
Ян Дамель быў адным з найбуйнейшых беларускіх жывапісцаў першай паловы XIX стагоддзя. Яго творчасць ахоплівае ўсе асноўныя жанры выяўленчага мастацтва: гістарычны жывапіс, партрэты, пейзажы. Дамель здолеў пераасэнсаваць акадэмічныя традыцыі класіцызму і зрабіць крок у бок рэалізму. Ён правёў жыццё ў Мінску — горадзе, які трымаў яго ў далечыні ад культурнага жыцця. Чаму так адбылося? Як Дамель у сваіх творах падкрэсліваў рэвалюцыйнасць і супраціўленне царскаму ўраду?
PALATNO расказвае пра Яна Дамеля.
Змест
Цьмяная біяграфія, ссылка са студэнцтва, жыццё ў правінцыяльным Мінску
Біяграфія мастака вельмі цьмяная. Вядома, што Ян Дамель нарадзіўся ў Курляндыі (тэрыторыя сучаснай Латвіі). Дагэтуль невядома, у якім годзе і мясцовасці нарадзіўся творца. Сам Дамель пісаў, што яго бацькам быў купец, а яго дзед служыў у саксонскіх войсках. У Елгаве (сучасная Латвія) Дамель хадзіў у школу, а затым разам з сям’ёй пераехаў у Літву.
Пасля пераезду ў Літву Ян Дамель паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Там вучыўся жывапісу ў Францішка Смуглевіча, а потым у Яна Рустэма. Навучанне ва ўніверсітэце Дамель скончыў у 1809 годзе, у тым жа годзе стаў выкладаць у віленскай гімназіі. Праз некалькі гадоў Дамеля асудзілі і выслалі з Вільні ўглыб Расійскай імперыі.
Крымінальная справа тычылася сябра Дамеля Ігната Цэйзіка. Царскія ўлады абвінавачвалі Ігната і яго брата Фелікса ў падробцы асігнацый. Дамеля ў гэтай гісторыі быў абвінавачваны ў пасобніцтве. На судовым працэсе віна Дамеля не была даказана, але яго ўсё роўна саслалі на пасяленне ў Сібір на два гады.
Пасля ссылкі Дамель вярнуўся на беларускія землі. У 1822 годзе ён пасяліўся ў Мінску, адкуль вельмі рэдка выязджаў. Адзінае выключэнне рабіў для візітаў у Санкт-Пецярбург. Мінскі перыяд быў найбольш плённым для Дамеля: ён стварыў вялікую колькасць карцін розных жанраў.
Ян Дамель пражыў усё жыццё пасля ссылкі ў Мінску. Там жа ён памёр — 1 верасня 1840 года. Пасля сябе Дамель не пакінуў нашчадкаў, у яго ніколі не было жонкі.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Мастак паўстанцаў. Расказваем гісторыю жыцця і творчасці Юзафа Беркмана
Апантаны мастацтвам, расстраляны ў 1937-м. Расказваем пра мастака Рамана Семашкевіча
Мастачка, якая апярэдзіла час. Расказваем пра Марыю Магдалену Бутаўт-Андрайковіч
Творчасць Яна Дамеля, большая частка якой знаходзіцца невядома дзе
У ранніх працах на гістарычную тэматыку Дамель трымаўся акадэмічных канонаў. У карцінах «Смерць князя Панятоўскага», «Смерць магістра крыжаносцаў Ульрыха фон Юнгінгена ў бітве пад Грунвальдам» цэнтральнае месца займалі гістарычныя асобы, а народ быў толькі фонам. Кампазіцыі былі збалансаваныя, з тэатралізаванай патэтыкай, выкананыя па ўсіх правілах класіцызму. Ужо пазней, у 1830-я гады, Дамель зрабіў паварот у бок рэалізму. У творах «Смерць Глінскага ў няволі» і «Вызваленне Т. Касцюшкі з цямніцы» ён паказвае драму чалавека і народа. У першым палатне Глінскі, закуты ў кайданы, сядзіць у цяжкім адзенні, побач яго дачка, што схіляецца да бацькавай рукі, гэта карціна з’яўляецца алегорыяй няволі радзімы. У другім палатне Касцюшка паўстае не як ідэалізаваны герой, а як знясілены вязень.
Польскія і беларускія даследчыкі адзначаюць, што агульная колькасць гістарычных кампазіцый Дамеля вар’іруецца ад 27 да 57 — дакладная колькасць невядомая дагэтуль.

У партрэтным жывапісе Дамель прайшоў шлях ад ідэалізаваных вобразаў да больш рэалістычнай манеры. Важна, што Дамель маляваў не толькі арыстакратыю, але простых гараджан, рамеснікаў.
Сібірскі перыяд у творчасці Дамеля быў значным, бо сфарміраваў мастака як пейзажыста. Замалёўкі і карціны таго часу адзначаліся лірычнасцю, драматызмам і ўплывам рамантызму. Пазней, ужо ў Мінску, ён адмаўляецца ад вялікіх панарамных кампазіцый і звяртаецца да камерных краявідаў: утульныя ваколіцы горада, дзе мастак імкнуўся перадаць прыгажосць рознай зямлі і выклікаць пачуццё гонару за яе.
Бытавых карцін у Дамеля значна менш, яны заўсёды вылучаліся спачуваннем да простага чалавека. Ён бачыў у іх натуральнасць і годнасць, імкнуўся паказаць народ з павагай.
* * *
На сёння месцахнаходжанне шматлікіх карцін Дамеля невядомае. Толькі лічаныя карціны і графічныя творы захоўваюцца ў музеях Беларусі, Літвы, Польшчы і Расіі.