Амаль паўстагоддзя таму, у кастрычніку 1967 года, натоўп спаліў у Слуцк суд. У пажары загінула суддзя і двое міліцыянераў. Мясцовая ўлада і сілавікі некаторы час не маглі кантраляваць сітуацыю, у беспарадках пацярпелі нават вайскоўцы.
PALATNO — пра тое, што стала прычынай беспарадкаў і чым яны скончыліся.
Гісторыю падпалу слуцкага суда і беспарадкаў збірала незалежнае выданне «Інфа-Кур’ер» у Слуцку. Больш падрабязнасцей пра падзеі таго часу і інтэрв’ю з удзельнікамі можна прачытаць па спасылцы.
Змест
Кроўная варожасць ці п’яная бойка
9 красавіка 1967 года ў слуцкім гарадскім парку знайшлі труп мужчыны. Яго знайшоў міліцыянер, які ішоў на працу. Мёртвы чалавек ляжаў без адзення: толькі ў сподніках. Ім быў муляр Аляксандр Нікалаеўскі. Пазней следства высветліла, што Нікалаеўскага збілі ў пад’ездзе аднаго з дамоў паблізу. Сведкі сцвярджалі, што мужчына зайшоў п’яным у пад’езд, а адтуль яго кулакамі выгналі Леанід Сыцько і Генадзь Гапановіч. Судмедэкспертыза падкрэслівала, што Нікалаеўскага задушылі.
Генадзь Гапановіч быў членам КПСС, дэпутатам гарадскога Савета і загадчыкам аддзела культуры гарвыканкама — чалавекам у горадзе вядомым і значным. Праз гэта цікавасць да судовага працэсу была павышаная, але ў публічную прастору інфармацыя пра суд амаль не трапляла. У горадзе хадзілі чуткі, што мясцовая ўлада спрабуе выгарадзіць свайго чалавека, якім быў Гапановіч. Пра другога абвінавачванага, Леаніда Сіцько, які даводзіўся Гапановічу сваяком, быццам бы і забылі.
Яшчэ падчас следства сярод мясцовых насельнікаў хадзілі чуткі пра тое, што ў Гапановіча з Нікалаеўскім адбылася не проста п’яная бойка, а была кроўная варожасць. Гаварылі, што нібыта бацька Гапановіча быў паліцаем, а бацька Нікалаеўскага — партызанам. Пазней высветлілася, што бацька Гапановіча падчас вайны знаходзіўся глыбока ў тыле разам з сям’ёй. Чуткі так моцна завалодалі думкамі людзей, што ў большасці не было сумневаў, што справядлівага прысуду не будзе.
Беспарадкі і спалены суд
Суд над Гапановічам і Сыцько пачаўся 10 кастрычніка 1967 года. Суддзі прасілі даць іншае — большае — месца для правядзення пасяджэнняў, але гарадскія ўлады адмовілі. Працэс прайшоў у драўляным будынку слуцкага суда, які будавалі яшчэ немцы падчас Другой сусветнай вайны. Напачатку працэсу бацька Нікалаеўскага хадайнічаў аб адводзе суддзяў, але хадайніцтва адхілілі, таму мужчына пакінуў залю суда.
Пад будынкам суда сталі збірацца людзі — спачатку іх было каля 50, але з кожным днём колькасць павялічвалася.
11 кастрычніка, на другі дзень суда, натоўп патрабаваў выдаць забойцу Нікалаеўскага, каб здзейсніць самасуд. Натоўп крычаў: «Камуніст — забойца!», «Дайце нам душагуба!», «Мы патрабуем справядлівага суда!». Да трэцяга дня судовага пасяджэння натоўп павялічыўся да трох тысяч чалавек.
12 кастрычніка Гапановіча прывезлі на суд не аўтазакам, а на машыне хуткай дапамогі. У той дзень адзін з арыштаваных у следчым ізалятары спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, таму яго на адзіным у горадзе аўтазаку павезлі ў Мінск. Людзей абурыла і тое, што Гапановічу дазволілі прыехаць на суд у касцюме. Аднак гэта тлумачылася патрэбай, каб сведкі, якія бачылі збіццё Нікалаеўскага, адразу ж не паказалі на Гапановіча ў турэмнай робе.
