Свабода слова і доступ да інфармацыі — найважнейшыя з каштоўнасцей. Вельмі важна захоўваць крытычнае мысленне і чытаць самыя розныя рэсурсы, каб аднойчы не злавіць сябе на думцы, што пачынаеш апраўдваць гвалт і верыць у «не ўсё так адназначна».
Як чытаць рэсурсы, якія заблакіравалі ў Беларусі? Карыстайся гэтымі парадамі сама або сам і навучы дарагіх табе людзей.
1. Браўзер. Захоўваць пэўную ананімнасць і мець доступ да заблакіраваных сайтаў можна нават з браўзера. Скарыстайся браўзерам Opera, націсні «Наладкі», пасля «Наладкі браўзера». Пракручвай уніз, выберы «Дадаткова», скроль далей, пакуль не дойдзеш да пункта VPN. Пераключы на «Укл». Пасля гэтага ў адрасным радку з’явіцца індыкатар VPN. Націскаючы, можаш наладзіць патрэбныя опцыі. Гэтая функцыя Opera цалкам бясплатная.
Можаш таксама адчыніць акно ў рэжыме інкогніта (Ctrl+Shift+N) — індыкатар VPN у гэтым рэжыме будзе ў адрасным радку без усіх папярэдніх маніпуляцый.
2. Асобныя VPN-сервісы. Гэта віртуальныя сеткі. Калі заходзіць на рэсурсы праз іх, правайдар не атрымлівае інфармацыю, што менавіта чытае абанент. Сервіс можна наладзіць і для камп’ютара, і для тэлефона. Вось некалькі бясплатных прапаноў:
• Psiphon. Windows, MacOS, iOS, Android.
• Tachyon. MacOS, iOS, Android.
• Lantern. Windows, MacOS, iOS, Android, Ubuntu.
3. Telegram. Доступ да месанджара ў Беларусі закрывалі ў першыя дні пасля выбараў 2020 года. У сам Telegram убудаваная тэхналогія MTProxy, якая дапамагае абыходзіць блакіроўкі і абмежаванні. Вось тут падрабязная інструкцыя, як яе наладзіць.