Прыкладна тры са ста чалавек у Беларусі стаяць на ўліку ў псіханеўралагічным дыспансеры. Гэта значыць, што ў кінатэатры, бары ці супермаркеце могуць адначасова знаходзіцца адразу некалькі чалавек з псіхічнымі захворваннямі. Нягледзячы на гэты факт, ментальна здароваму чалавеку знаёма ў лепшым выпадку два захворванні — шызафрэнія і псіхоз. І абодва тэрміны ён хутчэй за ўсё выкарыстоўвае ў якасці абразы.
Псіхафобіі ў Беларусі цяжка дзівіцца. У краіне няма даступных бясплатных ананімных цэнтраў псіхалагічнай дапамогі, сацыяльнай рэкламы супраць стыгматызацыі псіхічных захворванняў, танных псіхіятраў і паўнавартасных праграм рэабілітацыі. Ніхто не расказвае дарослым, што рабіць, калі твой блізкі ці ты сам аказаўся псіхічна хворы.
Ці амаль ніхто.
Змест
- Міжнародная праграма працы з людзьмі з псіхічнымі захворваннямі
- Асноўная ідэя Клубнага дома — на прынцыпе «Дапамажы сабе сам»
- З чым сутыкаюцца людзі з псіхічнымі захворваннямі
- Сяброўства ў Клубным доме адкрыта для ўсіх
- Праца ў абмежаваных рэсурсах
- Асаблівасці працы ў Беларусі
- Важны крытэрый поспеху — зніжэнне колькасці шпіталізацыі
Міжнародная праграма працы з людзьмі з псіхічнымі захворваннямі
Сёння ў краіне працуе адзіная адкрытая для ўсіх, хто мае патрэбу, рэабілітацыйная служба — Клубны дом, пабудаваная па міжнароднай мадэлі дапамогі людзям з псіхічнымі захворваннямі.
Гісторыя руху Клубных дамоў зарадзілася ў Нью-Йорку ў 1948 годзе, калі некалькі чалавек, якія прайшлі курс лячэння ў Нью-Йоркскай псіхіятрычнай клініцы, аб’ядналіся для стварэння групы самадапамогі. Група пачала паспяхова развівацца і ператварылася ў супольнасць, якая засноўваецца на праграме падтрымкі людзей з псіхіятрычнымі праблемамі з мэтай паляпшэння жыцця гэтых людзей і ажыццяўлення памкненняў, страчаных імі падчас сваёй хваробы.
Гісторыя беларускага Клубнага дома пачалася ў 2011 годзе, калі грамадская арганізацыя «Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў» пры падтрымцы нямецкіх партнёраў — Фонду дапамогі інвалідам «Акцыя-Чалавек» і парытэтнага саюза дабрачынных арганізацый зямлі Баварыя — адкрыла першы ў Беларусі Клубны дом. Супрацоўнікі прайшлі першую стажыроўку ў Мюнхенскім Клубным доме, і праца пачалася.
7 снежня 2011 года — афіцыйны дзень нараджэння першага Клубнага дома ў Мінску, а праз некалькі гадоў падобныя клубы адкрыліся ў Лідзе і Брэсце. З таго часу больш за 326 чалавек сталі актыўнымі чальцамі Клубнага дома. Гэта людзі з рознымі жыццёвымі гісторыямі, але аб’яднаныя жаданнем пераадолець наступствы хваробы, жыць актыўна і шчасліва.
Асноўная ідэя Клубнага дома — на прынцыпе «Дапамажы сабе сам»
— Людзей, якія да нас прыходзяць, мы называем сябрамі Клубнага дома, а не кліентамі, каб аддзяліць нашу працу ад працы традыцыйных службаў, у якіх прымяняецца патэрналісцкі падыход, калі чалавека апякуюць. Туды чалавек прыходзіць у якасці кліента і яму даюць нейкія гатовыя рашэнні. Нашы сябры клуба з’яўляюцца паўнавартаснымі ўдзельнікамі ўсяго працэсу. Таму, апроч правоў, чальцы маюць і абавязкі перад сваёй супольнасцю. Таксама яны адказныя за сваю праграму рэабілітацыі, складзеную разам з псіхолагам, сацыяльным работнікам і рэабілітолагам, — распавядае Алёна Станіслаўчык, выканаўчая дырэктарка Клубнага дома.
