Яна перажыла цяжкае дзяцінства, жыла ў галечы падлеткам, усё жыццё змагалася за права вучыцца і працаваць па прафесіі. Варвара Кашаварава-Руднева стала першай у гісторыі жанчынай-доктарам — яна ж нарадзілася на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у Чавусах. Цкаванне ў Санкт-Пецярбургу і няўдалы шлюб не перашкодзілі ёй заняць сваё месца ў навуцы.
PALATNO расказвае пра Варвару Кашавараву-Рудневу.
Цяжкае дзяцінства, няўдалы шлюб
Варвара Нафанава (гэта яе дзявоцкае прозвішча) нарадзілася ў Чавусах у 1842 годзе. Яна нарадзілася ў яўрэйскай сям’і. У малым узросце ў яе памерла маці, а бацька пераехаў у Расію і завёў новую сям’ю. З дзяўчынкай Варварай абыходзіліся дрэнна, таму яна ў 12 гадоў сышла з новай сям’і бацькі.
Варвара ўцякла ў Санкт-Пецярбург. Некалькі гадоў яна жыла ў беднасці, моцна хварэла і была беспрытульнай.
У 16 гадоў яна выйшла замуж за заможнага купца Мікалая Кашаварава. Яна марыла быць не толькі жонкай, але атрымаць адукацыю. Гэта моцна не падабалася Кашавараву, таму ў яго з жонкай адбывалася шмат канфліктных сітуацый.
Варвара вырашыла падаць прашэнне на асобны від на жыхарства — гэта быў не развод, што не было прынята ў тагачасным грамадстве, аднак муж з жонкай заставаліся разам толькі фармальна.
Вучоба, праца і цкаванне
Так, Варвара Кашаварава застаецца сам-насам. Яна вырашае авалодаць прафесіяй, каб забяспечваць самастойнае жыццё. На той час яна цікавілася медыцынай, а знакаміты доктар Лашкевіч дапамог ёй паступіць у Павівальны інстытут у Санкт-Пецярбургу. Яна засвоіла двухгадовую праграму за восем месяцаў і атрымала дыплом з адзнакай.
У 1862 годзе яе залічылі акушэркай у Башкірскае казачае войска. Там яна вяла доктарскую практыку сярод жанчын-мусульманак. Затым прайшла перападрыхтоўку ў Санкт-Пецярбургу.
У сярэдзіне XIX стагоддзя ў Расійскай імперыі жанчынам забаранялі атрымліваць вышэйшую адукацыю. Аднак Кашаварава хацела вучыцца далей. Яе падтрымаў арэнбургскі генерал-губернатар Аляксандр Безак.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Выбітныя жанчыны-доктаркі ў гісторыі Беларусі: лячылі вайскоўцаў, турэцкіх султанаў і беларусаў
Топ навуковых адкрыццяў жанчын, якія скралі мужчыны
Варвара самастойна адолела падрыхтоўчыя курсы для паступлення ў медыцынскую акадэмію, вывучыла латынь і нямецкую мову. Ужо на пятым курсе атрымала права працаваць у клініцы акушэрства і жаночых хвароб, праходзіла практыку ў замежных медыцынскіх установах.
У 1868 годзе яна скончыла акадэмію і стала акушэрам-гінеколагам. У тым жа годзе яе абралі членам Таварыства рускіх дактароў пасля дакладу «Хранічнае запаленне адпадаючай абалонкі маткі».
Падчас навучання ў акадэміі Варвара выйшла замуж у другі раз. Яе другім мужам стаў прафесар Санкт-Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі Міхаіл Руднеў. Дзякуючы яму, жанчына паставіла для сябе яшчэ адну мэту — атрымаць вучоную ступень. Гэта адбылося ў 1876 годзе, калі яна абараніла доктарскую дысертацыю на тэму «Матэрыялы для паталагічнай анатоміі маткавай похвы».
Варвара не змагла займацца навуковай дзейнасцю з-за ціску грамадства, але працягвала працаваць доктарам. Смерць другога мужа цяжка ўдарыла па жанчыне: яна пераехала з Санкт-Пецярбурга ў Варонежскую губерню. Іншай прычынай стаў ціск усё тых жа праціўнікаў жаночай адукацыі: на яе публікавалі іранічныя артыкулы, цкавалі ў прэсе і малявалі карыкатуры.
У 1886 годзе пераехала ў Наўгародскую губерню. У часы свайго так званага выгнання з Санкт-Пецярбургу займалася медыцынскай дзейнасцю: лячыла сялян, пісала навуковыя артыкулы.
Варвара Кашаварава-Руднева памерла ў 1899 годзе.
Навуковая дзейнасць
Варвара Кашаварава-Руднева спецыялізавалася ў акушэрстве і гінекалогіі.
Усё прафесійнае жыццё яна пісала навуковыя артыкулы. Яе сферай навуковай цікавасці былі паталагічная анатомія жаночых палавых органаў, гігіена жанчын і гісторыя медыцынскай адукацыі ў Расіі.
Кашаварава-Руднева некалькі разоў была за мяжой, а пра яе асобу і дзейнасць замежнікі пакідалі захопленыя водгукі. Дакладна вядома, што напрыканцы 1870-х гадоў яна была ў Філадэльфіі на медыцынскім кангрэсе.
