«Вы не страляйце, мы не страляем». Як англійскія і нямецкія вайскоўцы дамовіліся пра «Каляднае перамір’е» ў 1914 годзе

каляднае перамір'е 1914, першая сусветная вайна

Першая сусветная вайна была адной з самых разбуральных у мінулым стагоддзі, але падчас свят частка вайскоўцаў з абодвух бакоў адмовілася весці баявыя дзеянні. Хоць гэта адбылося не па ўсім фронце, аднак увайшло ў гісторыю пад назвай «Каляднае перамір’е» (па-нямецку — Weihnachtsfrieden, па-англійску — Christmas truce, па-французску — Trêve de Noël). Вайскоўцы абменьваліся з праціўнікамі падарункамі, разам спявалі калядныя песні і гулялі ў футбол.  

Перамір’е на Каляды на Заходнім фронце ў 1914 годзе доўжылася ўсяго пару дзён, а ўжо ў наступныя гады вайны камандзіры пад страхам смерці забаранялі сваім жаўнерам братацца з праціўнікамі.

PALATNO — пра тое, як англічане і немцы дзякуючы Калядам на два дні спынілі вайну.

З чаго ўсё пачалося

«Каляднае перамір’е» 1914 года паміж англійскімі і нямецкімі вайскоўцамі стала адной з самых вядомых падзей Першай сусветнай вайны. Братанні паміж вайскоўцамі адбываліся амаль па ўсім Заходнім фронце: па падліках гісторыкаў, каля ста тысяч жаўнераў спынілі баявыя дзеянні. Гэтае перамір’е было неафіцыйным, яно пачалося 24 снежня і скончылася праз два дні.

У снежні 1914 года, праз пяць месяцаў пасля пачатку вайны, англійска-французскія войскі стаялі на тэрыторыі Францыі на адлегласці менш за 300 метраў ад нямецкіх войск. І там, і там у акопах былі ёлкі, і там, і там вайскоўцы спявалі і чулі, як іх ворагі пачынаюць святкаваць надыходзячыя Каляды. Праціўнікі перамаўляліся паміж сабой: спачатку здзекліва, а затым шчыра пачалі віншаваць адзін аднаго са святамі.

Англійскі вайсковец Мармадзюк Уолкінтан успамінаў, што спачатку немцы і саюзныя войскі перакрываліся паміж сабой, жартавалі. «У адзін момант немец з акопа крыкнуў: “Заўтра вы не страляйце, мы не страляем”. На раніцу мы не стралялі, яны таксама не стралялі. Нашы салдаты пачалі высоўваць галовы, але немцы ўсё адно не стралялі. Потым мы пабачылі, як адзін немец стаяў ля акопа і махаў рукамі, каб і мы таксама больш не стралялі».

каляднае перамір'е 1914
Брытанскія і нямецкія вайскоўцы ў снежні 1914 года на нічыйнай зямлі. Фота: iwm.org.uk

Іншы англійскі вайсковец — Колін Уілсан — расказваў, што немцы прасілі англічан паспяваць іх калядныя песні, а яны спявалі свае. «Затым яны прапанавалі сустрэцца на нічыйнай зямлі. Афіцэры дазволілі нам прыйсці да немцаў».

Спробы пабратацца не заўсёды заканчваліся паспяхова. Некаторыя англійскія падраздзяленні ігнаравалі прапановы немцаў аб перамір’і. Англічанін Кліфард Лэйн успамінаў, што ўначы немцы пачалі святкаваць Каляды. «Мы атрымалі загад адкрыць агонь — мы так і зрабілі. Немцы не адказвалі на агонь, яны святкавалі і цалкам ігнаравалі нас, а мы проста сядзелі ў нашых мокрых акопах».

Нямецкі вайсковец з прозвішчам Рыкнэр апісваў святкаванне з праціўнікамі так: «Нямецкія і французскія жаўнеры пакінулі свае акопы, пайшлі да калючага дроту паміж імі з шампанскім і цыгарэтамі ў руках. Яны крычалі адзін аднаму, што хочуць скончыць вайну, але перамір’е працягнулася толькі два дні».

