Як стала магчымым, што паўстагоддзя таму свет апынуўся за крок да пачатку ядзернай вайны? Як да гэтага прыйшлі ўдзельнікі крызісу — ЗША і СССР? Як жыў свет два тыдні са страхам буйнейшай вайны чалавецтва? І як атрымалася гэты крызіс вырышыць?
PALATNO расказвае пра Карыбскі крызіс.
Змест
ЗША і СССР змагаліся паміж сабой рознымі метадамі
Карыбскі крызіс быў вынікам рэзкага ўзмацнення супрацьстаяння паміж ЗША і СССР — гэта калі каротка адказваць на пытанне, чаму Карыбскі крызіс стаў магчымым. Аднак да яго прывялі некалькі ключавых падзей.
У 1961 годзе амерыканцы размясцілі ракеты сярэдняга радыусу дзеяння ў Італіі і Турцыі. Размяшчэнне ракет у Турцыі, асабліва на базе ля горада Ізмір, вельмі занепакоіла савецкае кіраўніцтва. Адтуль ракеты маглі дасягнуць многіх стратэгічных аб’ектаў на тэрыторыі СССР. Частка ракет знаходзілася ў Вялікабрытаніі, аднак адтуль яны таксама маглі даляцець да савецкіх тэрыторый.
Навошта амерыканцы гэта зрабілі? Ядзерную зброю разглядалі як сродак для стрымлівання магчымага прасоўвання савецкіх войскаў у Заходнюю Еўропу. Сама наяўнасць такой зброі на еўрапейскай тэрыторыі давала амерыканскім саюзнікам гарантыі бяспекі ў выпадку магчымага савецкага нападу.
У гэты ж час на Кубе адбывалася рэвалюцыя. Куба мела моцна эканамічна залежала ад ЗША, якія валодалі ў краіне большасцю ключавых сектараў (цукровыя плантацыі, здабыча рэсурсаў і турыстычны бізнес). Шмат кубінцаў жылі ў галечы, асабліва ў сельскіх рэгіёнах, хоць эканоміка Кубы была адной з найбольш развітых у Лацінскай Амерыцы. Лічыцца, што рэвалюцыя на Кубе пачалася яшчэ ў 1953 годзе, калі Фідэль Кастра разам з братам Раулем спрабавалі захапіць вайсковыя казармы ў адным з гарадоў (гэта скончылася беспаспяхова), а потым у краіне пачалася шматгадовая партызанская вайна. У 1959 годзе кіраўнік Кубы Фульхенсіа Батышта, якога гісторыкі лічаць аўтарытарным кіраўніком, уцёк у Дамінікану, а рэвалюцыйныя войскі ўвайшлі ў сталіцу. На Кубе сфарміравалі камуністычны ўрад, а адносіны з ЗША пагоршыліся.
Куба стала адной з галоўных саюзніц СССР, што прывяло для размяшчэння савецкіх ракет на Кубе ў 1962 годзе. СССР спадзяваліся, што размяшчэнне ракет на Кубе падштурхне амерыканцаў прыбраць ракеты з тэрыторыі еўрапейскіх дзяржаў.
Развіццё крызісу
Улетку 1962 года Мікіта Хрушчоў тайна санкцыянаваў размяшчэнне ядзерных ракет на Кубе, каб абараніць яе ад магчымай амерыканскай інтэрвенцыі і ўраўнаважыць сілы ў адносінах да размешчаных раней амерыканскіх ракет у Еўропе. У верасні савецкія транспартныя судны пачалі перавозіць на Кубу ракеты, а таксама войскі і абсталяванне для іх абслугоўвання.
14 кастрычніка 1962 года амерыканскія самалёты зрабілі фотаздымкі, якія паказалі будаўніцтва ракетных установак на Кубе. Гэтыя ракеты маглі нанесці ядзерны ўдар па большасці гарадоў на ўсходнім узбярэжжы ЗША і нават далей.
Прэзідэнт ЗША Джон Кэнэдзі праз два дні, 16 кастрычніка, быў праінфармаваны пра савецкія ракеты на Кубе, што выклікала шок у яго адміністрацыі. Пасля некалькіх дзён дыскусій Кэнэдзі вырашыў абвясціць «каранцін» Кубы, які фактычна быў ваеннай марской блакадай, каб спыніць далейшую дастаўку савецкіх ракет і абсталявання.
