Now Reading
Алкаголь, нож, сварка. Як і навошта забіваюць беларусы

Алкаголь, нож, сварка. Як і навошта забіваюць беларусы

забойствы ў Беларусі, статыстыка па забойствах у Беларусі 2023 год

Штогод у Беларусі адбываецца каля двухсот забойстваў. Большасць забойцаў знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення. Але забіваюць не толькі пасля ўжывання алкаголю, але і з карысці або помсцячы былым мужу ці жонцы. Толькі траціна забойцаў — жанчыны. А вось асноўная прылада, якой пазбаўляюць жыцця, — нож.

PALATNO праглядзела ўсе даступныя прысуды беларускіх судоў за 2023 год, каб расказаць, чаму беларусы забіваюць.

Колькасць забойстваў змяншаецца, колькасць нецвярозых забойцаў расце

Узімку сілавікі традыцыйна справаздачыліся па статыстыцы злачынстваў за мінулы год. Высветлілася, што колькасць забойстваў зменшылася з 297 да 255 выпадкаў. А ўжо летам 2023 года Вярхоўны суд апублікаваў свежую статыстыку па злачынствах: за паўгода ў беларускіх судах было разгледжана 130 крымінальных спраў па забойствах.

У сакавіку 2023 года прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі апублікавала статыстыку злачынстваў за першыя два месяцы года. Па інфармацыі беларускай міліцыі, кожнае трэцяе злачынства ў краіне здзяйсняе чалавек у нецвярозым стане. Калі гаворка ідзе пра забойствы, то ў стане алкагольнага ап’янення знаходзіцца да 90% злачынцаў.

МУС лічыць, што самай дзейснай мерай для таго, каб прадухіліць злачынствы, з’яўляецца накіраванне людзей з алкагольнай залежнасцю ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі. За першыя месяцы 2023 года туды было накіравана каля паўтары тысячы чалавек з залежнасцю. Іншая мера — абмежаванне ў дзеяздольнасці: за студзень-люты ў Беларусі праз гэту працэдуру прайшлі 43 чалавекі. Сілавікі мяркуюць, што абмежаванне ў дзеяздольнасці дазволіць сваякам чалавека з алкагольнай залежнасцю кіраваць даходамі гэтага чалавека і абмяжуе яго ў пакупцы алкаголю.

* * *

За першую палову 2023 года ў Беларусі прайшлі 130 судоў па справах аб забойствах. PALATNO вывучыла акалічнасці ўсіх сарака спраў, прысуды якіх былі апублікаваны на прававым партале pravo.by. Амаль усе гэтыя забойствы аб’ядноўвае тое, што яны былі здзейснены ў стане алкагольнага ап’янення. У беларускай судовай практыцы знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення з’яўляецца акалічнасцю, якая абцяжарвае адказнасць. Асноўная прылада, якой пазбаўлялі жыцця, — нож. Часта спрэчкі і бойкі, якія заканчваліся забойствам, адбываліся паміж членамі сям’і.

У лютым у Светлагорску мужчыну асудзілі на сем гадоў зняволення за замах на забойства свайго цесця. Мужчына прыехаў разам з жонкай у госці да сваякоў, там у яго адбыўся канфлікт з цесцем, якога ён збіў драўляным бруском.

У красавіку на Гомельшчыне судзілі мужчыну, які спрабаваў забіць былую жонку сякерай. Калі жанчына ехала на ровары, ён схапіў яе за адзенне і скінуў на зямлю. Збіваў яе рукамі, а пасля ўзяў сякеру і біў абухам па тулаве. Суд прызначыў яму сем гадоў калоніі.

У красавіку ж у Віцебску асудзілі ўжо памерлага мужчыну за замах на забойства свайго сваяка. Высветлілася, што падзеі адбыліся за некалькі гадоў да суда. Падчас следства і суда сваякі памерлага абвінавачванага неаднаразова хлусілі наконт інцыдэнту. Суд прызнаў мужчыну вінаватым. Вядома, што нябожчык меў судзімасць за амаль аналагічнае злачынства яшчэ ў БССР.

