Першая сусветная вайна і Кастрычніцкі пераварот назаўсёды змянілі нашу гісторыю. Як беларускія нацыянальныя арганізацыі спрабавалі стварыць беларускую дзяржаву? Чаму саветы змаглі пашырыць сваю ўладу на тэрыторыю Беларусі?
PALATNO расказвае, што адбывалася на нашай зямлі першыя месяцы пасля перавароту.
Змест
Што адбылося ў Беларусі пасля перавароту
25 кастрычніка 1917 года ў Петраградзе быў звергнуты Часовы ўрад Керанскага, а ўладу ўзяў Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Петраградскага савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў і перадаў яе II Усерасійскаму з’езду саветаў.
Першае паведамленне аб падзеях у Петраградзе трапіла ў Мінск ноччу 26 кастрычніка. Ужо днём штаб Заходняга фронту паведаміў у Стаўку, што каравул 37-га палка аб’явіў увесь штаб арыштаваным і патрабаваў працаваць пад кантролем рэвалюцыйнага штаба.
Мінскі савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў выдаў загад, у якім казаў пра пераход улады да сябе. З турмы ў Мінску былі вызвалены палітзняволеныя (рабочыя, салдаты, сяляне), з якіх быў сфарміраваны Першы рэвалюцыйны полк імя Мінскага савета. Таксама была ўстаноўлена цэнзура над перыядычным друкам, а важныя ўстановы — вакзал, пошта і тэлеграф — былі ўзяты пад ахову.
27 кастрычніка Мінскі і Абласны саветы стварылі Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту. У той жа час паўстаў Камітэт выратавання рэвалюцыі, які патрабаваў ад Мінскага савета ўсю ўладу ў горадзе перадаць яму. Мінскі савет не меў дастатковую колькасць узброеных сіл, таму ўлада ўсё ж была перададзена, але ненадоўга: цягам двух дзён многія вайскоўцы падтрымалі пераварот і саветы.
У канцы кастрычніка і пачатку лістапада савецкая ўлада ўстанаўлівалася і ў іншых беларускіх гарадах. Значная частка тэрыторыі краіны знаходзілася пад акупацыяй германскіх і аўстрыйскіх войск, таму праводзіць змены там савецкая ўлада не магла.
Толькі ў Магілёве падзеі развіваліся павольна з-за Стаўкі вярхоўнага камандавання ў горадзе. Там знаходзіліся значныя палітычныя сілы і ў выніку горад стаў цэнтрам контррэвалюцыі. Большасць дэпутатаў савета выступілі супраць Кастрычніцкай рэвалюцыі. І толькі 19 лістапада ў горад ўвайшлі вайскоўцы рэвалюцыйнага атрада з Петраграда, а Магілёўскі савет прызнаў савецкую ўладу. У першай палове лістапада 1917 года саветы ўзялі ўладу ў Оршы, Бабруйску, Слуцку, Рэчыцы, Мазыры, Полацку, Барысаве.
Чаму саветы так лёгка перамаглі? Іх перамога стала магчымай з-за глыбокага палітычнага і эканамічнага крызісу і стомленасці ад Першай сусветнай вайны. Пасля лютага 1917 года агромністай імперыяй кіравалі царскі і Часовы ўрады. Выйсце з гэтай сітуацыі прапанавала савецкая ўлада сваімі дэкрэтамі аб міры і аб зямлі.
Разам з тым шэраг саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў выступіў супраць Кастрычніцкага перавароту і патрабаваў стварыць дэмакратычны ўрад. Напрыклад, у Рагачове падзеі ў Петраградзе назвалі «самачыннымі і злачыннымі» і нават заклікалі на барацьбу з бальшавікамі. «Захопнікамі ўлады» назвалі бальшавікоў у Магілёўскім губернскім, Мсціслаўскім, Чавускім, Чэрыкаўскім і Сенненскім павятовых саветах. У Мінскай і Віленскай губернях таксама выступілі супраць Кастрычніцкага перавароту. У Магілёве спрабавалі стварыць свой урад эсэры, аднак большасць сялянскіх арганізацый і армія былі супраць.
Для замацавання перавароту быў праведзены шэраг з’ездаў саветаў. Пераважную падтрымку на іх атрымалі бальшавікі, а не эсэры, якія былі галоўнай апазіцыйнай сілай для бальшавіцкага руху.
У лістападзе 1917 года на з’ездзе было ўхвалена стварэнне першага савецкага рабоча-сялянскага ўрада — Савета Народных Камісараў. Пад канец лістапада на тэрыторыі Беларусі сфарміраваліся органы ўлады ў арміі, вёсках, гарадах і губернях. У снежні-студзені Віцебская і Магілёўская губерні прызналі савецкую ўладу.
