PALATNO расказвае жарты, які былі папулярнымі ў беларусаў сто гадоў таму.
Змест
Толькі адну
— Чаму гэта ты так многа гэтай гарэлкі п’еш?
— Як многа? Я толькі адну чарку выпіў!
— Як адну! Калі ты пры мне ўжо ажно дзесяць вылактаў!
— Дзіўны ты чалавек, як паглядзіш на цябе. Калі я выпіваю першую чарку гарэлкі, дык станаўлюся зусім іншым чалавекам, ну, а іншаму чалавеку таксама трэба выпіць!
«Авадзень», №1 (1925 год)
Новая хвароба
Па вуліцы вязуць труну з нябожчыкам, шмат людзей і рускія вайскоўцы з музыкай. Ідзе сабе бабулька і пытаецца ў аднаго ваеннага:
— Хто гэта памёр?
— Генерал… ад інфанцеры… — кажа той.
— Божачкі! — кажа шкадуючы бабулька. — Ад інфанцеры… І колькі гэтых хвароб развялося па свеце.
«Авадзень», №7 (1925 год)
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Як жартавалі і з чаго смяяліся беларусы сто гадоў таму?
На судзе
Суддзя да падсуднага: — Вас вінавацяць, што вы хацелі скрасці грошы са скарбонкі для бедных. Як вы адважыліся гэта зрабіць?
Падсудны: — З прастаты сваёй, ваша высакародзе… Іду я гэта і бачу, вісіць скарбонка «для бедных». Я, значыцца, як чалавек бедны, узрадаваўся, дык хацеў узяць сваю частку.
«Авадзень», №2 (1929 год)
Пры смерці
Паміраў стары Зэльман. Каб развітацца з раднёй, пачаў зваць:
— Ці мая жонка Сара тут?
— Тут.
— Ці дачка Гіндэлэ тут?
— Тут.
— Ці Хайкелэ тут?
— Тут, тата.
— Ці сын Мойшэ тут?
— Тут.
— І Вэрка тут?
— Так, тата.
— Хто ж пры гандлю, каб вас…
«Авадзень», №2 (1929 год)
Па тэлефоне
— Галё, ці гэта ламбард?
— Ламбард, а што трэба?
— Калі ласка… Якая цяпер гадзіна?
— Пану здаецца, што я сяджу, каб гадзіны гаварыць? Памыляецеся.
— Ніколькі. У вашым ламбардзе мой гадзіннік.
«Авадзень», №2 (1929 год)
Жонку не б’е
— Пятрок, чаму ты выходзіш з хаты, як твая жонка спявае?
— Бо не хачу, каб суседзі падумалі, што я яе б’ю.
«Авадзень», №2 (1929 год)
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Дзесяць чыста беларускіх анекдотаў пра сям’ю
Важная прычына
— Настасся! Не рупішся нешта аддаць пазычаную ў мяне саланіну. Хаджу і хаджу, аж спрыкрыла.
— Прыпомні, Ганначка, колькі ж разоў я хадзіла да цябе, пакуль ты мне гэту саланіну пазычыла!
«Авадзень», №1 (1933 год)
Бязногая жабрачка
Бязногая жабрачка, якая сядзела пры ўваходзе ў касцёл, ад радасці плешча ў далоні.
— Што ты, — пытаюцца людзі, — ашалела?
— Дзякуй Богу, — прамаўляе жабрачка. — Ксёндз казаў, што грэшнікі пойдуць у пекла, а ў мяне ног няма.
«Авадзень», №1 (1933 год)
