Ад інфаркту да электратраўмы. Як выратаваць жыццё чалавека

першая медычная дапамога, інсульт, інфаркт, пералом, электратраўма

Што рабіць, калі ў чалавека інфаркт? А якія прыкметы пры інсульце? У чым заключаецца метад Геймліха і калі яго прымяняць? Паразмаўялі з беларускім доктарам, неўролагам Марынай, каб даведацца, як выратаваць жыццё чалавека ў розных выпадках.

Інфаркт

Найперш трэба разумець, якія ёсць прыкметы інфаркту. Сярод іх вылучаюць наступныя:

  • боль, пякло ў грудной клетцы, пачуццё здушвання ў грудзях, боль можа перадавацца ў шыю, ніжнюю сківіцу, руку (часцей левую), верх жывата;
  • адчуванне перабояў у працы сэрца;
  • аддышка;
  • галавакружэнне;
  • слабасць;
  • халодны пот;
  • трывога і страх смерці.

Пры такіх прыкметах важна неадкладна выклікаць хуткую дапамогу — па нумары тэлефона 103. А да прыезду хуткай, калі чалавек знаходзіцца ў свядомасці, трэба дапамагчы яму сесці або легчы з прыпаднятай галавой, затым вызваліць грудную клетку ад здушвання (расшпіліць адзенне) і адчыніць вокны ў пакоі.

Трэба высветліць, ці мае чалавек супрацьпаказанні да прыняцця аспірыну, і даць яму адну таблетку (500 міліграмаў). Калі ёсць магчымасць вымераць ціск і ён падвышаны, то можна даць ад адной да трох (але не больш!) таблетак нітрагліцэрыны з інтэрвалам у пяць хвілін кожную. Калі пасля любой з таблетак з’яўляецца слабасць, галавакружэнне, то паўторны прыём забаронены.

Калі чалавек прымаў таблеткі да прыезду медыкаў, то трэба запісаць усё ці дачакацца хуткай дапамогі і расказаць ім. Калі вы можаце самастойна даставіць чалавека ў бальніцу, то гэта трэба зрабіць як мага хутчэй.

Калі ў чалавека ёсць сардэчнае захворванне, то яму варта ўдакладніць у доктара, што рабіць у выпадку прыступу, запісаць рэкамендацыі і насіць іх пры сабе. Чалавек у момант прыступу з-за трывогі не заўжды мае ясны розум і не заўсёды можа расказаць, што менавіта яму трэба прыняць.

першая медычная дапамога, інсульт, інфаркт, пералом, электратраўма
Фота: Jonas Augustin / unsplash.com

Інсульт

Можна вызначыць і прыкметы інсульту. Самы просты і хуткі тэст на дыягностыку інсульту, калі чалавек:

  • не можа роўна ўсміхнуцца, яго ўсмешка крывая, несіметрычная;
  • не можа нармальна адказваць на пытанні ці паўтарыць сказы;
  • не можа падняць адну руку (у тым ліку не вышэй за ўзровень пляча, або вісіць толькі перадплечча, кісць).

Таксама пры інсульце могуць турбаваць трывогі, галаўны боль, здранцвенне твару, парушэнне мімікі, парушэнне паходкі, парушэнне раўнавагі, страта свядомасці.

Пры інсульце вы практычна нічым не можаце дапамагчы ў хатніх умовах. Вам неабходна як мага хутчэй даставіць чалавека ў стацыянар, дзейнічае правіла «залатой гадзіны» і «плацінавых 45 хвілін». Да прыезду хуткай дапамогі можна пакласці чалавека на бок, пазбавіць ад нязручнага адзення, забяспечыць прыток свежага паветра.

ДТЗ

Калі вы сталі сведкам або непасрэдным удзельнікам ДТЗ, вашы дзеянні:

  • пераканайцеся ў адсутнасці небяспекі для сябе, пацярпелага і навакольных;
  • вызначыце колькасць пацярпелых, наяўнасць дзяцей, цяжарных;
  • выклічце хуткую дапамогу, міліцыю;
  • прыміце магчымыя меры для аказання першай дапамогі пацярпелым;
  • не даставайце пацярпелых з транспартных сродкаў, калі няма пагрозы для іх жыцця;
  • наглядайце за пацярпелымі да прыбыцця дапамогі;
  • падтрымлівайце з пацярпелымі пастаянны вербальны і візуальны кантакт;
  • па магчымасці абараніце пацярпелых ад неспрыяльнага ўздзеяння навакольнага асяроддзя.

Што тычыцца таго, як правільна аказваць дамедычную дапамогу пры сур’ёзных траўмах, то не палянуйцеся знайсці час і прайсці курсы па аказанні дамедычнай дапамогі пацярпелым, паколькі такія курсы ўключаюць у сябе не толькі тэарэтычныя веды, але і некаторую практыку. Вашы ўменні павінны быць даведзены да аўтаматызму, каб вы маглі правільна аказваць дапамогу нават у моцнай стрэсавай сітуацыі.

