Як прымірыць і аб’яднаць нацыю? Прыклад Мандэлы і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі

нэльсан мандэла ў турме, апартэід, як прымірыць нацыю

Прымірэнне нацыі — складаны і працяглы працэс, асабліва ў краінах, дзе грамадства расколатае і траўмаванае. Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка стала прыкладам таго, як можна пераадолець глыбокія сацыяльныя і палітычныя супярэчнасці. Пад кіраўніцтвам Нэльсана Мандэлы краіна здолела зрабіць неверагоднае: замест помсты і расколу выбраць шлях міру, прабачэння і адзінства.

PALATNO расказвае, як нацыя можа прымірыцца пасля жудасных падзей.

Коратка пра апартэід, барацьбу і асабістую драму

Ад 1948 года ў Паўднёвай Афрыцы існавала сістэма палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сегрэгацыі, якая стала вядомай як апартэід. Амаль 50 гадоў у ПАР толькі белыя мелі права галасаваць і займаць кіруючыя пасады. Усё чорнае насельніцтва жыло ў спецыяльных раёнах, якіх называлі бантустанамі. Чорныя паўднёваафрыканцы выконвалі самую цяжкую працу і атрымлівалі мінімальныя заробкі. Любы супраціў апартэіду жорстка падаўляўся, аднак супраціў не загасаў.

Нэльсан Мандэла стаў адным з лідараў барацьбы за правы чорнага насельніцтва. У 1962 годзе яго арыштавалі, ён правёў у зняволенні 27 гадоў. У 1990 годзе Мандэлу вызвалілі. Ён узначаліў перамовы з урадам пра пераход да дэмакратыі, пры гэтым заклікаў да прымірэння, а не да рэваншу. У 1994 годзе Нэльсан Мандэла стаў першым чорным прэзідэнтам Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.

Жонка Нэльсана, Віні Мандэла, была замяшаная ў шэрагу скандалаў і абвінавачванняў у парушэнні закона. Яе дзейнасць была накіравана на барацьбу супраць апартэіду, але яна падтрымлівала гвалтоўныя метады барацьбы. У 1980-я гады яе абвінавацілі ў падтрымцы жорсткага метаду пакарання: тым, каго падазравалі ў супрацоўніцтве з уладамі, падпальвалі на шыі аўтамабільную шыну. Віні таксама арганізавала групу маладых людзей, якія фармальна займаліся яе аховай, але асацыяваліся з гвалтам і забойствамі. У 1991 годзе Віні асудзілі за выкраданне чалавека і змову, якая прывяла да забойства. Яна адмаўляла сваю датычнасць, але ёй прысудзілі шэсць гадоў зняволення (пазней замянілі на штраф і ўмоўнае зняволенне). У 1992 годзе Нэльсан і Віні разышліся, яшчэ праз некалькі гадоў развяліся: Мандэла пазней казаў, што іх шляхі разышліся не толькі ў адносінах, але і ў поглядах на будучыню краіны.

Адмова ад помсты

Нэльсан Мандэла зразумеў, што для перамогі над апартэідам будзе недастаткова толькі зламаць яго структуру. Для перамогі трэба пабудаваць новае грамадства, заснаванае на даверы. Мандэла актыўна супрацьстаяў тым, хто патрабаваў радыкальнай расправы над людзьмі, якія кіравалі сістэмай апартэіду. Бо ён разумеў, што помста прывядзе да новых канфліктаў і паглыбіць раскол.

Падчас прамоў Нэльсан Мандэла часта заклікаў забыцца на мінулыя крыўды і разам будаваць будучыню. Мандэла не толькі заклікаў да прымірэння, але і сам практыкаваў яго. Ён сустракаўся з людзьмі, якія падтрымлівалі апартэід. А на яго інаўгурацыі ў 1994 годзе прысутнічалі ахоўнікі, якія трымалі Мандэлу ў турме.

нэльсан мандэла, як прымірыць і аб'яднаць нацыю, апартэід
Нэльсан Мандэла са сваім былым ахоўнікам у турме Крыста Брэндам.

Адмова ад помсты дапамагла стабілізаваць краіну, бо белае насельніцтва, якое баялася рэпрэсій, паступова пачало давяраць новаму кіраўніцтву.

Мандэла не толькі заклікаў да прымірэння, але і сам практыкаваў яго. Ён сустракаўся з людзьмі, якія падтрымлівалі апартэід. А на яго інаўгурацыі ў 1994 годзе прысутнічалі ахоўнікі, якія трымалі Мандэлу ў турме.

Уз’яднанне праз сімвалы

Сімволіка адыграла вырашальную ролю ў працэсе прымірэння. Самы вядомы прыклад — падтрымка Мандэлай нацыянальнай зборнай па рэгбі ў 1995 годзе.

У Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы рэгбі лічыўся «белым» відам спорту і асацыяваўся ў насельніцтва з апартэідам. Большасць чорных паўднёваафрыканцаў не любіла рэгбі.

У 1995 годзе падчас фіналу Кубка свету Нэльсан Мандэла з’явіўся на стадыёне і павіншаваў каманду з перамогай на турніры. Гэты ўчынак стаў знакавым: ён прадэманстраваў, што спорт можа аб’яднаць народ.

нэльсан мандэла, як прымірыць нацыю, апартэід у паўднёва-афрыканскай рэспубліцы
Нэльсан Мандэла на Кубку свету па рэгбі.

Стварэнне Камісіі ісціны і прымірэння

Пасля прыходу Нэльсана Мандэлы да ўлады быў створаны спецыяльны орган — Камісія ісціны і прымірэння. Яе стварылі для адкрытага разгляду злачынстваў, якія здзейснілі падчас апартэіду. Мэтай камісіі не было пакаранне вінаватых, а стварэнне прасторы для прабачэння і аздараўлення нацыі.

Прынцып працы быў наступным: вінаватыя маглі атрымаць амністыю, калі шчыра прызнаваліся ў сваіх дзеяннях падчас апартэіду. Многія пацярпелыя атрымалі маральнае задавальненне ад таго, што іх гісторыі былі пачутыя.

У Камісіі значную ролю адыграў арцыбіскуп Дэзманд Туту. Ён з’яўляўся старшынёй органу і дапамог зрабіць працэс не толькі палітычным, але маральным актам аднаўлення траўмаванага грамадства.

Новая Канстытуцыя

У 1996 годзе ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы прынялі новую Канстытуцыю. Яна стала адной з самых прагрэсіўных у свеце. У ёй дэкларавалася роўнасць усіх грамадзян перад законам, павага да правоў чалавека і абавязак дзяржавы абараняць культурную, моўную і рэлігійную разнастайнасць.

Канстытуцыя 1996 года заклала аснову для нацыянальнага прымірэння, бо гарантавала, што ніхто больш не будзе дыскрымінаваны на падставе расы, полу ці іншых адрозненняў.

Вярнуцца ўгару