Каміла Марцінкевіч магла стаць зоркай у музычным жыцці Еўропы, але яна абрала іншы шлях — не толькі з-за прынцыпаў, але і з-за нястачы матэрыяльных сродкаў на вышэйшую адукацыю. Яна была таленавітай піяністкай, дачкой класіка беларускай літаратуры і рэвалюцыянеркай, якую саслалі царскія ўлады ўглыб імперыі амаль на два дзесяцігоддзі.
PALATNO расказвае пра Камілу Марцінкевіч.
Змест
Музыка з ранняга дзяцінства
Каміла Марцінкевіч нарадзілася ў 1834 годзе ў Мінску ў Вінцента Дуніна-Марцінкевіча і яго жонкі Юліі. У гэты час яе бацька ўжо быў даволі вядомым чалавекам. Прыкладна ў першыя гады жыцця сваёй дачкі Вінцэнта арыштоўваюць за падробку дваранскіх дакументаў і каралеўскіх пячатак. У далейшым яе бацька будзе хаваць факт турэмнага заключэння. На будучае жыццё Камілы крымінальны пераслед бацькі наўрад ці адбіўся.
З дзяцінства Каміла пачала займацца музыкай. Яе музычныя здольнасці адзначалі ў малым узросце бацькі і блізкія, калі яна выступала на дамашніх канцэртах. На фартапіяна вучылася граць у пансіёне Людвіка і Марыі Мантэграндзі — узорным мінскім пансіёне. Увогуле, на той час пансіёны адыгрывалі значную ролю ў распаўсюдзе мастацкіх ведаў, а іх росквіт як раз адбываецца ў гады сталення Камілы. Пазней ужо вядомы на той час кампазітар Станіслаў Манюшка і сябра яе бацькі рэкамендуе маладой піяністцы браць прыватныя ўрокі ў Дамініка Стэфановіча, у якога таксама вучыўся сам Манюшка.
Каміла пачала выступаць з канцэртамі з васьмі гадоў. Яна разам з братам Міраславам сумесна выступалі ў розных гарадах Расійскай імперыі, найбольш паспяховымі сталі канцэрты ў Кіеве і Варшаве.
Акрамя таго яна ўдзельнічала ў дзейнасці бацькі ў Мінску. На той час Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч ужо з’яўляецца вядомым літаратарам, яго творы ставяць на сцэны, а музыку для некаторых піша сам Манюшка.
Праблемы з Парыжскай кансерваторыяй, «глухата» расійскіх імператараў
З часам Дунін-Марцінкевіч пачынае сур’ёзна разважаць на конт будучыні дачкі. Ён думае, што дзяўчыну можна адправіць на вучобу ў Парыжскую кансерваторыю, але з-за нястачы грошай гэты план не ўдалося рэалізаваць. Бацька нават звяртаецца да двух расійскіх імператараў — Мікалая I і Аляксандра II — з просьбай забяспечыць адукацыю для дачкі за казённы кошт. Аднак імператары ніяк не ўдастоілі адказам запыты Дуніна-Марцінкевіча.
Для Камілы немагчымасць працягваць адукацыю стала вялікім ударам. Яна адмовілася даваць канцэрты, пачынае выкладаць музыку ў прыватных пансіёнах — там, дзе і сама вучылася гуляць на піяніне. У пачатку 1860-х гадоў Каміла арганізавала ў Мінску і Гарадку на Маладзечаншчыне школы для дзяцей беднаты.
Прыкладна ў той жа час Каміла Марцінкевіч актыўна ўдзельнічае ў рэвалюцыйна-дэмакратычным руху. У 1861 годзе яе арыштавалі за спяванне рэвалюцыйных гімнаў. А затым царскія ўлады аб’явілі яе псіхічнахворай і змясцілі ў псіхіятрычную бальніцу. Дзеянні расійскага ўраду катэгарычна ўспрынялі ў Мінску. За кароткі час каля будынку псіхіятрычнай бальніцы сабраўся натоўп і кідаў піяністке праз краты кветкі. Улады вымушаны былі адпусціць Марцінкевіч.
Каміла застаецца ў Мінску і таемна працягвае рэвалюцыйную дзейнасць. З часам яна атрымлівае дазвол ад мясцовай улады на арганізацыю харчавання асуджаных польскіх рэвалюцыянераў, якіх перавозілі праз Мінск у Сібір. Такая дзейнасць моцна не падабалася царскай уладзе, таму яе ў хуткасці забаранілі, а Каміле давялося пакінуць Мінск.
У 1863 годзе пачынае Паўстанне Кастуся Каліноўскага. Марцінкевіч ужо доўгі час не жыве ў Мінску, яна знаходзіцца на Маладзечаншчыне — у Гарадку. Яна спрабуе купіць зброю, але яе арыштоўваюць і закрываюць у мінскім астрозе. У 1863 годзе яе адпраўляюць у ссылку пад наглядам паліцыі ў Салікамск. У той жа час царскія ўлады актыўна шукаюць яе бацьку, якога змаглі адшукаць толькі ў 1864-м у Свіры, ён сядзіць у той жа турме, дзе сядзела дачка за пару гадоў да яго. Удзел Дуніна-Марцінкевіча ў паўстанні так і не змаглі даказаць, таму ён знаходзіцца пад наглядам паліцыі амаль да самой смерці.
Праз некалькі гадоў у ссылцы, у 1865-м, Каміла пабралася шлюбам з павятовым доктарам Казімірам Асіповічам. У шлюбе ў іх нарадзілася шасцёра дзяцей. Усяго ў ссылцы Каміла Марцінкевіч правяла 17 гадоў, за гэты час ёй ні разу не дазволілі вярнуцца на радзіму. У 1880 годзе, калі яна была цяжка хворая, ёй дазволілі прыехаць на беларускія землі.
Каміла Марцінкевіч памерла ў 1900 годзе. Пахавана разам з мужам на Бернардзінскіх могілках у Вільні.
