Якаў Громер: матэматык з Брэста, які дапамог Эйнштэйну адкрыць тэорыю адноснасці

якаў громер, якуб громер, беларускія матэыматыкі, беларускія навукоўцы, беларускія фізікі

Ураджэнец Брэста, які памяняў кар’еру рабіна на матэматыка, і працаваў з Альбертам Эйнштэйнам над тэорыяй адноснасці. Так, гэта ўсё пра Якава Громера, які пражыў нядоўгае, але насычанае жыццё.

PALATNO расказвае гісторыю матэматыка Якава Громера.

Жыццё ў Брэсце, хвароба і сарванае вяселле

Якаў Громер нарадзіўся ў Брэст-Літоўску ў яўрэйскай сям’і ў 1879 годзе. Яго бацька быў рабінам, з дзяцінства маленькі Якаў займаўся вывучэннем Талмуда.

«Я ведаў Якава з дзяцінства, потым мы бачыліся ў Германіі. Ён мог рашаць складаныя матэматычныя задачы, але яму было цяжка вучыць мовы. Нават на іўрыце ён заікаўся. Якаў нарадзіўся геніем. Я моцна падкрэсліваю слова “геній”», – успамінаў сучаснік Громера.

Аднак захворванне перашкодзіла планам яго бацькоў вырасціць з сына рабіна. У хлопца была акрамегалія – хвароба, якая развівалася паступова з узростам: яна характарызуецца празмерным ростам рук, ног, касцей твару. Якаў павінен быў ажаніцца з дачкой брэсцкага равіна, аднак той не спадабаўся знешні выгляд жаніха. Таму яна адмовілася ад вяселля, а Якаў вырашыў цалкам змяніць жыццё: з рэлігіі сысці ў навуку.

Сучаснікі ўспамінаюць: «Пры сустрэчы з ім палохаліся не толькі дзеці, але нават дарослыя і блізкія з цяжкасцю спраўляліся з агідай».

Вучоба ў Германіі, праца ў Эйнштэйна

У 1905 годзе Громер пераехаў у Германію, каб атрымаць адукацыю. Ён вучыўся ва ўніверсітэтах Берліна і Марбурга, вывучаў матэматыку і фізіку.

У 1907 годзе пераехаў у Гётынген, дзе шчыльна заняўся вывучэннем дакладных навук. У Гётынгенскім універсітэце абараніў доктарскую дысертацыю. Доктарская адчыніла для Громера дзверы: ён атрымаў ступень доктара філасофіі і пазней надрукаваў дэсертацыю асобнай кнігай.

Ужо пасля пачатку Першай сусветнай вайны Громера запрасіў на працу Альберт Эйнштэйн. Громер дапамагаў Эйнштэйну ў распрацоўцы тэорыі адноснасці. Па ўспамінах сучаснікаў, знаёмых асабіста з Громерам, у беларускага матэматыка і нямецкага фізіка былі моцныя разыходжанні ў поглядах:

«Ён усё жыццё не хацеў прызнаваць тэорыю адноснасці. Толькі пасля доўгіх угавораў сяброў і з-за вельмі дрэннага фінансавага становішча пагадзіўся служыць навуцы і Эйнштэйну».

Альберт Эйнштэйн, фізікі навукоўцы, беларускія фізікі, беларускія матэматыкі
Альберт Эйнштэйн.

Эйнштэйн плаціў Громеру 200 нямецкіх марак у месяц. У тыя часы Веймарская Германія знаходзілася ў цяжкім становішчы, таму 200 марак на месяц проста не хапала для выжывання геніяльнага матэматыка, нават ва ўмовах жорсткай эканоміі.

Сучаснікі ўспамінаюць: «Сам Эйнштэйн не разумеў, як такая сума была недастатковай для нежанатага чалавека ў Берліне. Наадварот, ён сцвярджаў, што гэтай сумы цалкам дастаткова».

З Эйнштэйнам Громер адпрацаваў 13 гадоў. Сярод астатніх супрацоўнікаў, якія дапамагалі вялікаму фізіку, ураджэнец Беларусі пратрымаўся больш за ўсіх. Нямецкі фізік хваліў здольнасці Якава, але быў расчараваны, што з-за хваробы Громер не можа апраўдаць усе надзеі, якія ён ускладаў на яго.

Вяртанне на радзіму

У сярэдзіне 1920-х гадоў Громер разаслаў лісты да еўрапейскіх універсітэтаў у надзеі папрацаваць у адным з іх. Аднак адказ прыйшоў толькі з Мінска. Громер лічыў, што яму адмаўлялі з-за расійскага грамадзянства і таго, што ён яўрэй.

У 1928 годзе Якаў Громер вярнуўся на радзіму. Яго запрасілі на працу ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Калегі, якія засталіся ў Еўропе, больш не чулі пра Громера: некаторым трапляліся нататкі пра яго ўдзел у канферэнцыях, а большасць даведалася пра жыццё Якава ў камуністычнай краіне ўжо пасля яго смерці.

Ёе памёр у Мінску ў 1933 годзе. Яму было 56 гадоў.

Вярнуцца ўгару