Хутчэй за ўсё, вам ужо сустракалася слова «беларушчына». А ці задумваліся вы, што яно азначае?
PALATNO разам з прадстаўнікамі Беларускага моладзевага хаба ў Варшаве паразважала пра тое, што такое беларушчына і як яе захаваць.
«Архаіка толькі ў дазіраваных памерах, інакш застанёмся ў меншасці»
Кіраўнік Беларускага моладзевага хаба ў Варшаве Алесь Лапко лічыць, што «беларушчына — гэта наш культурны код, які вылучае беларусаў і беларусак сярод прадстаўнікоў іншых народаў». Па яго словах, гэты код складаецца з розных чыннікаў: беларуская мова, традыцыі, песні, нацыянальныя мемы, тое, што зразумела і блізка нам.
— Калі я сустракаю ў аэрапорце ў Амстэрдаме чалавека ў цішотцы з Пацам-Вацам, я на 97% упэўнены ў тым, з якой ён краіны і як з ім павітацца. Не ўсе да канца разумеюць важнасць гэтых розных кампанентаў і, напрыклад, ігнаруюць выкарыстанне беларускай мовы ў паўсядзённасці. Глабалізацыя трохі разбэсціла нашых людзей, але ваеннае ўварванне Расіі ва Украіну павінна паказаць, як мова і культурная адметнасць, нацыянальная ідэнтычнасць могуць стаць моцнай зброяй у абароне сваёй краіны.
Алесь кажа, што праз культуру і адукацыю лягчэй за ўсё прывабіць моладзь да беларушчыны, пры гэтым важна рабіць упор на сучаснасць і моду. «Архаіка можа быць толькі ў дазіраваных памерах, інакш проста застанёмся ў меншасці». Суразмоўца дадае, што агрэсіўная палітыка Расіі і прарасійскага рэжыму Лукашэнкі робіць усё, каб «сцерці ментальныя межы паміж рускімі і беларусамі, замяніць нашых нацыянальных герояў — Касцюшку, Каліноўскага — сваімі Неўскімі».
— Таму, каб не згубіць, а можа і адрадзіць беларушчыну ў Беларусі, нам патрэбная дэкаланізацыя, дэсаветызацыя публічнага жыцця, грамадскай прасторы. У сённяшніх умовах можна і трэба пачынаць з сябе. Напрыклад, менш спажываць расійскага кантэнту, больш глядзець і слухаць свайго і сусветнага, якаснага. Гуртавацца вакол супольных нацыянальных каштоўнасцяў. Беларуская культура — гэта частка еўрапейскай культуры. Тыя, хто апынуўся за мяжой, яшчэ раз у гэтым упэўніваюцца, калі бачаць, на якім якасна добрым узроўні паказваюць сябе беларускія творцы. Гэта адбываецца ў тым ліку дзякуючы нашаму агульнаму кантэксту. Найлепшыя ўмовы для беларускай культуры паўсталі хіба ў Польшчы, таму што і палякі нас добра разумеюць, і беларусы сябе камфортна адчуваюць у атмасферы салідарнасці і падтрымкі. За мяжой цяпер ці не прасцей захоўваць і прасоўваць нешта беларускае, пакуль у Беларусі адбываюцца рэпрэсіі супраць беларускацэнтрычных праектаў, у тым ліку дзяржаўных. Таму шматлікія ініцыятывы ці ўжо нават арганізацыі працягваюць сваю дзейнасць у Варшаве.
Алесь лічыць, што калі 2020 год шмат у каго з беларусаў змяніў погляд на сябе як на нацыю — многія пачалі ганарыцца беларускасцю — то трэба захоўваць гэты імпульс. А сустрэчы з гісторыкамі ў Беларускім моладзевым хабе, па яго меркаванні, дазваляюць даведацца больш пра нашу гісторыю, пра тое, «што мы не ўчора з’явіліся на Зямлі, што нашай дзяржаўнасці сотні год, а нашыя законы былі самымі дэмакратычнымі ў Еўропе, што беларусаў прыдумаў не Ленін і мы не паланізаваныя рускія, як гэта сцвярджае расійская прапаганда».
— Праз культуру — танцы, спевы, абрады — узнікае сувязь пакаленняў, пераемнасць традыцый. Гэта важны аспект захавання беларушчыны. Падтрымка беларускай супольнасці за мяжой, менавіта на аснове зямляцтва, а не гетаізацыі, павінна ўзрушваць беларускасць на эмацыйным узроўні, калі паўстае жаданне дапамагаць сваім і з’яўляецца чаканне, што свае падтрымаюць, а не будуць перашкаджаць. Такія ініцыятывы, як клуб па інтэлектуальных гульнях, які збірае эрудытаў, а таксама моладзевая суполка, арыентуюцца на пабудову кам’юніці беларусаў і беларусак у Варшаве. Дый сам хаб як ідэя — гэта асяродак для ўмацавання беларускай супольнасці і стварэння ўмоў для супрацоўніцтва. Беларускі моладзевы хаб стварае кантэнт — адукацыйныя і культурніцкія матэрыялы, якія можна глядзець на нашым канале на Youtube і ў сацыяльных сетках, у тым ліку з Беларусі.
