Як стаць на ўлік па цяжарнасці, што чакае жанчыну падчас першага візіту да гінеколага, як выглядаюць роды, дзе зарэгістраваць навароджанае дзіця і якую дапамогу можна атрымаць ад дзяржавы.
PALATNO расказвае гісторыі жанчын, якія прайшлі ў Беларусі ўсе этапы: ад першага наведвання гінеколага да рэгістрацыі дзіцяці.
«Усё прайшло весела, адносна хутка і лёгка»
Беларуска Марыя жыве ў Гродне, дзіця нарадзіла тры гады таму. На ўлік у жаночую кансультацыю яна стала па месцы жыхарства. Па словах Марыі, зрабіць гэта неабходна да 12-га тыдня, у ідэале — да 9-га ці 10-га. З дакументаў беларусцы спатрэбіўся толькі пашпарт.
Марыя дадае, што цяжарнасць можна весці ў прыватным медычным цэнтры, чым яна і скарысталася на першым трыместры. Беларусцы неабходна было прайсці шмат розных дактароў, але яна вырашыла, што з таксікозам чэргі і выбіванне талончыкаў не асіліць. Першы візіт Марыі да гінеколага па цяжарнасці прайшоў, як яна кажа, лёгка і з усмешкай.
— Цяжарнасць была запланаванай, і мая доктарка не здзівілася, калі я прыйшла і паведаміла, што, маўляў, вось. Яна сказала, што і куды здаць, у які кабінет зайсці і гэтак далей. Калі няма ніякай паталогіі і нішто не турбуе, то кабінет доктара трэба наведваць спачатку раз на месяц, потым раз на пару тыдняў, а бліжэй да родаў — кожны тыдзень.
Роды ў Марыі прыходзілі па кантракце з абраным доктарам у абласным перынатальным цэнтры: «Кантрактныя роды — гэта калі ты выбіраеш у радзільні доктара па водгуках, па асабістых перавагах, сустракаешся, маеш зносіны і, калі ўсё добра, падпісваеш кантракт, па якім менавіта гэты лекар будзе прымаць роды, калі настане час».
Марыя нараджала падчас пандэміі, таму магчымасці выбраць асобную радзільную палату не было. Платнымі былі толькі кантракт, даплата за начныя роды з абраным лекарам і даплата за эпідуральную анестэзію.
З сабой беларуска раіць узяць рэчы са спіса, які выдаюць у радзільным доме, а таксама асабістае слабільнае, якое падыходзіць, і абязбольваючыя сродкі .
— Калі не браць у разлік, што ў цэлым роды — працэс не самы бязбольны, то ўсё прайшло весела, адносна хутка і лёгка. Ніхто не прыспешваў, не прымушаў пражываць схваткі так, каб мне было нязручна, усё тлумачылі. Думаю, што прычына ў правільна абраным для мяне доктару і кантракце. Я б сказала, мне пашанцавала. Вельмі моцна пашанцавала трапіць да тых лекараў, з якімі ў нас супалі нашы погляды на роды. Не ўсім так шанцуе. Не хапіла хіба што працы псіхолага і кансультанта па грудным выкормліванні. Было б выдатна, калі б пра гэта было не тым, пра што трэба прасіць, а опцыяй па ўмаўчанні.
Для таго, каб зарэгістраваць нованароджанае дзіця, у радзільні выдаюць даведку. З даведкай і пашпартамі бацькоў трэба ісці ў бліжэйшы аддзел ЗАГСа. Па словах Марыі, калі імя ў дзіцяці будзе асаблівае, то пажадана пра гэта загадзя папярэдзіць у ЗАГСе — калі такім імем яшчэ не называлі, то трэба будзе пісаць дадатковую заяву.
— Дэкрэтны адпачынак у Беларусі пачынаецца на 30-м тыдні цяжарнасці, доўжыцца тры гады. Таксама можна атрымаць фінансавую падтрымку, калі становішся на ўлік да 12-ці тыдняў, потым аднаразовую выплату па нараджэнні і яшчэ штомесячныя выплаты.
Будучым мамам Марыя раіць чытаць пра першы год жыцця дзіцяці, а таксама медыцынскую літаратуру пра роды: «А не пра кветачкі і матылькоў, каб не было потым шокам тое, што ўвесь гэты працэс — не пра казку, а пра фізіялогію».
— Трэба максімальна слухаць сябе і свае пажаданні, шукаць таго самага доктара, з якім будзе радасна і камфортна. Не баяцца адстойваць свае правы. Хто, калі не вы.