Сама праца ўнутры Клубнага дома пабудавана такім чынам, што ўсе павінны ўключацца ў працэс па меры магчымасцей. Дзякуючы гэтаму арганізацыя працуе як суполка, якая дапамагае адно аднаму ў рэабілітацыі. Гэта камандная праца. У адрозненні ад дзяржаўных службаў, якія захаваліся на постсавецкай прасторы, чалавеку перадаецца адказнасць за тое, што адбываецца.
Агульная філасофія ўсіх Клубных дамоў — разуменне, што чалавек здольны на нешта большае, чым ён ёсць зараз. Гэта вельмі моцна дапамагае ў працэсе рэабілітацыі. Калі чалавек проста атрымлівае дапамогу і ні ў чым не ўдзельнічае, ён не ўбачыць прагрэсу.
Некаторыя групы людзей з псіхічнымі захворваннямі прымаюць даволі цяжкія прэпараты. Яны ўплываюць на кагнітыўную сферу, і чалавек не асабліва верыць, што здольны вярнуцца да былога стану. Важна растлумачыць і самаму чалавеку, і яго сваякам, што гэта наступствы прэпарата, праз нейкі час дозу можна будзе знізіць або зусім яго адмяніць, далей будзе лепш, гэты стан часовы. Гэта не значыць, што чалавек больш ні на што не здольны.
У Беларусі зараз няма сістэмы комплекснай рэабілітацыі. Але ёсць магчымасць атрымаць шэраг дзяржаўных паслуг: юрыдычную і псіхалагічную кансультацыі, матэрыяльную дапамогу. У дзяржаўных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання працуюць дастаткова добра, але там адсутнічае індывідуальны падыход. Гэта значыць, што чалавек можа замовіць для сябе нейкую паслугу, але звычайна ён сам не ведае, што менавіта яму трэба. Прычым чалавек можа разлічваць далёка не на ўсе віды дапамогі, гэта залежыць ад захворвання. Плюс там няма спецыялістаў з досведам клінічнай псіхалогіі. Такую паслугу можна атрымаць на базе псіхдыспансера — але чакаць давядзецца вельмі доўга.
У Клубным доме працуюць над кожнай сітуацыяй асобна, разбіраюцца ў патрэбах кожнага чалавека. Тут аказваюць крызісную, псіхалагічную і юрыдычную дапамогу, садзейнічаюць у пошуку працы, працуюць са сваякамі, дапамагаюць аднаўляць страчаныя праз хваробу навыкі, праводзяць розныя нефармальныя адукацыйныя курсы.
Па сутнасці, Клубны дом зараз — адзіная служба, якая комплексна прапрацоўвае кожнага чалавека. Раней пры Чырвоным крыжы працавала падобная служба — Адкрыты дом. Але яны закрыліся з-за фінансавых цяжкасцей. Астатнія службы аказваюць выбарачную дапамогу. У гэтым годзе Клубны дом распрацаваў карту паслуг, якая апісвае дзейнасць 166 арганізацый і ўстаноў па Беларусі і паслугі, якія яны прапануюць людзям з вопытам псіхічнага захворвання і для членаў іх сем’яў.
Для комплекснай прапрацоўкі запатрабаванняў кожнага сябра існуе адмысловы механізм — рэсурсная кніга. Гэта план па аднаўленні чалавека, дзе праводзіцца аналіз яго стану. Па сутнасці, гэта анкета з мноствам пытанняў, дзякуючы якім чалавек выбудоўвае для сябе разуменне, як рухацца далей. Там ацэньваецца стан здароўя, разуменне захворвання, фінансавы стан, асяроддзе і як чалавек уяўляе сваю будучыню.
