Да еўрапейскіх пасяленцаў амерыканскія землі засялілі індзейскія плямёны. Гісторыя Дзікага Захаду будзе няпоўнай без разумення багатай культуры і глыбокага ўплыву індзейскіх плямёнаў. У гэтых плямёнах было складана ўладкаванае грамадства, глыбокія духоўныя вераванні і моцная сувязь з зямлёй: сіў, апачы, наваха, шаены і каманчы…
ПЕРШЫ ЭПІЗОД: ШТО ТАКОЕ ДЗІКІ ЗАХАД
ДРУГІ ЭПІЗОД: КІМ БЫЛІ КАЎБОІ НА ДЗІКІМ ЗАХАДЗЕ
ТРЭЦІ ЭПІЗОД: ЗАКОННІКІ І БАНДЫТЫ
Змест
Плямёны карэнных амерыканцаў
Сіў, таксама вядомыя як лакота, дакота і накота, былі магутным і ўплывовым племенем. Яны жылі на Вялікіх раўнінах, былі вядомыя сваёй культурай ваяроў, паляваннем на буйвалаў.
Апачы ўключалі ў сябе таксама шэраг плямёнаў, якія насялялі паўднёвы захад ЗША. Яны былі вядомыя сваім жорсткім супраціўленнем каланізацыі і майстэрствам вядзення партызанскай вайны. Апачы былі качэўнікамі, яны займаліся паляваннем, збіральніцтвам, рабілі набегі.
Наваха жылі на паўднёвых захадзе. Іх ведаюць, дзякуючы ткацтву, вырабам з срэбра і жывёлагадоўляй. У наваха было матрылінейнае грамадства, дзе кланы адыгрывалі значную ролю ў грамадстве.
Шаены мелі багатую культуру, якая ўключала складаныя цырымоніі. Яны, як і іншыя плямёны, змагаліся супраць каланізатараў.
Каманчы былі выключнымі вершнікамі і дамінавалі сярод іншых на Паўднёвых раўнінах. Каманчы былі налётчыкамі, займаліся гандлем.
Карэнныя амерыканцы і еўрапейскія пасяленцы мелі прынцыпова розныя погляды на зямельную ўласнасць, кіраванне і справядлівасць. Пасяленцы тлумачылі набегі на паселішчы ці напады на вагоны як злачынныя паводзіны, а карэнныя амерыканцы разглядалі іх як акты абароны, спробы вярнуць свае землі.
Як карэнныя амерыканцы супраціўляліся ўраду Злучаных Штатаў
Адным з самых значных канфліктаў былі Войны сіў — серыя бітваў і перамоў паміж Злучанымі Штатамі і рознымі плямёнамі сіў. Яны працягваліся з 1854 да 1890 гадоў. Першы буйны канфлікт — разня ў Гратане — адбыўся ў 1854 годзе. Ён пачаўся пасля таго, як амерыканскі армейскі атрад сутыкнуўся з групай індзейцаў з племені лакоты з-за каровы, якая заблукала ў іх лагер. Інцыдэнт прывёў да гібелі 29 вайскоўцаў і падрыхтаваў глебу для далейшых канфліктаў.
Яшчэ адным значным канфліктам стала вайна Чырвонага Воблака. Яе назвалі па імені правадыра індзейцаў лакота Чырвонага Воблака. Вайна распачалася пасля будаўніцтва сцежкі праз паляўнічыя ўгоддзі індзейцаў. Вайна скончылася перамогай індзейцаў — яны захавалі сабе кантроль над прылеглымі тэрыторыямі. Праз дзесяць гадоў за гэтыя ж землі пачалася новая вайна (яе назвалі Вялікай вайной сіў) — з-за таго, што там знайшлі радовішча золата, а амерыканскі ўрад жадаў узяць гэта пад свой кантроль. На жаль, індзейцы пацярпелі паражэнне ў Вялікай вайне. Большасць лідараў сіў і іх паслядоўнікі здаліся: іх перасялілі ў рэзервацыі.
Вядомы індзейскі ваяр Джэраніма так успамінаў той прамежак часу ў сваёй аўтабіяграфіі: «У нас не было іншай краіны, у якую мы маглі б паехаць. Салдаты выгналі нас з нашых дамоў, і мы схаваліся ў гарах. У нас не было ежы, нашы дзеці галадалі. Мы змагаліся, каб абараніць нашы сем’і. Гэта была цяжкая і горкая барацьба, але мы былі поўныя рашучасці заставацца свабоднымі».