«Грубілі, пагражалі, запалохвалі і падманвалі»
Першае дзіця беларуска Ганна (імя зменена ў мэтах бяспекі — PALATNO) нарадзіла шэсць гадоў таму, другога — тры. Да гінеколага яна звярнулася ў жаночую кансультацыю па месцы жыхарства. Для таго, каб завесці картку, патрэбны пашпарт. Грамадзянам Беларусі за гэта плаціць не трэба, бясплатныя таксама аналізы і УГД.
— Візіт да гінеколага залежыць, як правіла, ад самога гінеколага. Са мной абыходзіліся ветліва, хоць з другой цяжарнасцю гінеколаг была строгая і высакамерная. Гінеколага наведвала кожныя тры тыдні, а бліжэй да родаў — кожныя два, а то і кожны тыдзень.
Першыя роды ў Ганны прайшлі ў Гродне ў бальніцы хуткай медычнай дапамогі. Медперсанал ставіўся да яе вельмі дрэнна. Па яе словах, ёй грубілі, пагражалі, запалохвалі і падманвалі. Абстаноўка была напружанай, харчаванне — слабым.
— Другія роды праходзілі ў Гродне ў радзільным доме. Гэтым разам я падпісала з доктарам дамову аб вядзенні родаў. Доктар паводзілася ветліва. Але мне не спадабалася, як да мяне ставіліся ў педыятрыі — вельмі перастрахоўваліся, працавалі непрафесійна, прызначалі лекі без ўзгаднення, не было індывідуальнага падыходу, а проста па рэгламенце. Харчаванне ў радзільні нашмат лепшае: хапала таго, што давалі.
Ганна лічыць роды натуральным фізіялагічным працэсам, а ў Беларусі медыкі вельмі скрупулёзныя і часам занадта ўмешваюцца ў натуральны працэс. Дактары ў жанчыны былі розныя: як ветлівыя, так і пагардлівыя. Ганна параўноўвае іх з іх польскімі калегамі: палякі ставяцца да будучай мамы нашмат больш пяшчотна і клапатліва. Жанчыне хацелася б, каб і ў Беларусі ставіліся да будучых мам больш чалавечна, таму што гэты перыяд вельмі ўразлівы і далікатны.
— Раю будучым мамам рыхтавацца да родаў і шукаць інфармацыю па грудным выкормліванні, па доглядзе за дзіцём і наладжванні сну. Рэкамендую загадзя знайсці доктара, які будзе прымаць роды, альбо дамовіцца з доўлай. І ставіцца пазітыўна да родаў, паколькі гэта натуральны працэс, без якога чалавецтва б не выжыла.
«Умовы былі адносна нармальныя»
Для таго, каб стаць на ўлік па цяжарнасці ў Беларусі, па словах Лены, неабходна з пашпартам звярнуцца да гінеколага па месцы жыхарства і пацвердзіць у яго факт наяўнасці цяжарнасці: зрабіць УГД, прайсці агляд і здаць аналіз крыві. Таксама цяжарнасць можна весці ў платных клініках.
— Мой першы паход да гінеколага быў у прыватную клініку. Я доўга вырашала, дзе мне весці цяжарнасць. У выніку прыватны цэнтр аказаўся для мяне занадта дарагім варыянтам. І я выбрала паліклініку і не пашкадавала. Нараджала я ў Мінскім абласным радзільным доме, гэта была не платная палата, я не плаціла за тое, каб мае роды вёў пэўны доктар. Я проста прыехала па накіраванні ад маёй паліклінікі.
Па словах Лены, умовы ў радзільным доме былі адносна нармальныя. Жанчына трапіла туды летам 2021 года. Перад тым, як нарадзіць, яна некалькі дзён ляжала ў паталогіі. Лена была ўжо на даволі вялікім тэрміне, але роды яшчэ не пачыналіся. У выніку жанчына нарадзіла сама.
— Была вельмі моцная спякота. І ў радзільным доме не было ніякай крамы. Выходзіць адтуль было забаронена. Там нават немагчыма было купіць вады. Унутры яна не прадавалася. Медперсанал ставіўся добра, але я нічога асаблівага не чакала ад родаў. Я праходзіла курсы падрыхтоўкі да родаў самастойна. Задача персаналу — дапамагчы мне, а мая задача — дапамагчы ім. Пасля родаў я знаходзілася там пяць дзён.
Лена трапіла ў аддзяленне, дзе ляжалі яшчэ тры жанчыны. У іншых палатах такой жа плошчы ляжалі па сем чалавек.
Навароджанае дзіця Лена рэгістравала ў ЗАГСе: для гэтага была патрэбна даведка з радзільнага дома і пашпарты бацькоў.
