Пабачыць Касцюковічы і… Расказваем, навошта трэба туды ехаць і што ўбачыць

касцюковічы, што паглядзець у касцюковічах

Літаральна ў кожным беларускім раённым цэнтры, гарадку ці мястэчку ёсць свае адметнасці і цікавосткі. Галоўнае — мець жаданне іх убачыць. На Магілёўшчыне нямала паселішчаў з цікавымі помнікамі архітэктуры і археалогіі, незвычайнымі мясцінамі і пакручастымі гісторыямі.

На гэтым фоне Касцюковічы не з’яўляюцца прывабным месцам для турыстаў. Пазалетась горад адзначыў 515 гадоў: у ім пераплялася мінуўшчына з багатай яўэрэйскай гісторыяй і сучасным пабрацімствам з нямецкім Дзіцэнбахам.

Касцюковічы — адзін з самых аддаленых гарадоў краіны. Праўда, не самы ўсходні райцэнтр. У горадзе ёсць некалькі раёнаў: прамзона, прыватны сектар, раён вакзала (Камунары) і цэнтр горада. Адносна нядаўна гісторыкі адшукалі дакументы ў Гродзенскім архіве, якія сведчаць, што Касцюковічы заснавалі ў 1508 годзе. У той час у пісьмовых крыніцах фігуравала сяло Касцюкова.

Падарожжа ў мінулае: забудова XIX і пачатку XX стагоддзяў, яўрэйская спадчына

Самае цікавае ў цэнтры Касцюковічаў — аднапавярховыя будынкі XIX і  пачатку XX стагоддзяў, што некалі былі шэраговай забудовай. Шпацыруючы па вуліцах горада, быццам вяртаешся ў дарэвалюцыйныя Касцюковічы. А калі крыху пафантазіраваць, то можна ўявіць, як выглядаў горад сто гадоў таму.

Старая забудова, якая налічвае паўтара дзясятка розных па стылю будынкаў, захавалася няблага. Цяпер старыя будынкі выкарыстоўваюцца па-рознаму: у некаторых размешчаны гандлёвыя кропкі, у іншых знаходзяцца дзяржаўныя арганізацыі і ўстановы культуры. Аднак палова гістарычных аб’ектаў не выкарыстоўваецца альбо знаходзіцца ў закінутым стане.

касцюковічы, што паглядзець у касцюковічах
Дом канца ХІХ стагоддзя па вуліцы Савецкай. Фота: alarmout.livejournal.com

У канцы XIX стагоддзя ў Касцюковічах жылі каля дзвюх тысяч яўрэяў — больш за палову насельніцтва паселішча. Яшчэ ў даваенны час пры савецкай уладзе колькасць яўрэяў стала нязменна скарачацца. Напачатку Другой сусветнай вайны яўрэйскае насельніцтва складала менш за палову. Пасля вайны ў Касцюковічах яўрэяў засталося зусім мала, а на сённяшні дзень яны амаль што зніклі з этнічнай мапы горада. Яўрэйскія могілкі працягваюць заставацца гарадской адметнасцю.

касцюковічы, што паглядзець у касцюковічах
Надмагілле на яўрэйскіх могілках Касцюковічаў. Фота: golk.by

На яўрэйскіх могілках у Касцюковічах ёсць розныя тыпы пахаваннях з розных часоў. Збольшага могілкі знаходзяцца ў неблагім стане, за імі даглядаюць мясцовыя камунальныя службы, надмагілля (мацэвы) не знішчаюцца, што дае надзею на іх вывучэнне ў будучыні.

касцюковічы, што паглядзець у касцюковічах
Надпісы на іўрыце на надмагільных жорных яўрэйскіх могілак. Фота: orda.of.by

Праваслаўная царква, помнік паэтам і памятны знак Чарнобыльскай трагедыі

Галоўным сакральным аб’ектам горада з’яўляецца Крыжаўзвіжанская царква, якую пабудавалі ў 1999 годзе. Яе пабудавалі на месцы цаглянага храма 1835 года.

Праваслаўная цагляная царква 1830-х дзейнічала больш за 90 гадоў. У 1929 годзе ў час антырэлігійнай палітыкі савецкай улады храм закрылі, а святара рэпрэсавалі і саслалі ў Сібір. Праз чатыры гады, у 1933 годзе, храм увогуле ўзарвалі.

