
120 гадоў таму на Магілёўшчыне расстралялі дзясятак сялян за тое, што яны хацелі працаваць на зямлі і сварыліся з памешчыкам. Гэта было адно з найбуйнейшых выступленняў беларускіх сялян падчас рэвалюцыі 1905-1907 гадоў. Царскія вайскоўцы забілі сялян амаль адразу пасля таго, як яны пачалі спрачацца за зямлю, а затым яшчэ некалькіх адправілі на катаргу за бунт. Што і чаму выступленне сялян так жорстка падавілі?
PALATNO расказвае пра крывавую старонку беларускай гісторыі.
Сяляне ўзбунтаваліся з-за несправядлівасці
Вы маглі ніколі не чуць пра Кішчыцы і тое, дзе яны знаходзяцца. Але ў паселішча даволі доўгая гісторыя. Упершыню Кішчыцы ўзгадваюцца ў 1643 годзе. Мы маглі б ніколі не пачуць пра маленькае сяло на Магілёўшчыне, калі б не падзеі 1905 года.
Кішчыцы знаходзіліся побач з маёнткам Сасноўка, якім валодаў расійскі афіцэр Аляксандр Гебель. Доўгі час сяляне пасвілі жывёлу на лузе, які Гебель лічыў сваім. Таму ў якасці кампенсацыі сялянам пад выпас далі іншы ўчастак, які ім не спадабаўся. Таму яны звярнуліся ў суд.

Доўгія гады цягнуліся судовыя працэсы, а самі сяляне патрабавалі аддаць зямлю, якую лічылі сваёй. Аднак Гебель і затым судовыя органы адмаўлялі ім у гэтым праве.
Цікавы факт: хутчэй за ўсё, маёнтак Гебель атрымаў як пасаг жонкі. Жонка была дачкой мясцовага чыноўніка, кіраўніка Сялянскага пазямельнага банка Павела Эйлера. Пазней сяляне будуць абвінавачваць у тым ліку Эйлера, бо ён адмаўляў неаднаразова ім у праве ўласнасці.
У 1904 годзе кішчыцкія сяляне напісалі ліст на імя імператара Мікалая II з просьбай вярнуць зямлю. Аднак адказ ад яго не атрымалі. Ужо вясной 1905-га сяляне вырашылі, што могуць самавольна пасвіць жывёлу на спрэчным лузе. Служачыя памешчыка Гебеля спрабавалі перашкодзіць, але сяляне іх праганялі. Канфлікт стаў набіраць абароты.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Як выехаць у Амерыку сто гадоў таму? Расказваем пра падарожжы, кошты і эміграцыйныя агенцтвы
Крывавая мяжа
Улетку ў маёнтак Гебеля накіравалі роту салдат з 314-га Каднікоўскага палка. Салдатамі камандаваў штабс-капітан Павел Прыляжаеў. Рота некалькі дзён стаяла на лузе ў чаканні мясцовых чыноўнікаў, якія павінны былі правесці замеры і дакладна вызначыць межы зямлі, каб скончыць доўгую спрэчу.
17 чэрвеня 1905 года на лузе сустрэліся паліцэйскія, чыноўнікі, служачыя Гебеля (яго самога не было), царскія салдаты і сотні сялян. Чалавек, які мераў зямлю, пачаў здымаць мерку не ў тым кірунку, як захацелі людзі, таму ўспыхнула абурэнне. Паліцэйскія спрабавалі разагнаць сялян, але тыя ўзяліся за камяні і палкі.

Сутычка паміж чыноўнікамі і паліцэйскімі з аднаго боку і сялянамі з іншага перарасла ў бойку. Тады ўмяшаліся салдаты, Прыляжаеў загадаў страляць.
«Сначала солдатам приказано было осадить народ, не прибегая к стрельбе, но толпа (числом не менее 800 человек) вступила с солдатами в борьбу, вследствие чего, после трёхкратного предупреждения толпы ротным командиром, даны были залпы. Тогда только буйствующая толпа разбежалась, оставив на месте убитых и раненых. Землемер окончил свое дело, а прибывшие судебные чины приступили к следствию по поводу сопротивления законным властям», — рапартавала пра здарэнне газета «Магілёўскія губернскія ведамасці».
На лузе загінулі восем чалавек, праз некалькі часоў ад раненняў памерлі яшчэ некалькі. Дзясяткі чалавек атрымалі раненні рознай цяжкасці.
Што адбылося пасля расстрэлу?
У хуткім часе пасля кішчыцкага расстрэлу асудзілі некалькі сялян на розныя тэрміны за бунт, некаторых адправілі на катаргу. У прэсе віну ўсклалі на «буйную вёску», якая «не пажадала падпарадкавацца законнай уладзе».
Для памешчыка Гебеля гэта быў адзін з эпізодаў яго біяграфіі. Усё жыццё ён праслужыў царскім афіцэрам. Пасля рэвалюцыі яго сляды губляюцца. Камандзір Прыляжаеў, які загадаў страляць па сялянах, атрымаў павышэнне праз некалькі тыдняў пасля кішчыцкага расстрэлу, ваяваў у руска-японскай вайне і выйшаў у адстаўку ў чыне палкоўніка.
* * *
Праз 50 гадоў пасля трагедыі ў Кішчыцах на месцы расстрэлу савецкія ўлады паставілі помнік.
У сучаснай Беларусі Кішчыцы знаходзяцца ў Дрыбінскім раёне ў Магілёўскай вобалсці.