Як бы называліся Кіраўск і Светлагорск, калі б іх не называлі савецкія ўлады

кіраўск і светлагорск

Кіраўск і Светлагорск — два маладых раённых цэнтра, якія выраслі і ўзбуйніліся за савецкім часам, але мелі насычаную дасавецкую гісторыю. У часы СССР адбылася і змена назваў, адмова ад старадаўніх найменняў і напісанне гісторыі паселішчаў з чыстага аркуша. Гарады не з’яўляюцца месцамі паломніцтва турыстаў, але гісторыі іх развіцця і пераўтварэння маюць свае адметнасці і варты таго, каб пра гэтыя працэсы ведалі аматары арганізаванага турызму і дзікіх вандровак, а таксама ўсе тыя, хто цікавіцца мінуўшчынай нашай Бацькаўшчыны.

Кіраўск — малады горад з страчанай аўтэнтычнай назвай і мінуўшчынай

Ранняя гісторыя паселішча

Упершыню паселішча згадваецца ў XVI стагоддзі як вялікакняскае сяло Качэрычы ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства. На 1560 год тут было 30 двароў. Пасля ператварыліся ў фальварак, а ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Качэрычы трапілі ў склад Расійскай імперыі, і там сталі цэнтрам воласці Бабруйскага павету.

На 1844 год у склад маёнтку Качэрычы ўваходзіла вёска Старцы, дзе ў 1845 годзе заснавалі гуту. Маёнтак і вёска былі рознымі паселішчамі, якія проста недалёка знаходзіліся. З інвентарнага апісання Качэрычаў 1854 года вядома, што да маёнтка адносіліся слабоды: Капусціна, Язаўка, Падлешчанка, Скрыпліца, Негаўля, Камерава, Аляксандраўка, Цейкавічы, Буда, Хамічы, Стараселле і інш.

кіраўск
Уяздны знак у сучасны Кіраўск. Фота: wikipedia.org

Па звестках 1880-х гадоў беларускага гісторыка і публіцыста Аляксандра Ельскага, Качэрычы — сяло, цэнтр Качэрыцкай воласці, паштовая станцыя ў Бабруйскмі павеце, пры шляху з Бабруйска на Магілёў, за 23 вярсты ад Бабруйска, над ракой Алай, спадчына фон Гоера. Паводле Ельскага, у другой палове XIX стагоддзя Качэрычы таксама называлі Старасёламі.

Традыцыйная гістарычная назва паселішча Качэрычы хутчэй за ўсё ўтварылася ад мянушкі, або дахрысціянскага беларускага імя Ка́чар.

Уладальнікі Качэрычаў

Маёнтак Качэрычы на мяжы XVIII-XIX стагоддзя належаў Мікалаю Самойлавічу Ланеўскаму-Ваўку — надворнаму саветніку, павятоваму маршалку Рагачова. Дарэчы, Ваўкі-Ланеўскія — старажытны польска-беларускі род герба «Корчак». Пасля смерці Мікалая Самойлавіча вотчыннае ўладанне перайшло да яго брата Феліцыяна — павятовага маршалка ў земскім судзе Быхава. А пасля смерці Феліцыяна маёнтак перайшоў да яго жонкі Настассі Сямёнаўны Ланеўскай-Воўк і іх дачкі Надзеі ў пажыццёвае валоданне.

герб корчак
Герб шляхецкага рода Ланеўскіх-Воўк. Фота: wikipedia.org

Надзея Феліцыянаўна Ланеўская-Воўк пабралася шлюбам з карнетам Інгерманландскага палка Адольфам Готфрыдам фон Гоерам. Фон Гоер — абруселы нямецкі род ваеннага дваранства. У Надзеі Феліцыянаўны і Адольфа Готфрыда нарадзілася сямёра дзяцей. Якраз самая старшая з іх, дачка Варвара, будзе маці таленавітых сясцёр Лохвіцкіх (усе сталі пісьменніцамі).

надзея тэфі
Руская пісьменніца і паэтка, мемуарыстка, творца «Срэбнага стагоддзя» ў рускай літаратуры Надзея Тэфі. Фота: pravmir.ru

У далейшым маёнткам Качэрычы валодалі спачатку Віктар Аляксандравіч фон Гоер (сын Адольфа-Аляксандра), а пасля ён перайшоў да яго сыноў Уладзіміра і Льва. Усе яны праявілі сябе на розных дзяржаўных пастах у Расійскай імперыі, кожны дасягнуўшы пэўных кар’ерных поспехаў.

Непасрэдна сам фальварак меў каля 6,5 гектар зямлі, глеба тут пясчаная, а лясы былі знішчаны. Паводле плана Качэрычаў за 1904 год, маёнтак складаўся з жылога дома, флігеля, двух халодных адрынаў і скотнага двара, дома рабочых і двух стайняў, свірана, вадзянога млына, двух хлявоў, саладоўні, склепа, сукнавальні, бровара.