У маі ў Мінску асудзілі мужчыну, які забіў сужыцельку адным ударам нажа ў сэрца. Пасля забойства ён некалькі дзён піў у той самай кватэры. Мужчына вырашыў скончыць жыццё самагубствам, таму распілаваў газавую трубу. Пах газу пачулі суседзі і выклікалі газавікоў, але тым не адчынілі дзверы, таму на дапамогу прыехала міліцыя. Мужчыну прысудзілі восем гадоў калоніі і прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.

У чэрвені ў Светлагорску на сем гадоў калоніі асудзілі мужчыну за замах на забойства. Усё адбылося на бытавой глебе і з алкаголем. Высветлілася, што абвінавачваны працяглы час жыў у кватэры ахвяры за камунальныя паслугі і прадукты. У нейкі момант мужчына перастаў аплачваць камуналку і купляць ежу, тады пацярпелы папрасіў яго з’ехаць з кватэры і нават выклікаў на яго нарад міліцыі. Мужчына вырашыў правучыць пацярпелага, загадзя выпіў з ім гарэлкі і некалькі разоў ударыў яго нажом, але забіць не здолеў.

забойствы ў Беларусі, статыстыка па забойствах у Беларусі 2023 год
Фота: shahreboye/ unsplash.com

Аднак асноўная частка замахаў на забойства і забойстваў адбываецца сярод знаёмых падчас ужывання алкаголю. У лютым адбыліся тры розныя працэсы ў Гомелі (па дзевяць гадоў калоніі), Мінску (сем гадоў калоніі) і Віцебску (11 гадоў калоніі): на лаве падсудных былі мужчын, якія забілі сваіх сабутэльнікаў пасля сварак.

У красавіку на Гомельшчыне судзілі мужчыну за замах на забойства іншага мужчыны, з якім яны разам пілі. Падчас судовага працэсу адзін са сведак расказаў, што канфлікт пачаўся пасля абмеркавання палітычных пытанняў. У тым жа месяцы ў Мінску асудзілі мужчыну на шэсць з паловай гадоў калоніі за замах на забойства сабутэльніка: пацярпелага своечасова выратавалі пасля некалькіх нажавых удараў. Пад канец красавіка ў Мінску асудзілі мужчыну на дзесяць гадоў за забойства сужыцелькі падчас навагодніх свят.

У маі ў Мінску і Маладзечне судзілі мужчын за забойствы сабутэльнікаў. Па справе ў Мінску абвінавачванаму далі сем з паловай гадоў калоніі. Па маладзечанскай справе абвінавачваны атрымаў дзесяць гадоў калоніі: мужчына не прызнаваў сябе вінаватым і сказаў, што ахвяра сама справакавала забойства.

У тым жа месяцы суд Бабруйскага раёна асудзіў жанчыну, якая спрабавала забіць сваю знаёмую пасля вечарынкі. Ёй прысудзілі шэсць гадоў зняволення за замах на забойства.

У чэрвені ў Брэсце за забойства сабутэльніцы асудзілі мужчыну на восем гадоў калоніі і прымусовае лячэнне ад алкагольнай залежнасці. У Мінску судзілі мужчыну за замах на забойства: яго сабутэльніка паспелі выратаваць медыкі, а злачынцу далі сем гадоў калоніі. У Полацкім раёне мужчына забіў сабутэльніка пасля яго слоў, што той хоча пераспаць з яго маці: яму далі 11 гадоў калоніі. У Мінску судзілі мужчыну за спробу забойства сабутэльніка, які разам з ім пайшоў за закускай да абвінавачванага дадому. Суд у Іўі прыгаварыў мужчыну да сямі гадоў калоніі за забойства сабутэльніка каля прадуктовай крамы.

У ліпені мужчыну асудзілі на шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за замах на забойства. У вечар інцыдэнту мужчына разам з жонкай і яе начальніцай пілі ў кватэры. Начальніца жонкі нібыта пачала абражаць гаспадароў, у тым ліку і будучага злачынцу: сказала яму, што ён баязлівец. Пасля гэтага мужчына некалькі разоў ударыў жанчыну нажом у жывот і збег з кватэры. Разам з тэрмінам у калоніі мужчына будзе прымусова лячыцца ад алкагалізму.

У жніўні ў Глыбокім судзілі мужчыну, які пасля вечарынкі сямнаццаць разоў ударыў нажом свайго сабутэльніка. Мужчыну далі дзевяць гадоў калоніі.