З чым сутыкаюцца людзі з псіхічнымі захворваннямі
Акрамя стыгматызацыі ў грамадстве, агульная для ўсіх людзей з псіхічнымі захворваннямі праблема — працаўладкаванне. З цяжкасцямі пры пошуку працы сутыкаюцца большасць сяброў арганізацыі па-за залежнасцю ад дыягназу. Многія людзі з цяжкімі захворваннямі маюць абмежаванні для працы, таму яны часцей за ўсё працуюць за малыя грошы. Напрыклад, дворнікамі. Пры гэтым у чалавека можа быць некалькі вышэйшых адукацый, яго інтэлект дазваляе выконваць іншую працу. А цяжкасці з працаўладкаваннем цягнуць за сабой і праблемы з фінансамі.
— Калі працадаўца ведае аб дыягназе, ён не гатовы прыняць на працу такога чалавека. Для яго гэта патэнцыйная рызыка. Гэта стэрэатып, але людзі лічаць за лепшае на ўсялякі выпадак абыходзіць людзей з ментальнымі захворваннямі. Хаця людзі з дыягназам шызафрэнія здольныя працаваць прафесарамі ва ўніверсітэтах. Такія прыклады ў сусветнай практыцы ёсць, галоўнае — зразумець і паверыць, што ў людзей ёсць шанец і патэнцыял для аднаўлення. Патрэбныя толькі інструменты, — кажа Алёна Станіслаўчык.
Спачатку трэба пераканаць чалавека, што аднаўленне магчыма. Часта дыягназ гучыць для чалавека як прысуд. Ён думае, што больш ні на што не здольны. Але гэта не так.
У Лідзе Клубны дом працуе сумесна з псіхіятрычнай клінікай і пачынае працу з людзьмі яшчэ ў той момант, калі чалавек знаходзіцца на лячэнні. Каб максімальна своечасова не даць яму пагрузіцца ў сумныя думкі аб сваім захворванні.
— Вельмі важна з самага пачатку, як толькі чалавек патрапіў на лячэнне, данесці, што нават калі хвароба застанецца на ўсё жыццё, гэтае жыццё можа быць паўнавартасным. Трэба даць яму паверыць у сябе і дапамагчы спланаваць будучыню. Важны момант у рэабілітацыі — не быць пасіўным атрымальнікам паслуг, а мець магчымасць уключацца ў працэс, — кажа Алёна Станіслаўчык.
Інфармацыю аб Клубным доме будучыя чальцы дазнаюцца ад урачоў, калі прыходзяць на прыём у псіхдыспансер. Шмат людзей пачалі прыходзіць па «сарафанным радыё» ці праз інтэрнэт. За гады працы арганізацыя паспела зарабіць сабе пазітыўную рэпутацыю.
Сяброўства ў Клубным доме адкрыта для ўсіх
Клубныя дамы адкрыты для ўсіх. Стаць чальцом даволі проста — дастаткова прыйсці ў памяшканне Клубнага дома і выказаць жаданне далучыцца. Сяброўства магчыма толькі з 18 гадоў, але яно ні да чаго не абавязвае. Клубны дом адчынены з 10 да 18 гадзін у любы дзень. Можна заходзіць у любы час, і не толькі на спецыяльныя мерапрыемствы, але і проста пагутарыць і папіць гарбаты.
Тым не менш, ёсць нюанс: у Лідзе і Брэсце Клубныя дамы працуюць праз сістэму дзяржаўнай замовы, таму там прымаюць у сябры толькі людзей з медыцынскай даведкай, бо гэта пытанне справаздачы перад упраўленнем. Павінна быць пацвярджэнне, што з дзяржбюджэту атрымлівае паслугу менавіта той чалавек, якому яна належыць. У Мінску даведак не патрабуюць, прыйсці можа любы чалавек.
