PALATNO расказвае, як культурна лаяцца па-беларуску.
Змест
- Адпякаць пірагі
- Ад’ядаць вантробы (кішкі, пячонкі)
- Азяліць галаву
- Алёша з батонамі
- Араць дарогі
- Асёл маляваны
- Б’юць і плакаць не даюць
- Варона загуменная
- Гад падкалодны (паласаты, паўзучы, печаны)
- Голь перакатная
- Даваць гарту
- Даваць дыхту
- Дабёр бабёр
- Даваць чапаласу
- Задаваць фефару
- Заліваць сала за скуру
- Заткні гаўкала (хайло, халяву)
- Зрабіць блін
- Блёкату аб’еўся
- Мокрая ануча
- Ні богу свечка ні чорту качарга
- Папраў казе хвост
- Пусціцца ў сабачую скуру
- Пустая малатарня
- Пашыцца ў дурні
- Трасца яго
- Халера ясная
- Чэмер на яго галаву
- Чортам падшыты
- Хахлы вязаць
- Хрэн у вочы
Адпякаць пірагі
Так гаварылі, калі жорстка помсцілі.
«[У Блышынскага] яшчэ цеплілася надзея, а раптам сёння падвернецца нейкі зручны выпадак, а вось яму ўсміхнецца ўдача, і тады ён усё ж адпячэ пірагі свайму заклятаму ворагу».
Ад’ядаць вантробы (кішкі, пячонкі)
Гэта казалі ў выпадку, калі даводзілі да адчаю каго-небудзь ці дакучалі чым-небудзь непрыемным.
«[Адам:] Яна мне пустаслоўем гадзіны дзве вантробы ад’ядала, і я сказаў — адвесці да падвала».
Азяліць галаву
Гэта значыць — страшэнна надакучыць чым-небудзь (гаворкай, просьбай і іншым).
«Дзед нічога не бачыць і не чуе. — Азялілі галаву! — злосна тузаецца ён усім целам. — Азялілі! Наста! Ці доўга ты яшчэ будзеш, га?»
Алёша з батонамі
Так казалі пра някемлівага, няўмелага чалавека, недарэку ці разяву.
«І які ж гэта ў цябе сусед?.. — А, абы-то! — махае рукой Галена. — Каб было пра што казаць. Гэта ж Алёша… з батонамі».
Араць дарогі
Фразу выкарыстоўваюць у выпадку, калі гавораць ці робяць якое-небудзь глупства.
«Стань гаварыць яму, як трэба жыць, дык ён і папёр араць дарогі, крычыць, што кіне сям’ю, што паломіць усё чыста».
Асёл маляваны
Тупы, неразумны чалавек.
«Дурні! Аслы маляваныя! Пасядзець бы паболей побач з дзядзькам Піліпам, навучыцца б плесці з лазы “фірмовыя” кошыкі».
Б’юць і плакаць не даюць
Бязмежна здзеквацца з каго-небудзь.
«Адам, сынок ты мой! Скажы, за што такая стараць паганая мая? За што такая кара? Як гэта кажуць, — б’юць і плакаць не даюць… А чаму?»
Варона загуменная
Нерастаропны, нехлямяжы чалавек, разявака.
«— Вароны мы, вароны загуменныя! — лаяў самога сябе і сваіх таварышаў адзін з трох».
Гад падкалодны (паласаты, паўзучы, печаны)
Так гавораць пра каварнага чалавека, нягодніка.
Голь перакатная
Так называлі беднага ці маральна заняпалага чалавека.
«[Хрысціна — з пагардай, з нянавісцю:] Латруга ты! Голь перакатная! Недарэмна цябе Басяком ахрысцілі».
Даваць гарту
Моцна сварыцца на каго-небудзь.
«Змітрык учора позна затрымаў, — глядзіць мне ў вочы і ўсміхаецца Маруся. — Чуў, мама гарту давала…»
Даваць дыхту
Моцна сварыцца на каго-небудзь, рэзка прабіраць каго-небудзь.
«[Падабед:] Ну і інжынеры — халтуршчыкі… [Рабочы:] Правільна, давай ім дыхту».
Дабёр бабёр
Хітры, выкрутлівы чалавек.
«[Юлія:] Хадзі, я ужо цябе навучу, як маеш з ім абайціцца. [Навум:] Ой, цікунка ты, цікунка! відна, што дабры бабры!»
Даваць чапаласу
Моцна сварыцца на каго-небудзь.
«Але дзе крыўда і махлярства — тады дзед меў адно лякарства — не паглядзіць ён, хто там ты: хоць чорт, хоць д’ябал знамяніты, пляваць яму на тваю масць, але ўжо чапаласу дасць».
Задаваць фефару
Сурова распраўляцца з кім-небудзь.