Пахаванні, абмен і футбол

Перамір’е на Каляды было выкарыстана не толькі для таго, каб выпіць шампанскага разам з учорашнім ворагам. Многія вайскоўцы забіралі целы сваіх забітых пабрацімаў і хавалі іх. А капеланы размаўлялі з вайскоўцамі з варожых акопаў. Па некаторых сведчаннях, яны гутарылі і пра ўзбраенне. Хтосьці расказваў пра праблемы з кулямётамі, а хтосьці пра тое, што на іх баку ваююць зусім хлопчыкі з адной вінтоўкай на траіх.

Падчас сустрэч бакі часта абменьваліся падарункамі і сувенірамі. Вайскоўцы мянялі ежу, цыгарэту і алкаголь. Часам нават не было моўнага бар’ера. Брытанец Арчыбальд Стэнлі расказваў пра сустрэчу з немцамі так: «Мы сустрэліся на нічыйнай зямлі, паціснулі рукі. Я пачуў, як адзін з іх гаварыў па-англійску, і запытаўся, адкуль той ведае мову, а ён мне: “Калі пачалася вайна, я быў у Лондане”. А я ў той момант зразумеў, што ў таго немца быў лонданскі акцэнт».

Вайсковец Эрні Уільямс успамінаў, як падчас братання хтосьці вынес сапраўдны футбольны мяч. Па яго словах, салдаты не сфарміравалі каманды, каб пагуляць у футбол, а толькі пасавалі мячык адзін аднаму: «Гэта быў мячык немцаў. У гэтай, так бы мовіць, гульні ўдзельнічала некалькі соцень чалавек. Я таксама гуляў».

Калядныя перамір’і і братанні аказаліся пад забаронай

Вышэйшае камандаванне з абодвух бакоў выступіла супраць перамір’я і загадала салдатам вярнуцца ў акопы. Былі выпадкі, калі салдаты адмаўляліся пакідаць нічыйную зямлю і вяртацца на свае пазіцыі. Пра адзін такі выпадак расказаў англічанін з прозвішчам Уільямс: «Ля нашай траншэі сядзеў п’яны немец. У яго было некалькі бутэлек піва, і ён прапанаваў нам выпіць за здароўе. Наш афіцэр сказаў, што яму трэба вярнуцца ў нямецкія акопы, але той салдат нікуды не хацеў ісці. Мы ўзялі яго пад рукі, хлопец хістаўся і спяваў на ўвесь голас! Мы падышлі да нямецкага дроту, і я падумаў, што не хачу туды ісці: а калі яны мяне там заб’юць? Мы знайшлі дзіру ў дроце, запхнулі немца туды і ўцяклі».

Братанні былі і на Усходнім фронце: аўстрыйцы мянялі тытунь і шнапс на хлеб і сала. Аўстрыйскія вайскоўцы не стралялі ў рускіх, а рускія не стралялі ў аўстрыйцаў.

каляднае перамір'е 1914
Артыкул пра братанне вайскоўцаў у англійскай газеце The Daily Mirror. Фота: iwm.org.uk

Дарэчы, абодва бакі доўгі час адмаўлялі факт «Каляднага перамір’я», а тым больш тое, што праціўнікі разам гулялі ў футбол. Але потым з’явіліся фотаздымкі, якія зрабілі самі салдаты: на кадрах немцы, англічане і французы стаяць разам. Такіх фотаздымкаў былі дзясяткі, і факт давялося прызнаць.

Аднак з кожным месяцам вайна станавілася больш жорсткай. Апроч таго, у арміях уводзілі пакаранні для тых, хто хацеў пабратацца з ворагам. Таму ў наступныя гады такіх выпадкаў станавілася ўсё меней і меней.

Вярнуцца ўгару