімкі» — ён ніколі не падпісваўся сваім рэальным прозвішчам — у газеты на сваіх будучых забойцаў: абвінавачваў іх у хабарах і крадзежах.
Пасля рабунку міліцыі братоў затрымалі, затым іх пад канвоем аднаго міліцыянера адправілі ў Оршу, але па дарозе праз Ліхінічы арыштаваныя прапанавалі спыніцца і паесці ў іх сваякоў. У доме сваякоў бандыты забілі міліцыянера, узялі яго зброю і пайшлі ў дом сям’і Ракушавых. У доме забілі бацьку і брата Фёдара, а затым яго самога, маці паранілі, але пакінулі жывой.
Забойцаў злавілі праз тыдзень. Высветлілася, што ў забойстве дапамаглі браты Фама і Яўціхій Комлевы, Філіп Холюсеў і міліцыянер Васіль Говар. Комлевых і Холюсева забілі падчас арышту, Говара пазней змаглі затрымаць. За забойства сям’і Ракушавых братам Васілю, Сіле і Ціту Галыгам прысудзілі расстрэл. Міліцыянеру Васілю Говару, які таксама ўдзельнічаў у забойстве, — расстрэл. Пасля аб’яўлення прысуду Ціт Галыга спрабаваў уцячы, але быў цяжка паранены канваірам. У 1967 годзе Ліхінічы перайменавалі ў Ракушава, а ў самой вёсцы (цяпер — аграгарадок) стаіць помнік загінулым Ракушавым з надпісам: “Загінулым ад рук класавых элементаў”.
Справа «Лапіцкага» стала самай абмяркоўваемай у БССР
Забойства Ракушавых было не самым гучным злачынствам супраць селькораў у БССР у 1925 годзе. Найбольш папулярным судовым працэсам стаў суд над крыўдзіцелямі селькора Рыгора Лапіцкага, які таксама вядомы як «жырхоўская справа».

Міхаіла Дамброўскага, Мікалая Лавецкага, Віктара Аўсяннікава і іншых абвінавачвалі ў тым, што яны пераследавалі Лапіцкага, злоўжывалі ўладай і перавышалі паўнамоцтвы і яшчэ шмат чаго яшчэ. Амаль усе прызналі віну, усіх узялі пад арышт.
Рыгор Лапіцкі быў вайскоўцам, служыў у Чырвонай арміі да 1921 года, пасля яго дэмабілізавалі. У 1923 годзе Лапіцкі стаў супрацоўнічаць з гомельскай газетай «Новая Деревня»: пісаў пра сялянскае жыццё, расказваў пра злоўжыванні на месцах, хабары.
У 1923 годзе на Лапіцкага напісалі данос жыхары вёскі Кабанаўка Шаўчук, Палітнёў і Новікаў і адправілі яго ў райкам у Стрэшын.
Аднак самым галоўным прыгнятальнікам Лапіцкага назвалі Віктара Аўсяннікава з вёскі Жырхоўка. Ён працаваў старшынёй сельсавета, а затым — сакратаром. Перад судовым працэсам усе савецкія газеты сцвярджалі, што Аўсяннікаў у мінулым працаваў гарадавым у рыжскай паліцыі. Але ўжо падчас суда высветлілася, што ў паліцыі ён не змог працаваць, бо проста не хапіла грошай на ўніформу.

Усім абвінавачваемым па справе Лапіцкага далі розныя тэрміны зняволення. Сам жа Лапіцкі стаў адным з самых вядомых беларусаў у савецкай Беларусі сярэдзіны 20-х гадоў. Прэса малявала яго як пакутніка і змагара за камуністычныя ідэі.
Судзілі за збіццё селькора і беларускую «Лявоніху»
Гэта былі не адзінкавыя справы датычныя селькораў. Напрыклад, у Барысаве судзілі людзей, якія пераследавалі селькора Мілашэўскага. Мілашэўскі быў селянінам, служыў у Чырвонай Арміі. Пасля арміі вярнуўся да сябе ў Плешчаніцы. Пасля стаў пісаць пра мясцовыя парадкі. У Плешчаніцах яго абралі ў сельсавет, а пасля адны з выбараў ён раскрытыкаваў, пра што даведаліся старшыня райвыканкама Вайновіч і старшыня выбарчай камісіі Тоўсцік. Тоўсцік паскрадзіўся ў райвыканкам на Мілашэўскага, што той займаецца плёткамі. У выніку, Мілашэўскага звольнілі з працы, а прычын не паведамілі. Праз некаторы час Мілашэўскі змог атрымаць іншую працу, але Тоўсцік папярэдзіў, што мужчыне за гэту працу лепш не брацца. У той час Мілашэўскі нібыта быў на мяжы голаду. У выніку, у Плешчаніцы для расследавання выехала спецыяльная камісія, каб даведацца пра мясцовыя злоўжыванні ўладай. Пасля высветлілі, што Тоўсцік звольніў Мілашэўскага за тое, што той напісаў данос у газету. Спадара Тоўсціка прыгаварылі да года пазбаўлення волі.

Была яшчэ адна цікавая справа, што адбылася ў Гарадзецкім раёне. Яна атрымала назву «шыловічская справа». У адзін дзень камісія, якая збірала падаткі (чатыры члены партыі, адзін беспартыйны), скончыла сваю справу і вырашыла гэта адзначыць. Падзеі адбываліся перад Новым Годам. Члены камісіі пайшлі да заможнага хутараніна Вяржбіцкага піць алкаголь, у адзін момант у дом зайшоў селькор Хількевіч. У выніку, члены камісіі выкінулі яго на вуліцу, а затым яго арыштавалі і білі ўсю дарогу да пастарунку. На судзе ўсе абвінавачванні ў збіцці адмаўляліся. Кіраўнік камісіі Ляшчынскі сказаў, што сялянства злавалася на тое, што з яго патрабуюць падатак, таму, па яго словах, Хількевіч пабіў сябе сам ці камусьці даў збіць сябе, каб падставіць камісію. Іншы ўдзельнік камісіі, начальнік раённай міліцыі Шаўцоў, падтрымаў словы Ляшчынскага. Шаўцоў заўважыў падчас суда, што людзі часам самі наносяць сабе траўмы, каб зрабіць штосьці для іх карысці. Сярод абвінавачванняў таксама фігуравала тое, што члены камісіі прасіць згуляць «нашу беларускую “Лявоніху”» ў доме Вяржбіцкага. За збіццё селькора Хількевіча трох мужчын прыгаварылі да 4 гадоў зняволення, яшчэ двух — да 3 гадоў.
У наступным выпуску мы раскажам пра справу мінскіх царкоўнікаў, якіх асудзілі за крадзеж каштоўнасцей.