У Касцюковічах ёсць памятны знак да 20-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Выглядае памятны знак як малая архітэктурная форма: слуп у выглядзе ствала бярозы, на якім размешчанае гняздо, што пакідае бусел, а ўнізе — тры мармуровыя пліты. На плітах напісаны ўсе назвы вёсак, якія зніклі пасля тэхнагеннай катастрофы — гэта чатыры дзясяткі толькі ў адным Касцюковіцкім раёне. Каля памятнага знака, дарэчы, адбываюцца акцыі памяці з удзелам мясцовых ліквідатараў наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Летась у Касцюковічах з’явіўся памятны знак «Літаратурная спадчына», які прысвяцілі пісьменнікам і паэтам, ураджэнцам Касцюковіцкага раёна. У першую чаргу, мясцоваму «пантэону» творцаў — Аркадзю Куляшову, Івану Чыгрынаву і Алесю Пісьмянкову. Упрыгожылі помнік пісьменнікам радкі паэта Алеся Пісьмянкова, што зроблены залатымі літарамі на старонках адкрытай кнігі:

Ён ранкам падкову

знайшоў у расе,

Шчасліўчык, адораны лёсам,

І кожны падумаў:

дамоў панясе!

А ён — шпурлянуў у нябёсы:

«Будзем, людзі, шчаслівыя ўсе!»

касцюковічы, што паглядзець у касцюковічах
Памятны знак «Літаратурная спадчына», прысвечаны пісьменнікам Касцюковіччыны.

Між іншым, брэндам Касцюковіцкага раёна з’яўляецца свята паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг». Яго праводзяць раз на два гады — ад 2006 года, на малой радзіме вядомага беларускага паэта Алеся Пісьмянкова ў вёсцы Бялынкавічы.

Суворы краязнаўчы музей

Касцюковіцкі музей заснавалі яшчэ ў 1967 годзе, ён доўгі час знаходзіўся ў драўляным будынку. У 1990 годзе музей пераехаў у двухпавярховы будынак, які спецыяльна пабудавалі для патрэб культурнай установы. У архітэктурным плане музей вылучаецца сярод шматлікіх будынкаў размешчаных побач, бо праектаваннем яго займаліся вядомыя беларускія архітэктары яўрэйскага паходжання — Элкано Маркавіч Гальдштэйн і яго сын Уладзімір Элканавіч Гальдштэйн. Прычым першы з’яўляецца аўтарам шэрагу жылых комплексаў Мінска ў стылі сталінскага апміру. Адна з самых вядомых прац заслужанага архітэктура Беларусі — дом пад шпілем на рагу вуліц Камуністычнай і Чырвонай.

Арыгінальны знешні выгляд прадыктаваны не толькі адметным архітэктурным стылем, але і тым, што музей больш падобны на непрыступную фартэцыю. Музей «ахоўваюць» дзве гарматы, адзін танк і тры бронемашыны. Ад вайсковага аб’екта ўстанову культуры адрознівае толькі надпіс «Краязнаўчы музей». Хоць і ён у спалучэнні з вайсковай тэхнікай глядзіцца досыць пікантна, калі не сказаць што абсурдна.

музей у касцюковічах, што ўбачыць у касцюковічах
Краязнаўчы музей у Касцюковічах. Фота: postalovsky-a.livejournal.com

У музея не надта вялікая экспазіцыя, але цікавая. Там ёсць археалагічныя знаходкі, прадметы побыту, упрыгажэнні і прылады працы з часоў Сярэднявечча, багатая калекцыя этнаграфічных матэрыялаў. У экспазіцыі ёсць шмат дакументаў і асабістых прадметаў з часоў Расійскай імперыі, Другой сусветнай вайны. Вядома, ёсць экспазіцыі, што прысвечаны Чарнобыльскай катастрофе, знакамітых землякам і духоўнай спадчыне краю.

краязнаўчы музей у касцюковічах
Частка экспазіцыі краязнаўчага музея. Фота: museums.by

Аднымі з самых каштоўных з’яўляюцца народныя строі, ручнікі, посцілкі, касцюмы настаўнікаў гімназіі пачатку мінулага стагоддзя, дакументы і асабістыя рэчы Куляшова, Чыгрынава і Пісьмянкова. У музеі захоўваюць дзве рэпрадукцыі карцін нямецкіх мастакоў, якія належалі мясцоваму купцу Баравікову, а яшчэ — калекцыя нумізматыкі з больш чым тысячу манет рознай вартасці.