«Стараюся захаваць унутраныя ўстоі, сваю ідэнтычнасць у новым краі»
Кіраўніцы ініцыятывы «Беларуская музычная школа ў Варшаве» Алене не падабаецца слова «беларушчына». Яна адчувае яго нібы «нешта вонкавае, як музейны экспанат».
— Як, мабыць, і іншыя беларусы дыяспары, я стараюся захаваць унутраныя ўстоі, сваю ідэнтычнасць у новым краі. Сваю беларускасць. Бо захаванне — гэта, на мой погляд, не мэта, якую можна дасягнуць, а бясконцы працэс, які будзе з намі ўсё жыццё. Калі мы так вырашым, напэўна.
«Захоўваць беларушчыну» для калектыву Алены — «мабыць, вельмі амбітная мэта». Як і іншыя беларускія ініцыятывы, яны стараюцца трымаць вучняў у беларускім культурным асяроддзі, знаёміць з народнай і аўтарскай беларускай музыкай, паказваць яе сувязь з сусветным мастацтвам і пашыраць іх кругагляд. А ці атрымаецца — залежыць ад розных фактараў.
Палітычная ўцякачка, музыкант, скрыпачка Ганна Скыпнікава вырашыла аб’яднаць беларускіх музыкантаў у Варшаве і дзяцей эмігрантаў, «каб даць магчымасць першым працаваць па прафесіі, а другім — працягнуць (альбо пачаць) музычную адукацыю ў зразумелай музычнай сістэме і на роднай мове».
— Мы невялікая ініцыятыва — нас сем настаўнікаў і каля 30 вучняў. Але нават такім камерным складам школа дае чатыры-пяць канцэртаў на год. Усе нашыя вучні маюць досвед канцэртных выступаў у межах школы і не толькі. Мы працуем над пашырэннем школы, а таксама плануем выдаць ноты і дыдактычныя матэрыялы для музычнага навучання на падставе беларускай музыкі.
Дзейнічае школа пакуль што толькі афлайн у Варшаве. Заняткі музыкай, па меркаванні Алены, даволі складаны і тактыльны працэс, які патрабуе «жывых дотыкаў». Анлайн-урокі маюць патрэбу ў якаснай аўдыя- і відэаапаратуры, якую школа пакуль не можа сабе дазволіць. Магчыма, з часам ініцыятыва пачне працаваць і анлайн.
«Калі хтосьці не дбае пра сваю тоеснасць — забівае беларускасць і беларускі народ»
Для кіраўніка ініцыятывы «Па-Варшаве па-беларуску», беларусіста і настаўніка польскай мовы для замежнікаў Альберта Вяжбіцкага беларушчына — «гэта тое, што робіць вас беларусамі: беларуская мова, беларуская музыка, беларуская кніга». Без захоўвання і развіцця свайго беларускага кантэксту за мяжой, па меркаванні Альберта, немагчыма застацца беларусамі.
— Я заўсёды раю беларусам задумацца: што робіць мяне беларусам? Калі складана знайсці шчыры адказ, значыць, трэба пачаць уваходзіць у беларускую (моўную) прастору. Я жыў за мяжой нейкі час і менавіта тады зразумеў, як важна быць палякам і што гэта такое для мяне, захацеў паглядзець на сваю краіну і яе гісторыю праз кантэкст краін, у якіх бываў. Беларусам зычу таго ж, бо калі хтосьці не дбае пра сваю тоеснасць — забівае беларускасць і беларускі народ.
«Па-Варшаве па-беларуску» — гэта «спроба паказаць беларусам горад, у якім яны апынуліся». Альберт падумаў, што ў Польшчы жыве шмат беларусаў, якія не могуць знайсці сваё месца. А найлепшы спосаб знайсці такое месца — даведацца пра як мага больш розных. Таму ён вырашыў паказваць беларусам Варшаву з розных ракурсаў, розных куткоў і гістарычных кантэкстаў.
Альберт мяркуе, што такія экскурсіі дапамагаюць захоўваць беларушчыну ў некалькіх кантэкстах:
- Экскурсіі на беларускай мове, што, на жаль, не так відавочна і лёгка для беларусаў. З 24 лютага 2022 года Альберт адмовіўся праводзіць экскурсіі па-расійску, з таго часу ён катэгарычна адмаўляе ў правядзенні рускамоўных экскурсій для ўкраінцаў ці беларусаў.
- Менавіта ў кантэксце параўнання Беларусі і Польшчы гэтыя экскурсіі каштоўныя. Вы можаце паглядзець, дзе вы, як гэтыя куткі суадносяцца з Беларуссю, Мінскам ці іншым горадам. Узяць досвед. Чужыя культуры заўсёды могуць стаць натхненнем для развіцця сваёй.
- Знаёмствы! На экскурсіях шмат цікавых і разнастайных людзей. Беларуская дыяспара ўнікальная, бо гэта інтэлектуальная дыяспара. Айцішнікі і людзі, якія працуюць у сферах культуры, палітыкі і навукі, — гэта класічны набор удзельнікаў шпацыраў. Можна пазнаёміцца, паразмаўляць, памяняцца досведам, завязаць новыя беларускія знаёмствы — гэта ўсё наш унёсак у захаванне беларускасці за мяжой.