Натхненне

Як карабель, на якім Язэп Варонка адплыў у ЗША, выпадкова затапіў два лайнеры ў адным і тым жа месцы


Як карабель, на якім Язэп Варонка адплыў у ЗША, выпадкова затапіў два лайнеры ў адным і тым жа месцы

Больш за сто гадоў таму Язэп Варонка, былы старшыня і народны сакратар БНР, эміграваў у Амерыку. Лёс Варонкі, які падпісаў Трэцюю Устаўную грамату і хацеў стварыць незалежную Беларусь, быў драматычным: ён так і не дакачаўся свабоды для беларускага народа, большасць яго паплечнікаў была рэпрэсаваная і забітая савецкім рэжымам, а сам ён быў вымушаны жыць за тысячы кіламетраў ад радзімы. Цікава, што драматычны і трагічны лёс напаткаў нават карабель, на якім Варонка плыў у Злучаныя Штаты.

PALATNO расказвае, як перапляліся гэтыя розныя лёсы.

Як Язэп Варонка выязджаў у Амерыку

У 1923 годзе былы старшыня і народны сакратар замежных спраў БНР Язэп Варонка эміграваў з Літвы ў Злучаныя Штаты Амерыкі. Ён быў адным з трох падпісантаў Трэцяй Устаўной граматы БНР, які не пацярпеў ад савецкіх рэпрэсій.

Сакратар ваенных спраў Кастусь Езавітаў загінуў пасля Другой сусветнай вайны пасля таго, як яго затрымалі супрацоўнікі СМЕРШ. Сакратар гаспадаркі Ян Серада знік падчас Другой сусветнай вайны, калі яго вызвалілі з савецкага лагера. Кіраўнік справамі ўрада БНР Лявон Заяц памёр у турме падчас паўторнага арышту чэкістамі. Сакратар юстыцыі Яфім Бялевіч загінуў у савецкім лагеры. Сакратар асветы Аркадзь Смоліч быў расстраляны. Сакратар апекі Палута Бадунова расстраляная ў Мінску і пахаваная ў Курапатах. Сакратар пошты і тэлеграфу Аляксандр Карабач знік без вестак у 1920-я гады. Акрамя Варонкі эміграваць змаглі Тамаш Грыб і Пётр Крачэўскі — абодва памерлі ў эміграцыі ў Празе.

На 1923-ы год у Язэпа Варонкі было літоўскае грамадзянства. Ад 1918 года ён жыў і працаваў у Літве. У карабельным маніфесце, у якім пазначаліся некаторыя біяграфічныя дэталі пасажыраў, можна заўважыць, што нацыянальнасць Варонкі — літовец. Хутчэй за ўсё, такія дадзеныя браліся супрацоўнікамі карабельных кампаній з пашпартоў, а не запытваліся ў саміх пасажыраў.

язэп варонка бнр, эміграцыя язэпа варонкі, гісторыя бнр, кіраўнікі бнр
Карабельны маніфест «Парыжа».

Дзякуючы карабельнаму маніфесту вядома, што Язэп Варонка адразу збіраўся ў Чыкага — там ён пражыў у эміграцыі да канца жыцця. Таксама пазначана, што ў Коўне — літоўскай сталіцы на той час — заставалася жонка Язэпа. Цікава, што Язэп Варонка афіцыйна ажэніцца толькі ў 1932 годзе ў Чыкага з Марыяй Пятроўскай.

У 1923 годзе Язэп Варонка пакінуў Літву і прыбыў у Францыю. У французскім партовым горадзе Гаўр ён чакаў карабель «Парыж», які і адвёз былога старшыню Народнага сакратарыята БНР у Амерыку.

Трагічны і драматычны лёс «Парыжа»

«Парыж», які адвёз Варонку ў эміграцыю, меў трагічны і драматычны лёс. Карабель пачалі будаваць яшчэ перад Першай сусветнай вайной, але не змаглі спусціць на ваду праз баявыя дзеянні. Пасля будаўніцтва карабель стаў адным з найбуйнейшых французскіх лайнераў.

У 1916 годзе «Парыж» спусцілі на ваду, але не выкарыстоўвалі яго да 1919 года. У тым жа годзе карабель пачалі дабудоўваць. Першы трансатлантычны рэйс быў здзейснены толькі ў 1921 годзе: карабель адправіўся з Гаўра ў Нью-Ёрк. Дарэчы, першым рэйсам на тым караблі плыў французскі маршал Фердынанд Фош.

Першы сур’ёзны інцыдэнт з «Парыжам» адбыўся ў 1927 годзе ў нью-ёркскім порце. «Парыж» сутыкнуўся з нарвежскім караблём, які стаяў на якары. У сутыкненні загінулі шэсць нарвежскіх маракоў, а віну ўсклалі на каманду «Парыжа».

Яшчэ праз два гады, у 1929 годзе, «Парыж» сеў на мель у порце Нью-Ёрка: карабель змаглі падняць амаль праз два дні. Праз два тыдні пасля гэтага здарэння карабель адплыў у Еўропу. Ля Эдыстонскіх скал, у некалькіх дзясятках кіламетраў ад берагоў Вялікабрытаніі, «Парыж» зноў сеў на мель. Карабель зноў паднялі з мелі, а пасажыраў давезлі да бліжэйшага партовага горада на шлюпках.

Прыгоды карабля ў 1929 годзе працягнуліся ўжо ў Францыі. Калі «Парыж» стаяў у порце Гаўра, там здарыўся пажар. Карабель быў моцна пашкоджаны, рамонт працягваўся паўгода.

У 1939 годзе «Парыж» стаў ў Гаўры на перапынку. У пякарні карабля здарыўся буйны пажар, які пажарныя змаглі ў хуткім часе патушыць. З-за пажару загінула два члены экіпажу. На наступны дзень пасля гэтага інцыдэнту карабель перакуліўся з-за вялікай колькасці вады, якую пажарныя выкарысталі для тушэння.

Здарэнне з «Парыжам» выклікала яшчэ большыя разбурэнні. Пасля частковага затаплення «Парыжа» выхад з доку быў заблакаваны для карабля «Нармандыя», які перакуліўся і патануў на месцы. Пасля Другой сусветнай вайны нямецкі лайнер «Еўропа» быў перададзены французам у якасці кампенсацыі за «Нармандыю». «Еўропу» перайменавалі ў «Лібертэ». Калі «Лібертэ» рамантавалі ў Гаўры, то падчас шторму карабель сарвала з якару і кінула ў напалову затоплены «Парыж».

Рэшткі «Парыжа» знаходзіліся ў гаўрскім порце да 1947 года, пазней іх паднялі і разабралі на часткі.