Што тычыцца дэкрэтнага адпачынку, то ён пачынаецца на сёмым месяцы цяжарнасці. Калі ў жанчыны ёсць нейкая паталогія, то адправіць могуць і раней. Пасля нараджэння дзіцяці пачынаецца іншы адпачынак, які доўжыцца тры гады. Акрамя таго, у дэкрэтным адпачынку да родаў дзяржава аказвае будучай маме фінансавую дапамогу. Пры нараджэнні дзіцяці таксама выплачваюць пэўную суму, а далей — штомесячная дапамога.
— Мая парада будучым мамам — рыхтавацца, праходзіць курсы ці анлайн, ці ў жаночай кансультацыі. Такая падрыхтоўка здымае 80% трывогі, якая ёсць у будучай мамы. Калі нешта пойдзе не па плане, мама выкарыстае свае сілы прадуктыўна, каб дапамагчы нарадзіцца дзіцяці.
«Была сувязь з доктарам па “Вайберы”»
Беларуска Крысціна (імя зменена — PALATNO) кажа, што, калі жанчына становіцца на ўлік, ёй абавязкова робяць УГД, якое пацвярджае цяжарнасць, вызначае дакладны тэрмін развіцця плода і папярэднюю дату родаў. У той час, калі Крысціна зацяжарыла, была чарговая хваля кавіду. Таму яны з мужам вырашылі ісці ў платны цэнтр, каб звесці да мінімуму кантакты з хворымі людзьмі ў паліклініцы.
— Я пагугліла праграмы вядзення цяжарнасці, з’ездзіла на тэставы візіт у самую папулярную профільную клініку. Аднак мяне не задаволіў падыход доктара, і я стала шукаць далей. Мяне не турбавала якасць сэрвісу на ўзроўні дзяржустановы, я сфакусавалася на пошуку кваліфікаванага доктара. Знайшла медсястру, якая вельмі цікава расказала аб адным з дактароў, і я вырашыла пайсці на візіт (назва клінікі, у якую звярнулася Крысціна, не згадваецца ў мэтах бяспекі — PALATNO). Падкупіла таксама тое, што пры платных родах я б нараджала ў таго ж доктара, які вёў цяжарнасць. Гэта значыць, не ў выпадковага гінеколага, а ў чалавека, які прайшоў бы са мной усе этапы цяжарнасці, ведаў мае аналізы, стан здароўя і максімальна адэкватна адрэагаваў бы ў незапланаванай сітуацыі. Ну і нараджаць з «невыпадковым» доктарам, вядома, таксама немалаважная штука.
На першым візіце да гінеколага Крысціна чакала сваёй чаргі дзве з паловай гадзіны. На прыёме доктар сказала, што «ўсіх без разбору, да сябе не бярэ, нават на платнае», таму што яна «доктар сур’ёзны і мае права адмовіцца». Крысціна запыталася ў гінеколага наконт поглядаў на вітаміны, фізічную падрыхтоўку падчас цяжарнасці і яны «прамацалі адна адну на пачуццё гумару». Беларуска вырашыла, што весці цяжарнасць будзе ў яе.
— Не ведаю, як часта звычайна наведваюць гінеколага пры вядзенні цяжарнасці. У мяне была сувязь з доктарам па «Вайберы», таму, калі я адчувала недамаганне ці проста «нешта дзіўнае цяжарнае», я пісала ёй.
Доктар адразу распісала мне праграму дзеянняў (УГД, аналізы, агляды спецыялістаў) на першы трыместр. Пасля мы рабілі так на кожны з этапаў. У цэлым, пачынаючы з сярэдзіны цяжарнасці, я прыязджала ў клініку кожныя пару тыдняў. Сам кабінет доктара я наведвала раз на месяц.
Пра свае роды беларуска шмат расказваць не хоча: «так і не супакоілася». Крысціна нараджала летам, у самую спякоту. У гэты час у яе аддзяленні было больш за 10 жанчын. Ёй расказвалі гісторыі, калі парадзіхам не хапала месцаў і ім прыходзілася ляжаць у калідорах. Крысціна кажа, што ёй пашанцавала, таму што падчас родаў у аддзяленні нікога не было.
Беларуска лічыць, што роды ёй справакавалі. Пасля агляду ў прыёмным аддзяленні ў яе адышлі воды. «Паколькі агляд быў даволі грубы, я вырашыла, што ён і справакаваў пачатак радавой дзейнасці». Таксама Крысціне не далі ніякай анестэзіі, хоць яна і мела на яе права. Каб палепшыць роды, беларусцы паставілі кропельніцу, але трубка пераціснулася, з-за чаго раствор перастаў капаць. Высветлілася гэта праз тры гадзіны, калі прыйшла доктар і праверыла кропельніцу.