Рабаванне, помста, крадзеж цыгарэт: чаму яшчэ забіваюць у Беларусі

Алкаголь не заўсёды фігуруе ў справах аб забойствах. Ёсць выключэнні, калі абвінавачваныя не ўжывалі алкаголю ці нават забівалі праз тое, што іх схілялі яго ўжыць:

  • У лютым на Міншчыне судзілі грамадзяніна Расіі, які задушыў жанчыну і скраў яе каштоўнасці.
  • У лютым у Віцебску на 14 гадоў калоніі асудзілі мужчыну за забойства суседа. Мужчына расказаў, што сусед застрэліў яго гусака і схіляў яго да распівання алкаголю.
  • У лютым у Мінску асудзілі жанчыну за замаж на забойства сваёй бабулі. Яна спрабавала забіць яе малатком, нажом і сваімі рукамі, але яе паспела спыніць яе ж дачка. Высветлілася, што жанчыне не спадабалася рэакцыя бабулі на яе мужчыну, якога яна прывяла жыць у кватэру.
  • У сакавіку ў Гомелі судзілі жанчыну за забойства мужчыны: ён забраў у яе цыгарэты, а яна сказала, што ў турме за такое забіваюць — ён нібыта папрасіў рэалізаваць гэтую пагрозу. У дзень забойства жанчына выйшла з калоніі пасля адбыцця тэрміну за наўмыснае прычыненне лёгкіх цялесных пашкоджанняў.
  • У сакавіку ў Віцебску на 15 гадоў асудзілі мужчыну за забойства жонкі. Жанчына настойвала на разводзе, а муж не пагаджаўся. Калі ў чарговы раз у пары пачаўся канфлікт, мужчына ўдарыў яе нажом, а калі нож зламаўся, пачаў збіваць яе па галаве відэльцам, а затым сякерай. Забойства бачыў іх малы сын.

Часам у Беларусі раскрываюць старыя справы, якім больш за пятнаццаць гадоў. Напрыклад, у маі ў Пінску на дваццаць гадоў калоніі асудзілі мужчыну за забойства знаёмай у 2005 годзе. Высветлілася, што 18 гадоў таму мужчына сустракаўся з жанчынай, а затым забіў яе — падчас следства скінуў віну на іншага чалавека, які ўжо памёр. Датычнасць да забойства пацвердзілі эксперты: у памерлай даследавалі сляды спермы і часткі эпітэлію. Яны належалі абвінавачванаму. Пасля забойства мужчына яшчэ і скраў грошы ахвяры.

забойствы ў Беларусі, статыстыка па забойствах у Беларусі 2023 год
Фота: Jeff Hardi / unsplash.com

Траціна забойцаў — жанчыны

Забойцамі становяцца і жанчыны, большасць з іх сцвярджае, што гэта адбываецца пасля гвалту з боку партнёра:

