Натхненне

Канстанцін Ельскі — беларускі даследчык Гвіяны і Перу. Расказваем пра яго жыццё і вандроўкі


Канстанцін Ельскі — беларускі даследчык Гвіяны і Перу. Расказваем пра яго жыццё і вандроўкі

Ён нарадзіўся ў сям’і з вялікай гісторыяй, але вырашыў напісаць сваю. Канстанцін Ельскі ўсё жыццё імкнуўся даследаваць штосьці новай і невядомае. Ён нарадзіўся на беларускіх землях, але марыў пра трапічныя лясы і экзатычныя краіны. Яго мара здзейснілася — ён стаў выдатным натуралістам і даследчыкам Гвіяны і Перу. Як так атрымалася, што хлопец з Лядаў узначальваў музей у Ліме і пераходзіў Кардыльеры?

PALATNO расказвае пра даследчыка Гвіяны і Перу, ураджэнца беларускіх зямель Канстанціна Ельскага.

Ляды, Кіеў, Турцыя і Парыж

Канстанцін Ельскі нарадзіўся ў вёсцы Ляды на Міншчыне ў 1837 годзе. Бацька Канстанціна, Міхал, быў сынам Францішка Ельскага і Амеліі з Сапегаў. Міхал займаўся сельскай гаспадаркай і быў вядомым натуралістам. А маці, Клацільда, паходзіла з роду Манюшкаў.

Канстанцін выдатна адвучыўся ў Мінскай гімназіі. У 1853 годзе паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Праз некалькі гадоў, у 1856-м, перавёўся на матэматычна-прыродазнаўчы факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. У сферы цікавасці маладога навукоўца былі батаніка і заалогія. У тыя часы ён пачаў уласныя навуковыя даследаванні, якія прыцягнулі ўвагу больш знакамітых натуралістаў і дазволілі яму адправіцца ў першыя для яго экспедыцыі. У 1860 годзе Ельскі скончыў універсітэт і атрымаў настаўніцкую працу ў Ноўгарадзе. Аднак дзякуючы намаганням яго прафесараў навуковец вярнуўся да працы ў Кіеў. На той час ён не толькі настаўнічае, але піша навуковыя працы і друкуецца ў вядучых выданнях Расійскай імперыі.

У 1863 годзе пачалося Паўстанне Кастуся Каліноўскага. Даследчыкі не ведаюць, якая роля ў Канстанціна Ельскага была ў паўстанні і ці прымаў ён у ім удзел. Але з-за паўстання Ельскі таемна пераходзіць мяжу праз Румынію ў Турцыю. Ён апынуўся ў Турцыі без грошай і дакументаў, але дзякуючы мясцовым польскім дзеячам змог уладкавацца на працу. З таго часу пачынае вывучэнне Турцыі, але яму не падабаецца бюракратыя мясцовай улады, таму ён пачынае шукаць іншыя магчымасці.

У 1865 годзе Ельскі змог перабрацца ў Парыж, яму прапануюць пасаду ў Прыродадаследчым інстытуце. На той час ён ужо загараецца думкай аб даследаванні трапічных краін. У Францыі былі паўднёваамерыканскія калоніі. У адну з такіх, Гвіяну, у хуткім часе трапіў і Ельскі.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

З Оршы ў Джорджтаўн. Як Францішак Дзеружынскі стаў галоўным езуітам ЗША

 

Малец з Мёршчыны ствараў скульптуры прэзідэнтаў для амерыканскага Кангрэса і загінуў у Паўстанні Каліноўскага

 

А вы ведаеце, што першым прэзідэнтам Гаваяў быў беларус?


Гвіяна і Перу, якія зрабілі Ельскага знакамітым

Падрыхтоўка да паездкі ў Паўднёвую Амерыку ў Ельскага заняла час. Па-першае, ён асабіста прасіў аднаго з французскіх міністраў дазвол на вандроўку, які яму выдалі. Па-другое, Ельскі прадаў ці падарыў цалкам усё экспанаты, які назбіраў за часы жыцця ў Турцыі і Францыі. Па-трэцяе, перад паездкай ён спецыяльна купіў стрэльбу для абароны. Таксама вядома з успамінаў, якія з’явіліся дзякуючы яго двум сябрам, у Ельскага не было шмат грошай для вандроўкі, таму ён браў даведкі ў французскіх органах, каб купіць білет на карабель (ён ехаў у самым танным класе) за паўцаны.

Канстанцін Ельскі, беларусы ў амерыцы, беларускія навукоўцы, беларусы навукоўцы
Канстанцін Ельскі ў Ліме ў 1871 годзе.

Улетку 1865 года Канстанцін Ельскі прыбыў на караблі «Амазонка» ў Паўднёвую Амерыку. На тым караблі перавозілі зняволеных, чыноўнікаў на замену ў калонію, а таксама гандляроў і ваенных. У Гвіяне ён уладкоўваецца на працу памочнікам фармацэўта ў мясцовую аптэку ў сталіцы Гвіяны. У хуткім часе Ельскага пасылаюць на працу з Гвіяны на выспы Выратавання. Навуковец займаецца не толькі медыцынай, але збірае розных прадстаўнікоў флоры і фаўны, а экзэмпляры дасылае ў Еўропу.

У 1869 годзе Ельскі правёў экспедыцыю ва ўнутраныя рэгіёны Гвіяны, але клімат аказаўся неспрыяльным, таму навуковец пераязджае ў Перу. Ельскі амаль на дзесяць гадоў застаецца ў гэтай краіне і пачынае яе даследаванне: перайшоў Кардыльеры, наведаў вярхоўе Амазонкі, быў куратарам музею Раймондзі ў Ліме. Даследаванні Перу прынеслі Ельскаму папулярнасць у навуковых колах Еўропы. Дзякуючы Ельскаму былі адкрыты і даследаваны раней невядомыя прадстаўнікі паўднёваамерыканскай флоры і фаўны.

У 1878 годзе Ельскі быў вымушаны пераехаць у Еўропу з-за перуанскага прэзідэнта Мануэля Пардо: ён быў даволі папулярным палітыкам, але пры ім адбыўся фінансавы крызіс і некалькі паўстанняў, якія дэстабілізавалі стан у краіне.

Вяртанне з Паўднёвай Амерыкі і жыццё ў Кракаве

У 1880 годзе Ельскі вярнуўся з Паўднёвай Амерыкі ў Еўропу. Ён асеў у Кракаве, там жа атрымаў пасаду захавальніка натуральных калекцый у Акадэміі навук.

У 1883 годзе Ельскі, якому ўжо было 46 гадоў, ажаніўся са сваёй стрыечнай сястрой Аленай Корсак. У шлюбе нарадзілася чацвёра дзяцей, але двое памерлі ў малых узросце. Яшчэ двое — Канстанцыя і Антось — дажылі да пачатку Другой сусветнай вайны, валодалі маёнткам Баранавічы і загінулі ад рук «саветаў».

Канстанцін Ельскі памёр у 1896 годзе. Ён так і не скончыў уласныя мемуары пра вандроўку ў Паўднёвую Амерыку, якія пасля напісалі яго сябры і калегі.