На трэці дзень суддзі скончылі пасяджэнне раней. Але гэта не перашкодзіла натоўпу надалей патрабаваць выдачы абвінавачванага на самасуд. Яны паспрабавалі нават адбіць яго ў канваіраў, але не атрымалася. Да будынка суда накіравалі вайскоўцаў і яшчэ больш міліцыянераў, каб не дапусціць беспарадкаў, якія ўсё роўна адбыліся.
Каб вывесці суддзяў, сілавікоў і Гапановіча з суда ў пратэстоўцаў пусцілі слёзатачывы дым. Людзі, у сваю чаргу, закідалі сілавікоў камянямі і палкамі: па некаторых дадзеных, у сутычцы пацярпелі каля 80 сілавікоў, па іншых — каля 40.
Падчас сутычкі з сілавікамі пратэстоўцы некалькі разоў спрабавалі падпаліць драўляны будынак суда — пры дапамозе бутэлек з бензінам. Усе спробы аказаліся няўдалымі. Увечары некалькі чалавек змаглі прабіцца ў суд, разліць у ім бензін і падпаліць. У будынку суда згарэла суддзя Галіна Аляксеева. Пазней у шпіталі памёр міліцыянер, які скокнуў з падпаленага будынка, а пасля яшчэ быў збіты натоўпам.
Пажарнікі не здолелі пад’ехаць да суда і патушыць яго: пратэстоўцы перагарадзілі ім дарогу і кідаліся ў пажарныя машыны камянямі. Будынак згарэў амаль цалкам.
Гапановіча змаглі вывезці з суда. Са Слуцка яго прывезлі ў Мінск.
Расследаванні і расстрэлы
13 кастрычніка, на наступны дзень пасля падпалу суда, у Слуцк прыехалі партыйныя кіраўнікі, супрацоўнікі КДБ з Мінска і Масквы. Следчыя дапытвалі ўсіх, хто быў каля суда ў дзень беспарадкаў. Часам відавочцы станавіліся абвінавачванымі, а актыўнымі ўдзельнікамі палічылі 70 чалавек.
Яшчэ да судовага разбіральніцтва былі звольненыя начальнік слуцкай міліцыі і мясцовы пракурор. Пасля іх проста перавялі на працу ў іншыя гарады. Партыйнае кіраўніцтва ў Слуцку было цалкам зменена.
Судовы працэс аб падпале будынка суда і беспарадках пачаўся ў лютым 1968 года. Ён доўжыўся амаль месяц. У статусе абвінавачваных на лаве падсудных былі 17 чалавек. Мікалая Грынюка і Івана Папова прыгаварылі да расстрэлу — лічылася, што яны стаялі за падпалам будынка. Астатнія атрымалі да 15 гадоў зняволення кожны. Яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек былі прыцягнуты да розных мер адказнасці. Аднаго з абвінавачваных апраўдалі.
А што здарылася з Гапановічам і Сыцько
Генадзя Гапановіча і Леаніда Сыцько працягвалі судзіць за збіванне Нікалаеўскага не ў Слуцку. Гапановіч атрымаў восем гадоў зняволення, сядзеў у турме пад Оршай і на вольным пасяленні. Пасля вызвалення жыў у Баранавічах, памёр сваёй смерцю ў 2006 годзе.
Сучаснікі ўспамінаюць Генадзя Гапановіча чалавекам, які любіў культуру. Ён пісаў вершы, друкаваўся ў раёнцы і буйных выданнях Беларусі. Пасля яго смерці засталіся рукапісы і ненадрукаваныя вершы. Дарэчы, Гапановіч нават напісаў верш пра Кастуся Каліноўскага.
Судовае разбіральніцтва над Гапановічам і Сыцько так і не дало адназначнага адказу на пытанне, хто з іх забіў Нікалаеўскага. Ёсць меркаванне, што Генадзь Гапановіч стаў разменнай манетай у гэтай гісторыі, а падпал будынка суда і беспарадкі ў Слуцку паказалі, што нават савецкі рэжым не мог спыніць народны гнеў. Дарэчы, беспарадкі ў Савецкім Саюзе здараліся і раней: у 1962 годзе была жорстка падаўлена забастоўка ў Новачаркаску, там таксама змагаліся за справядлівасць — але эканамічную.