Казкі Гофмана сталі брамай у свет, дзе фантазія і рэальнасць сплятаюцца ў адзінае цэлае. Яго героі жывуць у дзвюх рэальнасцях, змагаюцца з таямнічымі істотамі і абмежаваннямі грамадства. Яго казкі не толькі захапляюць магіяй, але закранаюць вечныя тэмы кахання і свабоды. У Гофмана атрымалася стварыць сусветы, якія дагэтуль зачароўваюць.
PALATNO расказвае пра казкі Гофмана.
Змест
Залаты гаршчочак (1814)
Гэтая казка расказвае пра юнака Ансельма, які аказваецца паміж дзвюма рэальнасцямі: штодзённым жыццём і фантастычным светам. Ён сустракае чароўную Серпянціну і спрабуе знайсці сваё месца ў жыцці.
Галоўная тэма «Залатога гаршчочка» — канфлікт паміж духоўным і матэрыяльным.
У казцы Гофмана Ансельм выступае як рамантычны герой, які шукае гармонію ў сваім жыцці. Залаты гаршчочак — гэта сімвал унутранага багацця і творчай свабоды, якія чалавек можа знайсці толькі тады, калі пераадолее матэрыяльныя спакусы.
Аўтаматы (1814)
У гэтай казцы Гофман даследуе тэму чалавечага і штучнага, жывога і нежывога. У казцы расказваецца гісторыя дзіўных аўтаматаў, якія здзіўляюць сваёй «чалавечнасцю» і раскрываюць глыбокія філасофскія пытанні пра сутнасць жыцця. Аўтаматы ўвасобілі страх Гофмана перад тым, што людзі могуць страціць сваю індывідуальнасць, калі жыццё стане надта механізаваным. Ва ўяўленні пісьменніка, чалавек, які паводзіць сябе «як машына», страціць душу і стане штучным.
Гофман паказаў, як людзі часта прымаюць тэхнічныя дасягненні за нешта звышнатуральнае, але не разумеюць іх сутнасці. Казка акцэнтуе ўвагу на тым, што ўспрыманне чалавекам рэальнасці заўсёды суб’ектыўнае: людзі могуць бачыць ілюзію і прымаць яе за ісціну.
Тэма аўтаматаў уздымае пытанне: дзе мяжа паміж штучным і жывым? Гэта філасофская дылема, якая стала яшчэ больш актуальнай у эпоху штучнага інтэлекту. Аўтаматы ў казцы выклікаюць у нас пытанні: ці могуць яны мець душу? Ці з’яўляюцца яны толькі люстэркам чалавечых жаданняў і страхаў?
Пясочны чалавек (1816)
Гэтая казка расказвае пра Натаніэля, які з дзяцінства пужаўся жудаснага Пясочнага чалавека – істоты, якая прыходзіць уначы і крадзе вочы дзяцей. Паводле легенды, Пясочны чалавек – гэта дзіўны чалавек па імені Копеліўс. У дарослым жыцці Натаніэль сустракае робата Алімпію, улюбляецца ў яе, але калі даведваецца пра тое, што яна робат, то вар’яцее. Казка перададзеная як перапіска некалькіх чалавек.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Што хаваюць беларускія казкі? Дзясяты эпізод «Гістфак»
Чаму казкі братоў Грым такія жорсткія?
«Браткі! Тут зямля такая!» Пятнаццаць выключна беларускіх афарызмаў, якія падарылі нашы пісьменнікі
Галоўная тэма казкі — страх перад невядомым і ўплыў траўм дзяцінства на дарослае жыццё чалавека.
У казкі ёсць схаваныя сэнсы. Напрыклад, Пясочны чалавек увасабляе фобіі, якія пераследуюць чалавек праз усё жыццё. Алімпія ўвасабляе нежывую ідэальную прыгажосць, якая супрацьпастаўлена жывым і недасканалым людзям. Агулам гісторыя Натаніэля — метафара таго, як страхі і недавер могуць прывесці чалавека да вар’яцтва і смерці.
Шчаўкунчык і Мышыны кароль (1816)
Гэтая гісторыя стала асновай для вядомага балета Чайкоўскага. У казцы расказваецца пра дзяўчынку Мары, якая атрымлівае падарунак – Шчаўкунчыка. Уначы ён ажывае, каб змагацца з Мышыным каралём і ўзяць Марыю ў казачны свет.
Галоўная тэма гэтай казкі — пераход ад дзяцінства да дарослага жыцця, супрацьстаянне злу і вера ў магічнае.
У казцы Шчаўкунчык выступае як дабро, якое ўразлівае ў гэтым свеце, поўнае зла (зло тут — Мышыны кароль). Дзяўчынка Мары — гэта вера ў дабрыню, якая здольная перамагчы любое зло.
Курдупель Цахес, якога звалі Цынабер (1819)
Гумарыстычная і сатырычная казка пра карліка Цахеса, якога фея надзяліла здольнасцю атрымліваць усе заслугі іншых людзей. Дзякуючы гэтаму «падарунку» Цахес становіцца важным чалавекам, але яго кар’ера заканчваецца трагічна. Казка — вострая крытыка сацыяльных і палітычных з’яў часу.
Галоўная тэма казкі — сатыра на грамадства і жаданне прызнання.
Цахес, які атрымаў незаслужаную славу, сімвалізуе людзей, што дабіліся поспеху дзякуючы выпадковасці ці маніпуляцыі. Фея Розабельвердэ, якая падаравала Цахесу магічныя здольнасці, — гэта крытыка наіўнасці чалавека. Казка высмейвае сацыяльныя нормы, што часта ўзводзяць у ранг герояў тых, хто нічога не зрабіў, адначасова ігнаруючы сапраўдныя таленты.