Пра што быў камуністычны «Маніфест» Маркс і Энгельса?

карл маркс, фрыдрых энгельс, маніфест камуністычнай партыі

У 1848 годзе Карл Маркс і Фрыдрых Энгельс публікуюць «Маніфест Камуністычнай партыі», які стане адным з найважнейшых тэкстаў і паўплывае на развіццё палітычных сістэм і ідэалогій.

PALATNO расказвае пра што быў легендарны «Маніфест».

Асноўныя ідэі: класавая барацьба, крытыка капіталізму, рэвалюцыя

У «Маніфесце» знаходзяцца асноўныя ідэі камунізму і крытыкі капіталістычнай сістэмы.

Маркс і Энгельс сцвярджаюць, што ўся гісторыя чалавецтва з’яўляецца гісторыяй змагання паміж класамі — прыгнетальнікамі і прыгнечанамі. У капіталістычным грамадстве галоўны канфлікт — паміж буржуазіяй (уласнікамі сродкаў вытворчасці) і пралетарыятам (працоўнымі).

Згодна з «Маніфестам», грамадства развіваецца праз канфлікты, якія прыводзяць да рэвалюцыйных змяненняў у сацыяльным ладзе.

Капіталістычнае грамадства крытыкуецца, бо яно заснаванае на эксплуатацыі пралетарыяту буржуазіяй. Пралетарыят прадае сваю працоўную сілу, але не атрымліваюць справядлівую долю ад створанага імі. У «Маніфесце» падкрэсліваецца, што капіталізм ператварае людзей у тавары і падпарадкоўвае іх рыначным законам, а так разбурае чалавечыя сувязі. Умовы жыцця ў такім грамадстве пагаршаюцца, бо капіталізм стварае пастаянныя крызісы з-за імкнення да прыбытку.

А што з’яўляецца галоўным інструментам для прыгнёту пралетарыяту? Маркс і Энгельс лічаць, што гэта прыватная ўласнасць, якую трэба абавязкова скасаваць і перадаць у калектыўную ўласнасць. У гэтай сітуацыі ўладу павінен узяць пралетарыят, каб стварыць грамадства без эксплуатацыі і без класавага падзелу — гэта магчыма ў выніку рэвалюцыі.

І тут на арэну ўступаюць камуністы. Роля камуністаў — натхняць і арганізоўваць працоўны клас для рэвалюцыі. Барацьба пралетарыяту супраць буржуазіі не абмяжоўваецца адной краінай, бо, канешне, у капіталізму глабальны характар. Камуністы імкнуцца да пабудовы грамадства без класаў, у такім грамадстве не будзе прыватнай уласнасці, а рэсурсы будуць размяркоўвацца па патрэбах кожнага.

Як «Маніфест» паўплываў на гісторыю

Навуковая праца Маркса і Энгельса аказала велізарны ўплыў на гісторыю ў розных аспектах. Ідэі «Маніфеста» натхнілі рэвалюцыйныя рухі, змянілі палітычныя рэжымы і фарміравалі гісторыю дзесяцігоддзямі.

«Маніфест Камуністычнай партыі» быў апублікаваны напярэдадні рэвалюцый 1848-1849 гадоў, якія ахапілі Еўропу. Хоць ён і не стаў непасрэдным каталізатарам рэвалюцый, яго ідэі адлюстроўвалі настроі працоўнага класа і крытыку сацыяльнай няроўнасці.

У 1917 годзе ідэі Маркса сталі тэарэтычнай асновай для бальшавіцкай рэвалюцыі, якую ўзначаліў Уладзімір Ленін. У выніку Кастрычніцага перавароту стварылі Савецкі Саюз — першую дзяржаву, якая спрабавала рэалізаваць камуністычную мадэль. Яшчэ пазней, у 1949 годзе, у Кітаі Мао Цзэдун прыйшоў да ўладу, абапіраючыся на марксісцкія ідэі. У іншых краінах таксама адбываліся рэвалюцыі, падобныя на расійскую і кітайскую: на Кубе, В’етнаме і розных краінах Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Чаму Кастрычніцкі пераварот адзначаюць 7 лістапада, а не ў кастрычніку?

 

«Уся ўлада Саветам!» Што адбывалася ў Беларусі ў першыя месяцы пасля Кастрычніцкага перавароту

 

«Дыктатары». Эпізод №2 — Маа Цзэдун


кастрычніцкі пераварот 1917, кастрычніцкая рэвалюцыя 1917, камунізм
Санкт-Пецярбург, 1917 год.

«Маніфест» і камуністычныя ідэі паспрыялі аб’яднанню працоўных для барацьбы за правы. У XIX і XX стагоддзях гэта прывяло да стварэння многіх прафсаюзаў, якія сталі важнай палітычнай сілай у капіталістычных краінах. У шматлікіх еўрапейскіх краінах працоўных рух спрыяў увядзенню сацыяльных даброт: пенсій, мінімальнага заробку, бясплатнай адукацыі і медыцыны.

Ці шмат «Маніфест» крытыкуюць?

Просты адказ — так. «Маніфест» крытыкуюць з розных пазіцый. Хоць ідэі «Маніфесту Камуністычнай партыі» значна паўплывалі на гісторыю, спроба іх рэалізаваць сутыкнулася з сур’ёзнымі праблемамі.

Па-першае, крытыкі сцвярджаюць, што ідэя грамадства без класаў, у якім адсутнічае прыватная ўласнасць, з’яўляецца занадта ідэалістычнай і практычна невыканальнай. Рэальныя спробы рэалізацыі такога грамадства прыводзілі да новых формаў прыгнёту. А яшчэ «Маніфест» разглядае гісторыю выключна як барацьбу класаў, пры гэтым ігнараваліся іншыя фактары, якія таксама ўплываюць на развіццё грамадства.

СССР, Кітай і іншыя краіны з камуністычнымі рэжымамі сцвярджалі, што дзейнічаюць паводле ідэй «Маніфеста». Аднак часта жыццё ў камуністычных рэжымах суправаджаецца таталітарнымі метадамі кіравання, масавымі рэпрэсіямі і парушэннем правоў чалавека. Замест ліквідацыі прыгнёту рэжымы канцэнтравалі ўладу ў руках дзяржаўнага апарату і эліт.

Крытыкі таксама падкрэсліваюць, што ў грамадстве без прыватнай уласнасці і асабістага прыбытку проста знікае матывацыя працаваць і ствараць. А гэта прыводзіць да зніжэння прадукцыйнасці і эканамічнага заняпаду. Марксізм прапагандуе дзяржаўнае кіраванне эканомікай, але гісторыя паказвае, што цэнтральнае планаванне аказваецца менш эфектыўным, чым рыначныя механізм.

«Маніфест» канцэнтруе ўвагу толькі на эканамічнай эксплуатацыі. І так ігнаруе іншыя формы сацыяльнай няроўнасці — гендарная, расавая ці этнічная дыскрымінацыя.

У XXI стагоддзі свет стаў больш складаным, а класавыя структуры значна змяніліся. Напрыклад, «пралетарыят» у традыцыйным разуменні страціў сваю ролю ў выніку тэхналагічнага прагрэсу і глабалізацыі. Таксама змяніўся і капіталізм: сучасныя капіталістычныя краіны прынялі многія сацыяльныя рэформы.

Вярнуцца ўгару