— Спачатку мы просім запоўніць анкету, каб у супрацоўніка была інфармацыя і ён змог звязацца з чалавекам, калі той доўга не выходзіць на сувязь. Мы ніколі не ціснем на чалавека, не ўсе адразу раскрываюць свой дыягназ, людзі могуць прыходзіць некалькі разоў, прыглядацца, — распавядае Максім Брашко, супрацоўнік Клубнага дома ў Мінску.
Практыка паказвае, што калі ставіцца да чалавека з даверам, то людзі рана ці позна таксама пачынаюць давяраць і адкрываюцца. Важна, каб чалавек адчуў — тут бяспечнае асяроддзе, лічыць Максім.
— Дыягназ паранаідальная шызафрэнія мне паставілі дзесяць гадоў таму. Год таму я патрапіў у Клубны дом, і мне было вельмі складана адаптавацца да новых людзей, адкрыцца перад імі. Аднак потым я атрымаў жывы эмацыйны водгук і зразумеў, што я не адзін са сваёй праблемай. Я пачаў наведваць Клубны дом часцей, прыходзіў з пачастункамі, было прыемна падзяліцца з людзьмі, я нават зразумеў, што мой выпадак далёка не самы запушчаны. Мне дапамаглі ўцягнуцца ў сацыяльнае жыццё, я адчуў сябе патрэбным, нават былі думкі аб тым, як я магу дапамагчы Клубнаму дому ў развіцці», — распавядае сябра Клубнага Дома Сяргей Фятковіч.
Праца ў абмежаваных рэсурсах
Зараз у кожным Клубным доме працуюць па два супрацоўнікі, ёсць яшчэ штатны юрыст, які працуе на ўсе Дамы адразу. Плюс у кожны з Дамоў па дамове падраду прыходзяць псіхатэрапеўты, псіхіятры і іншыя спецыялісты па неабходнасці.
Супрацоўнікі ў Лідзе і Брэсце атрымліваюць дзяржаўны заробак, які ўсё роўна даводзіцца даплачваць за кошт арганізацыі, бо сума занадта малая. Тут жа ёсць невялікае субсідыраванне ад мясцовых органаў улады.
Сама мадэль рэабілітацыі мае на ўвазе, што супрацоўнікі не абслугоўваюць людзей. Яны хутчэй менеджары, якія арганізоўваюць працэс і сочаць за яго выкананнем. Дарэчы, супрацоўнікамі могуць стаць і самі сябры. Так гэта здарылася з Максімам Брашко, які прыйшоў у Клубны дом у 2014 годзе пасля таго, як прайшоў курс лячэння ў псіхіятрычнай клініцы ў Навінках. У Клубным доме Максім убачыў магчымасці для сваёй рэабілітацыі. У 2015 годзе ён сам стаў валанцёрам, а пасля ўжо і супрацоўнікам.
— У мяне быў бясцэнны досвед, бо я сам пабываў «па той бок барыкад». Я пачаў актыўна кансультаваць іншых чальцоў Клубнага дома, хаця спецыяльнага навучання псіхатэрапіі не праходзіў. У нас ёсць праблема кваліфікацыі і кампетэнцыі. Я, напрыклад, не валодаю неабходнай, а знайсці чалавека, які б адпавядаў усім патрэбам, — задача малавыканальная. Мы робім як атрымліваецца тое, што павінна быць закладзена ў паслугі для людзей з псіхіятрычнымі захворваннямі па змоўчанні, — кажа Максім Брашко.
Супрацоўнікі рэгулярна ездзяць на стажыроўку ў іншыя Клубныя дамы, праходзяць анлайн-навучанне. Ёсць цесная сувязь з Клубным домам у Мюнхене, у Варшаве і ў Расіі.