Джэраніма быў з племені апачы. Ён узначальваў шматлікія рэйды супраць мексіканскіх і амерыканскіх пасяленцаў і ваенных сіл. Яго гадамі пераследавалі, з часам дзякуючы здольнасці пазбягаць захопу і супраціўленню зрабілі з яго сімвала індзейскага супраціву. Ён здаўся амерыканскім вайскоўцам у 1886 годзе і рэшту жыцця правёў як ваеннапалонны.
Яшчэ адным славутым індзейскім ваяром быў Шалёны Конь – ён быў лідарам племені аглала лакота, адыграў ключавую ролю ў некалькіх буйных бітвах супраць амерыканскіх войскаў у 1870-я гады. Шалёнага Каня лічылі галоўнай пагрозай урадам ЗША. У 1877 годзе яго схапілі і забілі пры спрэчных абставінах, нібыта ён супраціўляўся пры затрыманні.
У канцы 1880-х гадоў сярод сіў распаўсюдзіўся рэлігійны рух «Танец прывідаў». Урад ЗША разглядаў гэты рух як пагрозу, што прывяло да ўзмацнення напружанасці паміж пасяленцамі і карэннымі амерыканцамі. У канчатковым рахунку, гэта ўсё скончылася разнёй у Вундэд-Ні. Амерыканскія салдаты забілі ад 150 да 300 індзейцаў з племені лакота, у тым ліку жанчын і дзяцей.
Многіх індзейцаў гвалтоўна вывозілі з зямель продкаў і перасялялі ў рэзервацыі. Страта зямель у спалучэнні з хваробамі, вайной і знішчэннем статкаў буйвалаў моцна ўплывалі на індзейскае насельніцтва і культуру. Рэзервацыі звычайна размяшчаліся на зямлі, якая была менш жаданай для пасяленцаў, часта непрыдатнай для традыцыйнага ладу жыцця індзейцаў.
«Сцежка слёз»
У 1830-я гады пачаўся працэс пад назвай «Дарога слёз». Амерыканскі ўрад пачаў перасяляць індзейскія плямёны. Асноўнымі пацярпелымі плямёнамі былі чэрокі, маскогі, семінолы, чыкасо і чокто — разам іх назвалі «пяццю цывілізаванымі плямёнамі».
Чэрокі законна супраціўляліся перасяленню – яны звярнуліся ў Вярхоўны суд ЗША. У справе Вустэр супраць Джорджыі ад 1832 года суд пастанавіў, што нацыя чэрокі была асобнай супольнасцю і што законы штата не мелі сілы на іх тэрыторыі. Нягледзячы на гэтую пастанову, прэзідэнт Эндру Джэксан праігнараваў рашэнне Вярхоўнага суда і працягваў настойваць на гвалтоўным высяленні індзейцаў.
Пазней невялікая фракцыя чэрокі падпісала дамову на пераезд у абмен на кампенсацыю — гэтая дамова была падпісаная без згоды большасці народа і прывяла да далейшага супраціву. У 1838 годзе ўрад ЗША пачаў гвалтоўнае высяленне чэрокі з іх дамоў: іх засялілі ў лагеры для інтэрнаваных, а потым прымусілі прайсці больш за тысячу міль да рэзервацый. Гэта падарожжа і атрымала назву «Дарога слёз».
Паводле ацэнак, каля шаснаццаці тысяч чэрокі былі вымушаныя пакінуць свае дамы, каля чвэрці з іх памерлі падчас шляху да рэзервацый. Падобнае тычылася і іншых плямён. Падарожжы да рэзервацый праходзілі пры любых умовах надвор’я: моцны холад, спякота і дождж.
Палітыка амерыканскага ўрада накіроўвалася на асіміляцыю індзейцаў. Дзяцей адпраўлялі ў школы-інтэрнаты, дзе ім забаранялася размаўляць на роднай мове і вызнаваць сваю культуру. Школы мелі на мэце «цывілізаваць» індзейскіх дзяцей шляхам сцірання іх роднай ідэнтычнасці і навучанню англійскай мове.
Жыццё ў рэзервацыяй адрознівалася крайняй галечай. Зямля часта была непрыдатнай для земляробства, а традыцыйная гаспадарчая дзейнасць была абмежаваная або немагчымая. Многія рэзервацыі абапіраліся на неадэкватныя і нерэгулярныя дзяржаўныя пайкі для існавання. Імі кіравала Бюро па справах індзейцаў — з патэрналісцкай і аўтарытарнай палітыкай.