Па ўспамінах старажылаў, сядзіба была маляўнічая. Тут раслі ліпы, каштаны, лістоўніцы, коркавае дрэва. Працякала рэчка Ала, прабіваліся ключы і крынічкі. Былі сад, гароды, ворныя землі, сенажаці. З архіўных крыніц вядома, што мясцовасць была роўная, з правільнымі схіламі, без камянёў. У пачатку ХХ стагоддзя дзве дзесяціны зямлі былі заняты англійскім паркам, які часткова захаваўся да нашых дзён і сёння з’яўляецца помнікам садова-паркавай архітэктуры Кіраўска.

качэрычы
Сучасны выгляд прысядзібнага парка колішняга маёнтку Качэрычы. Фота: orda.of.by

У 2000 годзе яго цалкам рэканструявалі: пабудавалі фантан, зоны адпачынку, невялікі заапарк.

Мястэчка за савецкім часам

Пасля ўсталявання савецкай улады на беларускіх землях, Качэрычы з 1924 года ўваходзяць у склад Старцаўскага сельсавета Бабруйскага раёна.

12 лютага 1935 года ўтвараецца Кіраўскі раён, што названы ў гонар застрэленага камуністычнага дзеяча Сяргея Кірава, які, у сваю чаргу, масава расстрэльваў так званых «контррэвалюцыянэраў», у тым ліку святароў і вернікаў. Найменне райцэнтра абумовіла знаходжанне на цэнтральнай плошчы паселішча помніка Сяргея Кірава, які знаходзіцца каля будынка мясцовага райвыканкама, і замяняе звыклы манумент Леніна. Пры гэтым Кіраў не мае абсалютна ніякіх адносін да дадзенай мясцовасці і наогул да Беларусі.

Цэнтр раёна знаходзіцца ў вёсцы Старцы, якую перайменавалі ў вёску Кіраў 20 красавіка 1939 года. У гэты ж час каля вёскі Старцы-Кірава на месцы фальварака Качэрычы быў пабудаваны пасёлак Кіраўск, куды пазней быў перанесены раённы цэнтр.

Толькі ў 1955 годзе вёска Кірава (былыя Старцы) злілася з пасёлкам Кіраўск, што паўстала на месцы былога маёнтку Качэрычы. Яшчэ пазней 17 лістапада 1959 года раённаму цэнтру Кіраўску быў нададзены статус гарадскога пасёлка.

кіраўск
Сучасны Кіраўск з вышыні птушынага палёта. Фота: planetabelarus.by

Непасрэдна на месцы былога фальварку Ланеўскіх-Ваўкоў і фон Гоераў быў адкрыты санаторый у гонар ураджэнца гэтых мясцінаў героя Савецкага Саюза і героя сацыялістычнай працы Кірыла Пракопавіча Арлоўскага. Санаторый знаходзіцца якраз у самым цэнтры маляўнічага і велічнага парку былога маёнтка Качэрычы.

Сённяшні раённы цэнтр Кіраўск як адзінае паселішча паўстаў толькі ў пасляваенны час, калі вёска Старцы злілася з былым фальваркам Качэрычы, у выніку чаго ўтварылася мястэчка. Аднак на гэтым не спыніўся працэс зліцця з навакольнымі паселішчамі і пазней у склад Кіраўска ўвайшла яшчэ вёска Селішча.

кіраўск
Помнік Сяргею Калініну замест звыклага Леніна перад кіраўскім райвыканкамам. Фота: glubinka.by

Вядома, каб аднавіць гістарычную справядлівасць, раённы цэнтр павінен мець іншую назву: Качэрычы — назва маёнтка, на грунце якога ўзнікла сённяшняе паселішча, або Старцы — вёскі, што сталася асновай сучаснага раённага цэнтра. Галасы гучаць розныя, аднак вырашаць мясцовым жыхарам, якая назва ім больш даспадобы.

Шацілкі або Светлагорск — змаганне старога наймення і савецкай назвы

Невялікае паселішча, што ў розны час змяняла сваю назву

Сённяшні Светлагорск — паселішча даўняе, якое ў летапісах згадваецца пад 1560 годам як уласнасць Рамана Шацілы. Прычым менавіта ў гэтым годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст выдаў прывелей на маёнтак Шацілінскі Востраў, які ад папярэдняга ўладальніка Рамана Шацілы перадаваўся зямяніну Ждану Манкевічу за выкананне апошнім вайсковай службы.