22 кастрычніка 1962 года Кэнэдзі выступіў з тэлезваротам да амерыканскага народа, у якім афіцыйна расказаў пра знаходжанне савецкіх ракет на Кубе і ўвядзенне каранціну. Ён таксама папярэдзіў, што любая ракетная атака з Кубы будзе лічыцца атакай Савецкага Саюза на ЗША, з усімі наступствамі.
Кульмінацыя і развязка крызісу
У гэтыя дні напружанасць дасягнула свайго піку. Амерыканскія сілы былі прыведзены ў стан баявой гатоўнасці, а караблі ВМС ЗША пачалі кантроль за савецкімі суднамі. Савецкія караблі набліжаліся да каранціну, але ў апошні момант спыніліся, каб пазбегнуць узброенага канфлікту.
25 кастрычніка 1962 года ЗША звярнуліся ў ААН з доказамі наяўнасці савецкіх ракет на Кубе. Дыпламатычныя перамовы паміж ЗША і СССР ішлі ў вельмі напружанай атмасферы, але абодва бакі разумелі катастрафічныя наступствы магчымай ядзернай вайны.
28 кастрычніка 1962 года Мікіта Хрушчоў абвясціў, што СССР згодны дэмантаваць ракетныя ўстаноўкі на Кубе ў абмен на гарантыі ЗША не ўрывацца на Кубу і на дэмантаж амерыканскіх ракетных установак у Турцыі.
Як у свеце рэагавалі на Карыбскі крызіс
У ЗША рэакцыя была змешанай. Насельніцтва масава закупляла харчаванне і медыкаменты, некаторыя нават пачалі будаваць бункеры. Амерыканскія палітыкі падтрымалі дзеянні прэзідэнта Кэнэдзі ў яго рашэнне аб блакадзе Кубы, але некаторыя крытыкавалі яго за марудлівасць, а радыкальныя групы грамадства і палітыкаў патрабавалі жорсткай рэакцыі на савецкую пагрозу.
На Кубе рэакцыя на крызіс была асабліва вострай. Фідэль Кастра разглядаў размяшчэнне савецкіх ракет як абарону ад магчымай амерыканскай інтэрвенцыі, асабліва пасля няўдалай аперацыі ў Заліве Свіней у 1961 годзе. Кастра адчуваў пагрозу новага нападу з боку ЗША і быў гатовы абараняць Кубу любой цаной, у тым ліку, калі спатрэбіцца, правесці ядзерны ўдар у адказ.
Краіны Заходняй Еўропы, як частка NATO, падтрымлівалі ЗША, але іх рэакцыя была больш стрыманай. Вялікабрытанія, Францыя, ФРГ і іншыя члены НАТО асудзілі дзеянні Савецкага Саюза і падтрымалі рашэнне Кэнэдзі ўвесці блакаду Кубы. У той жа час, еўрапейскія саюзнікі ЗША разумелі, што яны таксама могуць стаць ахвярамі ядзернага канфлікту, таму яны заклікалі да хутчэйшага мірнага вырашэння крызісу. Францыя з Шарлем дэ Голем падкрэслівала, што Еўропа павінна стаць больш самастойнай у пытанні абароны.
Што паказаў Карыбскі крызіс
Пасля крызісу ўладныя колы ЗША і СССР пачалі разумець, наколькі небяспечным можа быць ядзернае супрацьстаянне, і зрабілі крокі да паляпшэння адносін. У 1963 годзе была падпісана дамова аб забароне ядзерных выпрабаванняў у атмасферы. Каб пазбегнуць паўтарэння падобных крызісаў, была створана так званая «гарачая лінія» — прамы тэлефонны канал сувязі паміж Белым домам і Крамлём.
Кэнэдзі выйшаў з крызісу паспяхова, а Хрушчоў, хоць і пазбегнуў вайны, сутыкнуўся з крытыкай у СССР за ўступкі, што ў выніку прывяло да яго зняцця з пасады ў 1964 годзе.
Карыбскі крызіс застаецца адной з самых важных падзей халоднай вайны, якая паказала, наколькі небяспечнымі могуць быць гульні палітыкаў з ядзернай зброяй і як важна весці дыпламатычныя перамовы для захавання міру.