Закаркоўка дыхальных шляхоў

Калі чалавек падавіўся, вы ўбачыце наступныя прыкметы закаркоўкі дыхальных шляхоў:

  • адсутнасць паўнавартаснага дыхання. Калі дыхальнае горла закаркавана не цалкам, чалавек кашляе; калі цалкам — трымаецца за горла;
  • няздольнасць гаварыць;
  • пасіненне скуры твару, набраканне сасудаў шыі.

Ачыстку дыхальных шляхоў часцей за ўсё праводзяць па метадзе Геймліха:

  1. Устаньце ззаду пацярпелага.
  2. Абхапіце яго рукамі, счапіўшы іх у «замок», крыху вышэй пупка, пад рэбернай дугой.
  3. Моцна націснеце на жывот пацярпелага, рэзка згінаючы рукі ў локцях. Не здушвайце грудзі пацярпелага.
  4. Паўтарыце прыём некалькі разоў, пакуль дыхальныя шляхі не вызваляцца.

Калі пацярпелы страціў прытомнасць і ўпаў, пакладзіце яго на спіну, сядзьце яму на сцёгны і абедзвюма рукамі націснеце крыху ніжэй за грудную клетку. Раяць не ўжываць гэтую тэхніку ў тых выпадках, калі чалавек захлынуўся вадой, ці ж вы знайшлі чалавека, які не дыхае, але прычына не вядома. Таксама з асцярожнасцю трэба аказваць першую дапамогу немаўлятам і цяжарным жанчынам, паколькі класічны варыянт прыёму Геймліха небяспечны для іх здароўя.

Што яшчэ можа здарыцца

Непрытомнасць

Пры непрытомнасці чалавек становіцца млявым, у яго з’яўляюцца галавакружэнне і слабасць. Гэты працэс суправаджаецца блякласцю і пахаладаннем скуры. Дыханне запаволенае, павярхоўнае, слабы і рэдкі пульс (да 40-50 удараў у хвіліну).

Што рабіць, калі чалавек страчвае прытомнасць?

  • пакласці яго на спіну так, каб галава была крыху апушчана, а ногі прыўзняты;
  • для палягчэння дыхання вызваліць шыю і грудзі ад адзення;
  • цёпла ўхутаць пацярпелага, пакласці грэлку да яго ног;
  • нацерці нашатырным спіртам віскі і паднесці да носа вату, змочаную нашатыром, а твар апырснуць халоднай вадой;

Калі непрытомнасць зацягнулася, неабходна зрабіць пацярпеламу штучнае дыханне.

Пералом

Пераломы могуць быць адкрытымі і закрытымі. Адкрытыя пераломы характарызуюцца наяўнасцю ў вобласці пералому раны, а закрытыя — адсутнасцю парушэння цэласці скуры або слізістай абалонкі.

Прыкметы:

  • моцныя болі;
  • дэфармацыя і парушэнне рухальных функцый канечнасці;
  • скарочаныя канечнасці;
  • своеасаблівае храбусценне косці.

Пры пераломах чэрапа назіраецца млоснасць, парушэнне свядомасці, запаволенне пульсу — прыкметы страсення (ўдару) галаўнога мозгу, крывацёк з носа і вушэй.

Пераломы таза заўсёды суправаджаюцца значнай стратай крыві і ў 30% выпадках развіццём траўматычнага шоку. Такі стан узнікае ў сувязі з тым, што ў тазавай вобласці пашкоджваюцца буйныя крывяносныя сасуды і нервовыя ствалы. Узнікаюць парушэнні мочаспускання і дэфекацыі, з’яўляецца кроў у мачы і кале.

Пры першай дапамозе неабходна забяспечыць нерухомасць пашкоджанай канечнасці шынамі або наяўнымі пад рукой палкамі, дошчачкамі і г. д. Калі пад рукой няма ніякіх прадметаў, то трэба прымацаваць пашкоджаную руку да тулава, пашкоджаную нагу — да здаровай. Пры адкрытым пераломе трэба накласці спецыяльную асептычную (ахоўную) павязку. Пацярпеламу даюць абязбольваючыя прэпараты: баралгін, анальгін, амідапірын, дымедрол.

Электратраўма

Электратраўма ўзнікае ў выпадку, калі чалавек непасрэдна ці ўскосна кантактуе з крыніцай электраэнергіі. Прыкметы:

  • расстройванне дзейнасці цэнтральнай нервовай, сардэчна-сасудзістай, дыхальнай сістэм;
  • асляпленне і апёкі;
  • пашкоджанне органаў слыху і г. д.

Пры аказанні першай дапамогі неабходна хутка вызваліць пацярпелага ад дзеяння электрычнага току. Для гэтага трэба выкарыстаць падручныя сродкі: сухую палку, вяроўку, дошку або перасекчы провад лапатай ці сякерай. Чалавек, які аказвае дапамогу, павінен абматаць рукі прагумаванай матэрыяй, сухой тканінай, апрануць гумовыя пальчаткі, устаць на сухую дошку, драўляны шчыт.

Для рэанімацыі чалавека трэба правесці штучнае дыханне з рота ў рот або з рота ў нос, затым зрабіць закрыты масаж сэрца. На месца апёку трэба накласці асептычную павязку.

Вярнуцца ўгару