Ужо ў 1639 годзе паселішча ў вопісе Парыцкага двара Бабруйскага староства згадваецца як сяло Шацілавічы. Яшчэ пазней у 1744 годзе ў спісе каталіцкіх парафіяў населены пункт значыцца як Шацілкі. Аднак заўсёды паселішча было невялікім: у 1795 годзе ўпамінаюцца вёска і ваколіца Шацілкі, у якіх разам было толькі 30 двароў, а ў 1800 годзе ў Шацілавічах фіксуецца 20 шляхецкіх і яшчэ тры сялянскія двары. Паводле перапісу 1897 году Шацілкі налічвалі ўсяго 62 двары, тут дзейнічаў касцёл і працавала кузня, а побач існавала аднайменная гаспадарчая сядзіба. У пачатку XX стагоддзя існавалі аднайменнае паселішча ў колькасці 70 двароў і маёнтак.

Горад за савецкім часам і новае найменне

У1917 годзе ў Шацілках будуюць чыгуначную станцыю. У 1924 годзе пасля прыходу савецкай улады паселішча становіцца цэнтрам сельсавету новаўтворанага Парыцкага раёна. У 1920-1930-я гады Шацілкі былі адным з цэнтраў лесасплаву на рацэ Бярэзіне. На 1930 год у Шацілках было 155 двароў. Аднак паселішча заставалася настолькі маленькім, што ў 1938 годзе яго статус панізілі да вёскі.

светлагорск
Выгляд чыгуначнай станцыі ў міжваенны час. Фота: be-tarask.wikipedia.org

Шацілкі пачалі павялічвацца ў колькасці насельніцтва толькі пасля вайны. У 1950-я тут збудавалі Васлевіцкую ДРЭС — цеплавую станцыю на арганічным паліве, і паселішча атрымала пасёлка гарадскога тыпу. У 1960 годзе Шацілкі становяцца цэнтрам Парыцкага раёну. У гэты час паселішча расце ў памерах і колькасці насельніцтва.

светлагорск
Рэчка Бярэзіна, якая працякае ў Светлагорску. Фота: radzima.org

Перайменаванне Шацілак у Светлагорск адбылося ў 1961 годзе, калі Вярхоўны Савет БССР прыняў загад «Аб пераўтварэнні гарадскога пасёлка Шацілкі ў горад раённага падпарадкавання і перайменаванні Парыцкага раёна Гомельскай вобласці». У законе было пазначана наступнае: «Пераўтварыць гарадскі пасёлак Шацілкі Парыцкага раёна Гомельскай вобласці ў горад раённага падпарадкавання, надаўшы яму найменне — горад Светлагорск. Парыцкі раён Гомельскай вобласці перайменаваць у Светлагорскі раён».

светлагорск
Загад аб перайменаванні Шацілак у Светлагорск. Фота: novychas.online

Паходжанне найменняў і стаўлення да іх мясцовых жыхароў

Тапонім Шацілкі-Шацілавічы натуральна мае патранамічнае паходжанне ад прозвішча Шаціла — тыповае беларускае прозвішча, ад мянушкі ці дахрысціянскага імя, з станоўчым значэннем— няпаседлівы і рухавы чалавек. Гістарычная назва паселішча — Шацілавічы — з цягам часу для зручнасці перарабілі ў Шацілкі. Пры гэтым спрашчэнне Шацілавічы ў Шацілкі ўласцівае жывой беларускай тапанімічнай практыцы.

Дарэчы, помнік у метале Раману Шаціле як заснавальніку паселішча знаходзіцца ў самым цэнтры горада. Металічная скульптура даволі папулярна не толькі сярод мясцовых жыхароў, але і турыстаў, якія часта цяруць Шаціле пальцы, загадваючы запаветныя жаданні.

светлагорск
Помнік Раману Шацілу — заснавальніку сучаснага Светлагорска. Фота: radzima.org

Новую афіцыйную назву звязваюць з пабудовай электрастанцыі, якая выпрацоўвае святло, што нібыта з сімвалічнай вяршыні асвятляе краіну. Але адкуль узялося тое ўзвышша — пытанне застаецца адкрытым, бо ў цяперашнім горадзе ніякай «Светлай гары» няма і пагатоў. Назва «Светлагорск» не з’яўляецца ўнікальнай: горад з такім найменнем таксама існуе ў Калінінградскай вобласці, а таксама аднайменныя пасёлкі ў Ніжагародскай і Чалябінскай абласцях і Краснадарскім краі сучаснай Расіі.

светлагорск
Цэнтр Светлагорска. Фота: be.wikipedia.org

Старое найменне паселішча захавалася толькі ў назве аднаго мікрараёну горада Светлагорска. Тым не менш яшчэ з канца 1980-х актывісты, гісторыкі і краязнаўцы з пэўнай перыядычнасцю прапануюць вярнуць гістарычнае найменне Шацілкі ці Шацілавічы і адмовіцца ад штучнага Светлагорска.

Аўтар Хведар Прылёпаўскі

Вярнуцца ўгару