— Мы можам звярнуцца да міжнароднай сеткі па дапамогу, і яны заўсёды нас падтрымліваюць, — кажа Алёна Станіслаўчык.
Але чаго моцна не хапае, дык гэта рэгулярнай супервізіі і асабістай тэрапіі. Часта востра стаіць праблема выгарання, з якой пакуль даводзіцца спраўляцца самастойна.
— Замежных калег здзіўляе, што нашы Клубныя дамы працуюць ва ўмовах вельмі абмежаваных рэсурсаў. У многіх краінах ёсць стабільнае фінансаванне. Мы ж увесь час шукаем фінансаванне, таму няма нейкай стабільнасці. Я не магу зараз з упэўненасцю сказаць, што праз пяць гадоў Клубны дом будзе працаваць і прымаць людзей, — кажа Алёна Станіслаўчык.
А вось з памяшканнем для правядзення сустрэч ёсць праблемы ва ўсіх гарадах — месца катастрафічна не хапае.
— Памяшканне нам дае дзяржава на льготных умовах. Мы рады і гэтаму, але даводзіцца здавольвацца вельмі малым. У нас каля 70 сталых сяброў, штодня прыходзяць 10-15 чалавек, а ў нас няма месца, каб арганізаваць вялікія лекцыі ці воркшопы. Мы хочам размясціць у сябе сталярную майстэрню. У Мінску ў агульнай зале ставілі швейныя машынкі, але месца трэба было рэгулярна вызваляць. Запыту на розныя гурткі шмат, ёсць патэнцыял, удзельнікі жадаюць майстраваць рукамі. Але зараз мы не можам пашырыцца і можам арганізаваць толькі базавыя магчымасці, — кажа Юлія, псіхалагіня і сацыяльная работніца Клубнага дома ў Брэсце.
Асаблівасці працы ў Беларусі
Спецыфіка работы Клубнага дома ёсць у кожнай краіне. Алёна Станіслаўчык была ў некалькіх краінах, глядзела на працу розных Клубных дамоў і зрабіла выснову, што нельга проста ўзяць і скапіяваць працу іншага Клубнага дома. Усё залежыць ад краіны і юрыдычных рамак, у якіх арганізацыя функцыянуе. У Фінляндыі Клубныя дамы, напрыклад, працуюць у рамках дзяржаўнай сістэмы, у Італіі — гэта больш клубы сямейнага тыпу, якія запускаліся супольнасцямі сваякоў.
Але ёсць агульныя правілы і прынцыпы, каб мадэль працавала, — гэта прыняцце рашэнняў, пабудова планаў на дзень, тыдзень, месяц і год. Гэта ўсё павінна абмяркоўвацца калегіяльна з удзелам сябраў Клубнага дома.
У Беларусі ёсць асаблівасць з праграмай працаўладкавання. Ёсць спецыфіка па заканадаўстве. Напрыклад, у Германіі ёсць сістэма, калі працадаўцы вылучаюць вызначаныя працоўныя месцы, якія замацаваныя за Клубным домам, і на гэтых месцах людзі навучаюцца і рыхтуюцца да наступнай паўнавартаснай працы. У Беларусі гэта немагчыма паводле заканадаўства. Плюс ёсць нюанс, што многім рэчам трэба вучыць само грамадства.
— Калі я была ў Германіі, я ўбачыла, што самі грамадзяне прызвычаіліся да працы розных груп самадапамогі, ёсць нейкая грамадзянская актыўнасць, валанцёрства, ініцыятывы. У Беларусі людзям, якія прыходзяць у Клубны дом, даводзіцца тлумачыць, што гэта за форма ўзаемадзеяння. Трэба тлумачыць, навошта гэта трэба. Чаму мы не проста дапамагаем, а вучым жыць самастойна, — кажа Алёна Станіслаўчык.