«— Гэта напэўна святы Мікалай памыліўся і замест цябе мяне пакараў. — Ён яшчэ, глядзі, і мне каб фефару не задаў».
Заліваць сала за скуру
Дапякаць, даймаць каго-небудзь, рабіць каму-небудзь прыкрасці.
«— Не заліваў бы ўжо хоць ты крыві за скуру, дзед. Самі знаем, што трэба рабіць».
Заткні гаўкала (хайло, халяву)
Грубае фраза, што значыць «замоўкні».
«[Банкір:] Не прыставай. [Шусцік:] Не саромейся, тут усе свае. [Банкір:] Заткні гаўкала, кажу».
Зрабіць блін
Жорстка расправіцца з кім-небудзь, моцна пакараць кагосьці, але часцей гучыць як пагроза.
«[Калібераў:] Ды я цябе ў парашок сатру! Я з цябе блін зраблю! [Моцкін:] За што? Квітанцыі я не выпісваў, распіскі не даваў, на старшынь не націскаў і па радыё таксама не выступаў».
Блёкату аб’еўся
Так кажуць чалавеку, які зусім здурнеў, перастаў разумець ці кеміць.
«Ты што — блёкату наеўся? А калі б у мяне тормаз быў няспраўны? Я б на цябе, як на тую жабу зялёную…»
Мокрая ануча
Слабавольны, бесхарактарны чалавек.
«Саша казала, што гарэлка зрабіла яго мокрай анучаю, слухмяным і бязвольным; загадае — і ён пакіне яе, а загадае — застанецца».
Ні богу свечка ні чорту качарга
Пасрэдны чалавек, які нічым не вызначаецца.
«У падлюбцаў пад уласным прозвішчам можа жыць толькі чалавек зусім ні на што не здатны, зусім непрыкметны, пра якога гавораць, што ён — ні богу свечка ні чорту качарга».
Папраў казе хвост
Выказванне незадавальнення, абурэння тым, хто умешваючыся ў размову, папраўляе каго-небудзь, дае парады.
«— Вось вы тут кажаце — калгас, абагульненне жывёлы, каб, значыцца, нічыё, калектыўна, ну, значыць, гуртам.. леканструкцыя сельскай гаспадаркі… — Рэканструкцыя!.. — Папраў казе хвост! Што ты не даеш мне слова сказаць?»
Пусціцца ў сабачую скуру
Страціць сумленне, разбэсціцца, стаць нягоднікам.
«[Даніла:] І калі хто з нас пусціцца ў сабачую скуру і перакінецца на бок ворага — няхай пральецца яго чорная кроў…»
Пустая малатарня
Чалавек, які займаецца пустымі размовамі, балбатун і пустаслоў.
«[Міхаліна:] Што забаўнік, то ўжо сапраўды забаўнік. Пра яго, ці чуеце, забавы і дзеўкі, і бабы пацвердзіць могуць… [Ульяна:] І што праўда. Пустая малатарня. Толькі і клёку, што язык па-за вушшу ходзіць».
Пашыцца ў дурні
Паставіць сябе ў недарэчнае, смешнае становішча.
«[Князь Глінскі:] Як ты пашыцца ў дурні караля прымусіў? [Балінскі:] Хварэе наш кароль, і ад хваробы лекаў шукае ў добрых справах. Падагрэў я гэту думку ў ім, і ён паперу выдаў».
Трасца яго
Выказванне прыкрасці, абурэння.
«А што ж далей? Ды вось сядзі на табурэтцы, прывінчанай да палогі, глядзі на белую сцяну… Надпісаў штосьці на сценах няма. Ордунг, трасца яго галаве!»
Халера ясная
Вокліч здзіўлення, захаплення, раздражнення.
«Гатоў помнік. Добры помнік… Эксперыментальны, халера ясная. Пашэнціла вам, пашэнціла. Во ён, халера ясная».
Чэмер на яго галаву
Выказванне прыкрасці, абурэння.
«Іду ад Касабуцкага, ад буржуя гэтага, чэмер на яго галаву!»
Чортам падшыты
Хітры і шкадлівы чалавек.
«Ідзі [загані свіней], а то пабягуць на вуліцу. Тады набегаешся за імі. Яны як чортам падшытыя».
Хахлы вязаць
Даводзіць каго-небудзь да спрэчкі, правакаваць лаянку, непрыязнасць.
«[Зазыбу] не.. вельмі хацелася распачынаць сярод поля сход ды хахлы вязаць у людзей».
Хрэн у вочы
Выказванне незадаволенасці, абурэння, здзіўлення.
«[Ціхон:] Хрэн табе ў вочы, — жонка, а жонка! Хадзі ды паўзірайся, як дачка твая з Грышкам Цюхайчыкам галубіцца!»