Аднак саветам трэба было захапіць уладу не толькі ў губернях і паветах, але і пашырыць сетку на месцах — перш за ўсё, у вёсках і мястэчках. Пасля перавароту савецкія органы ўлады існавалі ў малой колькасці ў больш буйных гарадах. А там, дзе не было савецкай улады, дзейнічалі дарэвалюцыйныя органы кіравання. Найбольш актыўна саветызацыя мясцовых органаў улады адбывалася ў студзені-сакавіку 1918 года — праз некалькі месяцаў пасля перавароту і пасля таго, як быў разагнаны Усебеларускі кангрэс.
Большасць сялянства станоўча ставілася да дэкрэтаў савецкай улады, асабліва да Дэкрэту аб зямлі. Аднак гэта не азначае, што супраціўлення зусім не было. Напачатку сакавіка 1918 года ў Горках быў разгромлены павятовы савет і забіты ваенны камісар. У канцы сакавіка ў Гарадку былі арыштаваны члены савета і закрыты савецкія ўстановы. У многіх паветах Віцебскай губерні актыўна выступалі супраць савецкай улады. Цікава, што на тэрыторыі Беларусі ў выканаўчых камітэтах валасных і павятовых саветаў бальшавікі былі ў меншасці.
Стварыць беларускую дзяржаву не захацелі мясцовыя бальшавікі?
Падчас перавароту на тэрыторыі Беларусі актыўна пачалі дзейнічаць не толькі саветы, але і нацыянальныя арганізацыі. У першыя дні перавароту паўстала Вялікая беларуская рада — орган, які каардынаваў беларускі нацыянальна-вызваленчы рух у кастрычніку-снежні 1917 года.
У той жа час на тэрыторыі Беларусі дзейнічаў Абласны выканаўчы камітэт саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыканкамзах). Гэта быў першы заканадаўчы орган савецкай улады на Заходнім фронце і на тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Віленскай і Смаленскай губерняў. Дзеячы Вялікай беларускай рады звярнуліся да кіраўнікоў Аблвыканкамзаха з прапановай аб стварэнні беларускай дзяржавы, але прапанову адхілілі.
Нягледзячы на гэта, 18 снежня 1918 года ў Мінску адбыўся з’езд шматлікіх беларускіх палітычных дзеячаў. На яго былі зарэгістраваны 1 800 дэлегатаў, але ўзялі ўдзел больш — 1 872. Падчас Усебеларускага кангрэсу развярнулася барацьба паміж тымі, хто выступаў за стварэнне беларускай дзяржавы, і тымі, хто выступаў за цесную сувязь з Расіяй. Падчас кангрэса спрачаліся і з-за мовы. Так гэты момант успамінае адзін з дэлегатаў:
«Прыпамінаю сабе адзін факт з Усебеларускага з’езда. Калі нейкі дэлегат пачаў гаварыць прамову чыста па-беларуску, то выступіў з задніх радоў адзін маскальскага духу чалавек і, дражнячы беларускую гаворку, пачаў пытацца ў таго дэлегата, што значаць такія словы, як “працаваць”, “жыта” і г. д. Дык ці паверыце, усе дэлегаты, колькі іх было, асабліва ваенныя, так азверыліся на таго маскаля, што зала аж загудзела ад гоману.
— Скуль ты прыехаў, — крычалі адны, — што не знаеш нашай мовы?
— Тут з’езд не маскоўскі, а беларускі, — крычалі другія.
— Вон яго, — крычалі трэція».
Усебеларускі кангрэс прызнаў цэнтральную савецкую ўладу, а вось мясцовую — не. Гэта стала выклікам для Аблвыканкамзаха, і ён вырашыў дзейнічаць. Будынак, дзе адбываўся з’езд, акружылі і заблакіравалі бальшавікі, дэлегатаў разагналі. Пазней рэшткі абранай Усебеларускім кангрэсам Рады сышлі ў падполле і стварылі Выканаўчы камітэт — гэтыя структуры адыграюць важную ролю ў абвяшчэнні БНР.
Разгон кангрэса падвергся крытыцы ў Петраградзе і нават падчас перамоў аб перамір’і з нямецкага боку.
Што было пасля
Яшчэ ў лістападзе 1917 года было заключана перамір’е з германскай і аўстрыйскай арміямі. Гэта перамір’е прывяло да падпісання Брэсцкай мірнай дамовы і выхаду бальшавіцкай Расіі з Першай сусветнай вайны.
У гэты час на тэрыторыі Беларусі ва ўмовах германскай акупацыі была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Пасля адыходу германскіх войск Мінск зойме Чырвоная армія, а ўрад БНР уцячэ ў Вільню. Восенню 1918 года Чырвоная армія зойме астатнія беларускія землі, якія пакінуць немцы пасля заканчэння Першай сусветнай вайны.
У 1919 годзе пачнецца савецка-польскай вайна, у 1920 годзе адбудзецца Слуцкае паўстанне, але яно прайграе, і аднавіць БНР не атрымаецца.
У тым жа 1919 годзе будзе абвешчана аб стварэнні ССРБ. У 1920 годзе адбудзецца другое абвяшчэнне ССРБ, праз два гады ўжо БССР стане часткай Савецкага Саюза.