У Беларусі няма сістэмы падтрымкі сваякоў людзей з псіхічнымі захворваннямі, таму Клубны дом пачаў праграму працы яшчэ і з роднымі сябраў. Запыт на такую дапамогу ёсць, але родзічы не надта разумеюць сам фармат. Яны прывыклі, што трэба некуды прыйсці, атрымаць грошы ці паслугу і пайсці. Фармат «дапамажы сабе сам» ім не зусім зразумелы. Таму апроч асноўнай працы з сябрамі, супрацоўнікі Клубных дамоў спрабуюць пераконваць сваякоў, што ім важна мець групу падтрымкі і браць адказнасць за тое, што адбываецца ў іх жыцці.
Важны крытэрый поспеху — зніжэнне колькасці шпіталізацыі
Усе супрацоўнікі сыходзяцца ў меркаванні, што асноўны крытэрый паспяховасці іх працы — скарачэнне колькасці шпіталізацый чальцоў Клубнага дома.
— Мы праводзім ацэнку для таго, каб зразумець змены ў жыцці чалавека. Праводзіцца такая ацэнка штогод, мы высвятляем, наколькі палепшылася якасць жыцця. Галоўны для нас плюс — актыўныя сябры не трапляюць у псіхіятрычную клініку. Хаця раней траплялі туды тры-чатыры разы на год, — кажа Юлія.
— Мой дыягназ — паранаідальная шызафрэнія. Лячэнне ў бальніцы было моцным стрэсам і глыбокай псіхалагічнай траўмай. У мяне на гэтым фоне развілася дэпрэсія. У маёй рэабілітацыі і сацыялізацыі важную ролю сыграў Клубны дом, дзе праводзіліся розныя сустрэчы, майстар-класы, вячоркі, святы, дзе былі сумленныя, добразычлівыя чалавечыя зносіны, якія мне былі так неабходныя, калі я страціла многія свае сацыяльныя навыкі. Я адчувала сябе там у бяспецы, мне было добра, весела і цікава. Цяпер я не прымаю лекі больш за год і не трапляю ў лякарню. Маё жыццё змянілася да лепшага, зараз я сама часам праводжу ў Клубным доме вечары бардаўскай музыкі. Мы спяваем песні пад гітару. Такія сустрэчы прыносяць мне шмат радасці, — дзеліцца сваім досведам Ганна Манёнак, актыўная сяброўка Клубнага дома.
Праца арганізацыі важная — пра гэта кажа колькасць зваротаў. Толькі ў Брэсце за год супрацоўнікі фіксуюць каля 5 тысяч кансультацый, у тым ліку тэлефонныя званкі. За 2021 год 739 чалавек атрымалі дапамогу ў рамках працы груп самадапамогі і падтрымкі. Было праведзена 23 асветніцка-адукацыйных мерапрыемства з мэтай павышэння ведаў па тэме псіхічнага здароўя і набыцця навыкаў, як спраўляцца з хваробай. Больш за 500 чалавек прынялі ў іх удзел.
Але галоўны вынік — 11 чалавек з вопытам псіхічнага захворвання змаглі працаўладкавацца дзякуючы ўдзелу ў праграме садзейнічання працаўладкаванню ад Клубнага дома. А ў 5% актыўных сябраў арганізацыі знізілася колькасць шпіталізацый.
— На працягу многіх гадоў працы мы праводзім штогадовую ацэнку ўзроўню якасці жыцця нашых сяброў. Змяншаецца колькасць шпіталізацый, людзі працаўладкоўваюцца. Нягледзячы на тое, што мы працуем з людзьмі з такімі складанымі дыягназамі, як шызафрэнія, біпалярнае расстройства, расстройства асобы, усё роўна ў людзей атрымліваецца працаўладкавацца, хоць раней гэта здавалася ім немагчымым. Людзі становяцца больш сацыялізаванымі, больш паспяховымі ў сваім сацыяльным жыцці. Мы назіраем пастаянны вынік: людзі заводзяць рамантычныя адносіны, працаўладкоўваюцца, выходзяць у свет, — кажа Юлія.
