У беларусаў ёсць шмат эпітэтаў, каб расказаць пра алкаголь і свой стан пасля ўжыванню спіртных напояў. Шэраг фраз сапраўды красамоўныя, і спачатку можна нават і не падумаць, што яны менавіта пра алкаголь…
PALATNO расказвае, як размаўляць пра алкаголь выключна па-беларуску.
Змест
Як называць алкаголь
У беларусаў ёсць шмат эпітэтаў, каб апісаць алкагольныя напоі. Беларусы пілі розны алкаголь, аднак усё ж такі самымі папулярнымі сталі гарэлка і самагонка. І вось як іх называлі нашы продкі:
- Шкляны Бог — гарэлка, спіртное: «Паэт меў некаторую склоннасць да “шклянога бога”».
- Чортава зелле — гарэлка: «Адзін Юрка канец з канцом чуць-чуць звяжа. І каб то сям’ёй праз лад ужо абсыпаўся ці там гультаём такім ужо ўдаўся, абы, не тут кажучы, да чортавага зелля ласым быў, — думаць!».
- Зладзейка з наклейкай — гарэлка: «Ёсць і такія механізатары, хто жыве па прынцыпу: абы дзень да вечара, а там хоць трава не расці. Адзін клопат: знайсці зладзейку з наклейкай».
- Зялёны змей — гарэлка ці п’янства: «”Зялёны змей” губіць сем’і не толькі са здзіўляючай метадычнасцю, але і ва ўсё больш узрастаючых маштабах».
- Царскія слёзы — гарэлка: «У канцылярыі, у шафе сярод “гражданских и уголовных дел” стаяла бутэлька з “царскімі слязьмі”, як называлі тады гарэлку, да якой часта прыкладваўся Пятро Восіпавіч і ў часы сваіх заняткаў у воласці».
- Малако ад шалёнай каровы — самагонка: «Сяргей прыхільна глядзіць на Грыбіна. Бярэ з яго рук конаўку, адпівае глыток белай, як малако, вадкасці і зараз жа з агідай выплёўвае. Малако ад шалёнай кароўкі».
Як сказаць, што ты выпіваеш алкаголь?
Існуе шмат варыянтаў, як беларусы могуць сказаць, што яны выпіваюць алкаголь. Мы падабралі і самыя папулярныя выразы, і самыя красамоўныя, якія занатоўвалі нашы пісьменнікі.
- Бачыць шклянога Бога — выпіваць, напівацца спіртнога: «А то ў вас ёсць такі дзядзька Дзяніс, ён, мусіць, учора бачыў шклянога бога, бо крычаў: “Сваімі рукамі Бокуця задушу…”»
- Браць у губу — піць спіртное: «Порхаўку трэба так страсянуць, каб выбіць з яго гультая. Дый Порхаўка залішне бярэ ў губу».
- Вадзіць казу — хадзіць гуртам у стане ап’янення, у другім значэнні — п’янстваваць, напівацца: «”Вадзілі казу” беларускія творцы і да вайны, натхніцелямі былі такія геніі, як Алесь Кучар, і ён жа даносіў на п’яную “свабодалюбівую” балбатню сваіх калег».
- Закідваць (заліваць) за гальштук — выпіваць, напівацца: «Напарнікам быў Сураў, акружэнец. Рашучы хлопец, але трохі таго, за гальштук любіў закінуць».
- Пад газам — у стане лёгкага ап’янення: «Усе добра ведалі, што абодва грузчыкі пастаянна ў час работы знаходзіліся “пад газам”».
- Глядзець у бутэльку (у чарку) — выпіваць, напівацца: «Я лічу, што добрым брыгадзірам быў бы Рыгор Чэчат. І грамату знае, і зямлю ведае не горш за Шалестуна. І ў бутэльку не глядзіць».
- Закусваць рукавом — нічым не закусваць пасля выпіўкі: «Ля ларка я так, як некаторыя, цьфу ты, ніколі рукавом не закусваў».
- Заліваць чарвяка — выпіваць спіртное: «Раз у Смаленску запыняе мяне абарваны чалавек інтэлігенцкага аблічча: “Дайце мне, барышня, на выпіўку”. — “А колькі ж вам даць?..” — “Ну, дайце, каб можна было чарвяка заліць”. — “Разуменне “заліць чарвяка” — рэч неазначаная і расцяжная: аднаму і кручка даволі, а для другога кручок — кропля ў моры».
- Па маленькай — нямнога выпіць: «Мяне Барыс Мікалаевіч апякуе. Часам і да мяне заходзіць, дык мы з ім па маленькай возьмем».
- Заліваць вочы — напівацца, напойваць каго-небудзь: «Другі… вочы штодзень залівае ды яшчэ хоча, каб жонка яму і слова супраць не сказала».
- Заліваць горла (рот) — напойваць каго-небудзь, даводзіць да стану ап’янення: «Цяпер жа Захар рыхтуе грунт сабе ў межах воласці, шчодра заліваючы горлы прагавітых на вытуку сваіх выбаршчыкаў».
- Наступіць на корак — выпіць спіртнога: «Гаварыў ён хрыпата і ўцешна, размахваў рукамі — па ўсім было відаць, што наступіў на корак».
- Панюхаць корак — выпіць спіртнога: «— Нешта ты сёння кіслы, — заўважыў Уладзік. — Няўжо нідзе не давялося панюхаць корак?».
- Прамачыць горла — выпіць трохі спіртнога: «Сястрыца, дай яму чарку гарэлкі, каб прамачыў горла».
А як сказаць, што ты ўжо п’яны?
