Мы ведаем, што ў сучасных спартсменаў ёсць дыеты. У кожнага атлета ў кожным відзе спорту яна свая. А ў гладыятараў, своеасаблівых спартсменаў Рыма, была свая дыета. Падаецца, што гладыятары елі шмат мяса, але ўсё было наадварот. Яны спажывалі вегетарыянскую ежу і толькі з дзясятак разоў на год яны каштавалі мяса — за дзень перад магчымай смерцю.
PALATNO расказвае, як харчаваліся гладыятары і змагаліся з недахопам вітамінаў.
Бабы і сухафрукты
Мы думаем, што гладыятары елі мяса і былі рэльефнымі атлетамі. Аднак навукоўцы лічаць, што такое ўяўленне падманвае: гладыятары якраз елі шмат расліннай ежы і былі тоўстымі.
Больш за ўсё інфармацыі можна знайсці ў Галена, вядомага працамі па анатоміі чалавека. Гален лячыў гладыятараў, таму быў паглыблены ў іх паўсядзённае жыццё. Менавіта ён і апісаў іх штодзённы рацыён: бабовае пюрэ з ячменем. Гэта была сытная і вельмі танная ежа. Таксама гладыятары спажывалі шмат сухафруктаў.
У 1993 годзе ў Турцыі ля старажытнага рымскага горада Эфеса знайшлі магільнік гладыятараў. У ім адшукалі парэшткі дзясяткаў мужчын, якія змагаліся на гладыятарскіх арэнах. Дзякуючы гэтай археалагічнай знаходцы, змаглі пацвердзіць напісанае Галенам. Хімічны аналіз костак гладыятараў з магільніка паказаў, што яны былі пераважна вегетарыянцамі. У костках выявілі высокі ўзровень стронцыю, што і сведчыла пра раслінную дыету.
Таму гладыятараў яшчэ ў рымскія часы празвалі hordearii, ці «ячменныя людзі».
І яшчэ адзін міф пра гладыятараў, які падаецца многім сучасным людзям рэальнасцю, нібы яны былі з атлетычнымі фігурамі. Аднак навукоўцы сцвярджаюць, што гладыятары былі тоўстымі. Спажыванне вялікай колькасці простых вугляродаў дапамагала выжыць на арэне: падскурны тлушч абараняў ад сур’ёзных траўмаў.
Супернапой
Дакладна можна сказаць, што харчаванне з ячменю, бабоў і сухафруктаў выклікала ў гладыятараў дэфіцыт кальцыю. І тут яны змаглі знайсці выйсце.
Падобна на тое, што гладыятары пілі сумесь драўлянага ці касцянога попелу — гэты быў такі танізуючы сродак пасля трэніроўкі або бітвы.
Мяса перад магчымай смерцю
Гладыятарскія спаборніцтвы праводзіліся каля дзесяці разоў у год. Гэта была вялікая падзея не толькі для гледачоў, якім трэба было «хлеба і відовішчаў». Спецыяльна за дзень да падзеі гладыятарам ладзілі шчодры пір. Яго называлі cena libera. Дарэчы, гэта можна параўнаць з апошняй стравай перад смяротнай карай.
Падчас піру гладыятары маглі з’есці рэдкія для сябе пачастункі: смажанага кабана, свіную каўбасу, рыбу, інжыр і мядовае віно.