38 гадоў таму памерла беларуская пісьменніца Канстанцыя Буйло. Паэтка стала сведкай шматлікіх змен у беларускай гісторыі: дзве сусветныя вайны, Кастрычніцкі пераварот, усталяванне савецкай улады, Чарнобыльская трагедыя… Яна пачала друкавацца ў 16 гадоў — пад імем свайго брата, а пазней яе назвалі адной з самых магутных жаночых постацяў у беларускай літаратуры.
PALATNO расказвае пра жыццё і творчасць адной з самых вядомых беларускіх пісьменніц.
Каханне са шляхціцам, які загіне ў сталінскіх лагерах, і сяброўствам з сям’ёй Купалаў
Канстанцыя Буйло нарадзілася ў Вільні 14 студзеня 1893 года. Яе бацька Антон працаваў старшым конюхам у стайнях князя Гагарына. Бацька хацеў забяспечыць добрую адукацыю сваім дзецям — іх у сям’і было сямёра. Таму з ранняга дзяцінства малодшыя вучыліся чытаць і пісаць. Канстанцыя атрымала адукацыю дома, яе навучалі дамашнія настаўнікі. У сям’і Канстанцыю пяшчотна называлі Костачка, пазней сябры будуць зваць яе Косткай.
У 1909 годзе яна ўпершыню надрукавалася — у «Нашай Ніве», але пад імем свайго брата Эдуарда. Эдуард сам даслаў верш у рэдакцыю беларускай газеты.
Але існуе меркаванне, што першым надрукаваным вершам быў «Лес» у 1903 годзе. Пад сваім рэальным імем Канстанцыя пачала друкавацца праз год пасля публікацыі ў «Нашай Ніве», у 1910 годзе.
У 1914 годзе скончыла кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы ў Вільні. І ў гэтым жа годзе Беларускае выдавецкае таварыства выпусціла яе дэбютны зборнік вершаў пад назвай «Курганная кветка». У зборніку былі вершы, якія маглі здзіўляць сваім эратызмам:
Помніш вечар: з табою мы ў чоўні былі,
І па возеры сонным плылі <…>,
І здавалася мне, што ты бог над вадой,
Не баялась я буры, бо ты быў са мной.
Ты прыгнуўся, спакойна руку маю ўзяў.
І, заглянуўшы ў вочы, мне з моцай сказаў:
«Будзь спакойна: я тут, я — з табой».
«Курганную кветку» рэдагаваў сам Янка Купала, а Язэп Драздовіч афармляў кнігу. Выданне першай кнігі Канстанцыі фінансавала княгіня Магдалена Радзівіл. Яны асабіста сустракаліся, і пры першай сустрэчы княгіня настойвала на тым, каб Канстанцыя Буйло стала манашкай:
«Нам трэба мець уплыў на беларускую палітыку. Там вас навучаць усяму, што трэба. Вы можаце там пісаць па-беларуску і дайсці да высокіх годнасцей», — так пісала сама пісьменніца пра словы Радзівіл пра патрэбу стаць манашкай.
Пасля Канстанцыя загадвала беларускай кнігарняй у Полацку. Падчас працы там яна нават давала хабар мясцоваму паліцэйскаму, які заходзіў у кнігарню. Там яна адпрацавала нядоўга, і перайшла на дзяржаўную службу.
У 1916 годзе Канстанцыя выйшла замуж за шляхціца Віталя Калечыца. Праз два гады ў пары народзіцца сын Яўген. Калечыца арыштуюць у 1933 годзе чэкісты, ён не зможа выйсці на волю, і загіне ў лагерах. Яна будзе пісаць ужо пасля смерці Сталіна, што перыяд рэпрэсій траўмаваў яе. Адзіную падтрымку пасля арышту мужа Канстанцыя атрымае ад Янкі Купалы і яго жонкі Уладзіславы Луцэвіч, з якімі яна моцна сябравала. З Уладзіславай Луцэвіч яны заўсёды падтрымлівалі сувязь, а смерць Уладкі, як яе называла Канстанцыя, выклікала ў яе псіхоз.
Увогуле сувязь Буйло з іншымі беларускімі пісьменнікамі была цікавая. Напрыклад, яна крыўдзілася, што Максім Багдановіч не звяртаў на яе ўвагі і не запрашаў танцаваць на вечарынках у Вільні. Змітрок Бядуля любіў пакпіць з маладой паэткі, калі чытаў ёй свае вершы.
Пасля Кастрычніцкага перавароту пісьменніца працавала ў выканкаме рабочых і салдацкіх дэпутатаў, была бухгалтарам у саўгасе. За сваё жыццё яна змене шмат рабочых месцаў. У 1923 годзе пераехала ў Маскву, дзе жыла да самай смерці. Пасля пераезду туды перастала друкавацца, і не друкавалася даволі доўга — да сярэдзіны 1940-х.
Многія даследчыкі называюць Віталя Калечыца адзіным каханнем у жыцці Канстанцыі. Аднак, як мы расказалі раней, яна не дачакалася мужа са сталінскіх лагераў. Яна выйдзе замуж у другі раз — за Барыса Ермакова. Ён прасіў яе кінуць пісаць вершы, бо гэта, на яго думку, «стамляе» паэтку.
Канстанцыя не хацела дзяліцца ўспамінамі з біёграфамі, бо лічыла, што яе прыватнае жыццё павінна заставацца прыватным — прынамсі, пакуль яна не памрэ. Пры жыцці яна пакрысе сама знішчала свой архіў з запісамі: яна лічыла, што ніхто не мае права капацца ў яе дакументах.
Канстанцыя Буйло памерла 4 чэрвеня 1986 года ў Маскве. У 1989 годзе ўрну з яе прахам перавезлі ў вёску Вішнева на Валожыншчыне. Там жыла Канстанцыя жыла разам з сям’ёй у дзяцінстве.
Самы знакаміты верш Канстанцыі Буйло
Паэзію Канстанцыі Буйло можна апісаць як лірычную і з глыбокім эмацыянальным гучаннем, адлюстроўвае яе асабісты досвед.
«Люблю». У гэтым вершы Буйло горача і эмацыянальна расказвае пра пачуццё кахання. З дапамогай яркіх вобразаў і шчырага выказвання пісьменніца ўлоўлівае сутнасць кахання: не толькі рамантычнага, але і глыбокай любові да жыцця, прыроды і чалавечых адносін. Мова верша простая, але магутная. Буйло выкарыстоўвае прыродныя вобразы, каб правесці паралелі паміж каханнем і прыгажосцю свету. Яна падкрэслівае, што каханне з’яўляецца неад’емнай часткай чалавечага досведу.
І яшчэ адзін, які абавязкова прачытаць перад сном — «Ноч». У гэтым вершы Буйло даследуе таямнічыя аспекты начнога часу. У вершы паэтка паглыбляецца ў спакой і самааналіз, выкарыстоўвае змрочныя і захапляльныя вобразы, каб стварыць атмасферу сузірання. Мова Канстанцыі ствараюць яркі вобраз ночы і заахвочвае чытачоў прыняць цішыню і паразважаць над сваімі думкамі.