У 2004 годзе на экраны выйшаў першы сезон захапляльнага серыялу пра авіякатастрофу на казачнай выспе… Група людзей, якая выжыла пасля катастрофы самалёту, спрабуе выжыць на таямнічай выспе і вярнуцца дадому. Серыял выходзіў шэсць гадоў, і яго даглядзелі не ўсе. А хто даглядзеў, мабыць, дагэтуль задаюцца пытаннем: што гэта было і што значыць канцоўка.
PALATNO спрабуе патлумачыць, што наогул значыў гэты серыял і ці ёсць у ім сэнс.
Змест
Сюжэт (тут куча спойлераў!)
Першы сезон. Самалёт трапляе ў авіякатастрофу і падае на таямнічай выспе. Тыя, хто выжыў, пачынаюць даследаваць выспу і змагацца за выжыванне. З часам высвятляецца, што выспа хавае шмат таямніц: там жывуць іншыя людзі (іх называюць «Іншыя»), на выспе працавала арганізацыя «Дарма», нават ёсць «дымны монстр», што забівае людзей. Сезон заканчваецца тым, што галоўныя героі знаходзяць і адкрываюць люк у зямлі.
Другі сезон. Пад люкам знаходзіцца станцыя «Лебедзь» — адзін з аб’ектаў арганізацыі «Дарма». На гэтай станцыі трэба кожныя 108 хвілін уводзіць код у камп’ютар, каб не дапусціць нейкай катастрофы. У гэтым сезоне да асноўных герояў далучаюцца дадатковыя персанажы, якія таксама выжылі ў катастрофе, але знаходзіліся ў хвасце самалёта. У гэтым жа сезоне пачынаецца супрацьстаянне з «Іншымі». У фінале сезона станцыю «Лебедзь» знішчылі пасля таго, як Дэзманд не паспеў увесці код.
Трэці сезон. У гэтым сезоне тыя, хто выжыў, актыўна супрацьстаяць «Іншым» на чале з Бэнам. Становіцца вядома, што «Іншыя» нейкім чынам звязаныя з арганізацыяй «Дарма». Галоўныя героі Джэк, Кейт і Соер трапляюць у палон да «Іншых», але ўцякаюць. Джон Лок становіцца ўсё больш апантаным ідэяй, што на выспе можна кіраваць лёсам. Напрыканцы сезоне з’яўляецца таямнічая лодка, а тыя, хто выжыў, атрымліваюць магчымасць звязацца з навакольным светам.
Чацвёрты сезон. У чацвёртым сезоне сюжэт становіцца больш складаным, бо з’яўляюцца флэш-форварды. Частка тых, хто выжыў, уцякае з выспы — іх называюць «Шасцёркай Ошэанік»: Джэк, Кейт, Саід, Хёрлі, Сун і дзіця Клэр Ааран змаглі вырвацца дадому. У гэты ж час на выспе нам паказваюць групу людзей, якая прыехала адшукаць Бэна. Сезон заканчваецца тым, што выспа таямніча знікае з мапы.
Пяты сезон. З-за нестабільнасці праз перамяшчэнне выспы тыя, хто застаецца там, перамяшчаюцца ў часе. Яны падарожнічаюць праз розныя перыяды гісторыі выспы і, у рэшце рэшт, аказваюцца ў 1970-х. У тыя гады людзі, што выжылі пасля авіякатастрофы, становяцца ўдзельнікамі арганізацыі «Дарма». А тыя, хто змог вярнуцца дадому, вырашаюць зноў вярнуцца на выспу, каб дапамагчы астатнім. У канцы сезона Джэк прымае рашэнне ўзарваць ядзерную бомбу, каб знішчыць анамаліі і перашкодзіць катастрофе рэйса «Ошэанік».
Шосты сезон. У гэтым сезоне з’яўляецца новае сюжэтнае адгалінаванне (альтэрнатыўная рэальная, у якой самалёт не трапляе ў катастрофу). На выспе тыя, хто выжыў, высвятляюць, што галоўная бітва адбываецца паміж двума братамі Джэйкабам (абаронцам выспы) і Чалавекам у чорным (персанажам, які можа ператварацца ў дымнага монстра). У канцы Джэк становіцца новым абаронцам выспы, а асноўная частка людзей пакідае выспу. Серыял заканчваецца сцэнай у альтэрнатыўнай рэальнасці, дзе персанажы разумеюць, што яны насамрэч памерлі і цяпер пераходзяць у іншы свет.
Таямніцы серыялу
У серыяле цэнтральным элементам сюжэта са шматлікімі таямніцамі з’яўляецца выспа. На працягу серыяла некаторыя таямніцы раскрываюцца, а многія дагэтуль застаюцца загадкамі.
Дымны монстр
Дымны монстр – гэта звышнатуральная істота, якая ахоўвае востраў і з’яўляецца ўвасабленнем Чалавека ў чорным, брата Джэйкаба. Браты з’явіліся на выспе пасля перасялення, магчыма, егіпцян. Маці хлопчыкаў забівае жанчына, якая прымала роды. Гэтая жанчына абараняе хлопчыкаў і забараняе ім камунікаваць з іншымі людзьмі (магчыма, перасяленцамі-егіпцянамі).
