
Імя Казіміра Чарноўскага — беларускага шляхціча, палітзняволенага і самавука-інжынера — магло назаўжды згубіцца ў гісторыі. Аднак менавіта ён стаў аўтарам аднаго з першых праектаў падводнай лодкі ў Расійскай імперыі. Можна дакладна сказаць, што ён заклаў аснову для будучых дасягненняў у суднабудаванні. І ўсё гэта ён зрабіў з турэмнай камеры.
PALATNO
Геній з Карытніцы
Казімір Чарноўскі нарадзіўся ў Ігуменскім павеце Мінскай губерні (цяпер гэта Чэрвеньскі раён) у 1791 годзе. Сям’я Чарноўскага была небагатай, але шляхецкай. Яго дзяцінства прайшло сярод кніг, чарцяжоў і мапаў, у вывучэнні замежных моваў. З дзяцінства хлопчык захапляўся тэхнікай, механікай і архітэктурай. А яшчэ марыў пра свабоду — чалавечую і навуковую.
Аднак падзеі, што адбываліся ў той час, хутка змянілі яго жыццё. У 1821 годзе Чарноўскі далучыўся да падпольнай арганізацыі «Нацыянальнае патрыятычнае таварыства», якая спадзявалася аднавіць Рэч Паспалітую. Яшчэ праз некалькі гадоў прадаў бацькоўскую спадчыну і выдаткаваў гэтыя грошы на падпольную дзейнасць арганізацыі.
У 1829 годзе яго, як студэнта медыка-хірургічнай акадэміі ў Санкт-Пецярбургу — арыштавалі.
Ён знаходзіўся за кратамі ў Петрапаўлаўскай крэпасці, затым яго перавялі ў Шлісельбургскую крэпасць. Менавіта там нарадзіўся праект, які мог змяніць ход ваенна-марской гісторыі.
Субмарына з-за кратаў
Казімір Чарноўскі знаходзіўся ў адзіночнай камеры, таму вырашыў праводзіць час у ізаляцыі з сэнсам. Ён прапанаваў імператару Мікалаю I пабудаваць падводную лодку. Імператар, на дзіва, зацікавіўся ідэяй: даручыў ваеннаму інжынеру Пятру Базену ацаніць праект. Аднак тут пачаліся праблемы. Камендант не рызыкаваў даваць вязню ні паперы, ні чарцёжных інструментаў, бо баяўся, што арыштант выкарыстае ўсё гэта як зброю.
Першую версію праекта Чарноўскі рабіў літаральна з галавы — без належнай дакументацыі і тэхнічнай літаратуры. Ён прапаноўваў імператару зрабіць праект падлодкі за 40 дзён, а падлодку з гарматамі — за 60 дзён.
Субмарына павінна была быць зроблена з жалеза ці медзі, з цыліндрычным корпусам, рубкай і перыскопам. Дарэчы, перыскопам актыўна пачнуць карыстацца толькі праз 25 гадоў! Лодка Чарноўскага мела механізм для апускання і ўсплывання, 14 пар вёслаў як рухавік і нават зброю — гармату і міны.

Пётр Базен высока ацаніў праект Чарноўскага, але пазней паставіўся да яго больш асцярожна. Ён заявіў, што ў аўтара багатая фантазія, а яго праекту бракуе тэхнічнай адукацыі. І пра Чарноўскага забыліся.
Праз некалькі гадоў тэхнічныя рашэнні выкарыстаў іншы вынаходнік, таксама ўраджэнец Беларусі, генерал Карл Шыльдэр, якога гісторыя ўжо не абмінула: вось яго называюць стваральнікам першай у Расіі металічнай падводнай лодкі.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Беларускія вынаходнікі, якія змянілі свет
Першы беларускі лётчык? Гісторыя авіятара Рыгора Пятроўскага
Першы беларускі гадзіннік: праца ўручную, чарцяжы з Пензы
Што было з Чарноўскім пасля арышту?
Казіміра Чарноўскага не толькі не рэабілітавалі, але накіравалі ў ссылку за ўдзел у падрыхтоўцы паўстання. Спачатку яго адправілі ў Архангельск, дзе ён працаваў у будаўнічай камісіі. Цікава, што нават у ссылцы ён не адмовіўся ад сваіх палітычных поглядаў і нават займаўся падрыхтоўкай паўстання.
У 1839 годзе Чарноўскага зноў арыштавалі. Яго накіравалі ў ссылку ў Сарапул у Вяцкую губерню пад строгі нагляд паліцыі. Там, у невядомасці і беднасці, ён памёр — 27 кастрычніка 1847 года.
Падчас ссылкі ён больш не займаўся праектам падводнай лодкі. Вынаходніцтва Чарноўскага аказалася пахаваных у архівах, а імя — сцёртым з памяці. Толькі ў мінулым стагоддзі стала вядома пра ўраджэнца Беларусі, які змог у турме стварыць праект падводнай лодкі.
Праект падводнай лодкі Казіміра Чарноўскага захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі.
Гісторыя Казіміра Чарноўскага — гэта напамін пра тое, што нават у самых неспрыяльных умовах у беларусаў могуць нараджацца ідэі, што апярэджваюць час.