Фільмы пра Беларусь і беларусаў кралі, зрывалі іх прэм’еры і адмянялі паказы. У іх акцёры і рэжысёры паказвалі наш агульны боль, спадзяванні і мары беларусаў. Гэтыя кінастужкі ўсё адно засталіся ў гісторыі, а большасць з іх можна паглядзець у вольным доступе.
Расказваем, якія беларускія фільмы вы можаце паглядзець прама зараз.
«Чужая бацькаўшчына» (1982 год)
Кінастужка паказвае жыццё беларусаў у Заходняй Беларусі ў 1938 годзе: маладая сялянка зацяжарыла і любым спосабам хоча атрымаць жытло і гаспадарку. Фільм зняты па матывах кніг Вячаслава Адамчыка «Чужая бацькаўшчына» і «Год нулявы».
У ролі Мондрыхі ў фільме выступіла вядомая актрыса Стэфанія Станюта. Рэжысёрам стужкі стаў Валерый Рыбараў. За працу над «Чужой бацькаўшчынай» ён быў узнагароджаны дыпломам Усесаюзнага кінафестывалю. У 1990-х была спроба зняць працяг фільма, але здымкі сарвала кінастудыя «Беларусфільм».
«На чорных лядах» (1994 год)
У цэнтры сюжэта — беларускія паўстанцы са Слуцкага збройнага чыну. Паўстанцы спрабуюць збегчы ад бальшавікоў, якія праследуюць іх у лесе. У нейкі момант яны разумеюць, што бальшавікі іх акружылі. Паўстанцы ведаюць, што пасля таго, як «чырвоныя» бяруць ворагаў у палон, яны іх забіваюць, а целы забітых возяць па вёсках, каб іх апазналі сваякі: затым сваякоў ці расстрэльваюць на месцы, ці рэпрэсіруюць. Паўстанцы вырашаюць здзейсніць групавы суіцыд, а самаму малодшаму давядзецца пахаваць братоў па зброі.
Стужка была знята па кнігах Васіля Быкава «На чорных лядах» і «Перад канцом». Рэжысёрам фільма стаў Валер Панамароў.
За дзень да прэм’еры ў Мінску з кінастудыі выкралі адзіную копію кінастужкі. Шырокая публіка так і не ўбачыла «На чорных лядах» — кіно, якое цалкам змяняе прадстаўленне беларусаў пра 1920-я гады.
«Малады дубок» (1980 год)
Па сюжэце селянін Андрэй Плех прыкмеціў малады дубок ды парубіў яго на кавалкі. Ляснічы Максім Заруба заўважыў ужо ссечаны дубок і пачаў шукаць вінаватага. Праз некаторы час Максіма гоняць са службы за тое, што ён абразіў начальства. Андрэй спрабуе загладзіць сваю віну: прызнаецца ў тым, што ссек дрэва. Аднак яго споведзь ужо нічога не змяняе.
Фільм з’яўляецца дыпломнай працай рэжысёра Уладзіміра Коласа і быў зняты паводле апавядання Якуба Коласа «Малады дубок».
«Збянтэжаны Саўка» (1970 год)
У цэнтры сюжэта — вясковы мужык Саўка. Яму надакучыла выслухваць ад жонкі Магрэты скаргі на цяжкую жаночую долю. Аднойчы Саўка прапанаваў ёй памяняцца месцамі.
У кінастужцы былі задзейнічаны акцёры: Павел Малчанаў, Галіна Макарава і Серафім Міліцын.
Фільм быў зняты па п’есе беларускага драматурга Леапольда Радзевіча, якога неаднаразова арыштоўвалі органы НКУС. Дакладная дата смерці аўтара дагэтуль невядомая. Вядома толькі, што ён быў арыштаваны ў 1938 годзе, больш пра яго ніхто не чуў.
«Крыж на зямлі і поўня ў небе» (1993 год)
Фільм з’яўляецца біяграфічным, яго галоўны герой — мастак Вітольд Бялыніцкі-Біруля, які належаў да шляхецкага роду і стаў галоўным беларускім пейзажыстам.
«Я — беларус… Як часта і інтэлігентныя людзі, вядомыя ў сваіх навуковых, спартовых ці іншых заслужаных справах, закінутыя творчым ці жыццёвым лёсам у іншыя краі, ці то саромеюцца, ці проста не лічаць патрэбным прыгадаць, якога яны роду-племені, з якіх краёў і ваколіц», — пісаў пра сябе Бялыніцкі-Біруля.
У фільме расказваецца, як мастак шукае свой творчы шлях.
Ролю Вітольда выканаў акцёр Сяргей Лясны, яго жонку сыграла Зоя Белахвосцік, а дачку — Галіна Кухальская.
Фільм быў зняты па аднайменнай аповесці беларускага пісьменніка Віктара Карамазава. Рэжысёр — Валеры Басаў.
«Зацюканы апостал» (1983 год)
Трагікамедыя, якую трэба паглядзець абсалютна кожнаму беларусу. У цэнтры сюжэта — узаемаадносіны паміж членамі адной сям’і: Мамай, Татам, Дачкой, Сынам (ці Малышом) і Дзедам. Тата і Мама прымаюць рашэнне скасаваць шлюб і дзеляць паміж сабой дзяцей. Сын спрабуе памірыць бацькоў — хаця б на глебе нянавісці да яго самога. Урэшце, Сын выскоквае з акна, але застаецца жывы.
Фільм быў зняты па аднайменным творы Андрэя Макаёнка. Рэжысёрам выступіў Барыс Луцэнка.
«Новая зямля» (1982 год)
У фільме расказваецца пра беларускае сялянства ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў. Вы пабачыце, як і чым жылі беларусы на рубяжы вякоў, даведаецеся пра іх заняткі і клопаты, узаемаадносіны паміж сабой. А таксама — пра галоўную мару беларуса, які працуе на зямлі: «Купіць зямлю, прыдбаць свой кут, каб з панскіх выпутацца пут, і там зажыць сабе нанова: свая зямля — вось што аснова…»
Рэжысёр — Уладзімір Траццякоў. Фільм быў зняты па паэме Якуба Коласа «Новая зямля» і мае дзве часткі — «Серыя першая: “Путы”» (глядзець тут) і «Серыя другая: “Промень”» (глядзець вось тут).
«Пастка для зубра»
Кінастужка складаецца з трох частак, якія не звязаны паміж сабой і выходзілі ў розныя гады: «Пастка для зубра. Ягайла» (1994 год, паглядзець можна тут), «Пастка для зубра. Вітаўт» (1995 год, глядзець тут), «Прыйдзі і віждзь» (1992 год, глядзець вось тут).
У фільме пра Ягайлу расказваецца, як князь атрымаў у спадчыну ад Кейстута вялікую дзяржаву і як змагаўся са сваякамі за ўладу. У фільме пра Вітаўта паказаны час найбуйнейшага росквіту Вялікага Княства Літоўскага і барацьба Вітаўта з Ягайлам за самастойнасць. У трэцім фільме «Прыйдзі і віждзь», які быў зняты раней за астатнія, у цэнтры сюжэта — таксама ўзаемаадносіны паміж Вітаўтам і Ягайлам.