Музыка вяскоўцаў з Апалачы. Як кантры стала глабальным феноменам

кантры-музыка, музыка кантры, што такое кантры музыка, як з'явілася кантры музыка

Доўгая дарога, пах пылу і бензіну, а на фоне — голас, які расказвае пра тое, што баліць: каханне, сям’я, страты і вялікія надзеі. Калісьці кантры была музыкай бедных шахцёраў і фермерскіх сямей, а пасля пераўтварылася ў сапраўдны саўндтрэк Амерыкі. З часам кантры сталі слухаць па ўсім свеце, але ўсё пачалося ў адным з самых ізаляваных рэгіёнаў Злучаных Штатаў, дзе людзі кожны дзень шукалі надзею і спрабавалі выжыць.

PALATNO расказвае, як нарадзілася кантры-музыка.

Калыска кантры

На ўсходзе Злучаных Штатаў Амерыкі ёсць вялікая горная сістэма, якая называецца Апалачы. Гэта назва вядома амаль кожнаму, але гэты рэгіён — ад Алабамы да мяжы з Канадай — яшчэ называюць Апалачыя. Там знаходзяцца штаты Кентукі, Тэнэсі, Вірджынія і Заходняя Вірджынія, Паўночная Караліна. У XIX-XX стагоддзях гэта была адна з найбольш ізаляваных тэрыторый у Амерыцы. Большасць насельніцтва, што там жыла, працавала ў фермерстве ці рабіла шахцёрамі.

У XVIII-XIX стагоддзях у раён гор Апалачы масава перасяляліся шатландцы, ірландцы і англічане. У горнай мясцовасці людзі жылі адасоблена, таму іх традыцыі заставаліся амаль нязменнымі. Рэгіён таксама быў бедным, людзі працавалі на зямлі або ў вугальных шахтах. Тады музыка стала не проста забавай, а спосабам расказаць гісторыю, перадаць боль ці радасць і адпачыць пасля працы.

З часам культуры сталі спалучацца. Банджа стаў вельмі папулярным у Апалачах, а скрыпка дапамагла стварыць асаблівае гучанне. Так і нарадзіўся новы музычны жанр — кантры.

Як змяняўся жанр сто гадоў таму

У Апалачах песні перасяленцаў пераўтварыліся ў кантры. Доўгі час тая музыка існавала толькі ў вуснай традыцыі і без запісаў. Першая хваля кантры-музыкі датуецца 1920-1930-я гадамі, калі яна становіцца прафесійнай. Тады ж з’яўляюцца першыя зоркі кантры — Джымі Роджэрс і сям’я Картэраў.

Джымі Роджэрс, кантры-музыка, музыка кантры, што такое кантры музыка, як з'явілася кантры музыка
Джымі Роджэрс.

Аднак самым важным годам быў 1927-ы. Летам таго года ў Брысталь на мяжы Тэнэсі і Вірджыніі з флагманскай гуказапісвальнай кампаніі Victor Talking Machine Company адправілі спецыялістаў для запісу мясцовых музыкаў. Да гэтага моманту кантры выконвалі выключна ўжывую: на ганках дамоў, у барах ці мясцовых фэстах. У Брысталі ўпершыню прафесійна запісалі кантры-музыкаў. Дзякуючы запісу і далейшым продажам было зразумела, што ў кантры ёсць патэнцыял, бо людзі былі гатовы купляць, слухаць і распаўсюджваць.

Наступным вялікім крокам сталі 1940-1950-я, якія лічацца залатой эпохай кантры-музыкі. Чаму так адбылося?

Усё пачалося з радыё! У 1925 годзе з’яўляецца радыёшоу Grand Ole Opry. У 1930-я гады яно становіцца сапраўдным амерыканскім нацыянальным феноменам, яго трансліруюць па ўсёй краіне. Калі артыст трапляў у эфір на Grand Ole Opry, то атрымліваў папулярнасць і білет у вялікі музычны свет. У 1943 годзе шоу пераехала ў Нэшвіл — так горад стаў культурным цэнтрам кантры-музыкі.

