
Што могуць хаваць сшыткі з тэкстамі, напісаныя забытым нямецкім шрыфтам, знойдзеныя на гарышчы вясковай хаты ля беларускіх балот? Што адкрые для сябе галоўны герой дэтэктыву ў дэкарацыях Ельні ў той час, калі хоча забыцца новым хобі пасля страты любімага сабакі і разрыву з жонкай?
Дэбютны раман пісьменніка Аляксандра Карнаўха ўжо ў продажы! PALATNO расказвае пра пісьменніка і яго кнігу «Халодныя землі».
Сын вайсцоўца, фізік па адукацыі, цяпер — пісьменнік
Аляксандр Карнаўх нарадзіўся ў Нясвіжы ў 1973 годзе. Разам з сям’ёй яны часова жылі ў Германіі, бо бацька быў вайскоўцам. З-за гэтага, па словах Аляксандра, у дзяцінстве ён не вывучаў беларускую мову, тым не менш, першая кніга пісьменніка выйшла па-беларуску.
— Не вучыў беларускую мову ў школе, у адрозненне ад равеснікаў. Кнігу пісаў на дзвюх мовах, але большасць тэксту была па-руску. Я сам амаль нанава перапісаў кнігу на беларускай мове, давялося шчыльна працаваць са слоўнікамі.
У дзяцінстве любіў чытаць, сярод улюбёных кніг былі дэтэктывы Артура Конана Дойля, казачныя гісторыі Тувэ Янсэн, раманы Жуля Верна. На думку Аляксандра, на яго творчасць больш паўплывалі кнігі, якія прачытаў дарослым: творы Васіля Быкава, Гюнтара Граса і Умберта Эка.
— Кожны з нас стаіць на плячах гігантаў. Мы ўбіраем у сябе тое, што чытаем і чуем. У нейкі момант выкарыстоўваем гэта, каб пабудаваць іншы сусвет.
Пазней Аляксандр скончыў школу, адвучыўся ў БДУ на фізіка, жыў у Мінску да 2022 года.

Цяпер Аляксандр жыве ў Турыне. З пераездам у Італію давялося вучыць яшчэ адну мову – італьянскую. Па словах пісьменніка, галоўнае ў вывучэнні новай мовы – намагацца размаўляць і чытаць на ёй. Ён раіць тым, у каго ёсць цяжкасці з працэсам навучання замежнай мове, слухаць размовы носьбітаў і запамінаць моўныя канструкты, якія яны выкарыстоўваюць.
Першы твор, які прачытаў па-італьянску, быў «Вечны фашызм» філосафа і пісьменніка Умберта Эка.
— На новай мове складана чытаць мастацкую літаратуру, асабліва вершы. У кнігах, як «Вечны фашызм» Эка, расказваецца пра знаёмыя нам рэчы. Такія кнігі, дзе словы маюць добра акрэсленыя сэнсы і значэнні, — гэта адно. Калі гаворка ідзе пра мастацкую літаратуру, у іх мова адрозніваецца, там шмат паэтычных вобразаў, якія замежніку часта складана ўспрымаць.
У Італіі таксама жывуць дзве дачкі Аляксандра.
«Некаторыя главы з сярэдзіны напісаў першымі»
У 2025 годзе ў выдавецтве Gutenberg выйшла першая кніга Аляксандра Карнаўха — дэтэктыў «Халодныя землі».
Пісьменнік кажа, што яго кніга не пра Ельню, хоць у ёй адлюстраваны краявіды комплексу беларускіх балот: «Гэта трансфармаваны погляд на тыя мясціны. Ельня — важнае месца, але я пераўтварыў рэальныя балоты ў іншую карціну і выкарыстаў для кнігі».

Аляксандр расказвае, што самымі складанымі часткамі ў напісанні кнігі былі дзве: глава з успамінамі галоўнага героя пра дзяцінства і апошняя глава.
— Было цяжка абстрагавацца ад уласных успамінаў пра дзяцінства, каб яны кантрабандай не трапілі ва ўспаміны галоўнага героя. Я не хацеў, каб кніга была пра мяне, таму некалькі разоў выдаляў часткі, якія падаваліся блізкімі мне. Глава пра дзяцінства была асабліва важнай, бо на ёй пабудаваны сюжэт.
Апошняя глава таксама аказалася складанай. Аляксандр хацеў даць у ёй усе адказы, якія трэба было атрымаць чытачу напрыканцы кнігі. Для гэтага варта было прытрымлівацца адзінага рытму апавядання, каб ён не быў ні занадта хуткім, ні зацягнутым: «Рытм трэба было падтрымліваць цэлымі абзацамі тэксту, якія павінны ўтрымліваць важныя факты, а не пустыя словы. Апошняя глава была нават цяжэйшай за главу пра галоўнага героя».
Пісьменнік адзначае цікавостку: ён пачаў пісаць кнігу з сярэдзіны. У яго была гатовая фабула, але доўга выбудоўваў увесь сюжэт. Некаторыя главы з сярэдзіны Аляксандр напісаў першымі. Ад некаторых персанажаў прыйшлося пазбавіцца, бо аўтар палічыў іх прысутнасць у гісторыі лішняй.
Аляксандр працаваў з чарнавіком кнігі месяц за месяцам. Кожны раз знаходзіў тое, што не задавальняла. Аўтар адзначае, што было складана часам падабраць больш падыходзячыя словы для галоўнага героя, каб раскрыць тое, кім ён з’яўляецца.
— Праца са словам — складаная частка працэса. Мне хацелася, каб мой тэкст пераклікаўся з іншымі творамі. Уважлівы чытач знойдзе спасылкі на іншыя творы сусветнай літаратуры. Мы жывём не на выспе без сувязі з іншымі культурамі, мы — частка глабальнай сеткі. Мне было цікава, каб мае героі былі ўбудаваныя ў сусветную культуру.
«Мая кніга — гэта прытулак для чытача»
Аляксандр кажа, што ідэальныя абставіны для чытання «Халодных зямель» — гэта дажджлівае надвор’е, камін і крэсла. Нават назва кнігі адсылае чытача да холада, які ахутвае чалавека цалкам, таму лепш за ўсё падчас чытання быць у цяпле.

— Чытач — гэта канчатковы суддзя ў ацэнцы тэксту. Кніга адсылае нас да жыцця, якое было да ўсіх гэтых падзей, што здарыліся з намі за апошнія гады. Таму яна патрабуе асаблівай стратэгіі чытання: трэба абстрагавацца ад таго, што адбываецца цяпер, і пагрузіцца цалкам у тэкст. Часам мы адчуваем сябе стомленымі, таму хочацца знайсці нару, каб уцячы. Спадзяюся, кніга стане такім прытулкам для чытача.
Купіць кнігу «Халодныя землі» можна ўжо зараз.