Горад з культам каменя і Алея дружбы

Па тэрыторыі ўсяго горада знаходзяцца паўтары дзясяткі камянёў. Большасць з іх — памятныя, некаторыя выглядаюць як сапраўдныя велічныя валуны. На памятных камянях выгравіраваны надпіс ці прымацавана мармуровая пліта з тэкстам альбо малюнкам.

Цікава, што ў горадзе стаяць два валуны да 400-годдзя і 500-годдзя Касцюковічаў — іх паставілі з прамежкам у 16 гадоў. Валун да 400-годдзя знаходзіцца на прыступчатым пастаменце: яго паставілі ў невялікім гарадскім парку ў 1992 годзе. А на адной з цэнтральным вуліц стаіць камень да 500-годдзя — яго паставілі ў 2008-м. На яго прымацавалі дошку з датай, арнаментам і сімволікай горада.

Чаму так здарылася? У 1992 годзе святкавалі 400 гадоў гораду, бо адносілі першы летапісны ўспамін пра Касцюковічы да 1592-га. А вось у 2008 годзе адзначалі 500 гадоў, бо гісторыкі знайшлі дакументы, якія пацвярджалі, што пра паселішча стала вядома на сто гадоў раней.

У Касцюковічах наогул любяць да якіх-небудзь падзей ставіць камяні. Напрыклад, на ўваходзе ў мясцовую гімназію паставілі камень з нагоды заснавання раённай гімназіі ў 2006 годзе. Камень з выбітым на ім надпісам знаходзіцца і пры ўваходзе ў сквер 60-годдзя Вялікай Перамогі.

касцюковічы
Памятны камень, прысвечаны адкрыццю гімназіі. Фота аўтара

У Касцюковічах ёсць Алея дружбы, якая злучае Касцюковічы і нямецкі горад-пабрацім Дзіцэнбах. Яе заклалі ў 2006 годзе, амаль праз дзесяць гадоў пасля заснавання «Кола сяброў Касцюковічы-Дзіцэнбах». Адметна, што Алея дружбы пачынаецца таксама памятным каменем, які пазначае пачатак сімвалічнай гарадской лакацыі.

алея дружбы ў касцюковічах
Алея дружбы з памятным каменем. Фота: glubinka.by

Раён чыгуначнай станцыі Камунары

Калі вы прыехалі ў Касцюковічы на цягніку, то абавязкова трапіце на чыгуначную станцыю Камунары. Назва станцыі ідэнтычнай з назвай горада не існуе: для Беларусі падобная з’ява вельмі рэдкая, хоць і не ўнікальная. Тапонім Камунары — напамін пра эпоху пракладкі чыгуначнай лініі ў раннія гады савецкай улады. Будаўніцтва станцыі паспрыяла ўзнікненню новых камун каля станцыі, адпаведна асаблівасці пасёлка замацаваліся ў назве. Ён з цягам часу зліўся з горадам і стаў адной з частак сённяшніх Касцюковічаў.

чыгуначная станцыя камунары, чыгунка касцюковічы
Знешні выгляд будынку станцыі Камунары. Фота: glubinka.by

Сама станцыя ляжыць за пару кіламетраў ад асноўнай часткі горада, хоць чыгуначнае палатно праходзіць праз увесь населены пункт. Будынак чыгуначнай станцыі выглядае досыць просценька, без архітэктурных асаблівасцяў. Наогул раён Камунараў дастаткова аддалены ад іншых частак Касцюковічаў, тут даволі пустынна і ціха.

Нягледзячы на аддаленасць вакзала, у выпадку з Касцюковічамі гэта не паспрыяла развіццю грамадскага транспарту, аўтобусы ў цэлым ходзяць рэдка. Асаблівых адметнасцей у гэтым раёне ўбачыць не атрымаецца, акрамя некалькіх старых будынкаў часоў рэвалюцыі.

касцюковічы
Рытуальная крама касцюковіцкага райпо ў чырвона-зялёных колерах. Фота аўтара.

Праз дарогу ад будынка чыгуначнага вакзала знаходзіцца будынак імпазантнай рытуальнай крамы касцюковіцкага райпо, пабудаваны за савецкім часам, аформленай у чырвона-зялёных колерах. Колеравая гама рытуалкі выглядае смешна, аднак мабыць у гэтым схаваны канкрэтны мэсэдж да жыхароў і гасцей Касцюковічаў.

Аўтар Хведар Прылёпаўскі

Вярнуцца ўгару