2025 год — год Змяі. Як яе ўяўлялі нашы продкі?

год змяі 2025, якім будзе год змяі 2025, змеі і беларусы

Кім змяя была для продкаў беларусаў? Чаму вужоў любілі, а гадзюк баяліся? Чаму ў беларускіх паданнях змяю не маглі забіць? А вужам дазвалялі есці разам з дзецьмі і ахоўваць жывёлу?

PALATNO расказвае пра тое, як нашы продкі ўспрымалі змяю.

Кім была змяя для беларусаў?

Змяя была сімвалам мудрасці, магічнай сілы, любоўнай магіі, апякунства ачага. Змяя з’яўлялася персанажам, які быў звязаны з урадлівасцю, зямлёй і вадой.

Выявы змей вядомыя яшчэ ў неалітычным мастацтве Беларусі. А ў XI-XII стагоддзях на тэрыторыі Беларусі былі шырока распаўсюджаныя металёвыя бранзалеты і фібулы са стылізаванымі канцамі ў выглядзе змяіных галоў. Ян Лісіцкі (канец XVI стагоддзя) згадваў, што на беларускіх землях «многія трымаюць у доме ручных змей і кормяць іх», а сялянскія дзяўчаты «ўпрыгожваюць шыю каралямі з галоў змей».

А як жа вужы і гадзюкі?

Продкі беларусаў выразна размяжоўвалі вужоў і гадзюк. Да вужоў было асаблівае стаўленне, якое нагадвала стаўленне да буслоў. Казалі, да прыкладу, што продкі беларусаў трымалі калісьці вужоў у хатах. У хаце вужы жылі пад печчу, а калі кармілі дзяцей, то вужы маглі карміцца разам з імі: у вялікім сем’ях дзяцей кармілі асобна ад дарослых, яны елі на падлозе за вялікай міскай са стравай.

Вуж таксама быў ахоўнікам гаспадаркі: знішчаў дробных грызуноў, якія непакоілі свойскую жывёлу.

Яшчэ вужам дазвалялі жыць у хлявах і смактаць малако ў кароў, а гаспадары не мелі нічога супраць. Забаранялася нават трывожыць вужа-даільшчыка, бо карова да яго прывыкала і была спакойнай, а без вужа пачынала трывожыцца і пераставала даваць малако.

Раней вуж быў абераганы і асцераганы ў адрозненне ад гадзюк. Гадзюка ў беларускім фальклоры мае рэзка адмоўнае значэнне. Беларусы баяліся гадзюк, а іх укусы былі (і застаюцца) атрутнымі.

У некаторых мясцінах вужамі называлі ўсіх паўзуноў — і вужоў, і гадзюк.

Якія паданні былі ў беларусаў пра змей?

У беларускіх паданнях часта фігуруюць Змей-Волат, Цар-Змей і Змей-Страшыдла. Супраць усіх іх людзі змагаліся і незаўсёды маглі перамагчы.

Напрыклад, з падання з Дубровенскага раёна вядома, што Змей еў скаціну і людзей. З ім змагаліся, але доўга не маглі перамагчы. Потым з’явіўся асілак, які забіў Змея і рассек яго на тры часткі: галаву, тулава і хвост, а кожную з гэтых частак закапаў у асобны курган.

У Гарадоцкім раёне было паданне, як людзі лавілі Змея, але не змаглі забіць. Тады надумалі яго засыпаць зямлёй, але і гэта не атрымалася. Потым нейкі чалавек запрог чорнага пеўня ў стары лапаць і тры разы на ім прыводзіў зямлю, каб засыпаць Змея. Ад першай жмені той зямлі Змей нібыта зароў, а раскапаная ім раней зямля закрыла яго цалкам.

У іншым паданні расказваецца, што пастух хацеў захапіць у Цара-Змея алмазную карону, але як толькі сарваў карону, на яго з усіх бакоў набегла незлічоная колькасць змей. Пастух кінуўся наўцёкі і выратаваўся толькі таму, што дабег да манастыра пад Полацкам і зачыніў за сабой браму.

У беларускіх паданнях і павер’ях фігуруюць лятучыя і вогненныя Змеі. Лятучы Змей (Цмок) набывае аблічча барадатага чалавека і прыносіць свайму гаспадару ўраджай з чужых палёў.

Бывае, што Змей улятае праз комін і ў хаце ператвараецца ў прыгожага хлопца. Калі дзяўчына закахаецца ў такога хлопца-Змея, то пачынае марнець і неўзабаве памірае. Часта Змей набывае аблічча ўлюбёнага чалавека, якога ўжо няма. Змей можа хавацца ад Бога Навальніцы ў дупле дуба і таму ў гэтае дрэва часта б’е Пярун.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: 2024 год — год Цмока. Як цмока ўяўлялі продкі беларусаў?

У Беларусі засталіся так званыя Змеевыя камяні (Расоншчына, вёска Гогалеўка ў Чашніцкім раёне), Змеева гара (вёска Вароніна ў Сеннецкім раёне), Змеевы валы (вёска Завідзічы ў Лепельскім раёне) і іншыя. Змеевы камяні звычайна ўяўляюць сабой вялікія, падоўжанай формы неапрацаваныя валуны.

Вярнуцца ўгару