Нэшвіл пакрысе становіцца галоўным горадам, куды цягнуцца кантры-выканаўцы з усёй краіны. У першай палове XX стагоддзя там пачынаюць узнікаць гуказапісвальныя студыі. Да таго ж Нэшвіл быў у выгодным геаграфічным становішчы: ён быў у цэнтры поўдня Злучаных Штатаў, датуль было зручна дабірацца з іншых рэгіёнаў, дзе любілі і гралі кантры.

У 1940-я актыўна развіваецца блюграс, які нарадзіўся ўнутры кантры, але з цягам часу аформіўся ў самастойны жанр. Бацькам яго лічацца Біл Манро, які выступаў з гуртом Blue Grass Brothers (так, адсюль і назва жанру). У той жа час з’яўляецца дарослае кантры — honky-tonk. Спачатку honky-tonk называлі невялікія бары на поўдні ЗША, дзе збіраліся рабочыя, шахцёры, дальнабойшчыкі. Музыка ў такіх установах павінна была быць гучнай, простай і рытмічнай, каб перакрыць шум і прымусіць людзей танцаваць. Уласна, так і з’явіўся honky-tonk — яго часцяком называюць дарослым кантры, то бок больш шчырым і менш ідэалізаваным.

Нэшвілскі саўнд і кантры па-за законам

Нэшвіл стаў сталіцай кантры, таму менавіта там жанр пачаў камерцылізавацца і змяняцца дзеля слухачоў. У кантры пачынаюць дадаваць аркестравыя аранжыроўкі, хоравыя бэкі, каб зрабіць музыку больш прывабнай для шырокай аўдыторыі. Галоўнымі зоркамі «прыгладжанага» кантры становяцца Патсі Клайн, Джым Рыўз, Эдзі Арнальд. Такое кантры назвалі нэшвілскім саўндам, але індустрыя кантры пачала бунтаваць: некаторым музыкам не спадабалася новае і папсовае гучанне.

кантры-музыка, музыка кантры, што такое кантры музыка, як з'явілася кантры музыка, джоні кэш кантры
Джоні Кэш.

У 1970-я гады ўзнікае кантры па-за законам (у англійскае мове яно называецца Outlaw Country). На той час Нэшвіл кантраляваў усё, музыкаў часта прымушалі граць тое, што будзе прадавацца, а не тое, што яны хацелі. Многія артысты хацелі больш свабоды: абіраць песні, гучанне і тэмы. Галоўнай зоркай такога кантры стаў Вілі Нэльсон. Аднак найбольш знакамітым прадстаўніком кантры па-за законам стаў Джоні Кэш.

Кантры па-за законам было грубым, дзе было больш гітары і гармонікаў. У тэкстах было больш пра рэальнае жыццё, а музыкі аддавалі перавагу вобразам бунтароў: без касцюмаў, а ў джынсах і капелюшах.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Чаму музыка 80-90-х застаецца папулярнай дагэтуль?

 

«I’ll be back». Як правільна глядзець «Тэрмінатара»?

 

Як селянін спяваў пра Беларусь усяму свету. Расказваем пра Міхася Забэйду-Суміцкага


Стадыёны, новыя паджанры і сучаснасць

У 1980-я гады з’яўляюцца новыя зоркі, якія збіраюць стадыёны і ездзяць па Амерыцы з вялікімі турамі. На кантры ўплывае і іншая музыка: у большасці поп і рок.

У 2000-х гадах кантры ўсё яшчэ застаецца важнай амерыканскай музыкай. Напрыклад, ранні перыяд Тэйлар Свіфт — гэта кантры-поп. У час глабалізацыі кантры таксама выходзіць на міжнародны ўзровень і яго змяняюць самі музыкі, каб зрабіць жанр прывабным і цікавым для слухачоў.

Так кантры, якое нарадзілася ў беднай амерыканскай глушы, перастае быць музыкай толькі амерыканскай вёскі, а становіцца сусветным культурным феноменам.

Вярнуцца ўгару