І, вядома, ёсць шэраг фраз, як можна патлумачыць свой стан алкагольнага ап’янення. Вось прыклады:
- На брывах — у стане моцнага ап’янення: «Супец з хаўруснікамі ў гатэлі там абмылі “гістарычныя дакументы”, што Насця з імі дні тры не размаўляла. Не, вярнуўся ён не на брывах, але нагаварыў ёй такога…».
- Пад градусам — у стане ап’янення: «За старасту цяпер быў той самы Ціт Мірончык, часта хадзіў пад градусам, рыжы чалавек, з закручанымі рыжымі вусамі».
- Хмель ударыў у галаву — ап’янець: «У жываце стала цёпла, хмель ударыў у галаву, і механізм разладзіўся: рухі сталі недакладнымі, язык — непаваротлівым, рукі і ногі — цяжкімі».
- Пад хмяльком — у стане ап’янення: «Збіраліся з сябрамі пасля змены. Стаў я ўсё часцей прыходзіць пад хмяльком».
- Пад чаркай — у стане алкагольнага ап’янення: «А ты не бачыў, які Леўчык дамоў ідзе. Заўсёды пад чаркай».
- Пад шафэ — у стане ап’янення: «Канечне, Масальскі быў пад шафэ. Ён у новенькім трыковым гарнітуры, ласкавых новых туфлях».
- Пад мухай — у стане ап’янення: «Набажэнства ў царкве ён, бацька Уладзімір, заўсёды правіў пад мухаю».
- Мокнуць у гарэлцы — п’янстваваць, многа і часта піць: «Той яму не сказаў проста ў вочы, а намякнуў, што ён, Стрынадка, мокне ў гарэлцы, а работа быццам яму ні ішла ні ехала».
- На ўзводзе — у стане алкагольнага ап’янення: «Марцін жа перад тым наведаўся к суседу, там выпіў як належыць, закусіў, ну і на ўзводзе быў, вядома».
- Пад мухай — у стане ап’янення: «Старэйшы вахман… амаль штодня быў “пад мухай” і пра каманду мала дбаў, спадзеючыся на другога вахмана».
- На падпітку — у стане лёгкага ап’янення: «Ці ты позна прыйшоў, ці рана, ці цвярозы, ці на падпітку… усё адно не дагодзіш жонцы, знойдзе, да чаго прыдрацца».
Як сказаць, калі ты п’яны і табе кепска? Ці калі ты проста моцна п’яны?
А як можна патлумачыць свой стан, калі ты ўжо выпіў? А калі табе кепска ад алкаголю? А калі ты цвярозееш? Тут таксама ёсць шмат варыянтаў, выбірайце любы да спадобы.
- Мора разліўное — гулянка з выпіўкай, п’янка: «Валянцін баяўся мора разліўнога і гэтых заўсёдных угавораў у кампаніі — чаркі Валянцін не любіў». Таксама гэты выраз ужываецца як тлумачэнне чагосьці ў вялікай колькасці.
- Адпіць мазгі — страціць здольнасць нармальна паводзіць сябе: «Цяпер кожны з іх з той жа згодай меркаваў і гадаў, чаму ж ён памёр: — Дзеўка тая яго і замучыла. Давяла да магілы. — Ад гарэлкі сканаў. Адпіў мазгі».
- З п’яных вачэй — будучы нецвярозым, у стане ап’янення рабіць што-небудзь: «Не помню ўжо, якую яшчэ лухту нёс я тады з п’яных вачэй, толькі бачу — Аня апранаецца і Генку таксама забірае».
- Лыка не вяжа — такі п’яны, што ледзь гаворыць: «Ляснік не вязаў лыка, і пра Шашолкавы сады ў той вечар я нічога ў яго не дапытаўся б…»
- Ганяць гусей — ісці хістаючыся, там кажуць пра п’янага чалавека: «Лядзяш, ацяжэлы, лічы, віснуў на Алесевым плячы і, як кажуць, ганяў гусей — хістаўся ўбакі, гроб нагамі зямлю, падаў».
- Ездзіў у Рыгу — калі каго-небудзь званітавала, звычайна пры моцным ап’яненні: «Толькі помніцца, як праз сон бачыў, што два разы ездзіў у рыгу… і як гаспадар, выйшаўшы з-за буфета, абзываў свіннямі і хацеў выгнаць вон…».
- Набрацца як жаба гразі — вельмі моцна, пра п’янага: «А то ж бывае, што возьме каторы ды набярэцца здуру як жаба гразі».
- Закідваць (заліваць) за каўнер — моцна напівацца: «Вялікія людзі не дурні былі за каўнер закінуць. Вазьмі любое кіно — п’юць».
- Па п’янай лавачцы — будучы ў нецвярозым стане рабіць што-небудзь: «Мужыкі нашы кажуць, што прызнаваўся па п’янай лавачцы — у грамадзянскую знаходзіўся ў бацькі Махно, а затым увесь час замятаў сляды».
- Не прасыхаць — беспрабудна п’янстваваць: «Данька сыпаў грашыма налева і направа, сам не прасыхаў і дружбакоў вадзіў цэлую кампанію за сабой».
- Пад п’яную руку — у стане ап’янення рабіць штосьці: «Хлопцы не разумелі: ці не прагаварыліся яны ўчора пад п’яную руку».
- Хмель вылецеў з галавы — хтосьці хутка працверазіўся: «Усё набывала рэальныя фарбы, і ён пачынаў шкадаваць аб гэтым. Няўжо толькі таму, што вылецеў хмель з галавы?».