Чальцы Клубнага дома ўдзельнічаюць у розных праграмах і праектах па інтэграцыі. Адзін з апошніх — фотапраект «Нябачныя». На экспазіцыі былі прадстаўленыя больш за 100 работ чальцоў клуба. Некаторыя з гэтых людзей па некалькі гадоў сядзелі невылазна дома, а зараз праяўляюць жаданне быць сацыяльна актыўнымі і атрымліваюць ад гэтага задавальненне. Сябры арганізацыі ходзяць на заняткі англійскай мовы, майструюць рукамі, навучаюцца працы на камп’ютары, займаюцца музыкай, разам рыхтуюць і прыбіраюць.
— Важна адзначыць, што ўся дзейнасць, якая ажыццяўляецца ў Клубным доме, — асэнсаваная. Мы не даем чалавеку занятасці дзеля занятасці. Мы прапануем дзейнасць, заснаваную на інтарэсах кожнага індывідуальнага чальца, з улікам яго талентаў і пажаданняў. Галоўнае, каб дзейнасць прыносіла вынік і чалавек у яе працэсе мог мець зносіны з іншымі людзьмі, — расказвае Юлія.
Арганізацыя працуе па канцэпцыі аднаўлення, дзе робіцца ўпор на здаровыя бакі чалавека. Супрацоўнікі імкнуцца выяўляць моцныя асаблівасці і задзейнічаць іх у розных актыўнасцях. Многія чальцы Клубнага дома займаюцца ментарствам, расказваюць аб сваім вопыце псіхічных захворванняў.
Для Максіма Брашко галоўнае — уцягнуць чальцоў Клубнага дома ў грамадскае жыццё праз упарадкаваны дзень з асэнсаванай дзейнасцю.
— Людзі з ментальнымі захворваннямі часта зачыняюцца і ізалююцца. Медыцынскія прэпараты як быццам іх «выключаюць». Мая задача — іх уключыць. Яны павінны набыць якасці звычайнага чалавека. Трэба ўключыць нармаваны дзень, рацыянальнае мэтапакладанне. У іх павінен быць нейкі графік дня, тыдня, месяца, які яны не проста плануюць, але і робяць. Ім патрэбна адказнасць. Найперш за сябе, але пажадана яшчэ і за сяброў і блізкіх. Калі пусціць усё на самацёк, то ніякага асэнсаванага дня не атрымаецца. Важная дысцыпліна, сабрацца і нешта рабіць, а не сядзець у пакоі на ложку, — лічыць Максім.
Экзістэнцыяльная псіхалагіня Віталіна Мазурук лічыць вельмі важным, што людзям даюць магчымасць не толькі абапірацца на кагосьці з боку, а шукаць і ўтвараць свае ўнутраныя апоры.
— Як толькі ў чалавека з’яўляюцца нейкія ўменні, нават калі нікога навокал няма, то гэта дае стабільнасць і надзейнасць. Чалавек бачыць, што ў яго атрымліваецца, ён гэтым карыстаецца. Нават калі гэта чыстка і варэнне бульбы, чалавек ужо ў любы момант сам можа гэта зрабіць. Гэта яго апора, ён умее нешта рабіць сам. Пасля паспяховага засваення гэтага навыку можна ўжо больш упэўнена глядзець на іншыя. Так ад чысткі бульбы можна дайсці да працаўладкавання, — лічыць Віталіна.
З кожным новым уменнем з’яўляюцца вера і сябе і ўстойлівасць. А гэта вельмі моцна адбіваецца на псіхічным стане. Нейкія нават маленькія плюсікі — важныя зачэпкі. Гэта надае радасць і сэнс. А радасны чалавек становіцца значна больш здаровым.
Таццяна Гендзель