Чалавек у чорным можа ператварацца ў дым, рухацца з вялікай хуткасцю і ўвасабляцца ў памерлых людзей. Яго мэта — пакінуць выспу, але ён не можа гэта зрабіць без дапамогі тых, хто выжыў у выніку авіякатастрофы.
Дымны монстр сімвалізуе зло, разбурэнне і хаос. Яго барацьба з Джэйкабам увасабляе вечны канфлікт паміж дабром і злом, светам і цемрай.
«Дарма»
«Дарма» — навуковая арганізацыя, якая праводзіла даследаванні на выспе ў 1970-я гады. Арганізацыя вывучала электрамагнітную энергію і іншыя з’явы. «Дарма» пабудавала мноства станцый на выспе, каб кантраляваць і вывучаць яго.
У серыяле «Дарма» паказвае чалавечую цікаўнасць і імкненне да кантролю на прыродай. «Дарма» дапамагае падкрэсліць адну з галоўных тэм серыялу — сутыкненне навукі і веры.
Лічбы 4, 8, 15, 16, 23, 42
Гэтыя лічбы пастаянна з’яўляюцца на працягу ўсяго серыяла і гуляюць ключавую ролю. Яны ўваходзяць у код, які трэба ўводзіць на станцыі «Лебедзь», гэта пераможныя лічбы ў латарэйным білеце Хёрлі. Лічбы звязаны з самімі персанажамі, бо пад гэтымі лічбамі Джэйкаб запісаў асноўных кандыдатаў у абаронцы выспы: пад 4-й быў Лок, пад 8-й Х’юга, 15 — Соер, 16 — Саід, 23 — Джэк, 42 — Квон (дагэтуль незразумела, ці Сун, ці Джын).
Лічбы ўвасабляюць фаталізм і лёс. Яны з’яўляюцца сімвалам таго, што ў свеце ёсць невытлумачальныя заканамернасці, і што лёсы персанажаў цесна звязаны з чымсьці звышнатуральным.
Навошта «Іншыя» забіралі людзей і дзяцей
У першых сезонах серыялу група «Іншых» забірала людзей і дзяцей, што выжылі ў авіякатастрофе. Далей па сюжэце гледачам раскажуць, што гэта адбывалася не толькі з тымі, хто выжыў пасля падзення «Ошэанік». А для чаго гэта было трэба «Іншым»? Існуе шэраг прычын.
«Іншыя» лічылі сябе ахоўнікамі выспы, а тыя, хто выжыў, разглядаліся як патэнцыйная пагрозу бяспецы. Калі «Іншыя» забіралі людзей, то яны спрабавалі кантраляваць тых, хто выжыў, і пераканацца, што яны не зробіць нічога, каб нашкодзіць выспе.
Дзяцей забіралі, бо лічылі, што яны «чыстыя» і не сапсаваныя грахамі дарослага жыцця. Да таго ж «Іншыя» сутыкнуліся з праблемай: жанчыны не выспе не маглі нарадзіць дзяцей, бо ўсе цяжарныя жанчыны паміралі да ці падчас родаў. Калі ў кагосьці з тых, хто выжыў, была цяжарнасць або дзеці, то іх забіралі, каб правесці даследаванні.
У чым была галоўная ідэя серыяла?
Серыял закранае шэраг складаных тэм: ад чалавечага лёсу і веры да выжывання і кахання. Серыял пастаянна ставіць перад персанажамі і гледачамі глыбокія пытанні пра сэнс жыцця, лёс і волю.
Лёс супраць волі
Адна з цэнтральных тэм Lost — пытанне пра тое, ці кантралююць людзі свой лёс ці ўсё ўжо вызначана наперад. Гэты канфлікт можна ўбачыць у дзеяннях персанажаў, якія імкнуцца змяніць мінулае або будучыню, і ў тым, як выспа, здаецца, маніпулюе іх лёсам. У многіх выпадках персанажы аказваюцца на выспе не выпадкова, а з-за пэўных падзей у іх жыцці, што прымушае іх задумацца, ці з’яўляецца іх знаходжанне там часткай вялікага плана.
Вера супраць навукі
Іншая важная ідэя — сутыкненне веры і навукі. Героям часта прыходзіцца выбіраць паміж тым, каб паверыць у звышнатуральныя сілы вострава, або шукаць навуковыя і лагічныя тлумачэнні з’яў. Галоўныя героі, Джэк (скептык) і Лок (вернік), увасабляюць гэтае супрацьстаянне. Лок бачыць выспу як месца, якое дорыць яму новы сэнс жыцця і магчымасці, тады як Джэк спачатку адмаўляе ўсе звышнатуральныя аспекты.
Пошук сябе і выкупленне
Персанажы маюць няпростае мінулае. Выспа становіцца месцам, дзе яны атрымліваюць шанец пераасэнсаваць сваё жыццё, змяніцца і знайсці выкупленне. Персанажы праходзяць праз цяжкія выпрабаванні, якія прымушаюць іх змагацца з унутранымі дэманамі. У гэтым выпадку выспа служыць метафарай другога шанцу, магчымасці знайсці сябе.
***
Lost — гэта яшчэ і серыял пра жыццё і смерць. У фінале серыялу нам паказваюць, што шлях кожнага з персанажаў прыводзіць яго да прыняцця смерці. Усе персанажы аказваюцца ў месцы, дзе яны павінны прыняць сваю смерць і адпусціць мінулае, каб перайсці далей.