  • 9 студзеня, суд Завадскога раёна Мінска: жанчыну асудзілі на шэсць з паловай гадоў зняволення за забойства сужыцеля пасля таго, як той збіў жанчыну.
  • 17 лютага, суд Бабруйскага раёна: жанчыну асудзілі на шэсць гадоў калоніі за замах на забойства былога мужа, з якім яны разам жылі і пілі. У дзень інцыдэнту мужчына збіў абвінавачваную, а яна ўдарыла яго нажом у грудзі.
  • 27 лютага, суд Шчучынскага раёна: жанчыну асудзілі на чатыры гады калоніі за замах на забойства. Жанчына піла разам з сужыцелем, у іх здарыўся канфлікт, мужчына збіў яе, а яна парэзала яго нажом. Суд пацвердзіў, што мужчына стварыў псіхатраўмуючую сітуацыю.
  • 27 лютага, суд Мёрскага раёна: жанчыну асудзілі на дзесяць гадоў калоніі за забойства сужыцеля. Жанчына вярнулася дадому пасля працы, а мужчына пачаў абражаць яе дзіця, яна заступілася, таму ён збіў яе. Жанчына забіла яго нажом.
  • 16 сакавіка, суд Савецкага раёна Гомеля: жанчыну асудзілі на сем гадоў калоніі і прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Яна зарэзала свайго партнёра нажом пасля таго, як той ударыў яе некалькі разоў па твары.
  • 24 сакавіка, суд Навабеліцкага раёна Гомеля: жанчыну асудзілі на восем гадоў калоніі за забойства мужа. Жанчына падчас сваркі і бойкі з мужам ударыла яго відэльцам па галаве. Мужчына быў жывы яшчэ суткі, але адмаўляўся ад медыцынскай дапамогі.
  • 30 сакавіка, суд Мінскага раёна: жанчыну асудзілі на 17 гадоў калоніі за забойства мужа. Пара разам выпівала, а пасля мужчына пачаў збіваць яе. Жанчына ўзяла нож і некалькі разоў ударыла ім мужа ў тулава. Мужчына памёр у бальніцы.
  • 18 красавіка, суд Ленінскага раёна Брэста: жанчыну асудзілі на сем гадоў за забойства сужыцеля. Сужыцель перыядычна збіваў жанчыну, але яна ніколі не звярталася ў міліцыю. Пасля вяртання мужчыны дадому з падпрацоўкі ў Марыупалі ў іх здарыўся канфлікт, ён пачаў яе збіваць, а яна ўдарыла яго нажом. Мужчына загінуў.
  • 29 красавіка, суд Гродзенскага раёна: жанчыну асудзілі на дзесяць гадоў калоніі за забойства сужыцеля. Пара пасварылася з-за таго, што жанчына схавала ад мужчыны алкагольныя напоі. У іх адбылася бойка, падчас якой жанчына зарэзала сужыцеля.
  • 4 мая, суд Партызанскага раёна Мінска: жанчыну асудзілі на 12 гадоў калоніі за забойства сужыцеля. Жанчына ўдарыла мужчыну нажом падчас сваркі.
  • 11 мая, суд Лідскага раёна: жанчыну асудзілі на сем гадоў калоніі за забойства сужыцеля. Жанчына тры разы ўдарыла яго нажом пасля таго, як той здзекаваўся з яе і трымаў яе за валасы.
  • 17 мая, суд Савецкага раёна Гомеля: жанчыну асудзілі на сем гадоў калоніі за забойства сужыцеля. Высветлілася, што жанчына збіралася сысці ад мужчыны, але баялася яго, бо ён часта яе збіваў. У адзін з вечароў пасля чарговай бойкі жанчына ўдарыла яго адзін раз нажом у грудзі і трапіла ў сэрца.
  • 8 чэрвеня, суд Савецкага раёна Гомеля: жанчыну асудзілі на восем гадоў калоніі за забойства сужыцеля. У іх адбылася сварка, падчас якой жанчына ўдарыла мужчыну два разы ў вобласць ключыцы. Мужчына памёр ад страты крыві.

У гэтых выпадках кваліфікацыю крымінальных спраў не змянялі. Хаця ў Крымінальным кодэксе Беларусі ёсць артыкул «Забойства пры перавышэнні меж неабходнай абароны». PALATNO змагло знайсці толькі адзін апублікаваны прысуд па падобнай справе за 2023 год. Суд адбыўся ў Горацкім раёне ў студзені. Жанчыну пасля сумеснага ўжывання алкаголю жорстка збіваў муж, і яна ўдарыла яго нажом у вобласць сэрца, каб абараніцца. Мужчына памёр на месцы здарэння. Жанчыне прысудзілі два гады дамашняй «хіміі», а з улікам амністыі ёй знялі адзін год.

У Беларусі дагэтуль няма закона аб дамашнім гвалце, хаця дамашні гвалт прысутнічае ў беларускіх сем’ях. Па дадзеных беларускіх сілавікоў, больш за дзесяць тысяч чалавек, якія пацярпелі ад хатняга гвалту, звяртаюцца па дапамогу. На прафілактычным уліку ў аддзяленнях міліцыі па дамашнім гвалце стаяць каля 14 тысяч беларусаў.

Сваркі ў сям’і часта разглядаюцца па адміністратыўным заканадаўстве — і гвалтаўнікі атрымліваюць штрафы і суткі арышту. Калі дзеянні падпадаюць пад крымінальны артыкул, то гэта суды за пабоі, цяжкія цялесныя пашкоджанні, пагрозы забойствам і забойствы.

У 2014 годзе быў уведзены яшчэ адзін від пакарання — «ахоўнае прадпісанне»: агрэсараў могуць сілком выселіць з дому на некаторы час. У 2024 годзе ў Беларусі мусіць з’явіцца рэестр фактаў хатняга гвалту.

Вярнуцца ўгару