— Мае роды пачаліся ўвечары. Доктар прыехала раніцай, а шостай гадзіне, калі я знаходзілася ў радзільнай палаце ўжо болей за восем гадзін. Нягледзячы на тое, што ў мяне была платная дамова, першыя гадзіны, самыя няпростыя, я была толькі з начной брыгадай. На шостую гадзіну родаў у мяне пачаліся патугі. Дзяжурны доктар праігнаравала гэта, з-за чаго потым, як высветлілася, я хутка стамілася і да нармальнага раскрыцця пачала згасаць радавая дзейнасць. Да таго ж, дзіця вельмі стамілася, і па нараджэнні брыгада павезла немаўля ў рэанімацыю з дыягназам «пнеўманія». І адразу ж пачалі шпігаваць нованароджанага антыбіётыкамі (гэта таксама адна з вельмі папулярных тактык беларускіх радзільняў: ледзь што — адразу калоць і ў рэанімацыю). Дзіця мне аддалі толькі на чацвёртыя суткі. Мой малы вельмі хутка аднавіўся пасля гэтага ўсяго, і зараз ў нас усё добра.
Будучым мамам Крысціна раіць нараджаць не ў Беларусі, бо «радзільні ў нас толькі дзяржаўныя». Па яе словах, дзяржаўны радзільны дом — гэта калі, да прыкладу, нараджаеш летам, а раддом знаходзіцца ў зоне, дзе зараз адключылі гарачае водазабеспячэнне, то цяжарная жанчына будзе падмывацца з чайніка, які мусіць прывезці з сабой.
— Тое самае тычыцца і эпідуральнай анестэзіі. У нас яе не прымяняюць. Яна ёсць, але, хутчэй за ўсё, вам яе не зробяць. Усё залежыць ад доктара і брыгады. Вельмі часта з жанчынамі размаўляюць як з целам, ніхто не звяртае ўвагу на тое, наколькі моцна вам балюча. Што тычыцца плюсаў, то ў абласным цэнтры вельмі пазітыўна ставяцца да груднога выкормлівання і дапамагаюць наладзіць гэты працэс.
Як нарадзіць у Беларусі?
Спачатку неабходна стаць на ўлік па цяжарнасці ў жаночай кансультацыі па месцы жыхарства. Зрабіць гэта трэба да 12-га тыдня. Для гэтага спатрэбяцца пашпарт і дазвол на абслугоўванне ў паліклініцы, калі жанчына не зарэгістравана ў гэтым раёне.
Гінеколаг заводзіць дзве карты: індывідуальную карту цяжарнай і абменную карту — у яе ўносяць усю інфармацыю, якая тычыцца здароўя маці, плода, зыходу цяжарнасці і некаторыя даныя аб нованароджаным. Жанчына мусіць мець пры сабе абменную карту на любым планавым і пазапланавым прыёме, у тым ліку ў профільных спецыялістаў, і абавязкова — у радзільні.
Жанчынам, якія сталі на ўлік па цяжарнасці да 12-га тыдня, выплачваюць фінансавую дапамогу. На 1 жніўня 2023 год яна складае 364,40 рубля.
Пры нараджэнні першага дзіцяці дапамога складае 3 644 рублі. Памер штомесячнай дапамогі па доглядзе за дзіцём ва ўзросце да 3 гадоў — 651,35 рубля. Больш інфармацыі можна знайсці на сайце mintrud.gov.by.
Для таго, каб зарэгістраваць дзіця, неабходна падаць заяву ў аддзел ЗАГСа не пазней, чым за тры месяцы з дня нараджэння, па месцы жыхарства, або па месцы знаходжання медыцынскай установы.
Па жаданні бацькоў органы ЗАГС могуць стварыць урачыстую абстаноўку рэгістрацыі.
Заява аб рэгістрацыі нараджэння робіцца бацькамі, а ў выпадку хваробы, смерці бацькоў, ухілення бацькоў ад падачы заявы або немагчымасці для іх па іншых прычынах зрабіць заяву — блізкімі сваякамі бацькоў, органам апекі і папячыцельства, адміністрацыяй арганізацыі аховы здароўя, у якой маці пакінула дзіця пасля яго нараджэння, або іншымі асобамі.
Неабходныя дакументы:
- пашпарты (від на жыхарства — для замежных грамадзян) абаіх бацькоў;
- пасведчанні аб нараджэнні абаіх бацькоў для пацвярджэння нацыянальнасці — па жаданні;
- пасведчанне аб заключэнні шлюбу;
- медыцынская даведка аб нараджэнні.
Пры рэгістрацыі аддзел ЗАГСа выдае пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, ставіць штампы ў пашпарты бацькоў, а таксама выдае даведку для таго, каб атрымаць аднаразовую дапамогу.